Гай Пікарда
Гай Піка́рда (па-ангельску: Guy Picarda; псэўданім Піхура Г.; 20 ліпеня 1931, Лёндан — 20[a] красавіка 2007) — ангельска-францускі адвакат і музыказнаўца, дасьледчык беларускай культуры.
Гай Пікарда | |
па-ангельску: Guy Picarda | |
Дата нараджэньня | 20 ліпеня 1931 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 20 красавіка 2007 (75 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | адвакат, юрыст, музыказнаўца |
Навуковая сфэра | адвакатура[d][1], міжнароднае права[1] і музыказнаўства[d][1] |
Узнагароды |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і бацькоў брэтонца-француза і ангелькі ірляндзкага паходжаньня. Бацька працаваў адвакатам у Апэляцыйным судзе ў Парыжы, а таксама ў Лёндане. Маці ў 1920-х гадох служыла ў Interallied Rhineland High Commission.
Навучаўся ў школах у Ангельшчыне і Францыі. У 1951 годзе паступіў ва ўнівэрсытэт у Грэноблю, скончыў Оксфардзкі ўнівэрсытэт, ўнівэрсытэт у Сарбоне і Лёнданскую школу эканомікі. У Оксфардзе працаваў сакратаром унівэрсытэцкага аддзяленьня таварыства па культурных абменах з СССР. У 1959 годзе распачаў працу па спэцыяльнасьці. Праз два гады ён стаў адвакатам у парыскім Апэляцыйным судзе, у 1977 адвакатам суду (барыстэрам) у King’s Inns у Дубліне. Займаўся сямейнымі спадчыннымі справамі ў Лёндане і Парыжы. Дваццаць гадоў адпрацаваў адвакатам у францускай амбасадзе ў Лёндане.
Ягоныя францускія карані прывялі Пікарду да ўступленьня ў «Таварыства гугенотаў Лёндану» і да прэзыдэнцтва ў «Зьвязе французаў Вялікай Брытаніі» з 1962 да 1972.
Захапіўся царкоўнымі харавымі сьпевамі падчас навучаньня ў Оксфардзе і Парыжы, дзе ён сьпяваў у хоры праваслаўнай царквы Аляксандра Неўскага. Аднойчы Гай дэ Пікарда вырашыў арганізаваць канцэрт, для якога атрымаў песьні ад украінцаў і расейцаў. Але лёнданскія ўкраінцы прапанавалі таксама ўключыць у праграму і беларускую музыку — і скіравалі яго ў раён Фінчлей (паўночны Лёндан) да маладога сьвятара Часлава Сіповіча (пазьней біскуп), шэфа Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. Беларусь, рэгіён зьмяшаных культурных стыляў — праваслаўнага, рымска-каталіцкага, грэка-каталіцкага, габрэйскага й татарскага — выклікала велізарнае захапленьне Гая Пікарды на ўсё жыцьцё. Дзеля вывучэньня ейнае культуры Пікарда разам з Обэранам Гэрбэртам(en) у 1954 заснавалі ангельска-беларускае таварыства. У 1961—1970 выкладаў музыку й сьпевы ў беларускай школе імя Кірылы Тураўскага ў Лёндане.
Трапіўшы на службу, якая праводзілася ў беларускай царкве, што ў Фінчлі — паўночным мікрараёне ангельскай сталіцы, Гай Пікарда адкрыў для сябе разьмешчаныя праз вуліцу Беларускую бібліятэку і музэй імя Францішка Скарыны. З гэтага моманту Гай Пікарда распачаў вывучэньне старадаўніх кніг і рукапісаў[2]. З 1971 стаўся сакратаром кіраўнічай рады бібліятэкі і музэю на доўгія гады. Чалец Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (Менск).
У 1964 ажаніўся зь Мішлен Войталь (па-ангельску: Micheline Wojtal), ад якой меў сына Жана-Аляксандра. Пазьней разьвёўся зь ёй і ў 1972 ажаніўся зь Сюзэн Флэмінг (па-ангельску: Susan Fleming), ад якой меў дзьвюх дачок, Кэтрын ды Эліс. Другі ягоны шлюб таксама скончыўся разводам.
Сьмерць і пахаваньне
рэдагавацьПамёр 21 красавіка 2007 году ў Лёндане. Паводле ўласнага запавету, адшуканага грэка-каталіцкім сьвятаром а. Сяргеем Стасевічам[3], прах Гая Пікарды быў пахаваны ў Беларусі 15 лістапада 2008 году. Паніхіду па памерлым адслужыў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. На месцы пахаваньня, ля Чырвонага касьцёлу, усталяваная мэмарыяльная шыльда[4][5].
Творчая дзейнасьць
рэдагавацьВывучаў творчасьць беларускіх кампазытараў Міколы Равенскага, Міколы Куліковіча (Мікалая Шчаглова), жыцьцё і дзейнасьць Францішка Скарыны, распрацоўваў гісторыю перакладаў Бібліі на беларускую мову, праблематыку гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, Менску. Шмат увагі аддаваў пошуку старажытных беларускіх царкоўных сьпеваў і іх выданьню. У канцы 1950-х паехаў з экспэдыцыяй на Падляшша. У Кляшчэлях, Сямятычах, Супрасьлі ды іншых мястэчках ён зьбіраў старажытныя беларускія царкоўныя сьпевы. У 1959 адшукаў у Кіеве Супрасьльскі і Жыровіцкі ірмалоі — рукапісныя музычныя зборнікі XVI стагодзьдзя рэлігійнага зьместу. Вынікі дасьледніцкай працы выдаў па-ангельску і па-беларуску, у тым ліку «Беларускі царкоўны сьпеўнік. Сьвятая Літургія» ў дзьвюх кнігах (1979—1991), «Беларускі духоўны сьпеўнік», навукова-папулярнае выданьне «Царкоўная музыка на Беларусі. 989—1995»[6]. Уклаў анталёгію беларускіх песнапеньняў «Залатая Беларусь», а таксама даведнік пра Беларускую бібліятэку імя Ф.Скарыны ў Лёндане.
Друкаваўся на старонках рэлігійных і сьвецкіх выданьняў («Божым шляхам», «Беларус», «The Journal of Byelorussian Studies» і іншых). Выдаваў для ангельцаў часопіс пра беларускую культуру «The Byelorussian Chronicle», напісаў і выдаў па-ангельску даведнік «Мінск: Гістарычны даведнік» (1994)[7]. Пераклаў на ангельскую мову тэкст вядомай патрыатычнай песьні "У гушчарах".[8] Сярод найбольш вядомых ягоных публікацыяў артыкулы пра гравюры Францішка Скарыны ды пра Марка Шагала й кабалу.
Устанавіў у прыгарадзе Лёндану Тотэнхэме месца, дзе знаходзілася Вольная славянская друкарня, заснаваная беларускім пісьменьнікам і мастаком Аляксандрам Рыпінскім, адкрыў для беларусаў гісторыю друкара Яна Ліцьвіна. Удзельнік фэстываляў «Магутны Божа» ў Магілеве і фэстывалю праваслаўнай музыкі ў Гайнаўцы ў якасьці журы.
Пасьля сьмерці дасьледчыка засталася неапублікаванай галоўная яго праца — зборнік «Залатая Беларусь. Анталогія беларускіх мадрыгалаў і харавых песень»[2].
Узнагароды
рэдагаваць- 1974: Фрыман Лёнданскага Сіты;
- 1975: Кавалер Нацыянальнага Ордэна Заслугі (Францыя);[9]
- 2000: Мэдаль Францішка Скарыны (Рэспубліка Беларусь);
- 2003: Залаты мэдаль міністэрства культуры Беларусі ў гонар дзесяцігодзьдзя фэстывалю духовай музыкі «Магутны Божа» ў Магілёве;
- 2006: дыплём ад офісу ЮНЭСКО ў Беларусі.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ паводле іншых зьвестак — 21
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б Мальдзіс, Адам (24 студзеня 2008) Нечаканае завяшчанне Гая Пікарды.. «Голас Радзімы» №3 (3075). Праверана 29 лістапада 2008 г.
- ^ Нечаканае завяшчанне Гая Пікарды.(недаступная спасылка)
- ^ Прах Пікарды пахавалі ў Чырвоным касьцёле.
- ^ Парэшткі Гая Пікарды пахаваны ў крыпце мінскага касцёла святых Сымона і Алены.(недаступная спасылка)
- ^ Натальля Гардзіенка (травень 2007) Сьв. Памяці. «Беларус» №532. Праверана 29 лістапада 2008 г.
- ^ Minsk: A Historical Guide, (and Short Administrative, Professional and Commercial Directory); Guy Picarda; Technalohija Publishers, Mensk & London; 1993, 1994; 250 pages. Call Number: DK507.924 .P522 1994.
- ^ Belarusian Chronicle [Беларуская Кроніка], Autumn [Восень] 1997, № 1 (па-ангельску)
- ^ Джым Дынглі (чэрвень 2007) Сьв. Памяці. «Беларус» №533. Праверана 29 лістапада 2008 г.
Літаратура
рэдагаваць- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн.. — Мн.: БелТА, 2001. — Т. 1. — 576 с. — ISBN 985-6302-33-1
- Guy Picarda. Lawyer whose passion for Orthodox choral music led to a second career as a scholar of Belarussian music (анг.) Court & Social. Times Online (21 траўня 2007). Праверана 29 лістапада 2008 г.
- Баркоўскі А. Брытанец, які палюбіў Беларусь. // Чырвоная Зьмена. Менск.18—24 лютага 1991.