Апенька
Апенька[1] — род базыдыяльных шапкавых грыбоў сямейства радоўкавых.
Апенька | |
Кошык восеньскіх апенек (2018 год) | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Поўнаядравыя |
Царства | Грыбы |
Падцарства | Найвышэйшыя грыбы |
Аддзел | Базыдыяльныя грыбы |
Атрад | Печурыцападобныя |
Сямейства | Радоўкавыя |
Бінамінальная намэнклятура | |
Armillaria Паўль Кумэр | |
Сярод 17 вядомых на 1983 год відаў апенек у Беларусі сустракаўся 1 від — сапраўдная або восеньская апенька. Апенька паразытавала на больш як 200 відах аслабленых і старых найвышэйшых расьлінаў і таксама была сапратрофам. Расла найчасьцей у лісьцевых і хвойных лясах вялікімі скапленьнямі на ламаччы і пнях, каранях і ствалах дрэваў. Пладаносіла ў жніўні—кастрычніку да маразоў. Была ядомым грыбам. Спажывалася сьвежай, марынаванай і салёнай[2], а таксама варанай, смажанай і сушанай. На 1996 год у Беларусі таксама сустракаліся марнеючая апенька і хуткасьпелая або раньняя апенька[3]. Назва апенька ад месца росту на пні[4].
Выгляд
рэдагавацьПукатая і бураватая шапка апенькі зь невялікім бугарком і шматлікімі лусачкамі мела прамер 3—10 см і станавілася з узростам амаль пляскатай. У маладой шапкі гімэнафор быў закрыты прыватным пакрывалам у выглядзе плеўкі з рыхлага спляценьня гіфаў. Белаватая мякаць мела прыемны пах і смак. Прырослыя зубцом пласьцінкі мелі белавата-жаўтаватае адценьне і пазьней пакрываліся дробнымі бураватымі плямамі. Цыліндрычная і цьвёрдая ножка з плеўкавым кольцам у верхняй частцы ад рэштак прыватнага пакрывала была роўнай або пашыранай да асновы, уверсе сьветлай, а ўнізе аліўкава-бураватай. Гладкія і бясколерныя споры былі яйцападобна-эліпсаідальнымі. Споравы парашок меў белы колер. Грыбніца давала рызаморфы, з дапамогай якіх апенькі пашыраліся ад дрэва да дрэва[2].
У харчаваньні
рэдагавацьПераважна спажываюць капялюшыкі (шапкі) апенек у вараным і марынаваным, смажаным і соленым, а таксама ў сушаным выглядзе, бо ножкі бываюць занадта кудзелістымі. Апенькі служаць нізкакалярыйнай ежай, бо зьмяшчаюць 22 кілякалёрыі на 100 грамаў. Валодае супрацьмікробным дзеяньнем, бо ўтрымлівае прыродныя антыбіётыкі, што дапамагаюць супраць кішачнай палачкі і стафілякокаў. Найбольшым багацьцем вітамінаў валодалі апенькі, што расьлі на бярозавых пнях[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Галіна Сяржаніна, Іван Яшкін. Беларускія назвы грыбоў // Грыбы і грыбная кулінарыя. — Менск: Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — С. 351. — 392 с.
- ^ а б Вольга Гапіенка. Апенька // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 1. Ааліты — Гасьцінец. — С. 107. — 575 с. — 10 000 ас.
- ^ Вольга Гапіенка. Апенька // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — С. 423. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
- ^ Галіна Сяржаніна. Тлумачэньні навуковых родавых найменьняў // Грыбы і грыбная кулінарыя: энцыкл. даведнік / адказн. В.М. Радзевіч. — Менск: Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — С. 53. — 392 с. — 1000 ас. — ISBN 985-6081-34-3
- ^ Юлія Ваўчок. Што шукаць у лесе // Партал «Слушна», 21 верасьня 2022 г. Праверана 8 кастрычніка 2022 г.
Гэта — накід артыкула па біялёгіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |