Кодэкс унутранага воднага транспарту Рэспублікі Беларусь

звод заканадаўства Беларусі аб суднаходзтве на ўнутраных водных шляхах

Ко́дэкс уну́транага во́днага тра́нспарту Рэспу́блікі Белару́сь — звод заканадаўства Беларусі аб суднаходзтве на ўнутраных водных шляхах, які набыў моц у студзені 2003 году.

кодэкс
Кодэкс унутранага воднага транспарту Рэспублікі Беларусь
Заканадаўчы орган
Нумар 149-З
Прыняцьце Палатай прадстаўнікоў
29 траўня 2002 (22 гады таму)
Ухваленьне Саветам Рэспублікі
6 чэрвеня 2002 (22 гады таму)
Падпісаньне прэзыдэнтам Беларусі
24 чэрвеня 2002 (22 гады таму)
Уступ у сілу 1 студзеня 2003 (21 год таму)
Першая публікацыя 2002 год
Газэта «Зьвязда»

Паводле 2-га артыкула, «правілы, устаноўленыя гэтым Кодэксам, распаўсюджваюцца на: 1) унутраныя водныя шляхі Рэспублікі Беларусь і разьмешчаныя на іх збудаваньні; 2) парты, прыстані, прычалы, збудаваньні для стаянак маламерных суднаў, разьмешчаныя на ўнутраных водных шляхах Рэспублікі Беларусь; 3) судны ўнутранага плаваньня, судны мяшанага плаваньня, маламерныя судны і іншыя плывучыя аб'екты, якія эксплюатуюцца на ўнутраных водных шляхах Рэспублікі Беларусь». На 2020 год налічваў 166 артыкулаў у складзе 17 главаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Дзяржаўнае рэгуляваньне дзейнасьці ў галіне ўнутранага воднага транспарту»; 3) «Унутраныя водныя шляхі»; 4) «Парты»; 5) «Права ўласнасьці на судна»; 6) «Экіпаж судна»; 7) «Арэнда судна з экіпажам»; 8) «Арэнда судна без экіпажа»; 9) «Перавозка грузаў»; 10) «Буксоўка суднаў, плытоў і іншых плывучых аб'ектаў»; 11) «Перавозка пасажыраў і багажу»; 12) «Адказнасьць перавозчыка, буксавальніка, грузаадпраўніка, грузаатрымальніка і пасажыра пры перавозках»; 13) «Бясьпека суднаходзтва суднаў унутранага і мяшанага плаваньня»; 14) «Агульная аварыя»; 15) «Ратаваньне людзей, суднаў і іншай маёмасьці»; 16) «Камэрцыйныя акты, акты агульнай формы, прэтэнзіі і позвы»; 17) «Заключныя палажэньні». На 2020 год дзейнічаў Кодэкс унутранага воднага транспарту Беларусі дзейнічаў з 14-ю зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2006—2011, 2014—2015 і 2018 гадоў[1]. 11 чэрвеня 2020 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад яго рэдакцыі са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 17 ліпеня 2018 г. № 134-З[2].

Рэгуляваньне і водныя шляхі

рэдагаваць

Другая глава Кодэксу ўнутранага воднага транспарту Беларусі (КУВТ) зьмяшчала 6 артыкулаў (6—11) пра: расцэнкі і органы дзяржаўнага рэгуляваньня; паўнамоцтвы ўраду і прэзыдэнта Беларусі, галіновага рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіраваньня і дзяржаўнага органа рэгуляваньня бясьпекі суднаходзтва маламернаых суднаў; пацьвярджэньне адпаведнасьці транспартных працаў і паслуг патрабаваньням тэхнічных нарматыўных прававых актаў (ТНПА) у галіне тэхнічнага нармаваньня і стандартызацыі. Паводле 8-га артыкула, урад Беларусі: 1) «зацьвярджае праграмы разьвіцьця і выкарыстаньня ўнутранага воднага транспарту»; 2) вызначае «кампэтэнцыю органаў, якія ажыцьцяўляюць дзяржаўную рэгістрацыю суднаў, кантроль за бясьпекай суднаходзтва, тэхнічны нагляд за суднамі, іх клясыфікацыю; 3) устанаўлівае парадак дзяржаўнай рэгістрацыі і клясыфікацыі, тэхнічнага агляду маламерных суднаў»; 4) «устанаўлівае парадак навучаньня і праверкі ведаў грамадзянамі правілаў кіраваньня маторнымі маламернымі суднамі; 5) зацьвярджае Правілы карыстаньня маламернымі суднамі і збудаваньнямі для іх стаянак; 6) зацьвярджае Правілы дзяржаўнай рэгістрацыі суднаў унутранага плаваньня, суднаў мяшанага плаваньня; 7) зацьвярджае пералік партоў, зачыненых для заходу і абслугоўваньня замежных суднаў; 8) устанаўлівае парадак арганізацыі і выкананьня перавозак вайсковых грузаў унутраным водным транспартам; 9) ажыцьцяўляе міжурадавую супрацу ў галіне ўнутранага воднага транспарту». Згодна зь 9-м артыкулам «рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіраваньня ў галіне ўнутранага воднага транспарту:

  1. «арганізуе распрацоўку і рэалізацыю праграмаў разьвіцьця і выкарыстаньня ўнутранага воднага транспарту»;
  2. «праводзіць эканамічную, навукова-тэхнічную і сацыяльную палітыку ў галіне ўнутранага воднага транспарту»;
  3. «зацьвярджае Правілы перавозак пасажыраў і багажу ўнутраным водным транспартам, Правілы перавозак грузаў унутраным водным транспартам, Правілы буксоўкі суднаў, плытоў і плывучых аб'ектаў;
  4. зацьвярджае Правілы прадухіленьня забруджваньня ўнутраных водных шляхоў сьцёкавымі і нафтазьмяшчальнымі водамі з суднаў;
  5. зацьвярджае Правілы тэхнічнай эксплюатацыі суднаходных гідратэхнічных збудаваньняў;
  6. устанаўлівае парадак публікацыі пералікаў арганізацыяў, якія адносяцца да ўнутранага воднага транспарту агульнага карыстаньня;
  7. устанаўлівае парадак спагнаньня партовых выплатаў;
  8. зацьвярджае Правілы плаваньня па ўнутраных водных шляхах Рэспублікі Беларусь, устанаўлівае парадак арганізацыі лоцманскай праводкі;
  9. устанаўлівае пералік і межы ўнутраных водных шляхоў Рэспублікі Беларусь, адкрытых для суднаходзтва, па ўзгадненьні зь мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі;
  10. зацьвярджае Статут службы на суднах унутранага воднага транспарту, Палажэньне аб дыплямаваньні і атэстацыі плаўскладу суднаў, якія эксплюатуюцца на ўнутраных водных шляхах», «Палажэньне аб мінімальным складзе экіпажаў самаходных транспартных суднаў»;
  11. «устанаўлівае катэгорыю сродкаў навігацыйнага абсталяваньня і тэрміны яго дзеяньня;
  12. устанаўлівае гарантаваныя габарыты суднавых хадоў, а таксама тэрміны працы шлюзаў»[1].

Трэцяя глава Кодэксу ўлучала 5 артыкулаў (12—16) наконт: утрыманьня ўнутраных водных шляхоў і суднаходных гідратэхнічных збудаваньняў; уласнасьці, будаўніцтва і эксплюатацыі збудаваньняў; умоваў карыстаньня акваторыямі і землямі, а таксама пакрыцьця шкоды маёмасьці ўстановаў. Паводле 12-га артыкула, «унутраныя водныя шляхі складаюць выключную ўласнасьць дзяржавы. Рэкі, азёры, вадасховішчы, каналы і іншыя паверхневыя вадаёмы зьяўляюцца ўнутранымі воднымі шляхамі агульнага карыстаньня». Пры гэтым «разьмешчаныя на ўнутраных водных шляхах суднаходныя гідратэхнічныя збудаваньні прызначаныя для выкарыстаньня любымі юрыдычнымі і фізычнымі асобамі». Згодна з 13-м артыкулам «шляхавыя працы, у тым ліку наладжваньне і ўтрыманьне рэйдаў у партах агульнага карыстаньня, і ўтрыманьне суднаходных гідратэхнічных збудаваньняў у мэтах забесьпячэньня бясьпечнага суднаходзтва ажыццяўляюцца рэспубліканскімі ўнітарнымі прадпрыемствамі ўнутраных водных шляхоў за кошт рэспубліканскага бюджэту». Пры гэтым днопаглыбныя і папраўчыя працы выконваюцца пасьля ўзгадненьня з тэрытарыяльнымі органамі дзяржаўнага кіраваньня па прыродных рэсурсах і ахове навакольнага асяродзьдзя. У 14-м артыкуле прадугледжвалася, што «будаўніцтва і эксплюатацыя збудаваньняў на ўнутраных водных шляхах (мастоў, прычалаў, дамбаў, плацінаў, каналаў, надводных і падводных пераходаў, водазабораў, вадаспускаў, бомаў, затокаў, лініяў электрычнай сувязі і перадачы), беззваротнае здабываньне нярудных будаўнічых матэрыялаў ажыцьцяўляюцца пасьля ўзгадненьня з рэспубліканскімі ўнітарнымі прадпрыемствамі ўнутраных водных шляхоў, тэрытарыяльнымі органамі дзяржаўнага кіраваньня па прыродных рэсурсах і ахове навакольнага асяродзьдзя». Разам з тым, «уладальнікі збудаваньняў на ўнутраных водных шляхах абавязаныя за кошт уласных сродкаў ставіць навігацыйныя знакі і забясьпечваць іх дзеяньне ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі ТНПА». Пры гэтым «уладальнікі развадных і пад'ёмных мастоў абавязаныя разводзіць і падымаць іх адпаведна графіку, узгодненаму з рэспубліканскімі ўнітарнымі прадпрыемствамі ўнутраных водных шляхоў». Таксама «ўладальнікі мастоў абавязаныя за кошт уласных сродкаў ставіць і ўтрымліваць прылады і прыстасаваньні, неабходныя для бясьпечнага праходу суднаў і плытоў, а таксама выконваць днопаглыбныя і дноачышчальныя працы пасьля пабудовы і рамонту мастоў». Урэшце, «уладальнікі гідраэлектрастанцыяў і іншых водападпорных збудаваньняў абавязаныя падтрымліваць неабходныя для суднаходзтва ўзроўні вады, узгодненыя з рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіраваньня ў галіне ўнутранага воднага транспарту, на дзялянках вышэй і ніжэй за гэтыя збудаваньні». Паводле 15-га артыкула, «для выкананьня працаў, зьвязаных з суднаходзтвам, на ўнутраных водных шляхах па-за населенымі пунктамі арганізацыям унутранага воднага транспарту даецца ў пастаяннае карыстаньне паласа адводу зямлі (берагавая паласа) шырынёй 20 мэтраў ад урэзку вады або ад броўкі берага (на крутых берагах) у глыб мацерыка або выспы». «Рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы ўнутраных водных шляхоў маюць права: 1) карыстацца берагавой паласой для выкананьня працаў па забесьпячэньні суднаходзтва; 2) ставіць на берагавой паласе навігацыйныя знакі»; 3) рабіць «высечку, выдаленьне, перасадку драўнінна-хмызьняковай расьліннасьці, якая расьце ў межах берагавой паласы, у мэтах забесьпячэньня бясьпекі суднаходзтва, бачнасьці берагавых навігацыйных знакаў»; 4) «выкарыстоўваць бязвыплатна для выкананьня працаў грунт, камень, гравій, а таксама драўнінна-хмызьняковую расьліннасьць, якія знаходзяцца ў межах берагавой паласы». Таксама «ўстаноўка на берагавой паласе крыніцаў сьветлавога выпраменьваньня без агароджваньня іх з боку суднавага ходу шчытамі, акрамя агнёў навігацыйнага абсталяваньня, забараняецца»[1].

Парты і ўласнасьць на судна

рэдагаваць

Чацьвертая глава Кодэксу ўнутранага воднага транспарту налічвала 6 артыкулаў (17—22) датычна: тэрыторыі і дзяржаўнай адміністрацыі порта, патрабаваньняў да выкарыстаньня і парадку працы порта, а таксама партовых выплатаў. Паводле 18-га артыкула, «тэрыторыя порта ўключае акваторыю порта і сухапутную тэрыторыю». Згодна зь 19-м артыкулам «абавязкамі дзяржаўнай адміністрацыі порта зьяўляюцца: 1) арганізацыя абслугоўваньня пасажыраў; 2) арганізацыя выкананьня пагрузачна-разгрузачных працаў; 3) забесьпячэньне бясьпекі суднаходзтва на акваторыі порта; 4) арганізацыя і выкананьне працаў у выпадку забруджваньня акваторыі порта; 5) арганізацыя абыходжаньня з суднавымі адкідамі; 6) спагнаньне партовых выплатаў; 7) арганізацыя і выкананьне працаў па ратаваньні на акваторыі порта суднаў і ліквідацыі пажараў на суднах, якія знаходзяцца ў порце». У 20-м артыкуле згадвалася, што «ўладальнікі прычалаў партоў павінныя забясьпечваць бясьпечныя падыходы для суднаў, бясьпечную стаянку суднаў каля прычалаў. У залежнасьці ад прызначэньня порта на прычалах павінныя быць склады, вагавымяральныя прыборы, прылады і абсталяваньне для перагрузкі грузаў, прылады для пасадкі, высадкі і знаходжаньня пасажыраў». Паводле 21-га артыкула, «дзяржаўная адміністрацыя порта пасля ўзгаднення з зацікаўленымі органамі і іншымі арганізацыямі вызначае: 1) парадак уваходу суднаў у порт і выхаду іх з порта; 2) правілы плаваньня суднаў на акваторыі порта і стаянкі іх у порце; 3) правілы забесьпячэньня бясьпекі ў порце; 4) правілы карыстаньня сродкамі сувязі; 5) супрацьпажарны рэжым у порце; 6) парадак і ўмовы загрузкі, разгрузкі і абслугоўваньня суднаў, якія знаходзяцца ў порце; 7) парадак і ўмовы дастаўкі ў порт і адпраўленьня з порта грузаў чыгуначным, аўтамабільным або водным транспартам; 8) парадак і ўмовы захоўваньня грузаў на складах порта; 9) парадак і ўмовы абслугоўваньня пасажыраў, а таксама ажыцьцяўлення іншых відаў дзейнасьці ў порце». Згодна з 22-м артыкулам «у партах могуць устанаўлівацца наступныя партовыя выплаты з суднаў: карабельная (суднавая); канальная; прычальная; лоцманская; якарная; за прыём з суднаў у перапрацоўку нафтазьмяшчальных і гаспадарча-побытавых водаў і адкідаў». Паводле артыкула 221 «эксплюатацыя збудаванняў для стаянак маламерных суднаў дапускаецца пасьля іх рэгістрацыі». Згодна з артыкулам 222 «Дзяржаўная інспэкцыя маламерных суднах» рэгіструе такія збудаваньні вядзе адпаведны рэестар[1].

Пятая глава Кодэксу ўлучала 17 артыкулаў (23—39), якія вызначалі: права ўласнасьці на судна, перадачу судна ў давернае кіраваньне і права на заклад судна; арышт і прымусовы продаж судна, безгаспадарныя судны і сродкі атаясьненьня судна; дзяржаўны ўлік караблёў і правоў на іх, рэестры суднаў, органы, умовы і парадак дзяржаўнага ўліку караблёў; улік зьмяненьня зьвестак у рэестры суднаў, адказнасьць за парушэньне заканадаўства аб дзяржаўным уліку караблёў, выключэньне карабля зь Дзяржаўнага суднавога рэестру Рэспублікі Беларусі і суднавай кнігі; права плаваньня пад дзяржаўным сьцягам Беларусі, відападзел маламерных суднаў, суднавыя дакумэнты і парадак вядзеньня суднавога журналу. Паводле 23-га артыкула, «права ўласнасьці на судна, якое будуецца, або на долю ў ім узьнікае з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі такога права ў Дзяржаўным суднавым рэестры Рэспублікі Беларусь». Згодна з 24-м артыкулам «уласьнік судна мае права перадаць яго давернаму кіраўніку паводле дамовы давернага кіраваньня суднам на тэрмін, які не перавышае 5 гадоў, для ажыцьцяўленьня кіраваньня суднам за ўзнагароджаньне ў інтарэсах уласьніка». Пры гэтым «перадача судна ў давернае кіраваньне падлягае абавязковай рэгістрацыі ў Дзяржаўным суднавым рэестры Рэспублікі Беларусь або суднавай кнізе». У 25-м артыкуле прадугледжвалася, што «судна, зарэгістраванае ў Дзяржаўным суднавым рэестры Рэспублікі Беларусь або суднавай кнізе» можа быць закладзенае «з мэтай забесьпячэння грашовага абавязку дамовай уласьніка судна» (заклададавальніка), «і крэдытора (закладатрымальніка) з наступнай рэгістрацыяй закладу у тым жа суднавым рэестры або суднавай кнізе». Аднак «заклад замежнага судна, у тым ліку судна, якому часова дадзена права плаваньня пад дзяржаўным сьцягам Рэспублікі Беларусь, а таксама судна, якое будуецца для замежнага заказчыка, ня можа быць зарэгістравана ў Рэспубліцы Беларусь». Урэшце, «уласьнік долі ў судне або судне, якое будуецца, мае права закласьці сваю долю самастойна»[1].

Паводле 26-га артыкула, «у выпадку арышту або прымусовага продажу судна або судна, якое будуецца, орган, які ажыцьцяўляе дзяржаўную рэгістрацыю суднаў, павінен унесьці адпаведны запіс у Дзяржаўны суднавы рэестар Рэспублікі Беларусь або суднавую кнігу». Згодна з 27-м артыкулам «пасьля сканчэньня 3-х гадоў з дня пастаноўкі безгаспадарнага судна на ўлік орган, упаўнаважаны кіраваць маёмасьцю, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасьці, можа звярнуцца ў суд з патрабаваньнем аб прызнаньні права камунальнай уласнасьці на гэта судна». У 28-м артыкуле «назва судна наносіцца на абодвух бартах у насавой частцы, крылах хадавога мастка і карме. На суднах, якія ажыцьцяўляюць выхад за межы Рэспублікі Беларусь, назва судна на крылах хадавога мастка і на карме павінна быць нанесена лацінскімі літарамі з пазначэньнем нацыянальнай прыналежнасьці судна. На карме пад назвай судна пазначаецца пункт яго прыпіскі. Новая назва можа быць нанесена на судна толькі пасьля ўнясення адпаведнага зьмяненьня ў Дзяржаўны суднавы рэестар Рэспублікі Беларусь або суднавую кнігу. Аб зьмяненьні назвы ўласьнік судна павінен неадкладна паведаміць закладатрымальнікам зарэгістраваных закладаў судна. Судну, якое мае абсталяваньне сувязі, надаецца поклічны сыгнал. У залежнасьці ад тэхнічнай аснашчанасьці судна яму надаюцца таксама ідэнтыфікацыйны нумар суднавай станцыі спадарожнікавай сувязі і нумар выбіральнага выкліку суднавай станцыі». Паводле 29-га артыкула, «дзяржаўнай рэгістрацыі падлягаюць судны ўнутранага плаваньня, судны мяшанага плаваньня, маламерныя судны, за выключэннем вёславых лодак, байдарак і надзіманых суднаў грузападымальнасцю меншай за 225 кіляграмаў». Згодна з 30-м артыкулам судны ўнутранага і мяшанага плаваньня «падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі ў Дзяржаўным суднавым рэестры Рэспублікі Беларусь. Маламерныя судны, за выключэннем вёславых лодак, байдарак і надзіманых суднаў грузападымальнасцю меншай за 225 кіляграмаў, падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі ў суднавай кнізе»[1].

У 32-м артыкуле вызначалася, што «судны мяшанага плаваньня, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах суднаходзтва з выхадам на марскія шляхі, паводле жаданьня суднаўладальніка могуць быць зарэгістраваныя ў Дзяржаўным рэестры марскіх суднаў Рэспублікі Беларусь толькі пасьля выключэньня іх зь Дзяржаўнага суднавага рэестру». Таксама «судна, зарэгістраванае ў рэестры суднаў замежнай дзяржавы, можа быць зарэгістравана ў Дзяржаўным суднавым рэестры Рэспублікі Беларусь або суднавай кнізе пры ўмове, калі яно выключана з рэестру суднаў замежнай дзяржавы з выдачай адпаведнага пасьведчаньня». Пры гэтым «тэрмін, на які судна можа быць пераведзена пад сьцяг замежнай дзяржавы, вызначаецца тэрмінам дзеяньня дамовы яго арэнды, але ня можа перавышаць 2-х гадоў». Паводле 33-га артыкула, «пры дзяржаўнай рэгістрацыі судна ў Дзяржаўным суднавым рэестры Рэспублікі Беларусь выдаюцца пасьведчаньне аб праве плаваньня пад дзяржаўным сьцягам Рэспублікі Беларусь і пасьведчаньне аб праве ўласнасьці на судна, а пры рэгістрацыі судна ў суднавай кнізе выдаецца суднавы білет». Згодна з 34-м артыкулам «уласьнік, арандатар або лізінгаатрымальнік судна абавязаны паведаміць органу, які рэгіструе, аб любых зьмяненьнях зьвестак, якія падлягаюць унясеньню ў Дзяржаўны суднавы рэестар Рэспублікі Беларусь або суднавую кнігу, на працягу 14 каляндарных дзён з дня атрыманьня інфармацыі аб такіх зьмяненьнях». У 36-м артыкуле прадугледжвалася, што «выключэньню зь Дзяржаўнага суднавага рэестру Рэспублікі Беларусь або суднавай кнігі падлягаюць судны: 1) разабраныя пасьля сьпісаньня; 2) затанулыя і не падлеглыя пад’ёму»; 3) «зьніклыя бязь вестак; 4) канструктыўна загінулыя, гэта значыць поўнасьцю разбураныя і непадлеглыя аднаўленьню або якія страцілі свае суднаходныя якасьці ў выніку перабудовы». Пры гэтым «калі судна, якое выключаецца зь Дзяржаўнага суднавага рэестру Рэспублікі Беларусь або суднавай кнігі, зьяўляецца аб'ектам правоў трэціх асобаў, то выключэньне яго зь Дзяржаўнага суднавага рэестру Рэспублікі Беларусь або суднавай кнігі можа быць праведзена зь пісьмовай згоды гэтых асобаў». Паводле 37-га артыкула, «судна, набытае за мяжой, карыстаецца правам плаваньня пад дзяржаўным сьцягам Рэспублікі Беларусь з моманту выдачы консулам Рэспублікі Беларусь часовага пасьведчаньня на тэрмін, ня большы за 1 год, якое пацьвярджае гэта права, і сапраўднага да моманту дзяржаўнай рэгістрацыі судна ў Дзяржаўным суднавым рэестры Рэспублікі Беларусь або суднавай кнізе». Згодна з 38-м артыкулам «на судне, зарэгістраваным у Дзяржаўным суднавым рэестры Рэспублікі Беларусь, павінныя знаходзіцца наступныя суднавыя дакумэнты:

  1. пасьведчаньне аб праве плаваньня пад Дзяржаўным сьцягам Рэспублікі Беларусь;
  2. пасьведчаньне аб праве ўласнасьці на судна (або завераная натарыюсам або органам выдачы копія);
  3. пасьведчаньне аб прыдатнасьці судна да плаваньня з пазначэньнем яго клясы або даданьнем клясыфікацыйнага пасьведчаньня;
  4. сьпіс сябраў экіпажу судна (суднавая роль);
  5. суднавы журнал (вахтавы журнал, адзіны вахтавы журнал);
  6. машынны журнал (для суднаў з мэханічным рухавіком, што эксплюатуюцца сябрамі экіпажу, якія працуюць без сумяшчэньня прафэсіяў);
  7. суднавае санітарнае пасьведчаньне;
  8. адзіная кніга агляду судна;
  9. пасьведчаньне аб прадухіленьні забруджваньня з судна нафтай, сьцёкавымі водамі і адкідамі;
  10. дазвол на эксплюатацыю суднавай радыёстанцыі;
  11. пасьведчаньне аб мінімальным складзе экіпажу судна, які забясьпечвае бясьпеку суднаходзтва (для самаходных транспартных суднаў)».

У 39-м артыкуле згадвалася, што суднавы журнал «павінен захоўвацца на судне на працягу 2-х гадоў з моманту ўнясеньня ў яго апошняга запісу. Пасьля сканчэньня гэтага тэрміну суднавы журнал здаецца на захоўваньне суднаўладальніку»[1].

Экіпаж і фрахтаваньне

рэдагаваць

Шостая глава Кодэксу налічвала 9 артыкулаў (40—48), якія акрэсьлівалі: склад экіпажу судна, патрабаваньні да сябраў экіпажу і працоўныя дачыненьні на судне; асабістую маёмасьць і рэпатрыяцыю сябраў экіпажу; паўнамоцтвы капітана судна, яго правы і абавязкі па падтрыманьні парадку, а таксама абавязкі капітана па аказаньні дапамогі ды ў выпадках нараджэньня дзіцяці або сьмерці на судне. Паводле 40-га артыкула, «экіпаж судна складаецца з асобаў каманднага складу судна і суднавай каманды, а экіпаж пасажырскага судна — таксама з працаўнікоў, якія абслугоўваюць пасажыраў. Да каманднага складу судна адносяцца капітан, памочнікі капітана, суднавыя мэханікі, электрамэханікі, радыёспэцыялісты». Згодна з 41-м артыкулам «Пасады капітана, старэйшага памочніка капітана, старэйшага мэханіка і радыёспэцыялістаў на судне могуць займаць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым «да службы на суднах, што выходзяць за межы Рэспублікі Беларусь, дапускаюцца асобы, якія маюць нацыянальнае пасьведчаньне асобы марака Рэспублікі Беларусь». У 42-м артыкуле згадвалася, што «суднаўладальнік прымае на працу сябраў экіпажу судна толькі са згоды капітана судна». Паводле 43-га артыкула, «любы сябра экіпажу судна мае права правозіць на судне маёмасьць, прызначаную для асабістага карыстаньня. У выпадку страты або пашкоджаньня асабістай маёмасьці сябраў экіпажу судна з прычыны здарэньня з суднам суднаўладальнік кампэнсуе ім прычыненую шкоду. Кошт асабістай маёмасьці сябраў экіпажу судна, вінаватых у здарэньні з суднам, пакрыцьцю не падлягае». Згодна з 44-м артыкулам «суднаўладальнік абавязаны забясьпечыць за свой кошт рэпатрыяцыю сябраў экіпажу судна ў выпадках: 1) згубы судна; 2) захворваньня або атрыманьня траўмы сябрам экіпажу судна, якія патрабуюць лячэньня па-за суднам; 3) спыненьня працоўнай дамовы паводле ініцыятывы суднаўладальніка або сябра экіпажу судна пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня працоўнай дамовы; 4) немагчымасьці выкананьня суднаўладальнікам сваіх абавязкаў у дачыненьні да сябраў экіпажу судна, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь або працоўнай дамовай, з прычыны банкруцтва, продажу судна або зьмяненьня дзяржавы яго рэгістрацыі; 5) накіраваньня судна бяз згоды сябраў экіпажу судна ў зону ваенных дзеяньняў або эпідэмічнай небясьпекі». Пры гэтым «рэпатрыяцыя сябра экіпажу судна ажыцьцяўляецца згодна з яго выбарам у порт, у якім ён быў наняты на працу, або ў порт, пазначаны ў калектыўнай або працоўнай дамове. Выдаткі на рэпатрыяцыю сябра экіпажу судна ўключаюць выдаткі на дастаўку сябра экіпажу судна і яго асабістай маёмасьці вагой да 30 кіляграмаў у порт», а таксама «выдаткі на харчаваньне і пражываньне да моманту прыбыцьця ў гэты порт, а ў выпадку хваробы сябра экіпажу судна — таксама выдаткі на лячэньне да яго транспартабэльнага стану»[1].

У 45-м артыкуле прадугледжвалася, што «на капітана судна ўскладаюцца абавязак кіраваць суднам, у тым ліку суднаваджэньне, а таксама абавязак прымаць усе захады для забесьпячэньня бясьпекі суднаходзтва і падтрыманьня парадку на судне, аховы навакольнага асяродзьдзя і прадухіленьня прычыненьня шкоды судну, людзям, якія знаходзяцца на ім, і грузу». Пагатоў, «капітан судна зьяўляецца прадстаўніком суднаўладальніка і грузаўладальнікаў у дачыненьні да зьдзелак, зьвязаных з забесьпячэньнем бясьпекі суднаходзтва, захаванасьці судна і грузу». Таксама «капітан судна як прадстаўнік суднаўладальніка і грузаўладальнікаў мае права прад’яўляць позвы і адказваць па позвах, якія датычаць судна, грузу і правазной платы, калі ў пункце знаходжаньня судна няма іншых прадстаўнікоў суднаўладальніка або грузаўладальнікаў». Урэшце, «калі, паводле меркаваньня капітана судна, судну пагражае немінучая згуба, капітан судна пасьля прыняцьця ўсіх захадаў для ратаваньня пасажыраў дазваляе экіпажу судна пакінуць судна. Капітан судна пакідае судна апошнім, прыняўшы ўсе залежныя ад яго захады для ратаваньня суднавага, машыннага і радыёжурналаў, мапаў дадзенага рэйсу, суднавай пячаткі, дакумэнтаў і каштоўнасьцяў». Паводле 46-га артыкула, «распараджэньні капітана судна ў межах яго паўнамоцтваў павінны выконваць ўсе асобы, якія знаходзяцца на судне. Капітан судна мае права заахвочваць сябраў экіпажу судна, а таксама накладаць на іх дысцыплінарныя спагнаньні, адхіляць іх ад выкананьня службовых абавязкаў». Згодна з 47-м артыкулам «капітан судна, не падвяргаючы небясьпецы судна, пасажыраў і сябраў экіпажу, якія знаходзяцца на ім, груз і іншую маёмасьць, абавязаны аказаць дапамогу любой асобе, якой пагражае небясьпека згубы. Капітаны суднаў, якія сутыкнуліся, абавязаныя аказаць узаемную дапамогу суднам, іх пасажырам і сябрам экіпажаў, паведаміць адзін аднаму назвы сваіх суднаў і партоў прыпіскі». У 48-м артыкуле адзначалася, што «капітан судна абавязаны аб кожным выпадку нараджэньня дзіцяці або сьмерці на судне скласьці акт пры ўдзеле 2-х сьведак і мэдыцынскага працаўніка (калі ён ёсьць на судне), а таксама зрабіць адпаведны запіс у суднавым журнале. Да акту аб сьмерці дадаецца вопіс маёмасьці нябожчыка, якая знаходзіцца на судне. Капітан судна прымае захады для захаваньня гэтай маёмасьці і паведамляе аб здарэньні адпаведным органам». Таксама «ў выпадку зьнікненьня сябра экіпажу судна або пасажыра пры абставінах, якія дапускаюць магчымасць іх згубы, капітан судна робіць адпаведны запіс у суднавым журнале, складае акт, а таксама вопіс іх маёмасьці, якая засталася, і перадае гэты акт і маёмасьць сябра экіпажу судна або пасажыра, які зьнік, у найбліжэйшым порце адпаведным органам»[1].

Паводле артыкула 481, «абавязак кіраваць маламерным суднам ускладаецца на суднакіроўцу», зь якога складаецца экіпаж. Згодна з артыкулам 482 «да кіраваньня маламернымі суднамі, за выключэньнем маторных маламерных суднаў, дапускаюцца асобы, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту». «Да кіраваньня маторнымі маламернымі суднамі (ММС) дапускаюцца асобы, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, дапушчаныя паводле мэдычных паказаньняў да кіраваньня ММС, якія прайшлі праверку ведаў правілаў кіраваньня ММС і маюць пасьведчаньне на права кіраваньня ММС або якія маюць міжнароднае пасьведчаньне на права кіраваньня прагулачным суднам». У артыкуле 483 згадвалася, што «суднакіроўца абавязаны:

  • прымаць усе захады для забесьпячэньня бясьпекі суднаходзтва маламернага судна і падтрыманьня парадку на ім, аховы навакольнага асяродзьдзя і прадухіленьня прычыненьня шкоды судну, людзям, якія знаходзяцца на ім;
  • правяраць перад выхадам у плаваньне спраўнасьць і камплектнасьць аснашчэньня маламернага судна, сачыць за яго тэхнічным станам у ходзе плаваньня;
  • падчас руху маламернага судна быць у зашпіленай выратавальнай камізэльцы;
  • аказаць дапамогу любой асобе, якой пагражае небясьпека згубы, без падвяржэньня небясьпецы маламернага судна і людзей, якія знаходзіцца на ім;
  • выконваць законныя патрабаваньні службовых асобаў Дзяржаўнай інспэкцыі маламерных суднаў;
  • паведамляць аб усіх транспартных аварыйных выпадках, удзельнікам або сьведкам якіх ён зьяўляўся, па тэлефонах 101 або 112»[1].

Сёмая глава КУВТ Беларусі зьмяшчала 10 артыкулаў (49—58), якія тычыліся: дамовы арэнды і падарэнды судна з экіпажам (фрахтаваньня на час), абавязкаў арэндадаўца па ўтрыманьні судна, кіраваньні ім і яго тэхнічным выкарыстаньні; абавязкаў фрахтавальніка па камэрцыйным выкарыстаньні і звароце судна, падпарадкаванасьці экіпажу судна і выплаты фрахту; узнагароджаньня за ратаваньне, адказнасьці фрахтавальніка перад трэцімі асобамі, а таксама яго адказнасьці за страты, прычыненыя ратаваньнем, згубай або пашкоджаньнем судна. Паводле 49-га артыкула, «паводле дамовы арэнды судна з экіпажам суднаўладальнік дае фрахтавальніку судна за плату ў часовае валоданьне і карыстаньне і аказвае паслугі па кіраваньні суднам і яго тэхнічнай эксплюатацыі. Дамова арэнды судна з экіпажам заключаецца ў пісьмовай форме і павінна ўтрымліваць найменьні бакоў, назву судна, пазначэньне сьцяга, пад якім плавае судна, тэхнічныя і эксплюатацыйныя дадзеныя судна, раён плаваньня, мэты арэнды, памер платы (стаўку фрахту), парадак і тэрміны яе выплаты, тэрмін дзеяньня дамовы, час і месца прыёму і здачы судна». Згодна зь 50-м артыкулам «фрахтавальнік мае права бяз згоды суднаўладальніка здаваць арандаванае судна ў субарэнду». У 51-м артыкуле прадугледжвалася, што «суднаўладальнік на працягу ўсяго тэрміну дзеяньня дамовы арэнды судна з экіпажам абавязаны падтрымліваць судна ў належным стане, у тым ліку ажыцьцяўленьне бягучага і капітальнага рамонту і даваньне неабходнага прыладзьдзя». Пры гэтым «выдаткі па аплаце паслуг сябраў экіпажу судна, а таксама выдаткі на іх утрыманьне нясе суднаўладальнік». Паводле 52-га артыкула, «фрахтавальнік нясе выдаткі, якія ўзьнікаюць у сувязі з камэрцыйнай эксплюатацыяй судна, у тым ліку выдаткі на аплату паліва, іншых матэрыялаў, якія выдаткоўваюцца ў працэсе эксплюатацыі, і на аплату збораў». Згодна з 53-м артыкулам сябры экіпажу «выконваюць распараджэньні суднаўладальніка, якія тычацца кіраваньня суднам і яго тэхнічнай эксплюатацыі, і распараджэньні фрахтавальніка, якія тычацца камэрцыйнай эксплюатацыі». У 55-м артыкуле вызначалася, што «фрахтавальнік вызваляецца ад выплаты фрахту і аплаты выдаткаў па эксплюатацыі судна за час, на працягу якога яно было непрыдатным да эксплюатацыі з прычыны несуднаходнага стану». Аднак «у выпадку пратэрміноўкі выплаты фрахту, якая перавышае 14 каляндарных дзён, суднаўладальнік мае права без папярэджаньня адабраць судна ў фрахтавальніка і спагнаць зь яго прычыненыя пратэрміноўкай страты». Паводле 56-га артыкула, «узнагароджаньне, належнае судну за ажыцьцяўленьне выратавальнай апэрацыі, якая мела месца да заканчэньня тэрміну дзеяньня дамовы арэнды судна з экіпажам, разьмяркоўваецца ў роўных долях паміж суднаўладальнікам і фрахтавальнікам за вылікам выдаткаў на ратаваньне і долі ўзнагароджаньня, прыналежнай экіпажу судна». Згодна зь 56-м артыкулам «калі судна дадзена фрахтавальніку для перавозкі грузаў, ён мае права ад свайго імя заключаць дамовы перавозкі ўнутраным водным транспартам, выдаваць канасамэнты і іншыя перавозачныя дакумэнты»[1].

Арэнда судна і перавозка грузаў

рэдагаваць

Восьмая глава Кодэксу ўлучала 9 артыкулаў (59—67), якія вызначалі: дамову арэнды і падарэнду судна без экіпажу, абавязак арэндадаўца па прывядзеньні судна ў суднаходны стан, абавязкі арандатара па ўтрыманьні судна, кіраваньні ім і яго тэхнічнай эксплюатацыі; экіпаж судна, плату паводле дамовы арэнды судна без экіпажу, правы і абавязкі арандатара па эксплюатацыі і заворце судна; адказнасьць арандатара перад трэцімі асобамі, а таксама яго адказнасьць за страты, прычыненыя ратаваньнем, згубай або пашкоджаньнем судна. Паводле 59-га артыкула, «паводле дамовы арэнды судна без экіпажу арэндадавец дае арандатару судна за плату ў часовае валоданьне і карыстаньне без аказаньня паслуг па кіраваньні суднам і яго тэхнічнай эксплюатацыі». Згодна з 60-м артыкулам «арандатар мае права бяз згоды арэндадаўца здаваць арандаванае судна ў субарэнду на ўмовах фрахтаваньня на час або дамовы арэнды судна без экіпажу». У 61-м артыкуле «арэндадавец абавязаны прывесьці судна ў суднаходны стан да моманту яго перадачы арандатару і прыняць захады для забесьпячэньня прыдатнасці корпуса судна, яго рухавіка і абсталяваньня». Паводле 62-га артыкула, «арандатар самастойна ажыцьцяўляе кіраваньне суднам і яго камэрцыйную і тэхнічную эксплюатацыю». Згодна з 63-м артыкулам «экіпаж судна камплектуе арандатар. Капітан судна і іншыя сябры экіпажу судна зьяўляюцца працаўнікамі арандатара і выконваюць яго ўказаньні і распараджэньні». У 64-м артыкуле прадугледжвалася, што «арандатар выплачвае арэндадаўцу плату паводле дамовы арэнды судна без экіпажу наперад паводле месячнай стаўкі, узгодненай бакамі». Паводле 65-га артыкула, «арандатар нясе выдаткі на ўтрыманьне арандаванага судна, яго страхаваньне, уключна са страхаваньнем сваёй адказнасьці, а таксама выдаткі, якія ўзьнікаюць у сувязі зь яго эксплюатацыяй. Арандатар мае права бяз згоды арэндадаўца ад свайго імя заключаць з трэцімі асобамі дамовы перавозкі»[1].

Дзявятая глава Кодэксу ўлучала 25 артыкулаў (68—92), якія апісвалі: умовы перавозкі грузаў унутраным водным транспартам, дамову такой перавозкі і дамову аб арганізацыі такіх перавозак; прад’яўленьне і прыём грузу да перавозкі, вызначэньне масы грузаў, патрабаваньні да суднаў і кантэйнэраў, разьмяшчэньне і мацаваньне грузаў на суднах; падачу транспартных сродкаў, пагрузку і выгрузку грузу, плямбаваньне суднаў і кантэйнэраў; правазную плату і выплаты за перавозку грузаў, тэрміны іх дастаўкі, абмежаваньне іх перавозкі і права распараджэньня грузам; пагружаны бязь ведама перавозчыка груз, захоўваньне і выдачу грузу гразаатрымальніку, праверку грузу пры выдачы, ачыстку суднаў і незапатрабаваны груз; наступствы немагчымасьці дастаўкі грузу, перавозку вайсковых і небясьпечных грузаў, а таксаму грузаў у мяшаных зносінах. Паводле 69-га артыкула, «заключэньне дамовы перавозкі грузу ўнутраным водным транспартам (УВТ) пацьвярджаецца складаньнем канасамэнту». Згодна зь 71-м артыкулам «пры прад'яўленьні грузу да перавозкі УВТ грузаадпраўшчык павінен прадставіць канасамэнт і прыкласьці да яго суправаджальныя дакумэнты, неабходныя для выкананьня мытных і іншых працэдураў на ўсім шляху руху грузу». Пры гэтым тарныя і штучныя грузы, транспартныя пакетыя павінны быць замаркіраваныя грузаадпраўшчыкам у адпаведнасьці з патрабаваньнямі ТНПА. У 72-м артыле адзначалася, што грузаадпраўнік пазначае ў канасамэнце масу грузу, якая вызначаецца па трафарэце, ТНПА ў галіне тэхнічнага нармаваньня і стандартызацыі або шляхам узважваньня, а для тарных і штучных грузаў — і колькасьць месцаў. Пры гэтым «масу грузаў, што перавозяцца налівам, вызначае грузаадпраўнік паводле замераў берагавых рэзэрвуараў, якія маюць зацьверджаныя ва ўстаноўленым парадку калібровачныя табліцы, а таксама паводле паказаньняў лічыльнікаў або замераў грузавых ёмістасьцяў суднаў. У выпадках, калі грузы перавозяцца зь перагрузкай на шляху з судна ў судна або ў адным судне на адрас некалькіх грузаатрымальнікаў, масу грузаў вызначае грузаадпраўнік з удзелам перавозчыка». Паводле 73-га артыкула, «падача судна пад загрузку ў стане, непрыдатным для перавозкі прад'яўленага грузу УВТ, прыраўноўваецца да непадачы судна»[1].

Паводле 74-га артыкула, «прыстасаваньні і матэрыялы (пракладкі, стойкі, дрот, канаты і брызэнт), неабходныя для пагрузкі, мацаваньня і перавозкі грузаў, даюцца, усталёўваюцца і здымаюцца грузаадпраўшнікам, грузаатрымальнікам за кошт уласных сродкаў». Згодна зь 75-м артыкулам «перавозчык не пазьней за 24 гадзіны да прыбыцьця судна абавязаны паведаміць грузаадпраўніку аб часе прыбыцьця судна ў пункт пагрузкі грузу, а грузаатрымальніку — аб часе прыбыцьця судна ў пункт выгрузкі. Перавозчык абавязаны падаць судна да месца пагрузкі або выгрузкі грузу, узгодненага з грузаадпраўнікам, грузаатрымальнікам, паведаміўшы аб падачы судна пад пагрузку або выгрузку грузу не пазьней за 6 гадзінаў да падачы судна». Пры гэтым «пагрузку грузаў у кантэйнэры і выгрузка іх з кантэйнэраў праводзяць грузаадпраўнік і грузаатрымальнік. Пагрузка і выгрузка грузаў праводзяцца кругласоднева», а «тэрміны пагрузкі і выгрузкі грузаў лічацца з моманту падачы судна да прычала або з моманту заканчэньня загрузкі (разгрузкі) папярэдняга судна». Урэшце, «загрузка судна або кантэйнэра праводзіцца не ніжэй за тэхнічныя нормы іх загрузкі, устаноўленыя Правіламі перавозак грузаў, а пры адсутнасці такіх нормаў — да поўнай грузападымальнасьці або грузаёмістасьці судна або кантэйнэра». У 76-м артыкуле згадвалася, што «загружаныя трумы суднаў, у тым ліку рэфрыжэратарныя і наліўныя, а таксама кантэйнэры павінны быць аплямбаваныя грузаадпраўнікам, калі груз ім пагружаны. Кантэйнеры з грузамі для асабістых (побытавых) патрэбаў пры аказаньні паслуг фізычным асобам плямбуюцца перавозчыкам або экспэдытарам паводле меркаваньня грузаадпраўніка і за яго кошт». Пры гэтым «запорна-плямбавальныя прылады і прылады для іх зьняцця даюцца перавозчыкамі грузаадпраўнікам, грузаатрымальнікам за плату згодна з фактычнымі выдаткамі». Паводле 77-га артыкула, «правазная плата за перавозку грузу УВТ і іншыя выплаты, прыналежныя перавозчыку, уносяцца грузаадпраўнікам да моманту адпраўленьня грузу з порта адпраўленьня». Згодна з 80-м артыкулам «грузаадпраўнік да моманту ўручэньня перавозчыкам грузаатрымальніку канасамэнта, а грузаатрымальнік з моманту атрыманьня канасамента ад перавозчыка да пачатку выдачы грузу мае права зрабіць замену грузаатрымальніка без зьмяненьня або са зьмяненьнем пункту прызначэньня». У 81-м артыкуле дапускалася, што «перавозчык мае права выгрузіць з судна ў любым порце груз, пагружаны безь яго ведама. У гэтым выпадку ўсе выдаткі перавозчыка, зьвязаныя з гэтым грузам, нясе грузаадпраўнік»[1].

Паводле 82-га артыкула, «перавозчык абавязаны паведаміць грузаатрымальніку аб грузах, якія прыбылі на яго імя, не пазьней за 12 гадзінаў дня, які ідзе сьледам за днём прыбыцьця грузаў. Груз выдаецца грузаатрымальніку, пазначанаму ў канасамэнце, або іншай ўпаўнаважанай на атрыманьне грузу асобе пасьля ўнясеньня ўсіх прыналежных перавозчыку выплатаў». Пры гэтым «груз, які прыбыў, захоўваецца ў порце прызначэньня бясплатна на працягу содняў без уліку дня прыбыцьця грузу». У выпадку, «калі ў порце прызначэньня грузаатрымальнік не запатрабаваў груз, або ад яго адмовіўся, або затрымлівае прыём грузу такім чынам, што груз ня можа быць выгружаны ў вызначаны час, перавозчык мае права, паведаміўшы аб гэтым грузаадпраўшчыку, а таксама грузаатрымальніку, калі ён яму вядомы, здаць груз на захоўваньне за кошт і пад адказнасьць асобы, правамоцнай распараджацца грузам. Грузаатрымальнік можа адмовіцца ад прыёму грузу, за выключэньнем небясьпечнага і хуткапсавальнага грузу, толькі ў выпадку, калі яго якасьць з прычыны пашкоджаньня (псаваньня) зьмянілася настолькі, наколькі выключаецца магчымасьць поўнага або частковага выкарыстаньня такога грузу, што пацьвярджаецца высновамі незалежнай экспэртызы. У гэтым выпадку перавозчык рэалізуе груз і ажыцьцяўляе неабходныя разьлікі». Згодна з 83-м артыкулам «у выпадку прыбыцьця грузу ў пункт прызначэньня на няспраўным судне або зь няспраўнымі запорна-плямбавальнымі прыладамі, а таксама з прыкметамі нястачы або пашкоджаньня (псаваньня) перавозчык і грузаатрымальнік абавязаныя сумесна праверыць масу грузу». «Калі нястача або пашкоджаньне (псаваньне) грузу выяўлена ў пункце прызначэньня, перавозчык абавязаны вызначыць памер фактычнай нястачы або пашкоджаньня (псаваньня) грузу і суму, на якую зьменшыўся яго кошт. Выдаткі, зьвязаныя з вызначэньнем памеру фактычнай нястачы або пашкоджаньня (псаваньня) грузу і пакрыцьцём кошту адсутнага або пашкоджанага (сапсаванага) грузу, нясе перавозчык». У 84-м артыкуле згадвалася, што «пасьля заканчэньня выгрузкі грузу судна павінна быць ачышчана, а ў неабходных выпадках вымыта і падвергнута дэгазацыі, дэзінсэкцыі і дэзінфэкцыі сіламі і сродкамі грузаўладальніка». Паводле 87-га артыкула, «да адпраўленьня судна з пункту пагрузкі грузаадпраўнік і перавозчык маюць права адмовіцца ад выкананьня абавязкаў паводле дамовы перавозкі грузу УВТ без пакрыцця іншаму боку стратаў у выпадках узьнікнення абставінаў непераадольнай сілы». «Пры гэтым перавозчык не нясе выдаткаў па разгрузцы судна». Згодна з 91-м артыкулам «перавозкі грузаў у прамых зьмешаных зносінах выконваюцца па адзіным транспартным дакумэнце, складзеным на ўвесь шлях руху грузаў. Зьмешаная перавозка грузаў ажыцьцяўляецца або забясьпечваецца экспэдытарам»[1].

Буксоўка суднаў і перавозка людзей

рэдагаваць

Дзясятая глава КУВТ Беларусі налічвала 7 артыкулаў (93—99) пра: дамову буксоўкі, прад’яўленьне буксаваных суднаў і плытоў да буксаваньня, абавязкі адпраўніка плытоў, прыём суднаў і плытоў да буксоўкі; пераадоленьне наступстваў здарэньняў з буксаваным суднамі ў пункце прызначэньня, здачу там буксаваных суднаў, захоўваньне і адстой буксаваных суднаў пасьля сканчэньня тэрмінаў іх абавязковага прыёму да буксоўкі. Паводле 94-га артыкула, «буксаваныя судны, плыты або іншыя плывучыя аб'екты павінны быць укамплектаваныя экіпажам або праваднікамі». «Экіпаж буксаванага судна абавязаны выконваць распараджэньні капітана судна, якое буксуе». Пагатоў, буксаваныя судны «павінны быць прад'яўленыя адпраўніком буксавальніку для агляду не пазьней за 12 гадзінаў да адпраўленьня». Паводле 95-га артыкула, «адпраўнік плытоў абавязаны праводзіць: 1) фармаваньне плытоў, іх вывадку і прад'яўленьне да буксоўкі, а таксама пастаноўку ў пункце прызначэньня ў тэрміны, узгодненыя з буксавальнікам; 2) абсталяваньне прычальных прыладаў у пунктах адпраўленьня і прызначэньня, а таксама ў пунктах часовага адстою і перафармаваньня плытоў; 3) расчальваньне (зьвязваньне) плытоў на шляху для прахода шлюзаў, мастоў, парогаў, перакатаў і іншых цяжкіх для суднаходзтва ўчасткаў, а таксама праводку плытоў дапаможнымі суднамі праз гэтыя ўчасткі; 4) прафіляктычны і аварыйны рамонт плытоў на шляху руху». Згодна зь 98-м артыкулам «буксавальнік абавязаны паведаміць атрымальніку аб часе прыбыцьця буксаваных суднаў, плытоў або іншых плывучых аб'ектаў ў пункт прызначэньня не пазьней за 24 гадзіны да іх прыбыцьця»[1].

11-я глава Кодэксу зьмяшчала 11 артыкулаў (100—101) наконт: умоваў перавозкі паяжджанаў і багажу, дамовы перавозкі пасажыра, перавозкі паяжджанаў УВТ агульнага карыстаньня; дамовы аб арганізацыі перавозак паяжджанаў, правазной платы, абавязкаў і правоў перавозчыка і пасажыра; адмовы перавозчыка ад выкананьня дамовы перавозкі пасажыра, незапатрабаванага багажу. Паводле 101-га артыкула, «заключэньне дамовы перавозкі пасажыра УВТ сьведчыцца білетам, а здача пасажырам багажу — багажнай квітанцыяй. На турысцкіх і экскурсійна-прагулачных маршрутах дамова перавозкі пасажыра УВТ сьведчыцца пуцёўкай». Згодна са 110-м артыкулам «багаж, не запатрабаваны на працягу 3-х месяцаў з дня прыходу судна ў порт прызначэньня, можа быць рэалізаваны перавозчыкам». У 107-м артыкуле згадвалася, што «пасажыр мае права:

  1. набыць білет на месца любой катэгорыі для праезду па ўнутраных водных шляхах да любога порта (пункта), пазначанага ў раскладзе або аб'яўленага па маршруце руху судна;
  2. правозіць з сабой бясплатна 1 дзіця ва ўзросце да 5 гадоў, а ў прыгарадных зносінах — не старэйшае за 7 гадоў, калі яно не займае асобнага месца;
  3. правозіць з сабой з аплатай 50 % кошту праезду дзяцей ва ўзросьце ад 5 да 10 гадоў уключна, а ў прыгарадных зносінах — ад 7 да 10 гадоў уключна;
  4. правозіць з сабой бясплатна ручную паклажу агульнай вагой ня больш за 36 кг, а на хуткасных суднах — ня больш 20 кг;
  5. зрабіць прыпынак на шляху руху да 10 содняў з афармленьнем яго ў білеце ў парадку, устаноўленым Правіламі перавозак пасажыраў і багажу;
  6. працягваць тэрмін дзеяньня білета ў выпадку хваробы, пацьверджанай дакумэнтам лячэбнай установы, або здаць білет у парадку, устаноўленым Правіламі перавозак пасажыраў і багажу, і атрымаць назад правазную плату за вылікам устаноўленага збору;
  7. да адыходу судна ў любы час, а пасьля пачатку рэйса ў любым пункце прыпынку судна адмовіцца ад дамовы перавозкі ўнутраным водным транспартам, здаць білет і атрымаць назад плату за праезд і правоз багажу ў парадку, памерах і тэрміны, устаноўленыя Правіламі перавозак пасажыраў і багажу;
  8. адмовіцца ад перавозкі ўнутраным водным транспартам па прычыне затрымкі адпраўленьня судна і атрымаць назад правазную плату ў поўным аб'ёме»[1].

Адказнасьць і бясьпека

рэдагаваць

12-я глава КУВТ Беларусі ўлучала 11 артыкулаў (111—121) датычна: адказнасьці паводле абавязкаў пры перавозцы, адказнасьць перавозчыка за прычыненьне шкоды жыцьцю або здароўю пасажыра і за затрымку адпраўленьня або спазьненьне прыбыцьця, за пратэрміноўку дастаўкі грузу і буксаванага судна, за непадачу суднаў і кантэйнэраў; адказнасьці грузаадпраўніка за невыкарыстаньне пададзеных суднаў, адказнасьці перавозчыка за захаванасьць грузу, багажу і буксаванага судна, пакрыцьця шкоды за іх страту, нястачу або пашкоджаньне; вызваленьня перавозчыка і грузаадпраўніка ад адказнасьці, адказнасьці грузаадпраўніка і грузаатрымальніка; адказнасьці за шкоду ад забруджваньня з судна нафтай, а таксама адказнасьці паяжджанаў. Паводле 113-га артыкула, «за затрымку адпраўленьня судна, якое перавозіць пасажыра, або спазненьне прыбыцьця яго ў пункт прызначэньня перавозчык на патрабаваньне пасажыра выплачвае яму няўстойку ў памеры 6 % кошту праезду за кожную гадзіну затрымкі, але ня больш 30 % кошту праезду». Тое самае тычылася дастаўкі грузу і буксоўкі. Згодна са 115-м артыкулам «за непадачу перавозчыкам суднаў і кантэйнэраў для выкананьня перавозак або буксоўкі УВТ, невыкарыстаньне грузаадпраўшчыкам пададзеных суднаў і кантэйнэраў або непрад'яўленьне грузаў, буксаваных суднаў, плытоў або іншых плывучых аб'ектаў выплачваецца няўстойка: 1) пры перавозцы грузаў у суднах і буксіроўцы суднаў, плытоў або іншых плывучых аб'ектаў — у памеры 0,1 базавай велічыні за кожную тону грузу, буксаванага судна, плыта або іншага плывучага аб'екта; 2) пры перавозцы грузаў у кантэйнэрах — у памеры 0,5 базавай велічыні за кожны кантэйнэр масай (брута) да 5 тонаў уключна, 1 базавай велічыні за кожны кантэйнэр масай (брута) ад 5 да 10 тонаў уключна, 2-х базавых велічыняў за кожны кантэйнэр масай (брута) больш за 10 тонаў». У 116-м артыкуле прадугледжвалася, што «грузаадпраўнік, грузаатрымальнік, адпраўнік і атрымальнік багажу мае права лічыць груз, багаж, буксаванае судна, плыт або іншы плывучы аб'ект страчанымі і патрабаваць пакрыцьця шкоды за іх страту, калі яны не выдадзеныя грузаатрымальніку або атрымальніку на працягу 30 каляндарных дзён пасьля сканчэньня тэрміну дастаўкі». Паводле 117-га артыкула, «нароўні з пакрыцьцём кошту страчанага, адсутнага або пашкоджанага грузу або багажу перавозчыкам кампэнсуецца ўнесеная за перавозку дадзенага грузу або багажу правазная плата». Згодна са 119-м артыкулам «за няправільнае пазначэньне ў канасамэнце найменьня грузу, неабходных захадаў засьцярогі, уласцівасьцяў грузу, а таксама за адпраўленьне забароненага для перавозкі УВТ грузу з грузаадпраўніка спаганяецца няўстойка ў памеры 5-кратнай правазной платы за перавозку такога грузу на ўсю адлегласьць перавозкі незалежна ад пакрыцьця стратаў перавозчыка, зьвязаных з дадзенымі абставінамі». «За несвоечасовую аплату перавозкі УВТ з грузаадпраўніка спаганяецца няўстойка ў памеры 1 % незаплачанай сумы за кожны дзень пратэрміноўкі». «За неачыстку суднаў або кантэйнэраў пасьля іх разгрузкі грузаўладальнік абавязаны аплаціць перавозчыку кошт працаў па ачыстцы ў 2-кратным памеры». «За пагрузку грузу бязь ведама перавозчыка грузаадпраўнік абавязаны выплаціць поўны кошт перавозкі такога грузу ад пункта пагрузкі да пункта яго выгрузкі і няўстойку ў такім жа памеры»[1].

13-я глава Кодэксу налічвала 9 артыкулаў (122—130), якія тычыліся: тэхнічнага нагляду і відападзелу суднаў, нагляду за бясьпекай суднаходзтва, пажарнага і санітарнага нагляду, экалягічнай бясьпекі суднаходзтва; лоцманскай праводкі суднаў, затанулай маёмасьці і яе пад’ёму, пакрыцьця шкоды ад сутыкненьня суднаў. Паводле 127-га артыкула, «усе судны ўнутранага плаваньня, судны мяшанага плаваньня замежных дзяржаваў пры руху па ўнутраных водных шляхах Рэспублікі Беларусь падлягаюць абавязковай лоцманскай праводцы»[1].

Аварыя і ратаваньне

рэдагаваць

14-я глава КУВТ Беларусі зьмяшчала 20 артыкулаў (131—150), якія вызначалі: агульную аварыю, заменныя выдаткі, выключэньне ўскосных стратаў, цяжар даказваньня, пакрыцьцё выдаткаў на ратаваньне, частковую выгрузку грузу з аднаго карабля і яго пагрузку на іншы, месца сховішча і караван суднаў; здарэньне ад пашкоджаньня машынаў наўмыснай пасадкі на мель, падыманьня затанулага судна і пажару на караблі, страты ад пашкоджаньня або згубы судна і ад згубы правазной платы, адсоткі на страты для пакрыцьця ў парадку разьмеркаваньня агульнага здарэньня; кантрыбуцыйны кошт маёмасьці, дыспашу і дыспашэраў, матэрыялы для складаньня дыспашы і плату за яе складаньне; выяўленьне, аспрэчваньне і выкананьне дыспашы. Паводле 138-га артыкула, «агульнай аварыяй прызнаюцца выдаткі на заход судна з грузам у порт або іншае месца сховішча з прычыны паводкі, ледаходу, раптоўнага і імклівага паніжэньня ўзроўню вады ў межах унутраных водных шляхоў». Згодна са 140-м артыкулам да агульнай аварыі таксама адносілі «выдаткі на ліквідацыю пашкоджаньняў, якія ўзнікьлі ў выніку фарсіраваньня працы машынаў, а таксама пашкоджаньняў рухача, рулявой, буксірнай і іншых прыладаў, якія ўзьніклі пры спробе судна зьняцца з мелі». У 141-м артыкуле прадугледжвалася, што «ў выпадку, калі пры рамонце судна старыя матэрыялы або часткі судна замяняюцца новымі, кошт рамонту, які адносіцца да агульнай аварыі, зьмяншаецца (зьніжкі «за новае замест старога») на:

  • 1/5 кошту корпуса судна, яго машынаў і прыладзьдзя, якія знаходзяцца ў эксплюатацыі ад 2-х да 5 гадоў на момант аварыі судна»;
  • 1/4 кошту — ад 6 да 10 гадоў;
  • 1/3 кошту — 11 і болей гадоў[1].

15-я глава Кодэксу ўлучала 8 артыкулаў (151—158), якія акрэсьлівалі: дамовы аб ратаваньні, выдаткі ратавальніка і адмысловае пакрыцьцё, умовы выплаты ўзнагароджаньня за ратаваньне і яго разьмеркаваньне між суднаўладальнікам і экіпажам; ратаваньне людзей, забесьпячэньне выкананьня абавязкаў па ратаваньні і разьмеркаваньне стратаў пры ратаваньні. Паводле 154-га артыкула, «узнагароджаньне павінна выплачвацца за пасьпяхова ажыцьцёўленую выратавальную апэрацыю. Узнагароджаньне выплачваюць ўсе асобы, зацікаўленыя ў выратаваных судне, грузе або іншай маёмасьці, прапарцыйна іх выратаванаму кошту». Аднак «сума выратавальнага ўзнагароджаньня не павінна перавышаць кошты выратаваных судна або іншай маёмасьці». Згодна са 156-м артыкулам «ратаваньне людзей не ўзнагароджваецца». У 158-м артыкуле згадвалася, што «бяз згоды асобы, якая аказала дапамогу, выратаванае судна і іншая маёмасьць ня могуць быць перамешчаныя зь месца, куды яны былі дастаўленыя пасьля завяршэньня выратавальных апэрацыяў, да той пары, пакуль ня будзе належным чынам забясьпечана выкананьне абавязкаў у дачыненьні да патрабаваньняў асобы, якая аказала дапамогу»[1].

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф А. Лукашэнка. Кодэкс унутранага воднага транспарту Рэспублікі Беларусь ад 24 чэрвеня 2002 г. № 118-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 11 чэрвеня 2020 г. Праверана 18 сьнежня 2020 г.
  2. ^ Кодэкс унутранага воднага транспарту Рэспублікі Беларусь // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 11 чэрвеня 2020 г. Праверана 18 сьнежня 2020 г.