Гомельтранснафта Дружба

Каардынаты: 52°26′6″ пн. ш. 31°0′5″ у. д. / 52.435° пн. ш. 31.00139° у. д. / 52.435; 31.00139

«Гомельтранснафта Дружба» — дзяржаўнае нафтатранспартнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў лістападзе 1964 году.

«Гомельтранснафта Дружба»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 23 лістапада 1964 (60 гадоў таму)
Заснавальнікі Міністэрства газавай прамысловасьці СССР
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Гомель, Цэнтральны раён, вул. Артылерыйская, д. 8а
Ключавыя фігуры Алег Барысенка, Андрэй Вярыга
Галіна сфэра паслугаў
Паслугі нафтаперапампоўка
Абарачэньне 3 220,295 млрд руб[1] ($198,128 млн)
Апэрацыйны прыбытак 819,673 млрд руб (2015 г.; $50,43 млн)
Чысты прыбытак 665,280 млрд руб (2015 г.; $41,9 млн)
Лік супрацоўнікаў 1400 (2019 г.)
Матчына кампанія канцэрн «Белнафтахім»

Прадпрыемства перапампоўвае беларускую і расейскую нафту на «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод». Транзыт расейскай нафты ажыцьцяўляўся ў напрамку: 1) Унеча — Мазыр — Адамова (Падляскае ваяводзтва) з далейшым перапампоўваньнем у Польшчу і Нямеччыну, 2) Унеча — Мазыр — Броды (Львоўская вобласьць, Украіна) з далейшым перапампоўваньнем у Вугоршчыну, Славаччыну і Чэхію[2]. У 2018 годзе ААТ «Гомельтранснафта Дружба» перапампавала 60,4 млн тонаў нафты, зь іх 58,8 млн тонаў з Расеі, што склала каля чвэрці расейскага экспарту нафты. Уласная сетка сувязі ўлучала 1562 км медных і 887 км оптавалаконных магістральных лініяў, прапускная здольнасьць якіх складала 2,5 гігабіт/сэкунда. Тэлефонную сувязь забясьпечвалі 8 аўтаматызаваных тэлефонных станцыяў на 2020 абанэнтаў[3]. Лінейная вытворча-дыспэтчарская станцыя (ЛВДС) «Мазыр» мела 25 нафтавых рэзэрвуараў абсягам ад 10 000 да 75 000 кубамэтраў, якія былі 2 відаў: жалезабэтонныя падземныя і вэртыкальныя сталёвыя наземныя[4]. У 2015 годзе прадпрыемства ўвайшло ў 10-ку найбольш прыбытковых у Беларусі.

На 2019 год ААТ «Гомельтранснафта Дружба» ўлучала:

  • 6 нафтаперапамповачных станцыяў (НПС) — «Гомель», «Зашчоб’е» (Рэчыцкі раён», «Тураў» (Жыткавіцкі раён), «Пінск», «Кобрынь» і лінейная вытворча-дыспэтчарская (ЛВДС) «Мазыр»;
  • галоўную базу вытворчага абслугоўваньня (выраб абсталяваньня, рамонт нафтаправодаў і аўтамабіляў);
  • базу адпачынку «Мілаград» (Рэчыцкі раён);
  • вытворчы камбінат харчаваньня (Бабовічы, Гомельскі раён).

Прадпрыемства выкарыствоўвала каля 2000 км нафтаправодаў, зь іх 667 км нафтавай магістралі дыямэтрамі 102, 82, 72, 63 и 53 см ад мяжы з Расеяй да межаў з Польшчай і Ўкраінай. Нафтаправоды праходзілі па 8 раёнах Гомельскай і 8 раёнах Берасьцейскай вобласьці. Для кіраваньня перапампоўкай выкарыстоўвалі каля 5000 прыладаў ад маномэтра да газааналізатара[5].

Мінуўшчына

рэдагаваць

23 лістапада 1964 году Міністэрства газавай прамысловасьці СССР выдала Загад аб утварэньні Гомельскага кіраўніцтва нафтаправода (ГКН) «Дружба», якому перадалі ўчастак на поўдні Беларускай ССР да Берасьця. Таксама ўвялі ў дзеяньне нафтаперапамовачную станцыю (НПС) «Пінск» (Берасьцейская вобласьць). У 1965 годзе Кіраўніцтва магістральнымі нафтаправодамі «Дружба» зацьвердзіла Загад аб складзе і межах Гомельскага кіраўніцтва нафтаправода. Таксама ў нафтаправод пачала паступаць нафта Рэчыцкага радовішча. Запусьцілі НПС «Гомель». У 1967 годзе запусьцілі яшчэ 3 НПС — «Кобрынь», «Тураў» (Жыткавіцкі раён) і «Зашчоб’е» (Рэчыцкі раён). У 1973 годзе ўвялі насосную № 3 лінейнай вытворча-дыспэтчарскай станцыі (ЛВДС) «Мазыр». У 1975 годзе пусьцілі насосную № 4 ЛВДС «Мазыр» і 2-ю чаргу НПС «Гомель». У 1977 годзе здалі 2-ю чаргу НПС «Кобрынь» і «Тураў», увялі рэзэрвуар 2-й чаргі і абсталяваньне ўліку нафты на ЛВДС «Мазыр». У 1978 годзе пусьцілі 2-ю чаргу НПС «Зашчоб’е». У 1980 годзе ўвялі насосную № 5 ЛВДС «Мазыр».

У 1992 годзе ГКН «Дружба» пераўтварылі ў прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба». 20 ліпеня 1992 году ў Маскве старшыні ўрадаў Беларусі і Расеі падпісалі па-беларуску і па-расейску Пагадненьне «Аб асноўных прынцыпах і ўмовах узаемаадносін у галіне транспартаваньня нафты». Паводле 3-га артыкула Пагадненьня, «Бакі ўпаўнаважваюць дзяржаўныя прадпрыемствы транспарту нафты ажыцьцяўляць сумесныя і скаардынаваныя дзеяньні, накіраваныя на забесьпячэньне бесьперабойнага і ўстойлівага забесьпячэньня нафтай спажыўцоў Расейскай Фэдэрацыі, Рэспублікі Беларусь і трэціх краінаў шляхам транзыту нафты па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкарыстаньнем сыстэмы магістральных нафтаправодаў, што склалася»[6]. У 1999 годзе збудавалі 37 км лупінгу для 3-й ніткі нафтаправода «Мазыр — Адамова». У 2003 годзе пачалі выкарыстаньне 3-й ніткі нафтаправода «Мазыр — Адамова» і ўвялі ў дзеяньне 2 рэзэрвуары па 75 000 куб.м на ЛВДС «Мазыр». У 2006 годзе дабудавалі валаконна-аптычную лінію сувязі на ўсім працягу магістральнага нафтаправода прадпрыемства. У 2006 годзе на РУП «Гомельтранснафта Дружба» прыпала 70 % нафтавага транзыту (63 млн тонаў), які перавысіў 90 млн тонаў[7]. 8-10 студзеня 2007 году ААТ «Транснафта» (Масква, Расея) перакрывала транзыт праз нафтаправод РУП «Гомельтранснафта Дружба» ў ходзе беларуска-расейскага энэргетычнага канфлікту[8]. У 2009 годзе Савет міністраў Рэспублікі Беларусь выключыў РУП «Гомельтранснафта Дружба» зь ліку прадпрыемстваў, што не падлягалі прыватызаваньню, і пераўтварыў яго ў адкрытае акцыянэрнае таварыства[9].

У 2010 годзе на ЛВДС «Мазыр» прынялі да выкарыстаньня 2 рэзэрвуары па 50 000 куб.м нафты кожны. За 2010 год ААТ «Гомельтранснафта Дружба» перапампавала 75,5 млн тонаў нафты, у 2011-м — каля 72 млн тонаў для ААТ «Транснафта». Прадпрыемства пастаўляла беларускую і расейскую нафту на ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод». Таксама «Гомельтранснафта Дружба» ажыцьцяўляла транзыт казаскай і расейскай нафты ў 6 краінаў — Польшчу, Нямеччыну, Украіну, Вугоршчыну, Славаччыну і Чэхію[10]. 12 красавіка 2012 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 330, паводле якой «Гомельтранснафта Дружба» трапіла ў сьпіс 60 высокапрыбытковых дзяржаўных прадпрыемстваў па выніках 2011 году. Такія прадпрыемствы абавязваліся штомесяц роўнымі долямі пералічваць частку прыбытку ў Дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага разьвіцьця[11]. У 2012 годзе прадпрыемства стала 11-м найбольшым падаткаплатнікам Беларусі[12]. Паводле абсягу чыстага прыбытку ў памеры 909,4 млрд рублёў ($108,7 млн) прадпрыемства заняло 8-е месца ў краіне[13]. У 2013 годзе «Гомельтранснафта Дружба» перапампавала звыш 60 млн тонаў нафты, што склала каля траціны расейскага экспарту нафты[14].

У 2014 годзе прыбытак склаў $55,8 млн, што зрабіла прадпрыемства 14-м найбольш прыбытковым у Беларусі[15]. У 2015-м прадпрыемства займала 9-е месца з $41,9 млн прыбытку[16]. 23 траўня 2017 году ў Менску кіраўнікі ААТ «Гомельтранснафта Дружба» і АТ «Укртранснафта» падпісалі Пагадненьне аб выкарыстаньні нафтаправода «Мазыр — Броды»[17].

Кіраўнікі

рэдагаваць
  1. ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  2. ^ Транспарт нафты (рас.) // ААТ «Гомельтранснафта Дружба», 2019 г. Праверана 14 сакавіка 2019 г.
  3. ^ Сувязь (рас.) // ААТ «Гомельтранснафта Дружба», 2019 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  4. ^ Рэзэрвуарны парк (рас.) // ААТ «Гомельтранснафта Дружба», 2019 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  5. ^ Будова прадпрыемства (рас.) // ААТ «Гомельтранснафта Дружба», 2019 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  6. ^ Пагадненьне «Аб асноўных прынцыпах і ўмовах узаемаадносін у галіне транспартаваньня нафты» (рас.) // Афіцыйны інтэрнэт-партал прававой інфармацыі Расеі, 2019 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  7. ^ Юры Дракахруст. Беларуска-расейскі нафта-газавы канфлікт у лічбах // Радыё «Свабода», 8 студзеня 2007 г. Архіўная копія ад 8 студзеня 2007 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  8. ^ Сямён Печанко, Мікола Бугай. Шасьцідзённая вайна // Наша ніва : газэта. — 12 студзеня 2007. — № 1 (503). — С. 3-6. — ISSN 1819-1614.
  9. ^ Расея пачала будаўніцтва БТС-2 // Эўрарадыё, 12 чэрвеня 2009 г. Архіўная копія ад 12 чэрвеня 2009 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  10. ^ Ганна Кот. Беларусь і Расея працуюць над узгадненьнем тарыфаў на транзыт нафты ў 2012 годзе // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 29 сьнежня 2011 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  11. ^ Больш як 60 высокарэнтабэльных арганізацый Беларусі пералічаць частку прыбытку ў фонд нацразьвіцьця // БелТА, 17 красавіка 2012 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  12. ^ Ганна Кот. Пералік буйнейшых падаткаплацельшчыкаў Беларусі ў 2012 годзе ўзначалілі «Белтрансгаз», «Нафтан», «Беларуськалій» // БелТА, 10 красавіка 2013 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  13. ^ Ганна Кот. «Беларуськалій» па выніках 2012 года стаў найбольш прыбытковым ААТ у Беларусі // БелТА, 30 траўня 2013 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  14. ^ «Гомельтранснафта Дружба» адзначае паўвекавы юбілей // Белтэлерадыёкампанія, 23 лістапада 2014 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  15. ^ Ягор Марціновіч. Топ-20 самых прыбытковых кампаній краіны // Наша ніва. — 3 чэрвеня 2015. — № 21 (906). — С. 5.
  16. ^ Ягор Марціновіч. Прыбытак Машэнскага ўпаў у 440 разоў, Чыжа — у 20 разоў // Наша ніва. — 25 траўня 2016. — № 20 (953). — С. 5.
  17. ^ Ігар Губарэвіч. Беларусь і Ўкраіна супрацоўнічаюць пад пагрозай расейскага націску // Цэнтар Астрагорскага, 28 ліпеня 217 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  18. ^ У Дняпры патануў дырэктар «Гомельтранснафты» // Наша ніва. — 17 ліпеня 2008. — № 26 (576). — С. 22.
  19. ^ Натальля Кароткая. Аляксандар Лукашэнка: У краіне крызісу няма, і ні пра які крызіс гаворка ісьці ня будзе // БелаПАН, 31 кастрычніка 2008 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  20. ^ Сьвятлана Барысенка. Распрацавалі схему // Зьвязда : газэта. — 21 лютага 2017. — № 35 (28399). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  21. ^ Лукашэнка ўзгадніў прызначэньне новых кіраўнікоў «Нафтана» і Мазырскага НПЗ // БелТА, 14 сакавіка 2017 г. Архіўная копія ад 14 сакавіка 2017 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.
  22. ^ Аліна Грышкевіч. Барысенка ўзгоднены на пасаду гендырэктара ААТ «Гомельтранснафта Дружба» // БелТА, 5 сакавіка 2018 г. Праверана 13 сакавіка 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць