Чыпсы
Чыпсы (анг. chip — «стружка») — абсмажаныя ў алеі тонкія скрылікі бульбы. Страва ўзьнікла ў 1853 годзе ў штаце Нью-Ёрку (ЗША). У 1937 годзе ў ЗША стварылі Нацыянальны інстытут бульбяных чыпсаў, які пазьней стаўся Міжнародным. У 2011 годзе на кожнага жыхара ЗША прыпадала па 3 кг чыпсаў, на вытворчасьць якіх пайшло 11% бульбы. На 2013 г. большасьць паўфабрыкатаў-чыпсаў у сьвеце выраблялася з кукурузнай, пшанічнай і рысавай мукі з даданьнем крухмалу і прыправаў. Таксама ў якасьці асноўнай сыравіны выкарыстоўваецца іншая гародніна (баклажан, буракі, кабачкі, морква), садавіна (банан, груша, хурма, яблык) і сыр[1].
Віды
рэдагаваць- Нарэзаныя (клясычныя). Парэзаная на скрылікі і абсмажаная сьвежая бульба. Абсмажваньне доўжыцца 6—12 хвілінаў. Пераважае ў ЗША і Нямеччыне. Прыгатаваньне 1 кг чыпсаў патрабуе 5 кг бульбы[1], бо тая зьмяшчае 80% вільгаці.
- Пласьцінкавыя. Пласьцінкі з бульбянога пюрэ.
- Пелетныя. Падсмажаныя пелеты з бульбяных шматкоў, крухмалу, зерневай мукі і солі. Смажаньне доўжыцца 5—15 сэкундаў. Удвая меншая тлустасьць, чым у нарэзаных[2].
Стварэньне і распаўсюд
рэдагаваць24 жніўня 1853 году ў рэстаране «Дом месяцовага возера»(en) (Саратога-Спрынгс(en), шт. Нью-Ёрк, ЗША) уласьнік Нью-Ёрскай галоўнай чыгункі(en) Карнэліюс Вандэрбільт(en) (1794—1877) загадаў афіцыянту вярнуць на кухню смажаную бульбу, бо «тая занадта тоўста парэзаная, таму не падсмажылася, як трэба». Кухар Джордж Крам(en) (1828—1914) у адказ парэзаў бульбу тонкімі скрылікамі (анг. chips) таўшчынёй з паперу, падсмажыў іх у алеі і крута пасаліў. Страва спадабалася К. Вандэрбільту і стала падавацца ў іншых рэстаранах ЗША. У 1890 годзе чыпсы пачалі прадаваць на вуліцы[2]. У 1926 годзе чыпсы сталі ўпакоўваць у вошчаную паперу. У 1932 годзе ў Нэшвіле (шт. Тэнэсі) узьнікла гандлёвая марка чыпсаў «Lay's»[1], пад якой на 2012 г. прадавалася звыш паловы чыпсаў у ЗША.
Беларусь
рэдагавацьУ 1987 годзе Навукова-дасьледчы інстытут харчаваньня пры Акадэміі навук БССР атрымаў патэнт на вытворчасьць чыпсаў у выглядзе абсмажанай цеставай стужкі з бульбянога пюрэ і крухмалу. Вынайдзенае вытворчае абсталяваньне пастаўлялася ў межах СССР па больш як 50 установак штогод. Затым на Вузьдзенскі экпэрымэнтальны завод (цяпер завод бульбапрадуктаў; Менская вобласьць) паставілі лінію вытворчасьці бульбяной заедкі зь пелетаў, якія адначасна награвалі і фармавалі з дапамогай вінта ў экструдары[2]. 24 жніўня 2013 году Дзень чыпсаў пачаў адзначацца іх вытворцамі ў Беларусі[3].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Вікторыя Захарава. Чыпсуюць усе // Зьвязда : газэта. — 24 жніўня 2013. — № 158 (27523). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в Надзея Нікалаева. Шлях чыпсаў // Зьвязда : газэта. — 20 верасьня 2011. — № 179 (27042). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ 24 жніўня — бясплатная раздача чыпсаў // Газэта «Новы час», 21 жніўня 2013 г. Праверана 12 верасьня 2015 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьЧыпсы — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў