Другі Грозаўскі полк

вайсковае фармаваньне Беларускай Народнай Рэспублікі
(Перанакіравана з «Грозаўскі полк»)

Другі Грозаўскі полк — вайсковая частка Беларускай Народнай Рэспублікі, створаная ў лістападзе 1920 году ў Слуцку і мястэчку Семежаве[1].

2-і Грозаўкі полк
Гады існаваньня 1920
Краіна Беларуская Народная Рэспубліка
Падпарадкаваньне Урад БНР
Уваходзіць у Слуцкая брыгада
Тып полк
Дысьлякацыя Слуцкі павет
Удзел у Слуцкі збройны чын

Мінуўшчына

рэдагаваць

21 лістапада 1920 году Рада Случчыны зацьвердзіла Дэклярацыю, у якой заклікала «стаяць за незалежнасьць роднай Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту збоку чужаземных захопнікаў і ў выпадку патрэбы, нават, сілаю аружжа». У выніку пачалася мабілізацыя ў Слуцкую брыгаду, якая ўлучыла 2 палкі.

2-гі Грозаўскі полк сфармаваўся ў Слуцку, мястэчках Грозаве і Семежаве зь беларускай міліцыі ды сялянаў-добраахвотнікаў. Грозаўскі полк складаўся з двух батальёнаў, падзеленых на роты. Камандзірам палка стаў капітан Лукаш Сяменік (былы камандзір 1-га беларускага партызанскага аддзелу), намесьнікам камандзіра палка — капітан Гнароўскі; камандзірамі батальёнаў — капітан Антон Самусевіч і штабс-капітан Мацэля.

Пасьля фармаваньня (апроч рэзэрву) 2-гі Грозаўскі полк налічваў каля 2 тысячаў чалавек. Узбраеньнем (вінтоўкі, некалькі кулямётаў) была забясьпечаная толькі ягоная чвэрць; за кошт трафэяў і дапамогі Беларускай вайсковай камісіі ўзбраеньнем атрымалася забясьпечыць палову жаўнераў палка.

У пачатку збройнага выступу полк займаў фронт у 60 км у нэўтральнай зоне савецка-польскай граніцы на поўнач ад лініі фронту 1-га Слуцкага палка (лінія Грозаў — Капыль — Цімкавічы — Семежаў) і рабіў напады на палявыя каравулы Чырвонай Арміі. Маючы дрэнныя разьведвальныя зьвесткі, камандаваньне Чырвонай Арміі сьпярша прыняло жаўнераў Слуцкай брыгады за аддзелы генэрала Булак-Балаховіча. Так, у апэратыўнай зводцы палявога штаба Чырвонай Арміі ад 2 сьнежня 1920 року гаварылася: «У Слуцкім раёне за 20 вёрстаў на паўночны захад (раён паміж Капылём і Грозавам) і за 25 вёрстаў на паўднёвы захад ад Слуцку (раён Вызны) адбываюцца сутычкі з дробнымі вандроўнымі аддзеламі балахоўцаў».

Баі вяліся ў раёне вёскі Быстрыцы, ля мястэчка Капылю і ў іншых населеных пунктах. У гэтых баёх паўстанцы наносілі страты, бралі палонных, адбівалі населеныя пункты. Некаторыя чырвонаармейцы, у асноўным з расейскіх сялянаў, гвалтам мабілізаваных у Чырвоную Армію, добраахвотна здаваліся ў палон або пераходзілі са зброяй. У баі ля Капылю жаўнеры Грозаўскага палка захапілі ў палон роту чырвонаармейцаў з канцылярыяй і ўсёй амуніцыяй. Былі захопленыя ў палон і чальцы рэўкаму, створанага савецкім камандаваньнем. Пасьля гэтага бою аддзелы 2-га Грозаўскага палка выцяснілі чырвоныя падразьдзяленьні з Цімкавічаў на ўсход.

Камандаваньне 16-й савецкай арміі вырашыла ачысьціць нэўтральную зону ад паўстанцаў. Польскія ўлады далі дазвол на ўваход 4 сьнежня савецкіх войскаў (8-й і 17-й стралковых дывізій) у нэўтральную зону на тры дні, выказаўшы сваё адмоўнае стаўленьне да паўстанцаў. Аднак камандаваньне Слуцкай брыгады, карыстаючыся падтрымкай насельніцтва, вывела асноўныя сілы з-пад удару савецкіх войскаў. Баі вяліся зноў у раёнах Капылю, Семежава і Вызны. Толькі ў раёне Семежава частка аддзелаў паўстанцаў была разьбіта і 7 сьнежня перайшла польскую мяжу. Польскія вайсковыя ўлады раззброілі 30 афіцэраў і 400 жаўнераў.

28 сьнежня 1920 г. Найвышэйшая рада БНР на пасяджэньні ў Баранавічах пастанавіла распусьціць Слуцкую брыгаду, у тым ліку 2-і Грозаўскі полк. У той дзень большасьць (1500) стральцоў перайшла раку Лань, дзе іх інтэрнавала польскае войска. Астатнія 400 чалавек увайшлі ў склад падпольнай арганізацыі «Зялёны Дуб»[2].

Камандзіры

рэдагаваць
  1. ^ Грыцкевіч А. Грозаўскі полк // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 155.
  2. ^ Ніна Стужынская. Частка ІІ. Слуцкае паўстаньне // Беларусь мяцежная. — 3-е выд. — Менск: Вараксін, 2012. — 362 с. — (Такая гісторыя). — ISBN 978-985-7035-04-5

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць