Смаленская вайна

вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай у 1632—1634 гадах

Смале́нская вайна́ 1632—1634 гадо́ў[5], Вайна Маско́ўскай дзяржа́вы з Рэ́ччу Паспалі́тай 1632—1634 гадоў — узброены канфлікт Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай за Смаленскае ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага і Чарнігаўскае ваяводзтва Каралеўства Польскага[5].

Вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1632—1634 гадоў
Капітуляцыя Шэіна ў 1634 годзе
Дата: 1632—1634
Месца: Смаленскае ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага
Прычына: Жаданьне Маскоўскай дзяржавы захапіць землі, страчаныя ў вайне 1609—1618 гадоў
Вынік: Палянаўскае замірэньне, кароль і вялікі князь афіцыйна адмовіўся ад правоў на маскоўскі сталец
Тэрытарыяльныя
зьмены:
Масква атрымала Сярпейск, Трубчэўск, Ахтырку і Лебядзін
Супернікі
Маскоўская дзяржава Масковія
Камандуючыя
  • Міхаіл Шэін
  • Сямён Празароўскі
  • Арцемі Ізмайлаў
  • Багдан Нагой
Колькасьць
к. 28 000:
  • к. 3000 у гарнізоне[1]
  • к. 11 000 А. Гансеўскага і К, Радзівіла[2]
  • к. 15 тысячаў Уладзіслава Вазы[3]
  • 158 гарматаў
23 961[4]
  • 170 гарматаў

Адбывалася ў час Трыццацігадовай вайны ў Заходняй Эўропе. Ваенныя дзеяньні пачаліся 10 верасьня 1632 і скончыліся 4 чэрвеня 1634 року Палянаўскім мірам. У выніку вайны да Маскоўскай дзяржавы адышлі Сярпейск, Трубчэўск, Ахтырка і Лебядзін, тым часам кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза атрымаў 20 тыс. рублёў за адмову ад дамаганьняў на маскоўскі сталец[5] (ад тытулу «гаспадара ўсяе Русі»).

Перад вайной

рэдагаваць

Вайну распачала Маскоўская дзяржава як працяг змаганьня за памежныя тэрыторыі (Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну ды інш.). Падрыхтоўка да яе вялася з разьлікам на тое, што каталіцкія дзяржавы Эўропы, зьвязаныя Трыццацігадоваю вайною, ня змогуць дапамагчы свайму натуральнаму (каталіцкаму) хаўрусьніку на ўсходзе — Рэчы Паспалітай. У Рэчы Паспалітай жа ў гэты час быў пэрыяд бескаралеўя.

Зь іншага боку, Масква разьлічвала на дапамогу Швэцыі і Турэччыны — супраціўнікаў каталіцкіх дзяржаваў-камбатантаў. Сапраўды, не зважаючы на Альтмарскую дамову Швэцыі і Рэчы Паспалітай (1629), Швэцыя ажыцьцяўляла з 1630 року вайскова-тэхнічную дапамогу Маскве ўзамен за пастаўкі хлеба па ільготных цэнах. Аднак фармальнага пагадненьня па вайсковым узаемадзеяньні са Швэцыяй і Турэччынай не было дасягнута — наадварот, напрыклад, крымскія татары (хаўрусьнікі Турэччыны) ня раз нападалі на маскоўскія землі (чэрвень 1632, травень-чэрвень 1633). Складаньне больш трывалага хаўрусу Масквы са Швэцыяй зашкодзіла сьмерць швэдзкага караля Густава II Адольфа (1632).

Рыхтуючыся да вайны, Маскоўская дзяржава ажыцьцяўляла пераўзбраеньне і пашырэньне і рэарганізацыю свайго войска, і кіраўнічыя колы меркавалі, што да вайны гатовыя, з чым, аднак, не згаджаліся іншаземныя адмыслоўцы (швэдзкі рэзыдэнт І. Мелер, 1632). Ня выключана, што варожая да Масквы пазыцыя крымскіх татараў была падрыхтаваная дзеяньнямі эмісараў ураду Рэчы Паспалітай яшчэ ўвесну 1632.

Хада падзеяў

рэдагаваць

Пачатак вайны

рэдагаваць

Маскоўскі гаспадар Міхаіл Раманаў скарыстаў бескаралеўе, што пачалося ў Рэчы Паспалітай пасьля сьмерці 30 красавіка 1632 року Жыгімонта Ваза, і накіраваў пад Смаленск 24-тысячнае[6] войска пад камандаю ваяводы Міхайлы Шэіна[5]. Масква пасьпяшалася дэманстрацыйна парушыць умовы Дэўлінскага замірэньня (1618)[7][8]. Пастанову пра дачасны пачатак вайны падтрымаў і Земскі сабор (20 чэрвеня 1632).

Дзеля збору арміі была значна скарочаная колькасьць войска на паўднёвых рубяжох, чым не прамінулі скарыстацца крымскія татары. 20 тысячаў крымскіх татараў разрабавалі Мцэнскі, Навасільскі, Арлоўскі, Карачаўскі, Лівенскі і Ялецкі паветы. Татарскі напад на паўднёвыя землі Маскоўскага царства ў чэрвені 1632 не сарваў пачатку вайны, але запаволіў выхад маскоўскіх войскаў на месца збору пад Мажайскам (перадавыя часткі — 3 жніўня 1632; асноўныя сілы, на чале з баярынам Міхайлам Шэіным, — 9 жніўня 1632), а потым — іхні паход на Смаленск. Да жніўня маскоўскі ўрад ня мог наважыцца на актыўныя дзеяньні. Фармальны загад пра пачатак ваенных дзеяньняў быў атрыманы Шэіным 10 верасьня.

Масква мела намеры сабраць 32 000 жаўнераў, аднак ня здолела гэтага зрабіць. З улікам 3463 наймітаў з Галяндыі, Шатляндыі, Швэцыі, Нямеччыны і Ангельшчыны ў войску ваяводы налічвалася каля 24 000 чалавек[4].

Пачатак баявых дзеяў

рэдагаваць

10 кастрычніка ваявода Шэін атрымаў загад рушыць у Вязьму. 12 кастрычніка калускі аддзел князя Івана Гагарына ўзяў Сярпейск. 18 кастрычніка аддзел Фёдара Сухоціна авалодаў Дарагабужам. Князь Празароўскі захапіў Белы. 20 кастрычніка ваявода Шэін выступіў зь Вязьмы на Смаленск. У лістападзе-сьнежні 1632 року маскоўскія войскі занялі месты Невель, Ноўгарад-Северскі, Батурын, Красны, Рослаў, Старадуб, Почап, Себеж, Трубчэўск, Сураж й інш[9].

5 сьнежня 1632 армія Міхаіла Шэіна, якая дасягнула колькасьці 32 тыс. чалавек пры 151 гармаце[a], сабралася пад Смаленскам. У студзені 1633 року маскоўскае войска пачало аблогу Смаленску[5]. Частка войскаў была высунутая ў Аршанскі і Амсьціслаўскі паветы дзеля блякаваньня войскаў Гансеўскага. На заходнім баку Смаленску быў разьмешчаны «астрожак» князя Празароўскага, да якога прымыкалі шанцы палка Віліма Кіта. На паўднёва-ўсходнім баку разьмясьціліся палкі Аляксандра Лэсьлі. Гарнізонам гораду з 2 тыс. чалавек, якім не ставала пораху, загадваў смаленскі падваявода князь Самуэль Друцкі-Саколінскі[10]. Аднак аблога стала няўдалаю, бо поўнае блякады маскалі зрабіць ня здолелі[11], і польны гетман Вялікага Княства Літоўскага Крыштоф Радзівіл перакінуў у места падмогу[5]. Ягонае войска, што стаяла ля вёсак Краснае і Баева за 40 км ад Смаленску, налічвала разам з аддзелам смаленскага ваяводы Аляксандра Гасеўскага[12] 4,5 тыс. чалавек.

Ваенныя дзеяньні адбываліся і на іншых кірунках, пераважна ў форме набегаў. Так, на паўднёвым кірунку войска Рэчы Паспалітай зрабіла паходы ў Себескі павет і пад Пуціўль у канцы сьнежня 1632 — пачатку студзеня 1633, прайграўшы баі на рацэ Арлеі і пад Себежам; напады на Пуціўль (люты і травень 1633), Старадуб (сакавік 1633), Ноўгарад-Северскі (красавік 1633); паход на Валуйкі і Белгарад запароскага войска палкоўніка Я. Астраніна (чэрвень 1633). На пскоўскім кірунку маскоўскае войска зрабіла паходы: на Полацак (моцна разбураючы горад і навакольле, травень — чэрвень 1633), на віцебскія і ўсьвяцкія землі. У чэрвені 1633 году маскоўскае войска захапіла Прапойск, пасады Амсьціслава і Крычава[5].

 
Аблога Смаленску. Фрагмэнт гравюры Вільгельма Гондыюса «Плян аблогі Смаленску». Данцыг, 1636

Пералом у ваенных дзеяньнях адбыўся за летам—восеньню 1633, калі быў зьдзейсьнены шэраг нападаў войскаў Рэчы Паспалітай, Запарожжа і крымскіх татараў на пскоўскім і паўднёвым кірунку, што, відавочна, мела на мэце адцягнуць увагу маскоўскіх военачальнікаў ад Смаленску. У чэрвені 1633 року 5-тысячнае войска запароскіх казакаў пад даводзтвам палкоўніка Якава Астраніна здолела ўзяць і разрабаваць Валуйкі, а пасьля гэтага аблажыць Белгарад[13]. Польскае войска князя Ярэмія Вішнявецкага аблажыла Пуціўль. Маскоўскія ваяводы, князі Гагарын і Ўрусаў, здолелі арганізаваць абарону і адбіць усе атакі, аднак Вішнявецкі захапіў і спаліў Валуйкі[14]. У сярэдзіне чэрвеня 20-30 тысячаў крымскіх татараў на чале з Мубаракам Гірэем па Ізюмскім шляху ўвайшлі ў Масковію. Татары разрабавалі Маскоўскі, Абаленскі, Серпухаўскі, Тарускі, Алексінскі, Калускі, Кашырскі, Каломенскі, Зарайскі, Разанскі, Пронскі, Бялёўскі, Болхаўскі і Лівенскі паветы. Маскоўскі ўрад здолеў зладзіць на татараў вялікую выправу, аднак гэта пасьпела сказацца на смаленскім войску: мноства дваранаў і баяраў, чые маёнткі разьмяшчаліся ля «паўднёвых ускраінаў», самахоць пакінулі войска Шэіна, каб абараняць уласныя маёнткі.

Смаленск

рэдагаваць

Тым часам новаабраны кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў Ваза сабраў 15-тысячнае войска пад Варшавай і вывеў яго ў паход (9 траўня 1633) на дапамогу Смаленску. 22 жніўня на рацэ Жорнаўцы кароль сустрэўся з гетманам Радзівілам і ваяводам Гансеўскім. Аб’яднанае 25-тысячнае войска Рэчы Паспалітай падыйшло да Смаленску 25 жніўня 1633. У выніку колькіх бітваў войска на чале з Уладзіславам IV у верасьні адцясьніла маскоўскае войска ад гораду і неўзабаве акружыла маскоўскі ўмацаваны лягер пад Смаленскам. Да таго ж аддзел, пасланы Ўладзіславам IV у Дарагабуж, зьнішчыў запасы харчаваньня, што прызначаліся рэзэрву маскоўскага войска, якія выйшлі на дапамогу арміі Шэіна[5]. Тым самым маскоўскі рэзэрв запынілі пад Дарагабужам. Тым часам войска Рэчы Паспалітай было ўзмоцненае запароскай арміяй (20 тыс. чалавек; кам. гетман Т. Арандоранка).

Пасьля 4 месяцаў баёў у акружэньні 15 лютага 1634 року маскоўскі ваявода Міхаіл Шэін пачаў перамовы пра здачу і 21 лютага падпісаў акт аб ганаровай капітуляцыі перад гетманам польным Крыштапам Радзівілам. Паводле ўмоваў здачы рэшткі маскоўскага войска (8 тыс. чалавек) адступалі да дзяржаўнай мяжы з асабістай зброяй, але пакідалі ўсе 123 гарматы, 129 штандараў[5], запасы і рыштунак, а таксама выдавалі ўсіх перабежчыкаў з войска Рэчы Паспалітай. 2 тыс. хворых і параненых маскоўскае войска пакінула ў лягеры; пасьля выздараўленьня яны мелі вярнуцца дадому. Рэшта наймітаў Шэіна перайшла на службу Рэчы Паспалітае[b]. Па прыбыцьці ў Маскву Міхаіла Шэіна зьвінавацілі ў здрадзе і пакаралі сьмерцю[15][16].

Сканчэньне вайны

рэдагаваць
 
Памятны мэдаль у гонар перамогі караля Ўладзіслава Вазы пад Смаленскам

На іншых кірунках у пачатку 1634 войскі Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы працягвалі дзейнічаць набегамі (паходы войска Рэчы Паспалітай пад Себеж, студзень 1634; пад Вялікія Лукі, вясна 1634; паход маскоўскага войска пад Азярышча, травень 1634), адбыліся пасьпяховыя для маскоўскага боку баі пад Вялікім Лукамі (29 сакавіка 1634), пад Азярышчам (травень 1634).

У Маскве пачалося (1634) фармаваньне новай раці (на чале з князямі Д. Чаркаскім і Д. Пажарскім), але гэтае войска не было скіравана на фронт, бо Маскоўская дзяржава не жадала страціць сваю апошнюю значную вайсковую сілу. Войска Рэчы Паспалітай, разьвязаўшыся пад Смаленскам, рушыла ў наступленьне на тэрыторыю супраціўніка, але было спынена зацятай абаронай гораду Белага.

Замірэньне

рэдагаваць

Нягледзячы на посьпех пад Смаленскам, Рэч Паспалітая ня здолела разьвіць наступленьне. Няўдачы пад Белым паспрыялі зробленым яшчэ ў лютым 1634 маскоўскім прапановам аб міры, і ў выніку перамоваў быў укладзены (4 чэрвеня 1634) Палянаўскі мір. У выніку вайны да Маскоўскай дзяржавы адышло места Сярпейск з навакольлем, кароль Уладзіслаў Ваза адмовіўся ад прэтэнзіяў на маскоўскі сталец.

  1. ^ Таксама было 7 верхавых гарматаў, аднак цяжкая артылерыя трапіла на фронт толькі ў сакавіку 1633.
  2. ^ Пасьля вайны ўсе найміты, якія заставаліся ў маскоўскім войску, былі звольненыя.
  1. ^ Меньшиков Д. Н. Затишье перед бурей. С. 107, 117.
  2. ^ Меньшиков Д. Н. Затишье перед бурей. С. 112.
  3. ^ Прокофьев В. А., Новосельский А. А. Международное положение Русского государства в 20-30-х годах и Смоленская война 1632—1634 гг. // Очерки истории СССР. Период феодализма. XVII век. — М., 1955. С. 474.
  4. ^ а б «Перечневая роспись ратных людей под Смоленском 141-го года» // Меньшиков Д. Н. Затишье перед бурей. Боевые действия под Смоленском в июле-августе 1633 года // Война и оружие: Новые исследования и материалы. Научно-практическая конференция 12-14 мая 2010 г. — СПб., 2010. Ч. II. С. 107.
  5. ^ а б в г д е ё ж з Грыцкевіч А. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—1634 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4 — С. 372—373.
  6. ^ «Перечневая роспись ратных людей под Смоленском 141-го года». Меньшиков Д. Н. Затишье перед бурей. Боевые действия под Смоленском в июле-августе 1633 года // Война и оружие: Новые исследования и материалы. Научно-практическая конференция 12-14 мая 2010 г. СПб., 2010. Ч. II. С. 107.
  7. ^ Paweł Jasienica, Rzeczpospolita Obojga Narodów. Cz. I: Srebrny Wiek, Świat Książki, Warszawa 1997, s. 300; Mocne uderzenie pod Smoleńskiem, [w:] Władysław IV Waza 1595—1648, Seria Władcy Polski, nr 23, dodatek do dziennika Rzeczpospolita z dn. 24.07.2007, s. 13.
  8. ^ Dariusz Milewski, Moskwa łamie rozejm, [w:] Bitwa o Smoleńsk 1632—1634, Seria Chwała oręża polskiego, nr 10 (31), dodatek do dziennika Rzeczpospolita z dn. 30.12.2006, s. 5.
  9. ^ Международное положение Русского государства… С.468
  10. ^ Вячаслаў Насевіч. Друцкія-Саколінскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4 — С. 603.
  11. ^ Международное положение Русского государства… С.470
  12. ^ Вячаслаў Насевіч. Гасеўскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4 — С. 516.
  13. ^ Волков В. А. Смоленская война (1632—1634 гг.)
  14. ^ Международное положение Русского государства… С. 471
  15. ^  Davies, Norman God’s Playground (анг.). — Polish edition. — Znak, 1994. — С. 602. — ISBN 8370063314
  16. ^ Международное положение Русского государства… С. 474—475

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць