Гомель — Горкі
«Гомель — Горкі» — магістральны нафтаправод Беларусі, пабудаваны ў жніўні 2022 году.
«Гомель — Горкі» | |
Месцазнаходжаньне | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Вобласьць | Гомельская і Магілёўская |
Агульны кірунак | з поўдня на поўнач |
Пачатак | Бабовічы (Гомельскі раён) |
Праляганьне | Буда-Кашалёўскі, Чачэрскі, Кармянскі, Чэрыкаўскі, Прапойскі і Крычаўскі раёны |
Канец | Горацкі раён |
Агульныя зьвесткі | |
Від | нафтаправод |
Стан | пабудаваны |
Уласьнік | «Гомельтранснафта Дружба» |
Праектавальнік | «Беларуснафта» |
Падраднік | «Беларуснафта» |
Трубаўкладнік | «Нафтаспэцбуд» |
Пачатак пракладкі | 22 кастрычніка 2020 (4 гады таму) |
Кошт | 300 млн рублёў (122 млн даляраў) |
Тэхнічныя зьвесткі | |
Даўжыня | 207 км |
Прапускная здольнасьць | 6 млн тонаў за год |
Прамер трубы | 53 см |
Перапамповачныя станцыі | ППС «Гомель», ЛВДС «Горкі» |
Падвадны трубаправод | «Дружба» |
Адводы | «Унеча — Полацак» |
29 красавіка 2020 году А. Лукашэнка падпісаў Распараджэньне аб будаўніцтве магістральнага нафтаправода «Гомель — Горкі» ў 2020—2023 гадох дзеля дывэрсыфікацыі паставак нафты ў Беларусь. Заказчыкам праектаваньня і будаўніцтва вызначылі «Гомельтранснафту Дружба». Галоўным праектна-падрадным прадпрыемствам прызначылі «Беларуснафту»[1]. Гэты нафтаправод узводзілі дзеля злучэньня завода «Нафтан» у Наваполацку з магістральным нафтаправодам «Дружба», які разгаліноўваўся на паўднёвую частку, якая вяла да Чорнага мора ў Адэсу (Украіна), і на паўночную частку, якая вяла ў Польшчу да Балтыйскага мора. Пабудова перамычкі «Гомель — Горкі» дазваляла пастаўляць нафту на «Нафтан» праз нафтаправод «Дружба» з Чорнага і Балтыйскага мора па рэвэрсе[2].
Уласьцівасьці
рэдагавацьТрубаправод «Гомель — Горкі» быў 1-м унутраным у Беларусі. Нагодай для будаўніцтва паслужыла нястача паставак расейскай нафты маркі «Ўрал» з Заходняй Сыбіры па нафтаправодах «Унеча — Полацак» і «Ўнеча — Мазыр». Са студзеня 2020 году пастаўку расейскай нафты на нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі прыпынілі праз адмову плаціць павышаную цану. 11 траўня 2020 году намесьнік кіраўніка «Гомельтранснафты Дружба» Андрэй Карабань адзначыў: «Новы трубаправод стане свайго роду перамычкай, якая злучае паўднёвую і паўночную ніткі сыстэмы транспартаваньня нафты. Гэта дасьць магчымасьць, ні ад каго не залежачы, ажыцьцяўляць перапампоўку сыравіны паміж Наваполацкім і Мазырскім нафтаперапрацоўчымі заводамі. Да таго ж, мінулай восеньню ў выніку рэарганізацыі ААТ «Полацактранснафта Дружба» на правах філіі ўвайшло ў склад ААТ «Гомельтранснафта Дружба», што робіць аб’яднаньне дзьвюх трубаправодных сыстэмаў яшчэ больш заканамерным». Труба прамерам 53 см дазваляла перапампоўваць да 6 млн тонаў нафты за год, якія мелі скласьці па 30 % пастаўкі з Балтыкі праз Польшчу і з Чорнага мора праз Украіну. Таксама трубаправод «Гомель — Горкі» даваў магчымасьць дастаўляць беларускую нафту з Рэчыцкага раёну (Гомельская вобласьць)[3].
Даўжыня маршруту складала 207 км. Нафтаправод пракладалі ў міжрэччы Дняпра і Сожа бяз водных перашкодаў, каб абысьці водаахоўныя зоны. Адлегласьць трубаправода ад паселішчаў складала прынамсі 150 мэтраў. Пракладвалі трубаправод з поўдня на поўнач у 12 чэргаў. Маршрут браў пачатак у Гомельскім раёне і праходзіў праз Буда-Кашалёўскі, Чачэрскі і Кармянскі раёны Гомельскай вобласьці ды далей Чэрыкаўскі, Прапойскі і Крычаўскі раёны Магілёўскай вобласьці. У Горацкім раёне яго мелі злучыць зь дзейным магістральным нафтаправодам «Унеча — Полацак». Перапады вышыняў на мясцовасьці цягам маршруту даходзілі да 100 мэтраў. Спадарожна прадугледзелі ўзьвядзеньне нафтаперапамповачнай станцыі і перабудову 2-х дзейных станцыяў «Гомель» і «Горкі». Кошт пабудовы разам з запаўненьнем трубы тэхналягічнай нафтай складаў каля 300 млн рублёў (122 млн даляраў) з уласных сродкаў «Гомельтранснафты Дружба» без прыцягненьня пазыкі і бюджэтных грошай[3].
Узьвядзеньне
рэдагаваць10 чэрвеня 2020 году намесьнік кіраўніка па капітальным будаўніцтве і рамонце «Гомельтранснафты Дружба» Андрэй Карабань паведаміў: «праектныя працы пачаліся ўжо, вядуцца геалягічныя пошукі і геадэзічныя працы, уключаючы падрыхтоўку тэхнічных умоваў на перасячэньне з камунікацыямі»[4]. 22 кастрычніка 2020 году «Нафтаспэцбуд» выканаў 1-е зварачнае шво на трубе магістралі ДН500 каля Бабовічаў на паўднёвы захад ад Гомля. На будоўлі выкарыстоўвалі абсталяваньне арбітальнай зваркі. На адкрыцьці будоўлі намесьнік старшыні ўраду Беларусі Юры Назараў адзначыў: «Гэты інвэстпраект не такі вялікі паводле кошту, але значны тым, што зьвяжа 2 рэзэрвуарныя паркі захоўваньня нафты ў Мазыры і Полацку. Гэта дасьць магчымасьць гарантаваць бясьпеку і манэўранасць 2-х буйных нафтасховішчаў. Мы таксама вядзём іх мадэрнізацыю, павялічваючы карысны аб’ём захоўваньня нафты. Неабходна забясьпечыць пастаянны запас сыравіны і бесьперабойнай працы 2-х беларускіх НПЗ, незалежна ад розных фактараў». Большасьць праектнай і будаўніча-мантажнай працы выконвалі прадпрыемствы канцэрну «Белнафтахім». Праект прадугледжваў уладкаваньне 75 пераходаў праз аўтадарогі і чыгунку, мэліярацыйныя каналы і рэкі. Па лесе мелі правесьці 85 км нафтаправода[5]. Пры зварцы стыку трубаў нафтаправода выкарыстоўвалі робата[6].
23 лістапада 2020 году «Беларуснафта» набыла 2 форвардэры «Амкадар 2662» для пагрузачна-разгрузачнай працы на будоўлі нафтаправода. Форвардэры дааснасьцілі плятформамі з дызэль-генэратарамі, зьменнымі касэтамі для газавых балёнаў і грузавымі крукамі для падыманьня і апусканьня робата арбітальнай зваркі[7]. 19 лістапада 2021 году «Гомельтранснафта» паведаміла, што ў выніку паскарэньня будаўніцтва трубаправод «Гомель – Горкі» мелі здаць у эксплюатацыю яшчэ на 6 месяцаў раней у красавіку 2022 году[8]. 12 жніўня 2022 году старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў паведаміў пра завяршэньне будаўніцтва нафтаправода «Гомель — Горкі»[9].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Падпісана распараджэньне аб будаўніцтве магістральнага нафтаправода «Гомель — Горкі» // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 29 красавіка 2020 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
- ^ Для дывэрсыфікацыі паставак нафты пабудуюць нафтаправод «Гомель — Горкі» // Партал «Наша ніва», 29 красавіка 2020 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
- ^ а б Руслан Праляскоўскі. Усе плюсы ўнутранага транзыту // Рэспубліка : газэта. — 12 траўня 2020. — № 7470. — ISSN 1991-5322.
- ^ Будаўніцтва нафтаправода «Гомель — Горкі» будзе каштаваць каля Br300 млн і пачнецца 1 лістапада // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 10 чэрвеня 2020 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
- ^ «Гомельтранснафта Дружба» пачала будаўніцтва нафтаправода «Гомель — Горкі» // БелТА, 22 кастрычніка 2020 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
- ^ Натальля Капрыленка. «Гомельтранснафта Дружба» распачала будаўніцтва нафтаправода «Гомель – Горкі» // Газэта «Зьвязда», 23 кастрычніка 2020 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
- ^ Новая тэхніка // ВА «Беларуснафта», 23 лістапада 2020 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
- ^ Прапампоўку нафты спынялі, бо тэставалі новую лінію трубаправода ў абыход санкцый // Партал «Наша ніва», 19 лістапада 2021 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
- ^ У Беларусі дабудавалі нафтавод «Гомель-Горкі» // Радыё «Рацыя», 14 жніўня 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |