Троцкая вуліца (Вільня)
Тро́цкая ву́ліца[1] (лет. Trakų gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Месьце. Працягвае вуліцу Дамініканскую. Зьвязвае рог вуліцаў Віленскай і Нямецкай з вуліцай Завальнай.
Троцкая лац. Trockaja | |
вуліца | |
Агульная інфармацыя | |
---|---|
Гістарычны раён | Старое Места |
Даўжыня | 300 м |
Паштовыя індэксы | LT-01132 |
На мапе | |
Вуліца Троцкая ў Вікісховішчы |
Архітэктурныя дамінанты вуліцы — комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, палацы Тызэнгаўзаў, Тышкевічаў і Умястоўскіх, помнікі архітэктуры XV—XIX стагодзьдзяў.
Гісторыя
рэдагавацьНазва вуліцы ўтварылася ад места Трокаў, кірунак на якое яна паказвае. Увесь пэрыяд існаваньня вуліцы яе назва заставалася нязьменнай.
Вуліца сфармавалася ў XIV ст., яе працягам быў Троцкі гасьцінец. У канцы вуліцы стаяла Троцкая брама гарадзкіх абарончых муроў. Каля брамы зьбіралася адмысловае мыта, дзякуючы якому вуліцу забрукавалі адной зь першых у месьце. З XVI ст. дзейнічаў водаправод.
Агульныя зьвесткі
рэдагавацьДаўжыня вуліцы каля 300 м. Мае брукаваную праезную частку. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжаваньня з Завальнай вуліцай. З правага паўднёвага боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага паўночнага боку — цотная нумарацыя.
З правага боку адыходзяць вуліцы Кейданская і Францішканская, зь левага — вуліца Гарадзкога Муру.
Усярэдзіне вуліцы з паўднёвага боку месьціцца Францішканскі сквэр.
Будынкі
рэдагавацьНяцотны бок
рэдагаваць- № 1 (таксама Завальная вуліца, 26) — палац Тышкевічаў, вядомы таксама як «дом пад балванамі» (у другой палове XIX ст. пры ганку зьявіліся постаці атлянтаў, якія падтрымліваюць балькон). Камяніца існуе з XV ст. У канцы XVIII ст. яе рэканструявалі ў стылі позьняга клясыцызму. Неўзабаве палац перайшоў да роду Тышкевічаў, на заказ якіх у 1840 годзе адбылася чарговая рэканструкцыя будынка. Яўстах Тышкевіч, стваральнік Лагойскага і Віленскага музэяў старажытнасьцяў, захоўваў тут частку сваіх археалягічных збораў, якія сталі асновай для першага беларускага музэю. У 1863 годзе ў доме патаемна зьбіраліся паўстанцы. У 1884—1898 гадох у разьмешчаным тут Віленскім акруговым судзе служыў адвакатам Францішак Багушэвіч. У траўні 1907 году ў будынак перабралася рэдакцыя газэты «Наша Ніва», якая працавала тут да 1908 году. Менавіта сюды надрукаваць свае творы ўпершыню завітаў Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас)[2]. У 2017 годзе на доме адкрылі мэмарыяльную дошку ў гонар беларускага клясыка[3].
- № 9 (таксама Францішканская вуліца, 1) — касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў. У 1334 годзе Пётар Гаштольд запрасіў у Вільню манахаў-францішканаў. У 1435 годзе яны збудавалі мураваны гатычны касьцёл. У XVIII ст. сьвятыню перабудавалі ў стылі барока. У 1998 годзе праводзілася рэстаўрацыя помніка.
Цотны бок
рэдагаваць- № 2 — палац Умястоўскіх. Да сярэдзіны XVIII ст. тут стаялі драўляны дамы. Па пажары 1748 году на іх месцы збудавалі мураваны палац. У 1757—1761 гадох будынкам валодаў біскуп жамойцкі Антоні Дамінік Тышкевіч. У сярэдзіне XIX ст. палац набыў Казімер Умястоўскі. У другой палове XIX ст. будынак рэканструявалі. З 1949 году тут пэўны час дзейнічаў Віленскі краязнаўчы музэй, з 1964 году — Музэй тэатру і музыкі (філія Летувіскага мастацкага музэю). У 1992 годзе філія стала самастойным Музэем тэатру, музыкі і кіно. У 1996 годзе музэй перабраўся ў адрэстаўраваны Малы палац Радзівілаў на Віленскай вуліцы.
- № 28 — палац Тызэнгаўзаў. Упершыню гатычная камяніца ўпамінаецца ў 1579 годзе. У другой палове XVIII стагодзьдзя ўладальнікам дома стаў магнат і асьветнік Антоні Тызэнгаўз, які грунтоўна перабудаваў і пашырыў старую камяніцу. Імаверна, аўтарам праекту перабудовы быў галоўны архітэктар Вялікага Княства Джузэпэ Сака. Па банкруцтве А. Тызенгаўза, які кіраваў каралеўскімі эканоміямі ў Вялікім Княстве Літоўскім, і ягонай сьмерці (1785) палац у 1789 годзе перайшоў да генэральшы фон Фітынгоф. Сучаснае аблічча з манумэнтальнымі клясычнымі фасадамі і сымэтрычнай кампазыцыяй будынак набыў у выніку рэканструкцыі 1790 году. Па пажары ў 1944 годзе ад палаца захаваліся толькі сьцены. У 1945 годзе будынак аднавілі, а ў 1957 годзе — рэканструявалі і рэстаўравалі[4].
Францішканскі сквэр
рэдагавацьПерад бакавым фасадам касьцёла месьціцца Францішканскі сквэр, створаны на месцы колішніх кляштарных могілак. У куце сквэру, на рагу з Бэрнардынскай вуліцай захавалася капліца-пахавальня Сузінаў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Наша Ніва. № 1, 1994. С. 7
- ^ Корбут В. Па віленскім бруку. Беларускія вуліцы літоўскай сталіцы [1] // Туризм и Отдых. № 29 (664). 24 ліпеня 2008.
- ^ Кастусь Лашкевіч, 10 адрасоў паўстанцаў Каліноўскага, якія варта наведаць у Вільні, Радыё Свабода, 21 лістапада 2019 г.
- ^ Лашкевіч К. «Страчаная сталіца». 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу, TUT.BY, 29 сакавіка 2011 г.
Літаратура
рэдагаваць- Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai / К. Атаманчык і інш. — Вільня, 2012. — 145 с.
- Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN 9986-9228-2-8.