Алонецкі ўрад

урад Алонецкае Карэліі, орган улады, створаны 15 траўня 1918 году

Ало́нецкі ўра́д — урад Алонецкае Карэліі, орган улады, створаны 15 траўня 1918 году фінскімі інтэрвэнтамі для кіраваньня паўднёвымі раёнамі Карэліі (Алонецкае губэрні), якія былі захопленыя імі падчас так званага Алонецкага паходу у красавіку-траўні 1918 году[1].

Урад, які ўзначальваўся судзьдзём О.Окесанам, складалася зь мясцовых прадстаўнікоў карэльскага заможнага сялянства й прадпрымальнікаў. Асноўнай задачай ураду было далучэньне паўднёвай Карэліі да Фінляндыі[2].

Алонецкі ўрад фактычна быў марыянэткавым, бо ягоная дзейнасьць кіравалася заснаваным у Хэльсынкі Алонецкім камітэтам. Праграма вайсковых і адміністрацыйных мерапрыемстваў, а таксама захопаў тэрыторыяў паўднёвае Карэліі, складзеная гэтым камітэтам, стала праграмай Алонецкага ўраду й была ўхваленая ўрадам Фінляндыі 30 чэрвеня 1919 году.

Фінскі ўрад нават вылучыў Алонецкаму ўраду пазыкі й іншыя выдаткі (усяго на 16 600 000 фінскіх марак) на фармаваньне Алонецкага добраахвотніцкага войска колькасьцю каля 2000 чалавек, а таксама на арганізацыю Алонецкага паходу, аднак запатрабавала гарантаваць гэтыя выдаткі прыроднымі багацьцямі Алонецкага краю.

Алонецкае добраахвотніцкае войска было створанае ў чэрвені-ліпені 1919 году пад патранажам Алонецкага ўраду, і быў арганізаваны Алонецкі паход[2]. У ліпені 1919 году ўрад быў рэарганізаваны й у ягоны склад быў уведзены прадстаўнік ад Фінляндыі. Аднак у жніўні 1919 году Алонецкае добраахвотніцкае войска пацярпела паразу, Алонецкі паход праваліўся.

У кастрычніку 1920 году Алонецкі ўрад фармальна спыніў сваё існаваньне, бо ягоныя чальцы ўвайшлі ў склад Карэльскага аб’яднанага ўраду.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Крыніцы й заўвагі

рэдагаваць