Гомельскі мясакамбінат
Каардынаты: 52°24′9″ пн. ш. 31°1′27″ у. д. / 52.4025° пн. ш. 31.02417° у. д.
«Гомельскі мясакамбінат» — дзяржаўнае харчовае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1896 годзе ў якасьці прыватнай жывёлабойні.
«Гомельскі мясакамбінат» | |
Тып | адкрытае акцыйнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 1896 |
Уласьнікі | «Гомельская мяса-малочная кампанія» |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Гомель |
Адрас | Навабеліцкі раён, вул. Ільліча, д. 2[1] |
Ключавыя фігуры | Алена Лобах (генэральны дырэктар), Зьміцер Сьвісьлёнак (галоўны інжынэр)[2] |
Галіна | харчовая прамысловасьць |
Прадукцыя | каўбаса, сасіска, пяльмені |
Абарачэньне | ▼87,886 млн Br (2023 год; 27,658 млн $)[3] |
Апэрацыйны прыбытак | ▼586 тыс. Br (2023 год; 184 тыс. $) |
Чысты прыбытак | ▼−6,74 млн Br (2023 год; 2,121 млн $) |
Матчына кампанія | «Гомельская мяса-малочная кампанія» |
Аўдытар | Сяргей Самасюк (Менск)[4] |
На 2024 год быў адным найбольшых мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў краіны. Меў цэх першаснай перапрацоўкі жывёлы, каўбасны цэх і вытворчы ўчастак мясных паўфабрыкатаў. Вытворчая магутнасьць складала 107 тонаў мяса і вантробаў за зьмену, а таксама 21,6 тонаў каўбасы. Штодня выпускаў 120 найменьняў каўбасы і 80 відаў мясных паўфабрыкатаў. За месяц збывалі звыш 650 тонаў каўбасы і звыш 250 тонаў паўфабрыкатаў. Уласная гандлёвая сетка налічвала 16 крамаў, зь іх 4 былі фірмовымі, і 11 павільёнаў, у тым ліку на 6 рынках Гомлю. Штомесяц праз сваю фірмовую сетку прадавалі звыш 250 тонаў каўбасы і звыш 130 тонаў паўфабрыкатаў. Уласны аўтапарк налічваў 78 самаходаў для штодзённай дастаўкі вырабаў канчатковым спажыўцам. Вытворчасьць ажыцьцяўлялі зь мяса ад гаспадарак Гомельскай вобласьці. Звыш 25 % вырабаў пастаўлялі за мяжу, пераважна ў Расею і Казахстан[5], а таксама ў Армэнію, Грузію і Кыргыстан[6].
Крамы і прадстаўніцтвы
рэдагавацьНа 2024 год «Гомельскі мясакамбінат» меў 16 крамаў, зь іх 11 у Гомлі, 3 у Бабруйску (Магілёўская вобласьць) і па адной у Рэчыцы і Каранёўцы (Гомельскі раён). Таксама працавала 11 павільёнаў, у тым ліку па адным у Добрушы і Лоеве, а астатнія Гомлі, у тым ліку на 6 рынках: Давыдаўскім, Навабеліцкім, Прудкоўскім, Цэнтральным, Чарнаморскім і Чарнігаўскім. Крамы працавалі ад 8:00 да 21:00. У іх прадавалі сьвежае мяса, ахалоджаныя і замарожаныя паўфабрыкаты, мясныя далікатэсы і вэнджаніну, а таксама каўбасы. Сярод іншага, прапаноўвалі сэртыфікаты з наміналам на набыцьцё мясных вырабаў у краме[7]. Супольніцкія прадстаўніцтвы працавалі ў Бабруйску, Віцебску, Горадні і Менску[8].
Вырабы
рэдагавацьНа 2024 год «Гомельскі мясакамбінат» вырабляў:
- 19 найменьняў варанай каўбасы зь мяса птушкі, цяляціны, ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці 20, 25, 30 і 60 дзён;
- 16 найменьняў сасісак і сардэлек зь мяса птушкі, ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці 15, 18, 20, 24, 25, 27 і 30 дзён, у тым ліку цалкам зь мяса птушкі, а таксама мартадэлкі і шпікачкі;
- 22 найменьні варана-вэнджанай і паўвэнджанай каўбасы з кураціны, ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці 25 і 30 дзён, у тым ліку цалкам зь мяса птушкі і ялавічыны, а таксама сэрвэлят;
- 15 найменьняў сыравэнджанай і сыравяленай каўбасы зь мяса птушкі, ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці 25, 30, 45 і 90 дзён, у тым ліку цалкам зь мяса птушкі і ялавічыны, а таксама пэпэроні, сальчычон, салямі і чыпсы;
- 26 найменьняў вэнджаніны цалкам зь мяса птушкі, ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці 10, 12, 24, 25, 30 і 60 дзён, у тым ліку філей, выразку, паўтушкі куранятаў, смалец, бужаніну, вяндліну, бэкон, карбанад, рэбры, рулет, паляндвіцу, сала, грудзінку і кумпяк;
- 23 найменьні паўфабрыкатаў зь мяса птушкі, ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці 6, 7, 30, 90 і 180 дзён, у тым ліку цалкам зь мяса птушкі і ялавічыны, а таксама фарш, язык, сэрца, ныркі, печань, купаты, шашлык і катлеты;
- 6 найменьняў пяльменяў зь мяса птушкі, ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці 90 і 180 дзён, у тым ліку цалкам зь ялавічыны;
- 3 найменьні корму для сабакаў цалкам зь ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці 5 месяцаў;
- 11 найменьняў іншых мясных вырабаў пры тэрміне прыдатнасьці 7, 9, 12, 15, 20, 26 і 30 дзён ды 2 гады, у тым ліку лівэрку, тушонку, крывянку, кашанку, сальцісон і паштэт[9].
Для паставак за мяжу прапаноўвалі:
- вэнджаніну, вараныя, варана-вэнджаныя і паўвэнджаныя каўбасы, сасіскі і сардэлькі;
- ялавічны і сьвіны топлены тлушч найвышэйшага гатунку ў брыкетах па 15 кг;
- ялавічныя блёкі з жылаванага мяса найвышэйшага, першага і другога гатункаў, а таксама аднагатункавыя;
- ялавічыну 1-й катэгорыі ў паўтушах кароваў ад 80 кг і быкоў ад 97 кг[10].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 1896 годзе ў Гомлі (Магілёўская губэрня) адчынілі прыватную жывёлабойню. У 1901 годзе прадпрыемства атрымала памяшканьне каля «Гомельскага мылаварнага заводу». У 1923 годзе ўтварылі каўбасную майстэрню, дзе пачалі вырабляць звыш 200 пудоў каўбасы штомесяц. У 1930 годзе вытворчасьць пашырылі. У лістападзе 1943 году вытворчасьць у новых памяшканьнях наладзілі на патрэбы Чырвонай арміі. На 1 траўня 1949 годзе «Гомельскі мясакамбінат» аднавіў каўбасны цэх, лядоўню, цэх тавараў шырокага спажываньня і ўтылізацыйны цэх. Таксама завяршалі ўзьвядзеньне новага корпусу мясатлушчавога цэху. У 1952 годзе пабудавалі новую лядоўню і каўбасна-кулінарны цэх. У 1969—1972 гадох камбінат перабудавалі[5].
8 сьнежня 1994 году «Гомельскі мясакамбінат» пераўтварылі ў адкрытае акцыйнае таварыства[11]. У 1996 годзе замянілі частку абсталяваньня.
У 2013 годзе «Гомельскі мясакамбінат» апынуўся стратным, бо звыш паловы вытворчасьці склалі паўтушы, якія прадалі ў Расею ніжэй за сабекошт. Зьніжэньне вагі сьвіньняў прывяло да росту выдаткаў пры іх забоі і разьбіраньні на 1,7 млрд рублёў (178 тыс. даляраў). Празьмернае пазычаньне сельгаспрадпрыемствам павялічыла іх дэбіторскую запазычанасьць перад «Гомельскім мясакамбінатам» да 88,4 млрд рублёў (9,295 млн $), што складала паўгадавы абсяг паставак жывёлы. Рэнтабэльнасьць продажу каўбасы за мяжу складала 55 %, а ўнутры Беларусі — 14,5 %. На 2014 год прадпрыемства ўваходзіла ў холдынг «Гомельская мяса-малочная кампанія»[12].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Рэквізыты (рас.) // ААТ «Гомельскі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 14 лістапада 2024 г.
- ^ Зьвесткі для сувязі (рас.) // ААТ «Гомельскі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 14 лістапада 2024 г.
- ^ Бухгальтарскі балянс за 2023 год (рас.) // ААТ «Гомельскі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 14 лістапада 2024 г.
- ^ Аўдытарскія высновы за 2023 год (рас.) // ААТ «Гомельскі мясакамбінат», 4 сакавіка 2024 г. Праверана 14 лістапада 2024 г.
- ^ а б Аб кампаніі (рас.) // ААТ «Гомельскі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 14 лістапада 2024 г.
- ^ Геаграфія паставак (рас.) // ААТ «Гомельскі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 14 лістапада 2024 г.
- ^ Розьнічная сетка (рас.) // ААТ «Гомельскі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 14 лістапада 2024 г.
- ^ Прадстаўніцтвы (рас.) // ААТ «Гомельскі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 14 лістапада 2024 г.
- ^ Вырабы (рас.) // ААТ «Гомельскі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 14 лістапада 2024 г.
- ^ Экспарт (рас.) // ААТ «Гомельскі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 14 лістапада 2024 г.
- ^ ААТ «Гомельскі мясакамбінат», УНП 400078293 (рас.) // ТАА «БізІнспэкт», 9 траўня 2024 г. Праверана 14 лістапада 2024 г.
- ^ Ірына Асташкевіч. Цана мяса на экспарт — ніжэйшая за сабекошт // Зьвязда : газэта. — 5 чэрвеня 2014. — № 103 (27713). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Навіны (рас.) // ААТ «Гомельскі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 14 лістапада 2024 г.