Ларыса Геніюш

беларуская літаратарка, нацыянальная дзяячка
(Перанакіравана з «Л. Геніюш»)

Лары́са Анто́наўна Ге́ніюш (у дзявоцтве Міклашэ́віч; 9 жніўня 1910, Жлобаўцы, Ваўпянская воласьць, Гарадзенскі павет Гарадзенскай губэрні, Расейская імпэрыя — 7 красавіка 1983, Зэльва, Гарадзенская вобласьць, БССР) — беларуская паэтка, пісьменьніца, дзяячка нацыянальнага руху.

Ларыса Геніюш
лац. Łarysa Hienijuš
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Ларыса Антонаўна Міклашэвіч
Нарадзілася 27 ліпеня (9 жніўня) 1910
Жлобаўцы, Ваўпянская воласьць, Гарадзенскі павет, Расейская імпэрыя
Памерла 7 красавіка 1983(1983-04-07) (72 гады)
Зэльва, Гарадзенская вобласьць, БССР
Пахаваная
Сужэнец Янка Геніюш
Дзеці Юрка Геніюш
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэтка, пісьменьніца, грамадзкая дзяячка
Гады творчасьці 19391983
Жанр верш, проза
Мова беларуская
Дэбют бэрлінская газэта «Раніца» (1939)
Творы на сайце Knihi.com

Біяграфія

рэдагаваць

Дзяцінства і юнацтва

рэдагаваць

Нарадзілася 9 жніўня 1910 году ў маёнтку Жлобаўцы Ваўпянскай воласьці Гарадзенскага павету (цяпер Ваўкавыскі раён Гарадзенскай вобласьці) у шматдзетнай сям’і заможнага селяніна-землеўласьніка. Вучылася ў польскай школе, у 1928 годзе скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію. У гэты час знаёміцца з сусьветнай літаратурай — польскай, скандынаўскай, ангельскай клясыкай. Пачынае пісаць вершы.

Жыцьцё ў Празе

рэдагаваць

3 лютага 1935 году пабралася шлюбам са студэнтам-мэдыкам Янкам Геніюшам, які навучаўся ў Карлавым унівэрсытэце (Прага). У 1937 годзе, пасьля нараджэньня сына Юркі, выяжджае да мужа ў Прагу. Там суседкаю Геніюшаў была Аляксандра Косач-Шыманоўская, сястра Лесі Ўкраінкі — аўтаркі, чыя творчасьць зрабіла на Ларысу вялікі ўплыў. Першыя свае вершы паэтка апублікавала ў бэрлінскай газэце беларускіх эмігрантаў «Раніца» ў 1939 годзе. А ў 1942 годзе пабачыў сьвет першы зборнік яе паэзіі «Ад родных ніў», напоўнены настальгіяй і роздумамі пра лёс пакінутай ёю Радзімы.

Калі Чырвоная Армія ў 1939 годзе ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, бацьку Ларысы Антона Міклашэвіча расстралялі, а маці й дзьвюх сясьцёр выслалі ў Казахстан. У сакавіку 1943 году, паводле тастаманту прэзыдэнта БНР Васіля Захаркі, Ларыса Геніюш прызначаецца Генэральным сакратаром Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Захоўвае і парадкуе архіў БНР, апякуецца беларускімі эмігрантамі, палітычнымі ўцекачамі і ваеннапалоннымі. Найбольш каштоўную частку архіву яна пераправіла ў недасягальнае для органаў НКУС і МДБ месца. Пазьней савецкія карныя органы будуць катаваць паэтку, каб атрымаць зьвесткі пра гэты архіў.

Арышт і асуджэньне

рэдагаваць

Пасьля вызваленьня Чэхіі ад фашыстаў Ларыса з мужам і сынам жыве пад Прагай, у мястэчку Вімпэрк. 5 сакавіка 1948 году органы МДБ арыштоўваюць Ларысу й Янку. Абое знаходзяцца ў турмах Чэхаславаччыны, Львова, з кастрычніка 1948 году ў турме Менску. Тут Ларысу Геніюш дапытвае сам міністар дзяржбясьпекі БССР Лаўрэнці Цанава. Паэтка мужна вытрымала катаваньні.

7 лютага 1949 году Ларысу і Янку Геніюшаў асуджаюць на 25 гадоў кожнага. Пакараньне паэтка адбывае ў лягерох Інта і Абезь (Комі АССР). Яна паказвае прыклад фэнамэнальнай духоўнай трываласьці, яднае вакол сябе ня толькі беларусаў, але і вязьняў іншых нацыянальнасьцяў, піша вершы. Сярод вязьняў Ларысу Геніюш клікалі «Маці», яе вершы называлі «глюкозай», завучвалі іх напамяць, як малітвы. У 1956 разам з мужам часткова рэабілітаваныя, тэрмін пакараньня зьменшаны да 8 гадоў, якія ўжо мінулі з моманту прысуду, таму яны былі вызваленыя.

Трагічны лёс напаткаў і іншых Міклашэвічаў: у Казахстане памерлі маці (1945); брат Аркадзь — жаўнер арміі Андэрса — загінуў 27 ліпеня 1944 году ў бітве пад Монтэ-Касына ў Італіі; другі брат, Расьціслаў, загінуў 26 (28?) красавіка 1945 году пад Бэрлінам у арміі Касьцюшкі.

Гады ў Зэльве

рэдагаваць

Пасьля вызваленьня Ларыса пасялілася на мужавай радзіме ў Зэльве. Усё астатняе жыцьцё Геніюшы пражылі з адзнакай у пашпарце «без грамадзянства». 27 гадоў зэльвенскага жыцьця паэткі прайшлі пад наглядам КДБ. Янку Геніюшу дазволілі падпрацоўваць у раённай паліклініцы, а паэтцы — і то ненадоўга — «зарабляць швабрай і венікам». У 1979 годзе памёр Янка, Ларысе прызначылі мізэрную пэнсію. Улады пазбавілі паэтку спакойнай старасьці, не дазваляючы паехаць да сына, які рос у Беластоку сіратою пры жывых бацьках.

Амаль дзесяць гадоў творчасьць паэткі была пад забаронай. Упершыню яе пасьлялягерныя вершы трапілі на старонкі беларускіх часопісаў у 1963 годзе. Толькі ў 1967 годзе, дзякуючы тагачаснаму Старшыні СП БССР Максіму Танку, быў выдадзены першы ў Беларусі зборнік твораў Ларысы Геніюш «Невадам зь Нёмана» (адрэдагаваў на грамадзкіх асновах Уладзімер Караткевіч, аўтар прадмовы — Юльян Пшыркоў). У яго ўвайшла бальшыня вершаў са зборніка «Ад родных ніў» з шэрагам цэнзурных купюраў, а таксама вершы зэльвенскага пэрыяду. У першым пасьмяротным зборніку «Белы сон» (укладальнік і аўтар прадмовы — Барыс Сачанка) даслоўна паўтораныя ўсе чатыры кнігі, што выйшлі за савецкім часам, а да іх дададзены разьдзелы: «Вершы розных гадоў» (тут амаль усё, што было ў «Ад родных ніў» і ня трапіла ў «Невадам зь Нёмана», без купюраў); «З пасьмяротных публікацый» (пераважна лягерныя вершы, без купюраў) і «З рукапіснай спадчыны» (вершы зэльвенскага пэрыяду, без купюраў). Аўтарскія варыянты цэнзураваных вершаў узноўлены ў рэпрынтным выданьні «Ад родных ніў», у зборніках «Выбраныя вершы» і «Выбраныя творы». Багата вершаў і лістоў дагэтуль не друкавалася.

Апошнія гады і сьмерць

рэдагаваць

Памерла Ларыса Геніюш у 1983 годзе. Пасьля адпяваньня ў царкве паэтку праводзілі ў апошні шлях тысячы зэльвенцаў. Пахавалі яе поруч з мужам, на ўзвышшы.

У 1999 годзе Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвярнуўся ў Пракуратуру Беларусі з хадайніцтвам аб адмене несправядлівага прысуду ў адносінах да Ларысы й Янкі Геніюшаў. Пракуратура пераадрасавала зварот у Вярхоўны суд, адкуль прыйшла адмова, быццам бы паэтка «абгрунтавана не падлягае рэабілітацыі». Але прычыны адмовы засталіся невядомыя, бо, паводле ліста зь Вярхоўнага суду, «яны могуць быць паведамленыя толькі самой рэпрэсаванай».

18 студзеня 2006 году адбылася прэзэнтацыя музычнай складанкі на вершы Ларысы Геніюш — «Жыць для Беларусі». На дыску — песьні розных групаў і выканаўцаў; можна пачуць на ім і голас самой паэткі. Складанка прысьвечаная 95-м угодкам з дня нараджэньня Ларысы Геніюш.

Бібліяграфія

рэдагаваць

Зборнікі паэзіі

рэдагаваць
  • «Ад родных ніў» (1942)
  • «Невадам зь Нёмана» (1967)
  • «На чабары настоена» (1982)
  • «Dzieviać vieršaŭ» (1987)
  • «Белы сон: вершы і паэмы». / Укладаньне і прадмова Б. І. Сачанкі. — Менск: Мастацкая літаратура, 1990. — 352 с. — 4200 ас. — ISBN 5-340-00534-8
  • «Вершы: рукапісны зборнік з 1945—47 г.г.» (1992)
  • «Выбраныя вершы» (1997)
  • «Гасціна» (2000)
  • «Выбраныя творы» (вершы, паэмы, проза, лісты, 2000)

Паэтычныя кніжкі для дзяцей

рэдагаваць
  • «Казкі для Міхаські» (1972)
  • «Добрай раніцы, Алесь» (1976)

Іншыя творы

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць