Гісторыя Васілішак

Васілішкі — даўняе мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся кляштар дамініканаў, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.

Касьцёл па маскоўскай перабудове, каля 1900 г.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

У пісьмовых крыніцах Васілішкі ўпершыню ўпамінаюцца ў 1-й палове XV ст. Пад 1486 годам паселішча значыцца як мястэчка, што ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў было сталіцай павету. У 1499—1766 гадох існавала Васілішкаўскае староства, першымі ўладальнікамі якога былі: Ян Сьцяцковіч (1499), Ян Радзівіл (1500—1501), Васіль Львовіч Глінскі (1501—1504), Станіслаў Кішка (1505—1506; відаць ад гэтага прозьвішча і паходзіць мянушка жыхароў Васілішак — «кішкары»), Ян Шчытовіч (1507—1515), Якуб Кунцэвіч (1518—1523), Ян Радзівіл (1523—1541). У 1659 годзе ў Васілішках адбыўся соймік Лідзкага павету. У 2-й палове XVIII ст. староства знаходзілася ў валоданьні Міхала Казімера Агінскага.

Першы драўляны касьцёл Сьвятога Апостала Пятра збудавалі ў Васілішках на загад вялікага князя Казімера ў 1489 годзе (8086 вернікаў). У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе маскоўскія захопнікі зруйнавалі сьвятыню. У 1658 годзе Марцін Дамінік Лімонт, судзьдзя лідзкага земства і будучы кашталян віцебскі, заснаваў драўляны кляштар дамініканаў, а Кацярына Францкевіч з роду Абрахамовічаў у 1662 годзе годзе ахвяравала на яго ўладкаваньне 10 000 злотых. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у лютым 1706 году ў кляштары на некаторы час спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Ляшчынскі (тым часам кароль швэдзкі Карл XII знаходзіўся ў мястэчку Жалудок). У 1769—1832 гадох сіламі манахаў будаваўся мураваны кляштарны корпус (у 1773 годзе тут было 11 манахаў). У 1769 годозе пачалося будаваньне мураванага касьцёла, кансэкраванага біскупам Валазіцкім у 1790 годзе.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Рынак, 1920-я гг.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Васілішкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Лідзкага павету. На 1829 год у мястэчку было 144 будынкі (75 хрысьціянскіх і 69 юдэйскіх).

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканаў. На 1863 год — 88 жылых дамоў; на 1866 год — 244 будынкі, царква, касьцёл, сынагога, акруговая сядзіба паліцыі, паштовая станцыя і народная школа (86 вучняў у 1885 годзе); на 1895 год — 130 двароў. З пачаткам Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе мястэчка занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Васілішкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[1]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Васілішкі апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У гэты час у мястэчку было каля 275 двароў, гмінная ўправа, касьцёл, пошта, кожны аўторак праводзіліся кірмашы.

У 1939 годзе Васілішкі ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і сталі цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці. У 1940 годзе існавалі электрастанцыя (магутнасьць 17 кВт), завод вырабу фанэры, 2 паравыя млыны, амбуляторыя, вэтэрынарны пункт, клюб, лякарня (на 25 ложкаў), аптэка, пошта і тэлеграф. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 12 ліпеня 1944 году Васілішкі знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. 3 жніўня 1954 году статус паселішча панізілі да вёскі. 20 студзеня 1960 году Васілішкаўскі раён скасавалі, вёска ўвайшла ў склад Радунскага, з 25 сьнежня 1962 году — Шчучынскага раёну. На 1970 год тут было 300 двароў, на 1 студзеня 2001 году — 548. У 2000-я гады Васілішкі атрымалі афіцыйны статус аграгарадку.

  1. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура

рэдагаваць