Дынама Дрэздэн
«Дынама» (па-нямецку: Dynamo) — спартовы клюб зь Нямеччыны з гораду Дрэздэн. Васьміразовы чэмпіён НДР, сяміразовы ўладальнік Кубка НДР. Заснаваны 12 красавіка 1953 году пад назвай Sportgemeinschaft Dynamo Dresden. У сэзоне 2022—2023 гадоў выступае ў трэцяй лізе.
Дынама Дрэздэн | |||||
Поўная назва | SG Dynamo Dresden e.V. | ||||
---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 1953 | ||||
Горад | Дрэздэн, Нямеччына | ||||
Стадыён |
Дрэздэн Умяшчальнасьць: 32 066 | ||||
Чэмпіянат | Трэцяя ліга | ||||
· 2023—2024 | 4 месца | ||||
| |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы dynamo-dresden.de (ням.) |
На дадзены момант сябрамі клюбу зьяўляюцца больш за 26 тысячаў чалавек[1], што робіць таварыства «Дынама Дрэздэн» найбуйнейшым ва ўсёй Усходняй Нямеччыне. Таксама існуе 46 толькі афіцыйных фан-клюбаў каманды[2].
Гісторыя
рэдагавацьУтварэньне «Дынама»
рэдагавацьПасьля завяршэньня Другой сусьветнай вайны й стварэньня на тэрыторыі Нямеччыны дзьвюх дзяржаваў ФРН і НДР, футбол у краіне таксама быў падзелены. У ФРН была створана асобная ліга, гэтак жа як было зроблена ў НДР, то бок ў 1949 годзе, пад назвай «Обэрліга НДР», якая стала найвышэйшай лігай Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі і праіснавала да 1991 году.
Зь першага сэзону ўдзельнікам «Обэрлігі» стала каманда з Дрэздэну, «СГ Дрэздэн-Фрыдрыхштат», якая адразу стала срэбным прызэрам Обэрлігі. Але гэту каманду неўзабаве выдалілі й распусьцілі паводле палітычных чыньнікаў — амаль усе гульцы й трэнэрскі штаб зьбеглі з НДР на захад, у ФРН. Каманду распусьцілі, але горад без футболу не застаўся. У той жа час у Дрэздэне, на чэмпіянаце гораду, гуляла каманда «Народная паліцыя Дрэздэн», якую ў сваю чаргу ўзмацнілі гульцамі, сабранымі з усёй НДР. Для гэтага ўлетку 1950 году былі адабраныя спачатку 40 моцных футбалістаў з усіх паліцэйскіх спартовых клюбаў краіны і ўжо зь іх адбіралі найлепшых для дрэздэнскай «Народнай паліцыі». Галоўным «донарам» стала іншая «Народная паліцыя», з Патсдаму. Каманда страціла сваіх самых лепшых гульцоў, то бок Гэрбэрт Шэн, Яганэс Мацэн і Гюнтэр Шротэр былі пераведзены ў Дрэздэн. На сэзон 1950—1951 гадоў каманда ўзяла ўдзел у розыгрышы Обэрлігі і заняла чацьвертае месца, а ў 1951 заваявала ўжо срэбраныя мэдалі чэмпіянату. У 1952 годзе да «Народнай паліцыі» прыйшоў першы посьпех, як то клюб атрымаў першы трафэй — Кубак НДР[3].
Раньнія гады
рэдагавацьУ красавіку 1953 году клюб «Народнай паліцыі Дрэздэну» быў пераназваны ў «СГ Дынама Дрэздэн» (ням. Sportgemeinschaft Dynamo Dresden — спартовае аб’яднаньне Дынама Дрэздэн). Прадстаўляла каманда, як і раней, праваахоўныя органы НДР: Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі (ням. Ministerium fr Staatssicherheit, больш вядомую як «штазі»), Народную паліцыю й мытную службу. 5 ліпеня 1953 году пасьля перамогі над клюбам «Вісмут Аўэ», «Дынама» заваявала сваё першае чэмпіёнскае званьне ў футбольным чэмпіянаце НДР[4]. Але пасьля чэмпіёнскага сэзону, у 1954 годзе, усіх гульцоў і трэнэраў прымусова перасялілі ў Бэрлін, дзеля камплектаваньня новага клюбу бэрлінскага «Дынама». Вядома, што Эрых Мільке, кіраўнік Штазі, быў засмучаны тым фактам, што Дрэздэн быў прадстаўлены ў найвышэйшай нацыянальнай лізе некалькімі добрымі камандамі, бо акрамя «Дынама» ў лізе гуляў дрэздэнскі клюб «Ротацыён», у той час як у ягоным родным Бэрліне не было ніводнай моцнай каманды. Для «Дынама» гэтае рашэньне апынулася даволі драматычным, бо рэшткі каманды, якія складаліся з рэзэрвістаў і маладых гульцоў клюбу, ня здолелі канкураваць з супернікамі ў наступным сэзоне і вылецелі спачатку ў другую лігу, а ў 1957 годзе яны ўжо гулялі ў Бэцырксьлізе (рэгіянальнай лізе НДР). Толькі ў 1962 годзе «Дынама» пераадолела крызу і зноўку заваявала права гуляць у Обэрлізе. Але пратрымацца там клюбу не атрымалася, і яны яшчэ 2 разы выляталі ў другую лігу (у 1963 і 1968 гадох), але адразу вярталіся. З 1969 году клюб стала выступаў у Обэрлізе ажно да канца ейнага існаваньня ў 1991 годзе[3].
Росквіт «Дынама»
рэдагавацьУ 1969 годзе на трэнэрскім мастку «Дынама» зьявіўся Вальтар Фрыцш. Зь яго прыходам пачынаецца «эра росквіту» «Дынама» ў НДР. У той час (ды й сёньня) галоўным канкурэнтам каманды з Дрэздэну быў «Магдэбург». Зь ім «Дынама» й дзяліла тытулы ў сямідзясятых. З сэзону 1969/1970 і па сэзон 1979/1980 Дынама Дрэздэн заўсёды было ў прызэрах і ўдзельнічала ў эўракубках. У 1971 годзе «Дынама Дрэздэн» становіцца друхразовым чэмпіёнам НДР і ў гэтым жа сэзоне заваёўвае Кубак НДР — першы «залаты дубль» «Дынама». Пасьля гэтага былі чэмпіёнствы ў 1973, 1976, 1977 і 1978 гадах. У эўракубках «Дынама Дрэздэн» чатыры разы дасягаў стадыі чвэрцьфіналу, пры гэтым выбіваў такія каманды, як «Ювэнтус Турын», «Бэнфіка», «Порту». За гэты пэрыяд «Дынама Дрэздэн» двойчы сустракалася ў эўракубках з прадстаўнікамі вышэйшай лігі СССР. Спачатку ў сэзоне 1973/1974 у другім раўндзе Кубка УЭФА ўсходнія немцы прайшлі аднаклюбнікаў з Масквы (1-0, 0-1, д. ч. 4-4), а ўжо ў наступным сэзоне ў 1/8 фіналу Кубка УЭФА прайшлі маскоўскае «Тарпэда» (3-0; 1-3). Але самая цікавая і драматычная эўракубковая дуэль таго часу здарылася ўвосень 1973 году. Лёсаваньне зьвяло ў 1/4 фіналу Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў дрэздэнскае «Дынама» зь мюнхэнскай «Баварыяй». Напэўна, гэта самыя знакамітыя эўрагульні «Дынама» за ўсю гісторыю клюбу. На выезьдзе ў зацятай барацьбе каманда з НДР саступіла 3-4, а ў хатнім матчы «Дынама» не хапіла ўсяго аднаго голу да роўнасьці па дзьвюх сустрэчах — 3-3 й «Баварыя» прайшла далей.
У васьмідзясятых гадах «Дынама» трохі зьменшыла абароты. У 1978 годзе сышоў з клюбу трэнэр Вальтар Фрыцш і прыйшоў іншы адмысловец, Гэрхард Праўдч. Але тым часам у Обэрлізе наступіла «зорная гадзіна» іншага «Дынама», з Бэрліна. А Дрэздэн тым часам можа толькі ганарыцца трыма перамогамі ў фінале кубка супраць сталага чэмпіёну пэрыяду 1979—1988. Напачатку 1980-х «цень ганьбы» адкінуўся на Дынама Дрэздэн. У сэзоне 1980/1981 тры лідэры каманды й зборнікі НДР (Пэтэр Котэ, Матыяс Мюлер і Гэрд Вэбэр) былі выгнаны з калектыва. Чыньнік — «контрарэвалюцыя», змова, спроба ўцёкаў з краіны.
На фоне гэтых падзеяў Дынама Дрэздэн выступала ў эўракубках і ніяк не магло прайсьці бар’ер чвэрцьфіналу гэтых спаборніцтваў. Гэта ім атрымалася толькі ў 18-м эўрасэзоне, а да гэтага Дынама 6 разоў было адной нагой у паўфінале эўракубкаў і пры розных, трагічных, акалічнасьцях не праходзіла далей. Так у 1984 годзе пасьля хатняй перамогі 3-0 над «Рапідам» зь Вены, дынамаўцы ўмудрыліся прайграць у гасьцях 0-5… У наступным годзе «Дынама» выйграла першую хатнюю гульню фіналу Кубка уладальнікаў кубкаў ў «Баера» зь Юрдэнгэна (ФРН) 2-0 і ў зваротнай гульні вяло пасьля першага тайму 3-1, але пасьля перапынку атрымаў траўму асноўны брамнік «Дынама» Бэрнд Якубоўскі й месца ў варотах заняў яго дублёр Енс Рамэ. «Дынама» тую гульню прайграла 3-7. Рамэ за тайм атрымаў 6 мячоў. Да паразы дадалася яшчэ адна непрыемнасьць — пасьля гульні зьбег на захад (не вярнуўся з камандай) Франк Ліпман. Год ён пасядзеў без футболу з-за дыскваліфікацыі ў ФРН і падпісаў кантракт зь «Нюрнбэргам». Гэтай драматычнай гульнёй скарысталася для ўцёкаў яшчэ некалькі фанатаў Дынама Дрэздэн. Але васьмідзясятыя скончыліся для «Дынама» вельмі добра. З Эдуардам Геерам на трэнерскім мастку Дынама пачало адраджаць былую славу. У 1989 годзе тытул чэмпіёну НДР вярнуўся пасьля 11-гадовага перапынку ў Дрэздэн. У гэтым сэзоне каманда прайшла нарэшце чвэрцьфінальны бар’ер эўракубкаў і спатыкнулася ўсяго ў кроку ад фіналу Кубка УЭФА. «Заходні» Штутгарт не пусьціў «Дынама» ў фінал (0-1; 1-1).
У 1990 годзе «Дынама» абараніма свой тытул чэмпіёнаў і выйграла Кубак НДР. Гэта стала ўжо трэцім «залатым дублем» у гісторыі клюбу. На гэтым гісторыя выступаў «Дынама» Дрэздэн у Обэрлізе НДР скончылася. Дзяржавы НДР ня стала, крыху пазьней ня стала й Обэрлігі. Для «Дынама» пачаўся новы пэрыяд — Бундэсьліга[3].
Аб’яднаньне Нямеччыны
рэдагаваць3 кастрычніка 1990 году ў 00:00 па сярэднеэўрапейскім часе краіны пад назвай НДР ня стала. Рэспубліка афіцыйна спыніла сваё існаваньне й была аб’яднана з ФРН. Нямеччына стала адзінай. Сэзон Обэрлігі НДР 1990/1991 пачаўся ў жніўні 1990 году пры старым рэжыме, а сканчаць яго прыйшлося ўжо заходнім (адзіным) футбольным уладам. Гэта быў апошні сэзон Обэрлігі. Па яго выніках каманды якія занялі 1—2 месцы траплялі ў наступным сэзоне ў першую Бундэсьлігу, каманды што занялі 3—6 месцы, у другую Бундэсьлігу, 7 і 8 месцы атрымлівалі шанец праз стыкавыя гульні гуляць у другой Бундэсьлізе, усе астатнія — у трэцяй па клясе Рэгіянальнай лізе.
Вецер зьмен, які ўварваўся ў НДР, крануў і «Дынама Дрэздэн». Перад пачаткам апошняга сэзону каманду з Дрэздэну, па палітычных чыньніках, перайменавалі ў 1. FC Dynamo Dresden (першы футбольны клюб Дынама Дрэздэн). Улетку 1990 году Дынама прадала адразу двух сваіх вядучых выканаўцаў: Ульф Кірстэн перабраўся ў «Баер Левэркузэн», а Матыяс Заммэр у «Штутгарт». На пост прэзыдэнта клюбу рада абрала Вольфа-Рудыгера Цігенбальга, бізнэсмэна на рынку HiFi-тэхналёгіяў. Пасьля гэтага «Дынама Дрэздэн» заняў у апошнім сэзоне Обэрлігі другое месца, якое давала магчымасьць у наступным сэзоне гуляць у клясе наймацнейшых нямецкага футболу. У гэтым сэзоне адбылася й апошняя гульня «Дынама» на эўраарэне. У чвэрцьфінале Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў «Дынама» выпаў гонар гуляць зь бялградскай «Црвенай Зьвездай», у якой тады гулялі такія майстры, як Робэрт Просінечкі, Сініша Міхайлавіч, Савічэвіч, Югавіч і іншыя. Першую гульню нямецкая каманда прайграла ў Бялградзе зь лікам 0-3. Але шанец яшчэ быў. Зваротная гульня склалася для «Дынама» трагічна. Хоць пачыналася ўсё даволі аптымістычна. На другой хвіліне матчу «Дынама» выйшла наперад 1-0 і да перапынку дамінуе на поле, але ўжо ў другім тайме «югі» расставілі ўсё на свае месцы: спачатку Савічэвіч забіў фантастычны гол і зраўнаваў лік, а потым ужо Панчэў сваім галом пахаваў ўсе надзеі «Дынама» на выхад у паўфінал. Пасьля другога голу ў браму «Дынама» на стадыёне пачаўся хаос. Далей гульня працягвалася роўна да першага кутняга ў выкананьні гульцоў «Црвены Зьвезды» з боку сэктара з дынамаўскімі заўзятарамі. Град кідальных прадметаў, лаянкі й пагрозы зваліўся на гульцоў і судзейскую брыгаду. На трыбунах пачаліся калатніны, пасьля чаго судзьдзя быў вымушаны спыніць гульню. Беспарадкі й бойкі працягнуліся на вуліцах гораду. За паводзіны сваіх заўзятараў УЭФА адхіліла «Дынама Дрэздэн» ад удзелу ў эўракубках на 2 сэзоны, а «Црвена Зьвезда» ў гэтым сэзоне стала пераможцам Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў.
У дэбютным для Дынама сэзоне ў першай нямецкай Бундэсьлізе 1991/1992, каманда адразу загразла ў баях за выжываньне на дне турнірнай табліцы, але ў першым сэзоне прапіску ў эліце захавала. У студзені 1993 году прэзыдэнтам клюбу стаў уладальнік будаўнічай фірмы Рольф-Юрген Ота й пачаў перабудоўваць каманду. З-за праблем зь ліцэнзаваньнем з каманды ў трэцім бундэсьлігаўскім сэзоне 1993/1994 зьнялі 4 пункты й, здавалася, ужо ў такой сытуацыі паніжэньня ў клясе «Дынама» не пазьбегнуць, але каманда пад кіраўніцтвам Зігфэрда Гэльда захавала месца ў Бундэсьлізе. Але ўжо сэзон 1994/1995 стаў для «Дынама Дрэздэн» апошнім у Бундэсьлізе, каманда заняла апошняе месца й набрала за ўвесь сэзон толькі 16 пунктаў. На працягу ўсёй дыстанцыі, а асабліва ў фінале сэзону, каманда развальвалася. З-за складанай фінансавай сытуацыі DFB (нямецкі футбольны зьвяз) пазбавіла «Дынама» ліцэнзіі для першай і другой Бундэсьліг. Каманда замест другой Бундэсьлігі была прымусова разжалавана ў аматары й адпраўлена ў Рэгіянальную лігу.
Ад такога ўдару з боку лёсу й DFB і бясталентнай дзейнасьці кіраўніцтва клюбу й яго фінансавага аддзелу «Дынама Дрэздэн» ня можа адысьці дагэтуль. Пяць гадоў бадзялася адна з найлепшых усходніх камандаў па Рэгіянальнай лізе й у 2000 годзе выляцела наогул у Обэрлігу. Прыкладна тым часам на берагі Эльбы, ды й наогул масава на стадыёны Нямеччыны, дайшла хваля «ультрас».
Рух «ультрас» ў Дрэздэне пачалі разьвіваць групоўкі пад назвай «Commando Elbhorde» і «Eastside Dresden». Напачатку ўсе іх дзеяньні абмяжоўваліся простай піратэхнікай. Пазьней пачалі вынаходзіць і выкарыстоўваць банэры й сьцягі. Разьвівацца рух пачаў, як і ўсе іншыя нямецкія «ультрас», у «італьянскім стыле». Перад гульнёй зьбіраліся ўсе ў фан-сэктары; падчас гульні імкнуліся сьпяваць песьні, запальвалі дымавыя шашкі, фаеры, бэнгальскія агні… Па пачатку гэта «ноў хаў» ня ўсе разумелі на стадыёне й за яго межамі. Але, нягледзячы на гэта, рух ультрас разьвіваўся ў Дрэздэне імклівымі тэмпамі й з часам на дынамаўскую «ультрас-сцэну» выйшлі такія групоўкі як «Yellow Madness» і «Dynamo Geschwader». Выходзяць з мэтай дамінаваць сярод «калегаў» у фан-сэктары. Натуральна не абышлося без інтрыг, канфліктаў і «тарак» паміж дынамаўскімі ультрас. Але вырашаць «глябальныя задачы» ў такой атмасфэры немагчыма, і неўзабаве ультрас сумесна прынялі рашэньне — арганізаваць вялікую групоўку, у якой асобныя групы й асобныя людзі павінны разам згуртавацца для адной мэты. Гэта былі «гадзіны нараджэньня» ультрас SG Dynamo. Так у сьнежні 2000 году была заснавана найдужэйшая й на сёньняшні дзень самая вядомая групоўка дынамаўскіх ультрас — «Ultras Dynamo». Матчы ў Обэрлізе з удзелам Дынама Дрэздэн пачалі ператварацца ў шоў, якое ўладкоўвалі гэтыя хлопцы. Фан-блёк на «Рудольф-Харбіг-Штадыёне» дадаў у харэаграфіі й засьпяваў у адзін голас. У цяжкую хвіліну каманда й яе заўзятары аб’ядналіся для агульнай справы — вярнуць былую славу.
Дынама Дрэздэн ужо ў 2002-м годзе выйшла ў Рэгіянальную лігу, пры гэтым пабіла рэкорды наведвальнасьці ў найслабейшых дывізіёнах Нямеччыны. Вялікая заслуга ў гэтым посьпеху належыць дынамаўскім ультрас і Крыстафу Франку — новаму трэнэру. У вырашальнай гульні супраць аматараў Гэрты ў Бэрліне ўвесь перапоўнены госьцевы сэктар быў размалёваны ў чорны й жоўты колеры, і сьпяваў у адзін голас дынамаўскія песьні. Сталічная публіка футбол не глядзела, яна глядзела шоў у выкананьні дынамаўскіх ультрас. Пад канец гульні дынамаўскім ультрас падпявала ўжо палова стадыёна.
Але дрэздэнскія фанаты славяцца ў Нямеччыне ня толькі сваімі шоў на стадыёнах, але і сваімі баявымі якасьцямі. Апроч «мірных» ультрас каманду заўсёды суправаджаюць знакамітыя хуліганы й ультрарэакцыянэры «Дынама». Галоўнымі іх ворагамі зьяўляюцца фанаты Ляйпцыгу, Кемніцэру, Магдэбургу, фанаты клюбу «SC Dresden 1898» і, канешне ж, паліцыя. Увесь гэты час час беспарадкі й эксцэсы ўзьнікалі са сталай чашчынёй. У 2002 годзе пасьля «Дрэздэнскага гарадзкога дэрбі» DSC 1898 — Дынама Дрэздэн, больш за паўтары тысячы дынамаўскіх заўзятараў (хуліганаў і ультрарэакцыянэраў, і звычайных «грамадзянскіх» гледачоў) жорстка атакавалі заўзятараў DSC і 100 паліцэйскіх, якія суправаджалі іх. Беспарадкі й баі ў горадзе працягваліся некалькі гадзін. Пасьля беспарадкаў твары затрыманых былі апублікаваныя ў прэсе, і шмат фанатаў панесьлі крымінальную адказнасьць. Праз тры месяцы пасьля тых падзей былі вялікія беспарадкі ў гульні супраць Кемніцэра.
Дынама атрымалася разьвіць свой посьпех ужо ў Рэгіянальнай лізе, і пасьля дзевяці гадоў «аматарскага жыцьця» каманда выйшла ў другую Бундэсьлігу! У перадапошнім туры, пры 36 тысячах адданых фанаў, Дынама Дрэздэн здабыла на родным «Рудольф-Харбіг-Штадыёне» пуцёўку ў другую лігу.
На апошнюю, выязную, гульню супраць «старога знаёмага» Юрдынгена ў Рэгіянальнай лізе таго сэзону, з камандай паехала 12 000 фанатаў. Гэтую гульню «Дынама» прайграла 0:1, але гэта было ўжо ня так важна… Пуцёўка ў «прафэсійнае жыцьцё» ўжо была ў кішэні. Спартовы посьпех футбалістаў прыцягваў на трыбуны ўсё больш людзей, і лік фанатаў у Дрэздэне рос. Акрамя шоў на трыбунах, пабітае шкло аўтобусаў суперніка, сутычкі з гасьцямі й паліцыяй у Дрэздэне сталі нормай.
Першы сэзон 2004—2005 у другой Бундэсьлізе, як і чакалася, каманда правяла ў барацьбе за выжываньне. Пачатак сэзону быў проста фэерычным — у першым туры «Дынама Дрэздэн» абгуляла ў родных сьценах выляцелы зь першай Бундэсьлігі «Дуйсбург» зь лікам 3:1. Але гэта быў усяго толькі адзінкавы выпадак, пасьля гэтай перамогі працягнуліся вельмі складаныя гульні, і «Дынама» ў першым крузе набрала ўсяго 18 пунктаў. Гэтага было мала для захаваньня месца ў другой лізе, і вызначаўся чарговы вылет… Пасьля дваццатага туру сэзон для «Дынама» пачало набываць сьветлыя таны. «Дынамаўцам» атрымалася сяміматчавая бяспройгрышная сэрыя, у якой яны набралі 16 ачкоў. Ужо ў 32-м туры пасьля перамогі 1:0 у «Загзэн Дэрбі» супраць «Эрцгебірге Аўэ» яны гарантавалі сабе месца на наступны сэзон у другой лізе, а пасьля перамогі над «Ройт-Вайс Эрфурт» зь лікам 2:1 каманда заняла пасьля 34-га туру восьмае месца.
Драматызм прысутнічаў на шматлікіх этапах існаваньня Дынама. Каманду распускалі, гульцоў у поўным складзе перавадзілі ў Бэрлін, Дынама ўмудралася пры хатняй перамозе 2-0 і ведучы ў ліку на выезьдзе 3-1 прайграць Баеру Юрдынгэну 3-7 і не выйсьці ў паўфінал Кубка Ўладальнікаў Кубкаў, з каманды здымалі ачкі ў Бундэсьлізе й пазбаўлялі ліцэнзіі профі-клюбаў. І гэтым разам лёс прыгатаваў дынамаўцам неспадзеўку. Сэзон 2005/2006 Дынама Дрэздэн пачаў проста бліскуча. У чацьвёртым туры Дынама Дрэздэн у Мюнхэне на новенькай «Альянц-Арэне», у прысутнасьці 20 000 фанатаў, якія прыехалі разам з камандай, перамог «Мюнхэн-1860» і заняў трэцяе месца. Зьявілася надзея на сьветлую будучыню. Але пасьля гэтай гульні наступіла сэрыя з 12-ці бязвыйгрышных гульняў і месца ў зоне вылету. У сьнежні 2005 году звольнілі трэнера Крыстафа Франкэ, зь якім каманда прайшла шлях з чацьвёртай лігі ў другую. На яго месца прызначаны Петэр Пацульт, які больш чым на палову абнавіў каманду ўзімку. І гэта прынесла свае вынікі. У другім крузе Дынама набрала 28 ачкоў і падарыла сабе й сваім заўзятарам да апошняга тура надзею на захаваньне прапіскі ў другой лізе. У апошнім туры Дынама перамагло Ганзу Расток зь лікам 3-1, але Бохум згуляў у нічыю з Унтэргахінгам і Дынама выляцела ў Рэгіянальную лігу. Не хапіла ўсяго аднаго ачка…
Сэзон 2005/2006 клюб зь берагоў Эльбы пачаў ў Рэгіянальнай лізе. Мэта на сэзон была адна — выйсьце ў другую лігу! Дынама гуляла й пачынала апраўдваць чаканьні. Пасьля 6 гульняў у актыве было 13 ачкоў, але пасьля перамогі 2-0 у шостым туры над Эрфуртам і скачку ў верхнюю частку турнірнай табліцы каманду нечакана пакінуў галоўны трэнер Петэр Пацульт. Пацульт зьвярнуўся да фанатаў каманды й папытаў зразумець яго : «Я сыходжу са сьлёзамі на вачах». «Кожны, хто мяне папракае ў маім рашэньні, павінен разумець, што так склаліся пэўныя абставіны…», казаў трэнер, які яшчэ ў 2006 годзе пры падпісаньні новага кантракту з Дынама заяўляў: «Каманду з такімі традыцыямі немагчыма проста ўзяць і кінуць пасьля паўгода працы зь ёй». Пасьля сыходу галоўнага трэнера каманду пакінуў па ўласным жаданьні і прэзыдэнт клюбу Ёхан Рудзі. Праз палову году рада звольніла мэнэджара каманды Валькмара Кёстэра. На яго месца падпісалі Бэрнда Мааса, які да гэтага кіраваў справамі Алеманіі Аахэн. Пасьля ўсіх гэтых зьмен Дынама Дрэздэн працягвала змагацца за пуцёўку ў другую лігу. Але па ходзе сэзону дынамаўцы згубілі вельмі шмат ачкоў на апошніх хвілінах з супернікамі, ў якіх яны павінны былі браць ачкі.
Ў сэзоне 2007/2008 Дынама Дрэздэн досыць узмацнілася, каб прайсьці кваліфікацыю ў будучую трэцюю Бундэсьлігу, але ў задачах на сэзон гаварылася й пра «падужацца за выйсьце ў другую лігу». Дзякуючы грошам прыцягнутых фундатараў на «Рудольф-Харбіг-Штадыён» вярнулі ўлюбёнцаў публікі й клясных гульцоў Майка Вагэфэльда й Марэка Пэнска. Але ўсе гэтыя інвэстыцыі не прынесьлі жаданага выніку. Дынама выйграла толькі 3 зь дзевяці стартавых гульняў і займала 11 месца. Трэнер Норбэрт Маер пазбавіўся свайго месца працы, на яго месца прыйшоў Эдуард Геер, які пасьпяхова працаваў з камандай яшчэ ў канцы 1980-х. Каманда пад яго кіраўніцтвам зайграла, але не паказвала стабільнай гульні. У выніку другая палова сэзону была ў барацьбе за месца не ніжэй дзясятага. Па выніках сэзону Дынама заняло 8 месца й выйшла ў трэцюю Бундэсьлігу. Нягледзячы на рашэньне задачы мінімум рада адправіла ў адстаўку Эдуарда Гэера.
Акрамя таго, у 2007 годзе клюб вярнуўся да назвы SG Dynamo Dresden.
Яшчэ ў гэтым сэзоне адбылася грандыёзная бойка паміж фанатамі Дынамам Дрэздэн, Лякаматыў Ляйпцыг і паліцыі. 28 кастрычніка 2007 году другая каманда Дынама на сваім полі прымала Лякаматыў. Гульня «дубля» ў рамках Ляндэсьлігі прайшла звычайна й перамогу сьвяткавала дрэздэнскае Дынама зь лікам 2-0. Перад гэтай гульнёй фанаты Ляйпцыга раздрукавалі й распаўсюдзілі ў інтэрнэце плякаты, якія адлюстроўвалі Дрэздэн у руінах 1945 году, пасярод усяго стаяла Багіня перамогі з вымпелам Ляйпцыскага Лякаматыва й подпісам «На Дрэздэн!». Пасьля гульні больш за 600 ультрас, хуліганаў і простых заўзятараў атакавалі калёну з варожымі фанатамі й паліцыянтамі, якія іх суправаджалі. 1300 паліцыянтаў і фанатаў Ляйпцыга пачалі мэтадычна закідваць камянямі й фаерамі. У выніку чаго пачаўся рукапашны бой на вуліцах гораду на Эльбе. Вельмі шмат хуліганаў патрапілі ў паліцыю, зь іх усе жыхары Дрэздэна й толькі 7 чалавек зь Ляйпцыга, усім ім забаранілі наведваньне стадыёнаў у Нямеччыне.
Нягледзячы на сумнае фінансавае становішча, кіраўніцтва Дынама зладзіла рэканструкцыю стадыёна. Будоўля, інвэстыцыі ў новых гульцоў і гаспадарчая дзейнасьць клюбу вычарапала фінансавыя запасы каманды. Кіраўніцтва Дынама ўлезла ў абавязкі на суму 1,2 мільёна эўра. У кастрычніку 2008 году мэнэджар «Дынама» Бэрнд Маас страціў давер рады, яшчэ ён ня змог адказаць на што ён «выдаткаваў» вялікую суму грошай і навошта ён займаўся фальсіфікацыяй фінансавай дакумэнтацыі. З-за гэтага ён быў звольнены. Новым трэнэрам стаў галяндзец Руд Кайзэр[3][5].
Найноўшы час
рэдагавацьТры сэзоны запар каманда гуляла ў трэцяй Бундэсьлізе, з 2008 па 2011 год. У сэзоне 2010/11 дрэздэнцы занялі ў ёй 3 месца й атрымалі права падужацца ў пераходных матчах за выйсьце ў другую Бундэсьлігу з «Аснабрукам». У хатнім матчы была зафіксаваная нічыя — 1:1, а ў зваротным Дынама вырвала перамогу й пуцёўку на павышэньне ў дадатковы час — 3:1 (1:1 у асноўны час). Сэзон 2011—2012 у другой Бундэсьлізе каманда правяла годна й фінішавала на дзявятым месцы. У сэзоне 2012—2013 клюб зноў змагаўся за выжываньне й заняў 16 месца, саступіўшы Эрцгебірге Аўэ толькі па розьніцы забітых-прапушчаных мячоў. Гульнёй за «Дынама» ў гэтым сэзоне адзначыўся беларус Дзьмітры Хлебасолаў, які ў зімнім перапынку перайшоў у «Дынама» на правах арэнды[6]. Камандзе прыйшлося гуляць перахадныя матчы са «старым знаёмым» «Аснабрукам», які заняў 3 месца ў трэцяй Бундэсьлізе. У першай гульні «Дынама» саступіла зь лікам 0:1, а хатняй сустрэчы ў адказ 28 траўня 2013 году пры неверагоднай падтрымцы заўзятараў «Дынама» перамагло зь лікам 2:0 і захавала прапіску ў другой Бундэсьлізе[7][8][9], «Дынама» Дрэздэн не падвёў фанатаў, якія, дарэчы, падрыхтавалі да матчу шыкоўны пэрформанс[10][11].
Акрамя таго 31 кастрычніка 2012 году Дынама ў матчы Кубка Нямеччыны сустракалася з Гановэрам, Гановэр перамог у сэрыі пэнальці, пасьля чаго сэктар заўзятараў дрэздэнскага Дынама накіраваўся на поле, дзе ўступіў у сутычку з паліцыяй. Усяго пацярпела дзевяць чалавек. У сьнежні 2012 году адбылося паседжаньне спартовага суда Нямецкага футбольнага саюза, які прыняў рашэньне выключыць дрэздэнцаў з наступнага розыгрышу Кубка за бясчынствы, учыненыя заўзятарамі Дынама падчас гэтага паядынку супраць Гановера, таксама на клюб быў накладзены штраф[12][13][14][15].
12 красавіка 2013 году «Дынама» гуляла з «Энэргі» (Котбус) і якраз у гэты дзень клюбу споўнілася 60 гадоў, фанаты «Дынама» падрыхтавалі пэрформанс, прысьвечаны 60-годзьдзю клюбу[16][17].
Сэзон 2013—2014 «Дынама» згуляла ў другой Бундэсьлізе. У апошні час у «Дынама» зьявілася мноства пэрспэктыўных гульцоў, такіх як Тоні Ляйстнэр, Марка Хартман, Тобіяс Кэмпэ, Крыстаф Менц, Тобіяс Мюлер, Марвін Стэфаняк, Суфіян Бэняміна й Паўль Мілдэ, якія падаюць надзею заўзятарам на вяртаньне ў першую Бундэсьлігу ўжо хуткім часам. 30 красавіка 2016 году датэрмінова стала пераможцай Трэцяй лігі і выйшла ў другую Бундэсьлігу[18].
Ультрас Дынама
рэдагавацьНягледзячы на няўдачы апошніх гадоў, побач з камандай заўсёды былі яе адданыя заўзятары. На дадзены момант «Ультрас Дынама» маюць больш 350 забарон наведваньня стадыёна. Гэта вялікая страта для руху ультрарэакцыянэраў. Забароны й рэпрэсіі з боку паліцыі ні ў якім разе не саслабелі. Але ўсё гэта не палохае «Ультрас Дынама», на цэнтральных матчах колькасьць актывістаў даходзіць да 150 чалавек і яшчэ больш народу выбіраюцца на дэрбі. Акрамя іх у Дрэздэне ёсьць яшчэ шмат «ультрафармаваньняў» : «SGD Supporters», «OSL», «Giallo Nero Bastardi» і іншыя… Ультрас Дрэздэна падтрымліваюць сяброўства з ультрарэакцыянэрамі з групоўкі «Red Kaos» зь Цьвікаў, ультрарэакцыянэрамі Гэру, заўзятарамі ФК Вісмут Гэру (6 ліга). Гэтыя зьвязы былі наладжаны яшчэ ў часы Обэрлігі НДР. Ёсьць сябры й з замежжа — гэта хуліганы й ультрас Катавіцы GKS з Польшчы. Фанаты Дынама Дрэздэн самі вырабляюць уласныя тавары для заўзятараў: футболкі, шалікі, налепкі, каляндары й шматлікае іншае[3].
Пасьля перамогі «Дынама» Дрэздэн над «Аснабрукам» у перахадных матчах за права застацца ў другой Бундэсьлізе[19] заўзятары «Дынама» Дрэздэн зладзілі перакліканьне праз раку Эльба[20].
Дасягненьні
рэдагавацьНацыянальныя
рэдагавацьDFV
- Чэмпіён НДР — (8): 1953, 1971, 1973, 1976, 1977, 1978, 1989, 1990
- Уладальнік Кубка НДР — (7): 1952, 1971, 1977, 1982, 1984, 1985, 1990
- Срэбны прэзэр чэмпіяната НДР — (8): 1952, 1979, 1980, 1982, 1984, 1985, 1987, 1991
- Фіналіст Кубка НДР — (4): 1972, 1974, 1975, 1978
- Фіналіст Супэркубка НДР: 1989
DFB
- Удзельнік Бундэсьлігі сэзонаў: 1991/92, 1992/93, 1993/94, 1994/95
- Удзельнік другой Бундэсьлігі сэзонаў: 2004/05, 2005/06, 2011/12, 2012/13
- Удзельнік трэцяй Бундэсьлігі сэзонаў: 2008/09, 2009/10, 2010/11
- Паўфіналіст Кубка Нямеччыны: 1994
- Уладальнік Гольстэн кубак Нямеччыны: 1990*
- *Гэты кубак разыгрываўся ў 1990 годзе паміж чэмпіёнам НДР «Дынама» Дрэздэнам і чэмпіёнам ФРН «Баварыяй» Мюнхэн, «Дынама» перамагло зь лікам 1:0.
На міжнароднай арэне
рэдагавацьЭўракубкі
- Чвэрцьфіналіст Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў (3): 1976/77, 1978/79, 1990/91
- Чвэрцьфіналіст Кубка уладальнікаў кубкаў УЭФА (2): 1984/85, 1985/86
- Чвэрцьфіналіст Кубка УЭФА (2): 1972/73, 1975/76
- Паўфіналіст Кубка УЭФА: 1988/89
- Пераможца Кубка Інтэртота: 1993**
- **У гэтым сэзоне Кубка Інтэртота гуляўся толькі групавы раўнд і «Дынама» стала пераможцам сваёй групы.
Склад
рэдагаваць- Актуальны на 16 кастрычніка 2023 году[21]
|
|
Трэнэрскі штаб
рэдагавацьІмя | Функцыя |
---|---|
Маркус Анфанг | Галоўны трэнэр |
Дэйвід Елдэл | Трэнэр брамнікаў |
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Mitgliedschaft (ням.). SG Dynamo Dresden e. V..
- ^ Fanclubs. www.dynamo-dresden.de. Архіўная копія ад 24 ліпеня 2013 г.
- ^ а б в г д Динамо Дрезден. Потомки «штази». football.ua
- ^ Vor 60 Jahren: Dynamo holt den ersten Meistertitel www.dynamo-dresden.de Архіўная копія ад 7 ліпеня 2013 г.
- ^ Ruud Kaiser neuer Trainer bei Dynamo Dresden. www.fussball24.de
- ^ Дрезденское «Динамо» арендовало у московского «Спартака» Дмитрия Хлебосолова. www.pressball.by
- ^ Дрезденское «Динамо» Дмитрия Хлебосолова сохранило место во второй бундеслиге. www.pressball.by
- ^ Хоффенхайм и Динамо попросили остаться. www.sports.ru
- ^ Dynamo Dresden feiert doch noch den Klassenerhalt in der Relegation: 2:0-Sieg gegen Osnabrück. www.dnn-online.de
- ^ Choreo SG Dynamo Dresden VfL Osnabrück 28.05.2013. www.youtube.com
- ^ Как болеют в низших лигах Германии. www.sports.ru
- ^ Dresden: Es bleibt beim Pokalausschluss. www.kicker.de
- ^ Динамо Дрезден не допустят к Кубку Германии. football.ua
- ^ Ständiges neutrales Schiedsgericht weist Klage Dresdens ab. www.dfb.de
- ^ Дрезденское «Динамо» отстранено от участия в Кубке Германии до 2014 году. www.sports.ru
- ^ 21.04.2013 | Dynamo Dresden — Energie Cottbus. www.youtube.com
- ^ Перформанс фанатов «Динамо» Дрезден, посвященный 60-летию клуба. www.sports.ru
- ^ Dresden nach Remis gegen Aue Meister (ням.)
- ^ Почему Германия самая футбольная страна в мире. www.sports.ru
- ^ Перекличка болельщиков «Динамо» Дрезден через реку Эльба. www.sports.ru
- ^ SG Dynamo Dresden - Club profile (анг.). Transfermarkt.
Літаратура
рэдагаваць- Sven Geisler, Volker Oppitz: Unschuldig! Im Strudel des Fußball-Wettskandals. Edition Sächsische Zeitung, Dresden 2005. ISBN 3-938325-20-8.
- Sven Geisler, Jürgen Schwarz: Dynamo Dresden — Eine Legende wird 50. Edition Sächsische Zeitung, Dresden 2003, ISBN 3-910175-01-5.
- Jens Genschmar, Jürgen Schwarz: Dynamo Dresden — Tradition verpflichtet. Pressevertrieb, Dresden 2004. ISBN 3-936477-32-9.
- Uwe Karte, Frank Dehlis, Lutz Hentschel, Torsten Otte: Dynamo Dresden 1993—2004. Das Buch zum Verein. Sportfrei-Verlag, Dresden 2004. ISBN 3-00-014989-9.
- Uwe Karte, Gert Zimmermann: Dynamo Dresden. Das Buch zum Verein 1953—1993. Thom, Leipzig 1993. ISBN 3-9803346-3-5.
- Wolfgang Klein: Im Banne des Fußballs. Edition Sächsische Zeitung, Dresden 2005. ISBN 3-938325-10-0.
- Uwe Krüger: Ostdeutsche Traditionsvereine I: Dynamo Dresden. Daten, Fakten, Bilder. Agon, 2001. ISBN 3-89784-105-3.
- Veit Pätzug: Schwarzer Hals Gelbe Zähne — Fußballfans von Dynamo Dresden. MID Verlag, Dresden 2005. ISBN 3-9810516-0-2.
- Veit Pätzug: Schwarzer Hals Gelbe Zähne Teil 2. Sdv Verlags GmbH, September 2008. ISBN 3-9810516-9-6.
- Ingolf Pleil: Mielke, Macht und Meisterschaft. Die «Bearbeitung» der SG Dynamo Dresden durch das MfS 1978—1989. Links, Berlin 2001. ISBN 3-86153-235-2.
- Steffen Pockart: Das Leuchten der Giraffen 2010. ISBN 3839143675. (mit Bezügen zur Fankultur Dynamo Dresdens in den 1970er und 1980er Jahren)
- Veit Pätzug: Was wir niemals waren — Erinnerungen 2010. ISBN 3942411008. (mit Bezügen zur Fankultur Dynamo Dresdens in den 1980er Jahren)
- Günter Wallraff: Aus der schönen neuen Welt. Expeditionen ins Landesinnere. 2009. ISBN 978-3-462-04049-4. (mit Bezügen zur Fankultur von Dynamo Dresden)
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт
- Навіны пра «Дынама» Дрэздэн на сайце www.kicker.de