Крайск
Крайск[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Крайшчанцы. Цэнтар сельсавету Лагойскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 354 чалавекі. Знаходзіцца за 55 км на паўночны захад ад Лагойску, за 40 км ад чыгуначнай станцыі Вялейка; на аўтамабільнай дарозе Даўгінаў — Малыя Нястанічы.
Крайск лац. Krajsk | |
Царква Сьвятога Мікалая | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Лагойскі |
Сельсавет: | Крайскі |
Насельніцтва: | 354 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1774 |
Паштовы індэкс: | 223138 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°31′19.99″ пн. ш. 27°30′23.00″ у. д. / 54.5222194° пн. ш. 27.5063889° у. д.Каардынаты: 54°31′19.99″ пн. ш. 27°30′23.00″ у. д. / 54.5222194° пн. ш. 27.5063889° у. д. |
± Крайск | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Крайск — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Крайск як уладаньне дзяцей Юрыя Зяновіча датуецца 1523 годам. У 1523 годзе ягоныя сыны Мікалай, Міхал і Юры мелі спрэчку за бацькоўскія Гараўцы і Крайск, а ў 1526 годзе яны ж запісалі дзесяціну з апошняга на карысьць касьцёла ў родавым маёнтку Смаргонь.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Крайск увайшоў у склад Менскага павету Менскага ваяводзтва[2]. Пад 1567 годам ён упамінаецца ў попісе войска Вялікага Княства Літоўскага. На 1590 год тут было 22 дымы, царква, млын. Мястэчка і маёнтак знаходзіліся ў валоданьні ваяводы віцебскага Юрыя Насілоўскага і ягонай жонцы Ядвігі. У 1590 годзе Ядвіга Насілоўская пакінула Крайск свайму сыну Яну Осьціку. Вытрымка з інвэнтару, складзенага ў той час:
Двор з будованьем дворным, с пашней дворной, с гумном, з фольварком и быдлом, з ставы, млыны, с бояры и мещане в местечку Крайску, с поддаными людьми тяглыми и с их службами, и з огородниками и челядью дворною. | ||
У інвэнтары таксама пайменна пералічваюцца ўсе падданыя, у тыс ліку 12 баярскіх радзінаў і 22 дымы (двары) мяшчанаў у мястэчку. Пазьней Крайскам валодалі Пташынскія, Каменскія, Тышкевічы. З пачатку XVIII ст. у мястэчку дзеяў манастыр, пад 1745 годам упамінаецца драўляная царква Сьвятога Мікалая.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Крайск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Віленскай губэрні. У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў мястэчку народную вучэльню (у 1885 годзе навучаліся 54 хлопчыкі і 12 дзяўчынак). У 1872 годзе на месцы спаленай збудавалі новую царкву-мураўёўку. На 1886 год у Крайску было 6 двароў, дзеяла царква, працавалі валасная ўправа і 3 крамы. На 1894 год дзеяла царкоўнапрыходзкая школа, існаваў вадзяны млын. У пачатку XX ст. у Крайску збудавалі драўляны касьцёл. У 1905 годзе існавалі валасная ўправа, лекарскі участак, кватэра станавога прыстава, народная вучэльня, скарбовая вінная крама, мяшчанскае ўправа. У 1912 годзе працавала пошта.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Крайск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крайск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Крайскай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў[3]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР, дзе 20 жніўня 1924 году стала цэнтрам сельсавету Плешчаніцкага раёну (з 25 сьнежня 1962 году ў Лагойскім раёне). Статус Крайску панізілі да вёскі. На 1926 год тут быў 131 двор, на 1941 год — 85. У Другую сусьветную вайну з 1941 да 1944 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
На 1969 год у Крайску было 77, на 1998 год — 132, на 1 студзеня 2003 году — 123. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку». У 2008 годзе побач з царквой Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату паставілі бюст маскоўскаму гаспадару Мікалаю II. Паводле мясцовых жыхароў, у Крайск пачалі прыязджаць людзі, якія вераць ня столькі ў Бога, колькі «ў Мікалая»[4].
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XVI стагодзьдзе: 1590 год — 55 мяшчанаў.
- XIX стагодзьдзе: 1866 год — 180 чал.[5]; 1867 год — 159 чал.; 1886 год — 74 чал.
- XX стагодзьдзе: 1926 год — 629 чал.; 1941 год — 368 чал.; 1969 год — 250 чал.; 1997 год — 250 чал.[6]; 1998 год — 412 чал.[7]; 1999 год — 396 чал.
- XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2003 году — 378 чал.[8]; 2010 год — 354 чал.
Інфраструктура
рэдагавацьУ Крайску працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагаваць- Могілкі юдэйскія
- Царква Сьвятога Аляксея (1897; мураўёўка)
- Царква Сьвятога Мікалая (2-я палова XIX ст.; мураўёўка)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Касьцёл (пачатак XX ст.)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 253.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 296.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Бартосік З. Нашто ў Крайску бюст расейскаму цару?, Радыё Свабода, 31 ліпеня 2014 г.
- ^ Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 586.
- ^ Бохан Ю. Крайск // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 246.
- ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 444.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага р-на. У 2 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БелЭн, 2004.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага р-на. У 2 кн. Кн. 2 / Рэд. кал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004. — 485, [1] с.: іл. ISBN 985-11-0282-2.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883.