Праспэкт Гедзіміна (Вільня)

Праспэкт Гедзіміна[1] (лет. Gedimino prospektas), гістарычны Юраўскі — галоўная цэнтральная вуліца Вільні, якая зьвязвае Старое Места зь Зьвярынцам праз Лукішкі. Існуе з 2-й паловы XIX ст. Гістарычная назва ўтварылася ад кармэліцкага касьцёла Сьвятога Юрыя, што месьціцца ў пачатку праспэкту. Сучасную назву атрымаў у гонар вялікага князя Гедзіміна.

Гедзіміна
лац. Giedzimina
праспэкт
Агульная інфармацыя
Гістарычны раён Лукішкі
Былыя назвы Юраўскі, Адама Міцкевіча, Сталіна, Леніна
Даўжыня 1,8 км
Паштовыя індэксы LT-01001, LT-01028, LT-01034, LT-01045
На мапе
Google
Праспэкт Гедзіміна ў Вікісховішчы

Архітэктурныя дамінанты — Катэдра Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава, якая замыкае пэрспэктыву праспэкту, а таксама збудаваныя ў стылі віленскага барока кляштарныя комплексы кармэлітаў з касьцёлам Сьвятога Юрыя і дамініканаў з касьцёлам Сьвятых Якуба і Піліпа, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў.

Гісторыя

рэдагаваць

Гісторыя праспэкту пачалася ў 1852 годзе, калі зьявіўся плян забудовы прадмесьця Лукішкаў з новай цэнтральнай вуліцай. Вакол гэтай вуліцы, забудаванай 2- і 3-павярховымі камяніцамі ўтварыўся новы цэнтар места. У канцы праспэкту ў пачатку XX ст. збудавалі мост, які вядзе ў прадмесьце Зьвярынец.

 
Юраўскі праспэкт. А. Ромэр, 1884

За часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі праспэкт перайменавалі ў гонар Адама Міцкевіча, за савецкім часам — сьпярша ў імя Сталіна, потым Леніна. У 1989 годзе праспэкту надалі імя вялікага князя Гедзіміна.

Агульныя зьвесткі

рэдагаваць
 
Акадэмія навук

Даўжыня праспэкту каля 1,8 км. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад Катэдральнага пляцу, з правага паўночнага боку няцотныя нумары, зь левага паўднёвага — цотныя. Мае брукаваную (плітка) праезную частку. Рух транспарту абмежаваны, у вячэрні і начны час закрыты.

Апроч Катэдральнага, праходзіць праз пляцы Лукіскі, Кудзіркі і Незалежнасьці. На праспэкт выходзяць або яго перасякаюць вуліцы Сірвідаса, Татарская, Віленская, Ягайлы, Стульгінскіса, Якштаса, 16 лютага, Ахвяраў, Кудзіркі, Тумаса-Вайжгантаса, Кроская, Ратундаса. Пад праспэктам праходзіць тунэль Жалезнага Воўка.

У адміністрацыйным пляне частка праспэкту (няцотны бок ад № 1 да 11, цотны бок ад № 2 да 18) адносіцца да раёну Старога Места, частка (няцотны бок № 13—53, цотны — № 20—64) — да Новага Места.

 
Нацыянальная бібліятэка

Няцотны бок

рэдагаваць
  • № 1 — амбасада Ірляндыі, раней кавярня Рудніцкага
  • № 3 — будынак Расейскага дзяржаўнага банку, цяпер Акадэмія навук Летувы. Будаваўся ў 1906—1909 гадох паводле праекту архітэктара Міхаіла Прозарава
  • № 5 — амбасада Партугаліі, раней парфумавая крама Сэгаля
  • № 7 — дом Сьнядэцкага, цяпер Цэнтральная пошта Віленскага павету. Дом збудавалі ў 1886 годзе паводле праекту архітэктара Юльяна Янішэўскага. За часамі Расейскай імпэрыі ў будынку месьціліся Віленскі аддзел Дзяржаўнага шляхецкага зямельнага банку і Віленска-Ковенскі аддзел Сялянскага пазямельнага банку. У 1969 годзе будынак рэканструявалі.


  • № 11 — Урад Летувы
  • № 29 — Дэпартамэнт статыстыкі пры Ўрадзе Летувы
  • № 35 — будынак Гандлёва-прамысловай палаты, збудаваны ў 1913 годзе паводле праекту архітэктара Міхаіла Прозарава
  • № 51 — Нацыянальная бібліятэка Летувы імя Марцінаса Мажвідаса. Паводле дасьледніцы беларускай кніжнай справы Тацяны Рошчынай, тут захоўваюцца некаторыя каштоўныя старадрукі з тэрыторыі Беларусі[2].
  • № 53 — Сойм Летувы. 13 студзеня 1991 году тут адбыліся падзеі, якія сымбалізавалі распад СССР: савецкія войскі спрабавалі на танках прарваць барыкаду і мітынг тысячаў віленчукоў, што выйшлі бараніць будынак сойму і свабоду Летувы.

Цотны бок

рэдагаваць
 
Музэй ахвяраў карных ворганаў
  • № 2 — дом, куды ў 1906 годзе Б. Даніловіч перавёў бібліятэку «Веды». У бібліятэцы працаваў Янка Купала. У 1908—1911 гадох у доме месьцілася Беларускае выдавецкае таварыства «Наша Хата», якое выдала шэсьць кніг[3]. У 1914 годзе гаспадаром кнігазбору стаў Антон Луцкевіч. Пазьней бібліятэка ўвайшла ў склад віленскага Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча, брата Антона, які зьбіраў калекцыю старажытнасьцяў. За часамі Другой сусьветнай вайны тут дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт, які ўзначаліў сьпярша Вацлаў Іваноўскі, а потым Баляслаў Грабінскі. Тут жа была рэдакцыя газэты «Biełaruski hołas», якую выдаваў Францішак Аляхновіч[2].
  • № 4 — Летувіскі нацыянальны драматычны тэатар
  • № 6 — будынак Віленскага зямельнага банку, цяпер Банк Летувы.
  • № 12 — дом, у якім у 1904 годзе адкрылася бібліятэка «Веды», якая належала Барысу Даніловічу. На першым паверсе будынка з пачатку ХХ ст. і да Другой сусьветнай вайны знаходзілася кавярня «Чырвоны Штраль», куды, паводле легенды, любіў завітваць Янка Купала. У гэтым доме таксама меў фотаатэлье фатограф Аляксандрас Юрашайціс, вядомы партрэтамі дзеячоў летувіскага нацынальнага руху, у тым ліку будучага прэзыдэнта Антанаса Сьмятоны, а таксама беларускай паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і мастака Фэрдынанда Рушчыца[2].
  • № 20 — былы гатэль «Жорж». Будаваўся ў 1893—1895 гадох паводле праекту архітэктара Тадэвуша Раствароўскага. На фасадзе будынка захавалася статуя Сьвятога Юрыя.
  • №№ 22, 24 — дом купца Смажаневіча. Будаваўся ў 1899—1903 гадох паводле праекту архітэктара Канстанціна Караедава
  • № 36 — Канстытуцыйны суд Летувы
  • № 40 — будынак акруговага суду, цяпер музэй ахвяраў злачынстваў карных ворганаў. У гэтым доме ў 1940—1941 гадох разьмяшчаўся НКВД, а ў часы нямецкай акупацыі — гестапа.
  • № 42 — Летувіская акадэмія музыкі і тэатру
  1. ^ Наша Ніва. №1, 1994. С. 7.
  2. ^ а б в Корбут В. Па віленскім бруку [1](недаступная спасылка) // «Туризм и Отдых». №19. 15 траўня 2008.
  3. ^ Лашкевіч К. Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні, TUT.BY, 6.08.2009.

Літаратура

рэдагаваць
  • Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN 9986-9228-2-8.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Праспэкт Гедзіміна (Вільня)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў