Беларускі Хэльсынскі камітэт
Белару́скі Хэ́льсынскі камітэ́т — праваабарончае грамадзкае аб’яднаньне Беларусі, заснаванае паводле пастановы кангрэсу Беларускага ПЭН-цэнтру ад 2 верасьня 1995 году[1].
Беларускі Хэльсынскі камітэт | |
Абрэвіятура | БХК |
---|---|
Дэвіз | Абараняем правы чалавека з 1995 году |
Дата ўтварэньня | 1 лістапада 1995 (29 гадоў таму) |
Тып | праваабарончае |
Юрыдычны статус | грамадзкае аб’яднаньне |
Мэта | прыцягненьне ўвагі да парушэньня правоў чалавека |
Штаб-кватэра | вул. К. Лібкнэхта, д. 68, п. 1201 |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Дзейнічае ў рэгіёнах | ва ўсіх, акрамя Гомельскай вобласьці |
Сяброўства | Міжнародны Хэльсынскі саюз па правах чалавека |
Старшыня | Алег Гулак |
Матчына кампанія | Беларускі ПЭН-цэнтар |
Сайт | belhelcom.org |
Да 2021 году БХК меў прадстаўніцтвы ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць), Бабруйску (Магілёўская вобласьць), Маладэчна (Менская вобласьць), Воршы (Віцебская вобласьць), Салігорску (Менская вобл.) і ва ўсіх абласных цэнтрах, акрамя Гомелю. На 2025 год выпускаў Нацыянальны індэкс правоў чалавека. У 2024 годзе індэкс быў адзначаны ў Гадавым дакладзе Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека як прыклад эфектыўнай ацэнкі заканадаўства і практык у гэтай сферы. Таксама выпускалі агляд «Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя тэндэнцыі дзяржаўнай палітыкі».
Мінуўшчына
рэдагавацьЗарэгістравана Міністэрствам юстыцыі ў лістападзе 1995 году. Мэта арганізацыі — абарона правоў чалавека ў Беларусі згодна з Хэльсынскімі пагадненьнямі. Заснавальнікамі БХК сталі: Васіль Быкаў (ён жа першы старшыня назіральнага сойму БХК), Сьвятлана Алексіевіч, Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін, Юры Хадыка і Карлас Шэрман. Налічвалася больш за 400 сябраў БХК. Арганізацыйныя структуры дзейнічалі ў 12 гарадах Беларусі. У 1997 г. БХК стаў сябрам Міжнароднай Хэльсынскай Фэдэрацыі па правах чалавека. Намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла і іншыя юрысты БХК абаранялі ў судах Паўла Шарамета, Васіля Старавойтава, Васіля Лявонава, Тамару Віньнікаву, Міхаіла Чыгіра, Валерыя Шчукіна, Юрыя Бандажэўскага, Славаміра Адамовіча, Ірыну Макавецкую і Андрэя Клімава. Таксама Гары Паганяйла прадстаўляў у судзе інтарэсы зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага. Члены БХК бралі ўдзел у місіях Міжнароднай Хэльсынскай Фэдэрацыі ў Прыднястроўі, на Паўночным Каўказе, у Таджыкістане, Узбэкістане, Украіне. З 2000 г. БХК пачаў рэгулярнае назіраньне за выбарамі ў краіне (з 2008 г. — разам з ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»).
У 2003 годзе наклалі штраф памерам $73 000 за нібыта нявыплачаныя падаткі ад грашовых сродкаў, перададзеных Эўразьвязам па праграме TACIS. У 2004 годзе штраф скасаваў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Пазьней ладзіліся крымінальныя працэсы супраць службоўцаў арганізацыі. У выніку ад’езду ў ЗША 1-й старшыні Тацяны Процькі з 11 траўня 2008 году пасаду старшыні заняў Алег Гулак[2].
30 верасьня 2021 году Вярхоўны суд Беларусі задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі Беларусі аб ліквідацыі «БХК» за аплату 2-м асобам ганарараў за «паслугі ў доўгатэрміновым назіраньні за выбарамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 2020 году». У пацьверджаньне гэтаму Міністэрства юстыцыі прыклала да позвы копіі 6 дамоваў, прыходна-касавых ордэраў і актаў прыёму і перадачы. Аднак 1 кастрычніка старшыня «БХК» Алег Гулак заявіў: «Там нібыта стаіць мой подпіс, але гэта копія з копіі, у якой можна падрабіць любы подпіс, і я нічога такога не падпісваў. Гэта яўная фальшыўка». Арганізацыя заявіла, што працягне сваю дзейнасьць[3].
У ліпені 2022 году Беларускі Хэльсынскі камітэт атрымаў кансультатыўны статус пры Эканамічнай і сацыяльнай Радзе ААН, стаўшы першай беларускай НДА з такім статусам[4]. 7 чэрвеня 2024 года суд Чыгуначнага раёну Гомеля прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі сайт арганізацыі і старонку БХК у Фэйсбуку.
Літаратура
рэдагаваць- Vitali Silitski, Jan Zaprudnik BELARUSIAN HELSINKI COMMITTEE // The A to Z of Belarus (The A to Z Guide Series) (анг.). — Lanham: Scarecrow Press, 2010. — С. 41. — 470 с. — ISBN 978-0-8108-7200-4
- Бубен, С.С., Процька, Т.С. Правы чалавека : дапаможнік для настаўнікаў. — Мн.: Тэхналогія, 2001. — С. 212–213. — 366 с. — 9000 ас. — ISBN 985-458-020-2
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Пастанова Другога міжнароднага кангрэса Беларускага ПЭН-цэнтра «Аб заснаванні Беларускага Хельсінскага камітэта» // Другі міжнародны кангрэс у абарону дэмакратыі і культуры «Незалежная прэса: свабода і незалежнасць» / Лідзія Масьцерава. — Менск: Тэхналёгія, 1996. — С. 275. — 558 с. — 1000 ас. — ISBN 985-6234-05-0
- ^ Зьміцер Панкавец (12 траўня 2008) Алег Гулак узначаліў БХК. Наша Ніва. Праверана 28 верасьня 2012 г.
- ^ Вярхоўны суд ліквідаваў БХК, гэта была перадапошняя зарэгістраваная праваабарончая арганізацыя // Беларуская служба Радыё «Свабода», 1 кастрычніка 2021 г. Праверана 14 лістапада 2021 г.
- ^ «Признание, что для общественной организации нужна не формальная регистрация, а реальная деятельность» Салідарнасць Праверана 2022-08-11 г.