Беларуска-індыйскія дачыненьні
Беларуска-індыйскія дачыненьні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Індыі.
Беларусь |
Індыя |
---|---|
Дыпляматычныя місіі | |
Амбасада Беларусі ў Індыі |
Амбасада Індыі ў Беларусі |
Амбасадары | |
Андрэй Ржавускі | Алок Ранджан |
На 2022 год Амбасада Беларусі ў Індыі месьцілася на поўдні Новага Дэлі ў раёне Васант Віхар па вуліцы Ф6, д. 8Б. Консульскі аддзел Амбасады Беларусі прымаў з панядзелка па сераду і ў пятніцу а 10:00—12:00[1]. Амбасада Індыі ў Беларусі месьцілася ў Савецкім раёне Менску па вуліцы Собінава, д. 63 (мікрараён Сельгаспасёлак)[2]. Амбасада Індыі працавала з панядзелка па пятніцу а 9:00—13:00 і а 13:30—17:30. Дакумэнты прымалі да 12-й гадзіны, а выдавалі пасьля 16-й[3].
Візавы рэжым
рэдагавацьНа 2022 год грамадзянам Індыі надавалася права бязьвізавага ўезду ў Беларусь да 30 дзён праз аэрапорт «Менск» пры наяўнасьці шэнгенскай візы ў краіны Эўразьвязу. 1 кастрычніка 2019 году эмірацкае прадпрыемства «Сусьветнае візавае садзейнічаньне» пачало афармляць заяўкі на беларускія візы для грамадзянаў Індыі праз прадстаўніцтвы ў Бангалоры, Дэлі, Калкаце, Мумбаі і Чынаі. У сьнежні 2019 году ўрад Індыі вырашыў выдаваць грамадзянам Беларусі электронныя візы[4]. На 2022 год консульскі збор за візу ў Беларусь каштаваў 60 эўра[5]. Збор за падарожніцкую візу ў Індыю да году складаў 100 даляраў, а за студэнцкую да 5 гадоў — 80 даляраў[6].
Гандаль
рэдагавацьУ 1997 годзе стварылі Беларуска-індыйскую міжурадавую камісію супрацы ў галіне эканомікі, гандлю, прамысловасьці, навукі, тэхналёгіяў і культуры. Да 2022 году правялі 10 паседжаньняў Міжурадавай камісіі, якую ад Беларусі ўзначальваў міністар прамысловасьці Беларусі[7]. У лістападзе 2012 году Беларусь узяла ўдзел у Міжнароднай гандлёвай выставе Індыі ў якасьці краіны-спольніцы[8]. У чэрвені 2013 году «Цяжкая электрыка Індыі» паставіла і ўсталявала абсталяваньне на Гарадзенскай гідраэлектрастанцыі[9].
У 2015 годзе ўрад Індыі прызнаў гаспадарку Беларусі рынкавай па выніках візыту прэзыдэнта Індыі Пранаба Мукерджы ў Беларусь. Пры гэтым, Экспартна-імпартны банк Індыі вылучыў пазыковую лінію на 100 млн даляраў. У траўні 2016 году ў Нагпуры (штат Магараштра) адкрылі рамонтную майстэрню самазвалаў «БелАЗ». У штаце Андгра-Прадэш прадпрыемства «Трывені» выкарыстоўвала 5 самазвалаў «БелАЗ» грузападымальнасьцю 240 тонаў[7]. У 2016 годзе Беларусь паўторна ўзяла ўдзел ў Міжнароднай гандлёвай выставе Індыі ў якасьці фокуснай краіны[8]. У 2016 году ў Беларусі заснавалі 3 сумесныя фармацэўтычныя прадпрыемствы з укладаньнем 3-х млн даляраў зь індыйскага боку. Зь Індыі мелі пастаўляць актыўныя рэчывы. У траўні 2017 году Індыйская гандлёва-прамысловая палата ўзяла ўдзел у Мэдычным форуме Беларусі[9]. У чэрвені 2017 году «Гомсельмаш» стварыў сумеснае прадпрыемства «Гомсельмаш-Індыя» разам з «ДВР Інфратэх». У 2017—2018 гадох «Беларуснафта» павысіла нафтааддачу плястоў на радовішчах Дзігбой і Чабуа ў штаце Асам[7]. У чэрвені 2018 году Індыйская гандлёва-прамысловая палата прывезла прадпрымальнікаў на міжнародную выставу «Белагра»[9].
У верасьні 2019 году анлайн-агрэгатар «Ятра» пачаў прасоўваць падарожніцтва па Беларусі ў якасьці пацьверджанага беларускага весткавага асяродка ў Індыі. На пачатку лютага 2020 году «Беларуснафта» заключыла кантракт з «Нафтагазавай карпарацыяй» на падбор паверхнева-актыўных рэчываў (ПАВ) для павышэньня нафтаадачы на 6 індыйскіх радовішчах. 4 сакавіка 2020 году ў Новым Дэлі правялі Беларуска-індыйскі інвэстыцыйны форум з удзелам 9 беларускіх і звыш 70 індыйскіх прадпрыемстваў. На наступны дзень падпісалі Пратакол аб ратыфікацыі Пагадненьня аб інвэстыцыях, заключанага 24 верасьня 2018 году ў Менску. У 2020 годзе «БелАЗ» паставіў прадпрыемству «Вугаль Індыі» 77 кар'ерных самазвалаў грузападымальнасьцю 136 тонаў[7].
У студзені 2021 году «БелАЗ» заключыў з ТАА «Вугаль Індыі» кантракт на пастаўку 96 самазвалаў грузападымальнасьцю 220 тонаў пры адначаснай пастаўцы запчастак цягам 8 гадоў. 3—5 верасьня 2021 году прадстаўнікі «Бабруйскаграмашу» (Магілёўская вобласьць) і «Гомсельмашу» наведалі 2-ю Міжнародную выставу аграпрагрэсу ў Мохалі (штат Панджаб). За 2016—2020 гады двухбаковы таваразварот вырас з 406 да 575 млн даляраў, пасьля чаго скараціўся 566 млн $ у 2021 годзе. Адпаведна дадатнае сальда Беларусі павялічылася са 138 да 233 млн $, пасьля чаго ўпала да 185 млн $. Аснову беларускага экспарту складалі калійныя ўгнаеньні, якія пастаўляла «Беларуская калійная кампанія» праз прадстаўніцтва ў Новым Дэлі, адчыненым 12 верасьня 2017 году. Таксама зь Беларусі пастаўлялі: цяжкавікі, цэлюлёзу, гідразін, шкловалакно, ніткі, будаўнічыя дэталі з плястмасы, кордныя матэрыялы для шынаў, аўтазапчасткі, нітрыльныя злучэньні, вырабы перагонкі каменнавугальнай смалы, часткі прыладаў сувязі, апрацаваны лён, інтэгральныя схемы, фільтры вадкасьці і газаў, вымяральныя прыборы і праектары, дублёную скуру і трактары. Зь Індыі пераважна пастаўлялі лекі, морапрадукты, азоцістыя злучэньні, часткі абутку, арганічныя фарбы, аўтазапчасткі, канцэнтраты гарбаты і кавы, арахіс, антыбіётыкі і вінаград. Экспарт беларускіх паслугаў у Індыю вырас на 60 % да 98 млн $, а адпаведны імпарт упаў на 64 % да 7 млн $. У выніку дадатнае сальда Беларусі ў паслугах павялічылася да 91 млн $. У 2021 годзе прыток наўпроставых укладаньняў зь Індыі ўзрос да 1,3 млн $ за кошт укладаньняў у фармацэўтыку. У 2021 годзе «Менскі трактарны завод» аднавіў пастаўкі ў Індыю пасьля некалькіх гадоў перапынку[7].
Культура
рэдагавацьУ 1993 годзе ўрады Беларусі і Індыі заключылі Пагадненьне аб супрацы ў галіне навукі і тэхнікі[10]. Зь 1993 году да 25 прадстаўнікоў Беларусі бярэ ўдзел у Праграме тэхнічна-гаспадарчай супрацы Міністэрства замежных справаў Індыі. 17 верасьня 2009 году Міністэрства спорту і турызму Беларусі і Міністэрства па справах моладзі і спорту Індыі заключылі Пагадненьне аб супрацы ў галіне фізычнай культуры і спорту. Паводле Пагадненьня, індыйскія спартоўцы пачалі падрыхтоўку ў спартовых комплексах Беларусі[4]. У студзені 2012 году ў Беларускім парку высокіх тэхналёгіяў адчынілі Беларуска-індыйскі навучальны цэнтар інфармацыйных тэхналёгіяў. У верасьні 2013 году ў Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы запрацаваў Індыйскі весткава-каардынацыйны асяродак навукова-тэхнічнай супрацы[10].
У жніўні 2014 году правялі Дні культуры Індыі ў Беларусі. У лютым 2016 году прайшло 1-е паседжаньне Беларуска-індыйскай працоўнай групы па супрацы ў галіне адукацыі. У студзені 2017 году прайшлі Дні культуры Беларусі ў Індыі. 11 верасьня 2017 году ўраду Беларусі і Індыі падпісалі Праграму супрацы ў галіне культуры на 2018—2020 гады. У верасьні 2017 году Факультэт міжнародных адносін БДУ адкрыў факультатыў вывучэньня гіндзійскай мовы[4]. У верасьні 2017 году Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Індыйская нацыянальная акадэмія навук заключылі абноўленае Пагадненьне аб супрацы, а Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія і Індыйская рада сельскагаспадарчых дасьледаваньняў падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні[10]. У чэрвені 2018 году індыйскі танцавальны гурт «Шрусьці» выступіў на Міжнародным фэстывалі народнай музыкі ў Паставах (Віцебская вобласьць). У 2018 годзе Рэспубліканскі інстытут прафэсійнай адукацыі (РІПА) навучаў 60 індыйскіх студэнтаў, а ў 2019-м — 30. У 2018/2019 навучальным годзе 634 грамадзяніны Індыі платна навучаліся ў ВНУ Беларусі. У 2019/2020 навуч.годзе іх лік вырас да 821-го, а ў 2020/2021-м — да 888[4]. 25 красавіка 2019 году беларускі амбасадар у Індыі Андрэй Ржавускі правёў сустрэчу зь беларускай дыяспарай у Індыі[11].
У 2019—2020 гадох ажыцьцяўлялі 8 сумесных дасьледаваньняў. У жніўні 2019 году Інстытут парашковай мэталюргіі НАНБ накіраваў дэлегацыю ў Індыю. У верасьні 2019 году ў Менску правялі беларуска-індыйскі сэмінар «Нанаматэрыялы і новыя матэрыялы»[10]. Таксама ў верасьні Беларускі інстытут сыстэмнага аналізу і інфармацыйнага забесьпячэньня навукова-тэхнічнай сфэры і Міжнародны цэнтар пэрспэктыўных дасьледаваньняў парашковай мэталургіі і новых матэрыялаў у Хайдарабадзе (штат Тэлангана) заключылі Пагадненьне аб стварэньні сумеснага дэманстрацыйнага цэнтру ў Індыі[12]. У 2019 годзе 5 грамадзянаў Індыі атрымалі беларускія гранты на навучаньне ў ВНУ Беларусі. У жніўні 2019 году 13 індыйскіх дзяцей прынялі ў летніку «Зубраня» (Нарач) за кошт беларускага боку. У 2019 годзе «Індыйская мэдыя-забаўляльная сетка» зьняла фільм на кінастудыі «Беларусьфільм». У сьнежні 2019 году танцавальным гурт «Лявоніха» зь Віцебска выступіў на танцавальным фэсьце ў Райпуры (Чгатысгарг). У 4-м квартале 2020 году індыйская здымачная група зьняла на «Беларусьфільме» мастацкі фільм «Атрад». 10 ліпеня 2020 году Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт адкрыў кабінэт індыйскай культуры на факультэце сацыякультурных камунікацыяў. 1 лютага 2022 году ў Новым Дэлі прадпрыемства «БелIндТрэвэл» адчыніла весткавы асяродак пра падарожніцтва па Беларусі[4].
Мінуўшчына
рэдагаваць17 красавіка 1992 году ўрады Беларусі і Індыі ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні. У траўні 1992 году адчынілі Амбасаду Індыі ў Беларусі[13]. У студзені 1993 году ў Беларусь прыехаў 1-ы амбасадар Індыі[8]. У траўні 1993 году старшыня ўраду Беларусі Вячаслаў Кебіч ўпершыню наведаў Індыю. У верасьні 1997 году беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка наведаў Індыі зь 1-м дзяржаўным візытам[13]. 13 сакавіка 1998 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 110 аб прызначэньні 1-м беларускім амбасадарам у Індыі Уладзімера Аркадзевіча Сакалоўскага[14]. У чэрвені 1998 году адчынілі Амбасаду Беларусі ў Індыі. У 1998 годзе міністар замежных справаў Беларусі Іван Антановіч упершыню наведаў Індыю[13]. У кастрычніку 1998 году міністар прамысловасьці Індыі Сікандэр Бахт зрабіў візыт у Беларусь[15].
У 2001 годзе будынак Амбасады Беларусі ў Індыі перанесьлі ў сталічны раён Джор Багх[14]. У лістападзе 2002 году старшыня ўраду Беларусі Генадзь Навіцкі ажыцьцявіў візыт у Індыю. У 2002 годзе міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў зрабіў візыт у Індыю. У сьнежні 2002 году ў Індыі адчынілі 1-е Генэральнае консульства Беларусі, якое разьмясьцілі ў Калкаце (штат Заходняя Бэнгалія). У 2002, 2003 і 2006 гадох Індыю наведвалі старшыні палатаў Нацыянальнага сходу Беларусі[13]. У кастрычніку 2005 году Беларусь наведаў віцэ-прэзыдэнт Індыі Бгайрон Шэхават. У 2005 годзе ў Беларусь прыяжджаў намесьнік старшыні Парлямэнту Індыі Чаранджыт Атвал[15]. У красавіку 2007 году адбыўся 2-і візыт Лукашэнкі ў Індыю. У 2007 годзе Індыю наведаў міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў[13]. 12—15 сакавіка 2008 году начальнік штабу Індыйскай арміі Дыпак Капур зрабіў візыт у Беларусь. У сакавіку 2009 году галоўны судзьдзя Індыі Конакупакаціл Балакрышнан наведаў Беларусь. У верасьні 2009 году ў Беларусь прыяжджаў міністар замежных справаў Індыі Соманагалі Крышна. 24—28 траўня 2011 году на Менскую выставу ўзбраеньняў завітваў дзяржаўны міністар абароны Індыі Маліпудзі Палам[15].
У сьнежні 2011 году Амбасаду Беларусі ў Індыі вярнулі ў сталічны раён Васант Віхар[14]. У лістападзе 2012 году старшыня ўраду Беларусі Міхаіл Мясьніковіч зрабіў візыт у Індыю[13]. 20—22 траўня 2013 году Беларусь наведала старшыня Народнай палаты Індыі Мэйра Кумар[15]. 14—15 красавіка 2015 году міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей зрабіў афіцыйны візыт у Індыю. 2—4 чэрвеня 2015 году індыйскі прэзыдэнт Пранаб Мукерджы ўпершыню наведаў Беларусь. 10—14 траўня адбыўся афіцыйны візыт у Індыю старшыні Савету Рэспублікі Беларусі Міхаіла Мясьніковіча. У верасьні 2017 году А. Лукашэнка паўторна наведаў Індыю[13]. У ходзе візыту падпісалі пагадненьні і мэмарандумы аб супрацы ў галіне культуры і прафэсійнай адукацыі, моладзевай палітыкі і ў нафтагазавай галіне[12]. 9—13 чэрвеня 2018 году Беларусь наведала старшыня Народнай палаты Парлямэнту Індыі Сумітра Магаджан. 8 верасьня 2018 году адчынілі Ганаровае консульства Беларусі ў Мумбаі. У 2020 годзе ў Палаце прадстаўнікоў Беларусі 7-га скліканьня стварылі працоўную групу супрацы зь Індыяй[13]. 4 жніўня 2022 году адчынілі Генэральнае консульства Беларусі ў Мумбаі[16].
Беларускія амбасадары
рэдагаваць- Уладзімер Сакалоўскі (13 сакавіка 1998 — 20 ліпеня 2004);
- Алег Лапцёнак (24 сьнежня 2004 — 30 чэрвеня 2011);
- Уладзімер Гошын (30 чэрвеня — 13 сьнежня 2011);
- Віталь Прыма (28 верасьня 2012 — 8 сьнежня 2018);
- Андрэй Ржавускі (ад 10 сьнежня 2018 году)[14].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Адрас і часы працы // Амбасада Беларусі ў Індыі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ Бясплатныя заняткі гіндзійскай мовай (анг.) // Амбасада Індыі ў Беларусі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ Працоўныя гадзіны і сьвяты (анг.) // Амбасада Індыі ў Беларусі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ а б в г д Супраца паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Індыя ў гуманітарнай сфэры // Амбасада Беларусі ў Індыі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ Cтаўкі консульскіх збораў // Замежныя ўстановы Беларусі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ Візавыя паслугі (анг.) // Амбасада Індыі ў Беларусі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ а б в г д Гандлёва-эканамічныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Індыя // Амбасада Беларусі ў Індыі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ а б в Беларуска-індыйскія дачыненьні (анг.) // Амбасада Індыі ў Беларусі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ а б в Гандлёва-гаспадарчыя дачыненьні (анг.) // Амбасада Індыі ў Беларусі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ а б в г Навукова-тэхнічная супраца паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Індыя // Амбасада Беларусі ў Індыі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ Сустрэча з беларускай дыяспарай // Амбасада Беларусі ў Індыі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ а б Дагаворна-прававая аснова адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Індыя // Амбасада Беларусі ў Індыі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ а б в г д е ё ж Палітычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Індыя // Амбасада Беларусі ў Індыі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ а б в г Гісторыя пасольства // Амбасада Беларусі ў Індыі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ а б в г Важныя двухбаковыя візыты // Амбасада Беларусі ў Індыі, 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- ^ Генэральнае консульства Беларусі адкрылася ў індыйскім горадзе Мумбаі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 5 жніўня 2022 г. Праверана 12 жніўня 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Навіны // Амбасада Беларусі ў Індыі, 8 жніўня 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- Навіны (анг.) // Амбасада Індыі ў Беларусі, 11 жніўня 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.
- Зваротная сувязь (анг.)
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |