Зэльва — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны).

Мураваныя крамы на Рынку, 1723

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Афіцыйна[1] пачатак гісторыі Зэльвы вядзецца ад 1258 году, калі ў Іпацьеўскім летапісе ўпамінаецца населены пункт, што існаваў на яе месцы. Імаверна, старажытнае паселішча знаходзілася ў паўднёва-ўсходняй частцы сучаснага мястэчка, дзе існуе гара, якая ўзвышаецца над навакольлем на 20—25 мэтраў[2].

Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі, першы пісьмовы ўпамін пра Зэльву (Вялікую Зэльву) як сяло датуецца 1470 годам, калі Міхал Нацавіч заснаваў тут касьцёл[3]. У 1477 годзе касьцёл зьявіўся ў суседнім маёнтку Малая Зэльва, уладаньні Івана Гінейтавіча. У XVI ст. паселішчам валодалі Вішнеўскія, Ільлінічы, Забярэзінскія, Зяновічы, Камароўскія і інш. У 1524 годзе Вялікая Зэльва ўпамінаецца ў дакумэнтах як мястэчка ў складзе Ваўкавыскага павету. У першай палове XVII ст. мястэчка перайшло ў валоданьне Сапегаў.

 
Праект касьцёла, 1908

У 1616 годзе Зэльва складалася зь невялікага Рынку і трох вуліцаў; працавалі 17 шынкоў і 2 млыны. У 1643 годзе князь Казімер Леў Сапега прымаў тут караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазу. У 1720[3] годзе Сапегі атрымалі права праводзіць у мястэчку штогадовы кірмаш, які на працягу 130 гадоў заставаўся найбольшым у Вялікім Княстве Літоўскім. Сюды прыязджалі купцы з Украіны, Польшы, Швэцыі, Даніі, Італіі, Прусіі, Аўстрыі, Францыі і Расеі. Пасярод Рынку існаваў гасьціны двор з 200 крамамі. Апроч кірмашоў, разьвіцьцю Зэльвы спрыяла і зручнае геаграфічнае становішча на гандлёвым шляху МенскСлонімВаўкавыскГорадняБеласток. На рацэ Зальвянка, якая была ў той час суднаходным прытокам Нёмана, існаваў рачны порт. Сапегі ганарыліся мястэчкам, называлі яе «Зэльвенскім графствам». У XVIII ст. тут зьявіўся тэатар, у якім гралі беларускія, польскія і францускія акторы. У 1739 годзе пачала дзейнічаць рэзыдэнцыя ордэну піяраў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Зэльва апынулася ў склад Расейскай імпэрыі. Жыхары мястэчка бралі актыўны ўдзел у паўстаньні Т. Касьцюшкі, вызвольным паўстаньні 1830—1831 гадоў, нацыянальна-вызвольным паўстаньні К. Каліноўскага. За ўдзел у паўстаньні 1830—1831 гадоў расейскія ўлады канфіскавалі Зэльву ў Сапегаў. На 1863 год тут было 163 будынкі.

 
Аэраздымак, 1915

У 1886 годзе праз Зэльву прайшла чыгунка БаранавічыБеласток. У канцы XIX ст. працавалі 2 броварныя і медавараны заводы, сьвечачная майстэрня, мужчынская і жаночая народныя вучэльні, лесапільня. У пач. XX ст. Малая Зэльва ўвайшла ў межы Зэльвы.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Зэльва абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[4]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Зэльва апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Ваўкавыскага павету Беластоцкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Зэльва ўвайшла ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стала цэнтрам раёну (у 1962—1966 гадох уваходзіла ў склад Ваўкавыскага раёну). У Другую сусьветную вайну з 14 ліпеня 1941 да 12 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

Вуліца Царкоўная

рэдагаваць
  1. ^ История (рас.). Зельвенский районный исполнительный комитетПраверана 1 лютага 2011 г.
  2. ^ Піваварчык С. Зэльва // Археалогія Беларусі: Энцыкл. У 2 т. Т. 1: А — К. — Мн.: БелЭн, 2009. С. 377.
  3. ^ а б Шаблюк В. Зэльва // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 660.
  4. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура

рэдагаваць