Гісторыя Грозава
Грозаў — даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны. У 1920 годзе жыхары Слуцкага павету сфармавалі Грозаўскі полк войска Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне. Да нашага часу тут захаваліся сядзіба Мержыеўскіх (2-я палова XVIII ст.) і касьцёл у Гонар Зьняцьця Збаўцы з Крыжа (1-я палова XIX ст.), помнікі архітэктуры клясыцызму.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУпершыню Грозаў упамінаецца ў 1-й палове ХVІ ст. як вёска Слуцкага княства, уладаньне Алелькавічаў. У 1582 годзе існавалі аднайменныя сяло, фальварак і шляхецкая ўласнасьць. У 2-й палове ХVІ — 1-й палове ХVІІ ст. мясьціна знаходзілася ў валоданьні Валадковічаў, якія заснавалі тут 2 праваслаўныя царквы і мужчынскі манастыр сьвятога Міколы (усе ў юрысдыкцыі Кіеўскай грэцка-каталіцкай мітраполіі). Паводле інвэнтару 1650 году, існавалі аднайменныя двор (4 жылыя дамы і 5 гаспадарчых пабудоваў) і фальварак, былі бровар, млын і гумнішча
У 2-й палове ХVІІ ст. Грозаў перайшоў да Радзівілаў. На 1690 год тут было 66 двароў. У ХVІІІ ст. Грозаў знаходзіўся ў валоданьні Незабытоўскіх, за якімі атрымаў статус мястэчка. У 1791 годзе мясьціна ўвайшла ў склад Случарэцкага павету.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Грозаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Слуцкага павету Менскай губэрні. У розныя часы мястэчка знаходзілася ў валоданьні Межаеўскіх, Вітгенштэйнаў, Гагенлёэ. На 1800 год тут было 30 двароў, дзейнічалі 2 драўляныя манастыры (Яна Багаслова з царквой Прачыстай Багародзіцы і Сьвятога Мікалая з аднайменнай царквой) і капліца, працавалі карчма і млын, праводзіліся рэгулярныя кірмашы і штотыднёвыя таргі; на 1845 год — 19 двароў.
У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі ў Грозаве народную вучэльню. На 1870 год — 99 двароў, 3 праваслаўныя царквы, касьцёл, капліца, 2 жыдоўскія малітоўныя дамы. Гандлёвымі шляхамі Грозаў злучаўся зь мястэчкамі Капыль, Бабоўня, Новы Сьвержань і местам Нясьвіж. На 1886 год — 3 праваслаўныя царквы, валасная ўправа, бровар, 3 заезныя двары, 11 крамаў, народная вучэльня, 2 жыдоўскія школы. Згодна з вынікамі перапісу (1897), у Грозаве было 150 двароў, царква, капліца, пошта, народная вучэльня, 24 крамы, ганчарны завод, 2 карчмы. У пачатку XX ст. 177 двароў. У 1912 годзе працавалі 2-клясная сельская і 1-клясная народная вучэльні. На 1917 год — 188 двароў, вінакурны і медаварны заводы. У Першую сусьветную вайну ў лютым — сьнежні 1918 году мястэчка занялі нямецкія войскі, у жніўні 1919 год — ліпені і кастрычніку — лістападзе 1920 году — польскае войска.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Грозаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў лістападзе 1920 году ў Слуцку і мястэчку Семежава зь беларускай міліцыі Слуцкага павету сфармаваўся Грозаўскі полк[1]. Да здушэньня паўстаньня бальшавікамі (4 сьнежня 1920) улада ў мястэчку кантралявалася сіламі БНР.
На 1921 год у Грозаве працавалі спажывецкая таварыства, фэльчарскі пункт, 2 школы, вінзавод; на 1923 год — 7-гадовая і жыдоўская школы, хата-чытальня, фэльчар, 6 рамесьнікаў (шаўцы, краўцы, кавалі). 20 жніўня 1924 году Грозаў стаў цэнтрам сельсавету Грэскага раёну, на гэты час тут было 182 двары. 8 ліпеня 1931 году мястэчка ўвайшло ў склад Капыльскага раёну (з 12 лютага 1935 да 17 сьнежня 1956 году зноў у Грэскім раёне). У 1930-я ў Грозаве працавалі калгас «Інтэрнацыянал», кавальская, шавецкая, шапачная, прамысловая майстэрні, малаказавод, нафтавы млын, сукнавальня, крупадзёрка, салатопня. 27 верасьня 1938 году статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 1 ліпеня 1944 году Грозаў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
На 1971 год у Грозаве было 189 двароў, на 1997 год — 197 гаспадарак, машынны двор, вэтэрынарны пункт, сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, амбуляторыя, пошта, камбінат побытавага абслугоўваньня насельніцтва, 5 крамаў. У 2000-я Грозаў атрымаў афіцыйны статус аграгарадку. На 2007 год — 167 гаспадарак, на 2010 год — 159.
Галерэя
рэдагаваць-
Палац, да 1914 году
-
Царква, 1917 год
-
Царква і местачкоўцы, 1918 год
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Грыцкевіч А. Грозаўскі полк // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 155.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 8. Мінская вобласць. Кн. 2 / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2011. — 464 с.: іл. ISBN 978-985-11-0554-6.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.