Дзень народнага адзінства (Беларусь)
«Дзень народнага адзінства» — сьвята рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, прымеркаванае да пачатку савецкага ўварваньня ў Заходнюю Беларусь 17 верасьня 1939 году з наступным яе частковым далучэньнем да Беларускай ССР (частковым узьяднаньнем беларусаў пад савецкай акупацыяй, падзеленых у 1921 годзе Рыскім мірам).
Дата | 17 верасьня |
---|
7 чэрвеня 2021 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў Указ № 206 «Аб штогадовым дзяржаўным сьвяткаваньні Дня народнага адзінства 17 верасьня»[1]. Адзначаецца, што стварэньне сьвята адбылося на ўзор Дня народнага адзінства ў Расеі як рэакцыя на масавыя пратэсты беларусаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня[2].
Перадумовы
рэдагавацьУ 1921 годзе ўлады Савецкай Расеі, якія акупавалі ўсходнюю частку першай нацыянальнай Беларускай дзяржавы, падпісалі ганебны Рыскі мір, згодна зь якім перадалі Польскай Рэспубліцы Заходнюю Беларусь плошчай 112 тыс. кв.км (насельніцтва якой на 1931 год складала 4,6 млн чалавек). Неўзабаве ўрад Польшчы пачаў праводзіць палітыку палянізацыі беларусаў. У выніку лік беларускіх школ у Заходняй Беларусі скарацілі з 400, якія існавалі да польскай акупацыі, да 16 у 1934 годзе. Да 1939 году ў Заходняй Беларусі працягвала працаваць толькі Віленская беларуская гімназія. За 1927—1932 гады лік беларускіх газэтаў і часопісаў скарацілі з 23-х да 8. Таксама польскія ўлады зачынялі беларускія бібліятэкі і выдавецтвы. У 1934 годзе адчынілі Бяроза-Картускі канцэнтрацыйны лягер, празь які прайшло звыш 10 тысячаў вязьняў, у тым ліку удзельнікі сялянскіх бунтаў. Галоўнай асьветнай арганізацыяй Заходняй Беларусі было Таварыства беларускай школы. На чале выступленьняў беларускіх работнікаў стаялі Беларуская сялянска-работніцкая грамада і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі[1].
17 верасьня 1939 году народны камісар замежных справаў СССР Вячаслаў Молатаў падпісаў ноту польскаму амбасадару, у якой паведаміў, што «савецкі ўрад аддаў распараджэньне Галоўнаму камандаваньню Чырвонай арміі даць загад войскам перайсьці мяжу» ў сувязі з польскім адступленьнем у ходзе нямецка-польскай вайны (Другой сусьветнай вайны). 18 верасьня Чырвоная армія заняла Сьвянцяны і Ліду, Наваградак і Слонім, а таксама Ваўкавыск. 19 верасьня савецкія войскі занялі Пружаны і Кобрынь, 20 верасьня — Горадню, а 22 верасьня ўвайшлі ў Берасьце і Беласток.
22 кастрычніка 1939 году часовыя ўправы ў гарадах і сельскія камітэты ў вёсках правялі імітацыю выбараў дэпутатаў на Народны сход Заходняй Беларусі. 28—30 кастрычніка 1939 году адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі, які ўхваліў Дэклярацыю аб уваходжаньні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР. 2 лістапада 1939 году 5-я сэсія Вярхоўнага Савету БССР 1-га скліканьня задаволіла просьбу Народнага сходу Заходняй Беларусі пра аб’яднаньне Заходняй Беларусі з БССР. 14 лістапада 1939 году 3-я сэсія Вярхоўнага Савету БССР ухваліла Закон «Аб прыняцьці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР». Такім спосабам адбылося частковае (бяз большай часткі Віленшчыны зь Вільняй, паўднёва-ўсходняй Троччыны з Трокамі і часткі Браслаўшчыны, якія Сталін перадаў Летуве насуперак меркаваньню мясцовых жыхароў) аб’яднаньне этнічных беларускіх земляў.
На захадзе Беларусі ўлады СССР утварылі 5 вобласьцяў: Баранавіцкую і Беластоцкую, Берасьцейскую і Вялейскую, а таксама Пінскую. У 1941 годзе ў 5 заходніх абласьцях Беларускай ССР дзеяла 5626 савецкіх школ: 75% (4192) беларускіх (дазволеным да ўжытку русіфікаваным моўным стандартам) і 17% (987) польскіх, па 3% (173) расейскіх і (168) жыдоўскіх, па 1% (63) летувіскіх і (43) украінскіх. Стварылі савецкія беларускія тэатры. Адчынілі 100 кінатэатраў, 92 дамы культуры і 220 бібліятэк. Ва ўсіх раённых цэнтрах узьніклі беларускамоўныя прапагандысцкія савецкія газэты[1].
Сьвяткаваньне
рэдагавацьАфіцыйна засталося працоўным днём. Сьвяткаваньне мае форму мерапрыемстваў, арганізаваных структурамі і грамадзкімі аб’яднаньнямі, падкантрольнымі рэжыму Лукашэнкі. У 2022 годзе Інстытут гісторыі НАНБ прадставіў да 17 верасьня зборнік навуковых працаў «Рыскі мір 1921 году і Беларусь (да 100-годзьдзя заключэньня)». На прэзэнтацыі выданьня сакратар Інстытуту гісторыі Павал Трубчык зазначыў: «У 1921 годзе… без уліку інтарэсаў беларускага боку было падпісана пагадненьне, згодна зь якім значная частка Беларусі была ўключаная ў склад Польскай дзяржавы». У Менску адбыўся роварны прабег «Дарогамі памяці» з удзелам 150 раварыстаў, які пачаўся ад стэлы «Менск — горад-герой». Каля 350 прадстаўнікоў Беларускага прафэсійнага зьвязу працаўнікоў адукацыі і навукі, Міністэрства адукацыі Беларусі і ўнівэрсытэтаў Менску правялі флэшмоб «У адзінстве сіла». Беларускі саюз жанчынаў зладзіў пасадку алеі і тэматычную фотавыставу. Радыё «Беларусь» прысьвяціла сьвяту 6 перадачаў з удзелам гісторыкаў на 9 мовах: «Праз прызму падзей» і «Беларусь між народамі», «Грамадзянская супольнасьць» і «Беларусь ад А да Я», «Разам» і «Беларусь сёньня». Прамыя ўключэньні са сьвяткаваньня ў абласных цэнтрах ладзілі 7 радыёстанцыяў Белтэлерадыёкампаніі: Радыё «Берасьце» і «Горад ФМ», Радыё «Віцебск» і «Гомель», «Гомель+» і Радыё «Горадня», а таксама Радыё «Магілёў». Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музэй прысьвяціў інтэрактыўную выставу Дню народнага адзінства на Віцебскіх абласных «Дажынках» у Глыбокім, якія прайшлі 17 верасьня. У мескім парку Воршы (Віцебская вобласьць) на Савецкай вуліцы адкрылі бронзавую скульптуру «Сям’я — залог міру», якую стварыла Юлія Заранкова[1].
Ацэнкі
рэдагавацьГісторык Аляксандар Пашкевіч адзначае, што далучэньне Заходняй Беларусі да БССР прывяло да масавых сталінскіх рэпрэсіяў у гэтай частцы Беларусі, таму дата ня можа адзначацца як сьвята: «Заходняя Беларусь, перастаўшы быць часткай Польшчы, ня стала часткай незалежнай Беларусі — яна ўвайшла ў склад сталінскага СССР, дзе панавалі масавыя рэпрэсіі і жудасныя ўмовы жыцьця». Таксама адной з прычынаў выбару даты Аляксандар Пашкевіч называе канфлікт паміж Польшчай і рэжымам Лукашэнкі, які працягваецца па прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году, а таксама жаданьне спадабацца Расеі[2].
Палітоляг Вольф Рубінчык адзначае, што да 1941 году граніца паміж усходняй і заходняй часткамі Беларусі, нягледзячы на адміністрацыйнае «ўзьяднанне», фактычна заставалася, без адмысловага дазволу празь яе не пускалі, і ўжо ў паваенныя гады «заходнікі» працяглы час заставаліся ў СССР грамадзянамі другога гатунку. Дасьледнік зьвяртае ўвагу на тое, што 17 верасьня ў канцы ХХ — пачатку ХХІ стагодзьдзя беларусы амаль не адзначалі як сьвята[3].
17 верасьня 2021 году старшыня сакратарыяту «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк адзначыў: «17 верасьня 1939 году беларусам трэба ацэньваць гістарычна станоўча ў зьмесьце беларускага нацыянальнага існаваньня. Але сьвятам „народнага адзінства“ гэтая дата не зьяўляецца, бо яна ёсьць вынік дзеяньняў і акупацыйнай агрэсіі іншых дзяржаваў, найперш Савецкай Расеі». Зянон Пазьняк патлумачыў: «Савецкі імпэрскі акт збройнага забору ранейшых акупаваных тэрыторыяў аб’ектыўна азначаў аднаўленьне тэрытарыяльнасьці Беларусі чужымі рукамі, фармальную нацыянальную сатысфакцыю для беларусаў і рэальна — павелічэньне ўдзельнай вагі краіны ў Савецкім Саюзе. Гэта паспрыяла беларускаму нацыянальнаму Адраджэньню і барацьбе за Незалежнасьць Беларусі». Разам з тым, Пазьняк заўважыў: «Заходняя беларуская тэрыторыя была вернута, але адна акупацыя зьмянілася іншай акупацыяй», бо «палітыка антыбеларускай польскай „санацыі“ зьмянілася тут палітыкай рускага камуна-энкавэдзісцкага генацыду»[4].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Дзень народнага адзінства ў Рэспубліцы Беларусь // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 17 верасьня 2022 г. Праверана 17 верасьня 2022 г.
- ^ а б Сьвяткуючы 17 верасьня, перш за ўсё ўлада хоча паказаць дулю суседзям, палякам, — Пашкевіч, Радыё Свабода, 7 чэрвеня 2021 г.
- ^ Рубінчык В. Народнае адзінства?, Незалежны iзраiльскi сайт, 2 верасьня 2021 г.
- ^ Зянон Пазьняк. Аб сьвятах // Партал «Беларуская Салідарнасьць», 17 верасьня 2021 г. Праверана 12 верасьня 2024 г.