Ажына

від расьлінаў

Ажы́на, маліна шызая (Rubus Caesius) — паўкустовая расьліна з роду маліна, сямейства ружавых[1]. Таксама вядома пад тутэйшымі (народнымі) назвамі — чо́рная малі́на, яжы́на, жа́вікі, жаві́на, ажы́ньнік, скарбары́ха.

Ажына
Плады ажыны
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
АддзелПакрытанасенныя
КлясаДвухдольныя
АтрадРужакветныя
СямействаРужавыя
ПадсямействаРазанавыя
РодРубус
ПадродEubatus
ВідАжына
Бінамінальная намэнклятура
Rubus Caesius
ITIS 24898 ·

Агульныя зьвесткі

рэдагаваць

Расьліна расьце па берагох рэк і вазёраў, на заліўных лугох і палёх, у хмызьняках — утварае густыя непраходныя зарасьнікі. Таксама вырошчваюць садаводы-аматары. Квіце ў чэрвені-ліпені, ягады высьпяваюць у жніўні.

Расьліна валодае наступнымі якасьцямі:

  • лекавая (слабільны і патагонны сродак) — выкарыстоўваюць ягады, карані, лісьце (зьбіраюць у жніўні-верасьні)
  • вітамінаносная
  • мёданосная
  • гаспадарчая — зь ягадаў гатуюць сокі, салодкае варыва, жэле, віны
  • мацаваньне яроў — расьліна прыдатная для лесамэліярацыйнай працы

Ягады расьліны багатыя цукрамі, вітамінамі, карацінам, тамідамі.[1]

Вонкавае апісаньне

рэдагаваць

Куст вышынёй 60—150 сантымэтраў. Карэнішча шматгадовае. Надземныя парасткі двухгадовыя, ляжачыя альбо ўздымаюцца, часта дугападобна сагнутыя, фіялетава-шызыя, звычайна пакрытыя шыпамі й шчацінкамі. Лісьце — чаргаванае, буйназубчатае, трайчастае, на шыпаваных чаранках, сярэдні лісьцік буйнейшы за бакавыя, частка трох-лопасьцевы. Кветкі двухполыя, белага колеру, дыямэтрам да 3 сантымэтраў, зь лямцавай чашачкай, у негустой шчыткападобнай гронцы на канцах сьцяблоў і галінак.

Плады (ягады) — чорныя, з шызым налётам, сакаўныя салодкія шматкасьцянкі.[1]

Распаўсюджваньне

рэдагаваць

Пашырана ў краінах Заходняй Эўропы, у Малой Азіі, Іране, Заходняй Сыбіры, Каўказе, Крыме. У Беларусі трапляецца ўсюды, асабліва на Палесьсі. Першыя прамысловыя гатункі зьявіліся ў пачатку ХIХ ст. у ЗША, а ў другой палове ХIХ ст. яе пачалі вырошчваць у Эўропе. У Беларусі першыя гатункі ажыны зьявіліся ў 1930-х гадах[2].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в . Г. У. Вынаеў. Ажына // Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 4: Недалька ― Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — 598 с. — С. 42
  2. ^ Валянціна Шпілеўская. Чарнавокая сястра маліны — ажына // Зьвязда : газэта. — 28 жніўня 2004. — № 205 (25218). — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць