Адкрыць галоўнае мэню
Спадарожнікавы фатаздымак Мадагаскару, чацьверты па велічыні востраў у сьвеце

Востраў — участак сушы натуральнага паходжаньня ў акіянах і морах, акружаны з усіх бакоў вадой. Стала ўзвышаецца над вадой нават у пэрыяд найбольшага прыліву. Ад кантынэнтаў адрозьніваюцца адносна невялікімі памерамі. Сустракаюцца адзінкавыя астравы і іх групы (архіпэлягі).

Для драбнейшых рачных, азёрных і балотных участкаў сушы выкарыстоўваецца азначэньне «выспа».

НазваРэдагаваць

У беларускай мове словы «востраў» і «выспа» не зьяўляюцца сынонімамі альбо правапіснымі варыянтамі, а традыцыйна абазначаюць, у першым выпадку, участкі сушы ў акіянах і морах, што адпавядае польскаму «wyspa» і расейскаму «остров», і, у другім выпадку, драбнейшыя, часьцей за ўсё, рачныя, азёрныя і балотныя пяшчаныя ўтварэньні, што замацавалася лексыкаграфічна[1][2] і сустракаецца ў мастацкіх тэкстах.

Таксама для азначэньня «кавалакаў сушы, аколеных вадой» у народнай мове напачатку XX стагодзьдзя выкарыстоўваліся лексэмы «атока» і «аточка»[3], якія абазначалі большыя і меншыя ўчасткі сушы, і, імаверна, сэмантычна паходзілі з праславянскага «o-strovъ», што літаральна азначала «аб струмень», то бок тое, што абцякаецца воднай плыньню[4], параўнальна з сэрбскахарвацкім «otok» у значэньні «востраў». Лексыкаграфічна лексэмы «абток»/«атока» сустракаюцца ў слоўніку Вацлава Ластоўскага, найноўшым слоўніку Валентыны Пашкевіч 2006 году як першаснае перад «востравам»[5] і слоўніку беларускай мовы «Нашай Нівы»[6].

У старабеларускіх тэкстах у пераважнай бальшыні выпадкаў выкарыстоўвалася лексэма «выспа» ў значэньні ўчасткаў сушы ў акіянах і морах, што зьяўляецца даўнім пазычаньнем з польскае мовы:[4]

Выспа наз. Востраў. напервеи утекли были до некоторое выспы (Атыла, 220); игнатеА ... до митылены на выспу выгналъ (Бер. саб., 386); люди ест на выспе гишпане (Царств., 786); Роди место на выспе (Вельск., 37); столицу свою на выспе озера лагоды ... заложил (Стрыйк., 438); Пребыване наше есть выспа, которую огорнула река (Алекс, 26); выспы стерегли и боронили (Там жа); котори одного часу для ловеня зверу заплыв до некоторой велми оздобнои и веселой выспы (Тр. гіст., 67); з выспов морскихъ зошлисе до него войска за пнзи (Кн. Мак., 566); от того часу тыи краины от полщи отпали. кашубы, сербы, сасы и выспы морские (Хр. польск., 6); радил ему Езекия абы собъ якого местца на оно выспе шукал (36. 752, 4556); По всемъ свете земли и морю и выспахъ шукалъ его цесар (Пралог, 6656); Цареве тарские з высповъ принесут ему дари (Пс, XVII, 516); Напрод потомство Афетово посело всю Европу и болшую част Азіи и выспы: моря Медитеранского (Выкл., 10); Кипръ: ел: хорошаа, пАкнаа, аб пАкност, ел: Выспа (Бяр., 287). Параўн. высепъ.

Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Т. 6

 
Від на выспу Чайчын (у цэнтры на небасхіле) з паўночна-заходняга берага возера Струста

У адрозьненьне ад старабеларускае моўнае нормы, выкарыстаньне гэтых словаў у сучаснай беларускай мове зьмяняецца ў бок шырэйшае лексычнае разнастайнасьці. Ранейшыя ўзоры выкарыстаньня гэтых лексэмаў датуюцца беларускамоўнаю творчасьцю Яна Чачота, верш «Яжовыя» (1819):

У нас вельмі хораша! Хаты зьлепкі з гною
Бо лесу ня маеце, усе астровы пусты.
Выся заляцаеце жытам, пшаніцою,
Бо у вас грунт харошы, чарназемны, тлусты[7]

Ян Чачот. Яжовыя, 4—8

Па хадзе разгортваньня беларускага нацыянальнага адраджэньня гэтыя лексэмы дакумэнтуюцца ў лексыкаграфічных выданьнях беларускіх мовазнаўцаў, у прыватнасьці, у «Беларускае навуковае тэрміналёгіі» аўтарства Інстытуту беларускае культуры[8] і «Крывіцкім слоўніку» Вацлава Ластоўскага[3] (як і ў ягонай меркаванай публікацыі «Тэрміны да анатоміі і фізіялёгіі»[9]) з варыянтам «востраў» для азначэньня ўчасткаў сушы ў акіянах і ў морах.

Іншыя дарэформавыя лексыкаграфічныя выданьні падаюць наступныя прыклады ўжываньня:

остров — востраў, выспа

— Практычны расійска-беларускі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, М. Гарэцкі. — Менск: Белтрэстдрук, 1924. С. 158.

остров — востраў, выспа

— Расійска-беларускі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1928. С. 331.

island — абток, востраў, выспа

Пашкевіч Валентына. Ангельска-беларускі слоўнік / Пад рэд. С. Шупы. — Менск: Зьміцер Колас, 2006. — 1028 с. Каля 30 000 словаў. ISBN 985-6783-15-1. С. 505.

У рэшышчы найноўшай лексыкаграфіі, прыкладам якой можа служыць «Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс)» 2001 году (больш вядомы як «слоўнік Нашай Нівы»), словы «востраў» і «выспа» адзначаюцца раўназначна (без тлумачэньняў). Сучасная нармалізацыя беларускага клясычнага правапісу 2005 году ў якасьці прыкладаў да правілаў выкарыстоўвае толькі слова «востраў» (гл. 19:56.2 б — «Фолклэндзкія астравы», БКП 24:74 заўвага А. — «Аркнэйскія астравы», БКП 10:33 г «востраў Мядзьведжы – мядзьведзкі»).

Віды астравоўРэдагаваць

Часам вылучаюць «рачныя выспы». Таксама бываюць «штучныя выспы».

Астравы плошчай больш за 30 000 км²Рэдагаваць

№ п/п Назва вострава Плошча ў км² Краіна
1 Грэнляндыя 2 175 600   Данія
2 Новая Гвінэя 790 000   Папуа-Новая Гвінэя і   Інданэзія
3 Калімантан (Барнэа) 737 500   Брунэй,   Інданэзія і   Малайзія
4 Мадагаскар 587 041   Мадагаскар
5 Бафінава Зямля 507 451   Канада
6 Суматра 425 000   Інданэзія
7 Хансю 227 414   Японія
8 Вялікабрытанія 219 000   Вялікабрытанія
9 Вікторыя 217 291   Канада
10 Элсьмір 196 236   Канада
11 Сулавэсі 174 600   Інданэзія
12 Паўднёвы востраў 150 737   Новая Зэляндыя
13 Ява 126 700   Інданэзія
14 Паўночная выспа 114 050   Новая Зэляндыя
15 Ньюфаўндлэнд 108 860   Канада
16 Куба 105 007   Куба
17 Люсон 104 688   Філіпіны
18 Ісьляндыя 102 828   Ісьляндыя
19 Мінданао 94 630   Філіпіны
20 Ірляндыя 84 406   Ірляндыя і   Вялікабрытанія
21 Хакайда 78 073   Японія
22 Сахалін 76 400   Расея
23 Гаіці 74 700   Гаіці і   Дамініканская Рэспубліка
24 Банкс 70 028   Канада
25 Шры-Ланка 65 268   Шры-Ланка
26 Тасманія 60 637   Аўстралія
27 Дэван 55 247   Канада
28 Паўночны востраў, Новая Зямля 48 904   Расея
29 Вогненая Зямля 47 992   Аргентына і   Чылі
30 Зямля Аляксандра I 43 200     Антарктыда
31 Аксэль-Гайбэрг 43 178   Канада
32 Мэлвіл 42 149   Канада
33 Саўтгэмптан 41 214   Канада
34 Маража 40 100   Бразылія
35 Шпіцбэрген 39 044   Нарвэгія
36 Кюсю 36 555   Японія
37 Новая Брытанія 36 514   Папуа-Новая Гвінэя
38 Тайвань 35 801   Кітай
39 Хайнань 33 572   Кітай
40 Востраў Прынца Ўэйлскага 33 339   Канада
41 Паўднёвы востраў, Новая Зямля 33 275   Расея
42 Ванкувэр 31 285   Канада
43 Тымор 30 777   Усходні Тымор і   Інданэзія

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Выспа // Беларуска-рускі слоўнік / Укладальнік: Аляксандар Булыка. — Мінск: Аверсэв, 2001. — ISBN 985-6389-79-8
  2. ^ Выспа // Самабытнае слова: Слоўнік беларускай безэквівалентнай лексікі (у рускамоўным дачыненні). — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. — ISBN 5-85700-187-0
  3. ^ а б Юрась Пацюпа Крывіцкі лексыкон // ARCHE Пачатак. — Мінск: 2007. — № 3.
  4. ^ а б Выспа // Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. — Мн.: 1980 Т. 2.
  5. ^ Пашкевіч Валентына. Ангельска-беларускі слоўнік / Пад рэд. С. Шупы. — Менск: Зьміцер Колас, 2006. — 1028 с. Каля 30 000 словаў. ISBN 985-6783-15-1. С. 505.
  6. ^ абток -ка (востраў, эм.) // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс). Наша Ніва, 2001. Укладальнік: калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва»
  7. ^ Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 29. — 327 с. — ISBN 5-340-00171-7
  8. ^ Географічныя й космографічныя тэрміны і назовы нябесных цел // Беларуская навуковая тэрміналёгія. — Менск: Інбелкульт, 1923.
  9. ^ Тэрміны да анатоміі і фізіялёгіі. — Мінск: ARCHE Пачатак, 2010. — № 11. — С. 383.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць

  Востраўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў