Дэлі
Дэ́лі (гіндзі: दिल्ली; пэнджабі: ਦਿੱਲੀ, па-ангельску: Delhi) — другі паводле велічыні (пасьля Мумбаі) мэгаполіс Індыі[1], які мае статут саюзнай тэрыторыі (Нацыянальная сталічная акруга Дэлі). Разьмешчаны на поўначы Індыі на беразе ракі Джамна. Дэлі — адзін з самых эканамічна разьвітых гарадоў Індыі з самым высокім узроўнем спажываньня. Колькасьць аўтамабіляў у Дэлі складае каля 7,35 млн (2012)[2]. У Дэлі — найлепшы транспарт і інфраструктура. Па гэтай прычыне ў Дэлі і прадмесьцях Наіда і Гургаон у апошнія гады сталі актыўна разьвівацца міжнародныя карпарацыі, камэрцыйныя і гандлёвыя цэнтры, аўтамабільная прамысловасьць, СМІ, вытворчасьць тавараў народнага спажываньня.
Дэлі | |
гіндз. दिल्ली | |
Дата заснаваньня: | 500 да н. э. |
Краіна: | Індыя |
Мэр: | Shelly Oberoi[d] |
Плошча: | 1484 км² |
Вышыня: | 221 м н. у. м. |
Насельніцтва (2001) | |
колькасьць: | 13 782 976 чал. |
шчыльнасьць: | 9287,72 чал./км² |
Часавы пас: | UTC+5:30 |
Тэлефонны код: | +91 11 |
Паштовы індэкс: | 110 xxx |
Нумарны знак: | DL-xx |
Геаграфічныя каардынаты: | 28°42′0″ пн. ш. 77°12′0″ у. д. / 28.7° пн. ш. 77.2° у. д.Каардынаты: 28°42′0″ пн. ш. 77°12′0″ у. д. / 28.7° пн. ш. 77.2° у. д. |
Дэлі | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |
http://delhigovt.nic.in/ |
Дэлі стаў таксама горадам навукі, і займае вядучае месца ня толькі ў вобласьці інфармацыйных тэхналёгіяў, тэлекамунікацыяў, але і ў прыродазнаўстве і прыкладных навуках. 30% кампаніяў Індыі, засяроджанных у сфэры інфармацыйных тэхналягіяў, месьцяцца ў Дэлі (тут горад саступае толькі Бангалору, у якім засяроджана 35% IT-адмыслоўцаў). Дэлі ёсьць шматнацыянальны горад, у якім перамешаныя розныя культуры. Розныя народы Індыі выконваюць розныя ролі ў эканоміцы горада.
Дэлі ляжыць на заходнім беразе ракі Джамны (або сьвятой Ямуны, вядомай з часу «Магабгараты»), правам прытоку Ганга. Міжрэчча гэтых рэк — Доаб, урадлівая абжытая раўніна, — старажытная жытніца Гіндустану. З поўдня да горада падыходзяць астанцы старажытнай горнай грады Аравалі, накрытыя магутнай тоўшчай рачных наносаў. Гэтыя груды ажыўляюць манатоннасьць навакольных раўнінаў (сярэдняя вышыня Дэлі — 293 м над узроўнем мора). Выключна выгаднае геаграфічнае становішча на гандлёвых шляхах, што пралягаюць з Аўганістану, Ірану і Сярэдняй Азіі на ўсход да раўнінаў Ганга і на поўдзень у паўвостраўную Індыю, стымулявала эканамічны рост гораду. А знаходжаньне на сутыку розных цывілізацыйных зонаў — індуісцкай і ісламскай — зрабіла яго канглямэратам культурных традыцыяў і шматлікіх народаў, якія насяляюць індыйскі субкантынэнт.
Гісторыя
рэдагавацьПершыя чалавечыя паселішчы, верагодна, прысутнічалі вакол Дэлі ў 2 тысячагодзьдзі да н. э. й да таго[3], але сьляды бесперапыннага пражываньня датуюцца па крайняй меры з VI стагодзьдзя да нашай эры[4]. Горад лічыцца месцам Індапрастгі, легендарнай сталіцы пандаваў, якія згадваюцца ў індыйскім эпічным творы Магабгарата[5]. Пасяленьне ўзбуйнела з часоў імпэрыі Маурыяў каля 300 году да н. э. Астанкі сямі буйных гарадоў былі адкрыты ў Дэлі. Ананг Пал з томарскай дынастыі заснаваў горад Лал Кот у 736 годзе да н. э. Чаўган заваяваў Лал Кот у 1180 годзе й пераназваў яго ў Кіла Пай Пітора. Кароль Прытвірай Чаўган пацярпеў паразу ў 1192 годзе ад захопніка Мугамада Горы[5].
У 1206 годзе Кутб-уд-дын Аябак, першы кіраўнік з рабскай дынастыі стварыў Дэлійскі султанат. Кутб-уд-дын пачаў будаўніцтва Кутуб Мінара й Кувата-аль-Іслам, гэта самыя раньнія захаваныя мячэты ў Індыі[6]. Пасьля падзеньня рабскай дынастыі наступнымі кіраўнікамі горада былі цюрскія й аўганскія дынастыі, як то дынастыя Хільджы, дынастыя Тугглак, дынастыя Саід, а таксама дынастыя Лодгі, якая панавала ў пэрыяд позьняга сярэднявечча, і пабудавала некалькі фартоў і паселішчаў, якія зараз уваходзяць у сем гарадоў Дэлі[7].
У 1398 годзе Тымур Ленк уварваўся ў Індыю на падставе таго, што мусульманскія султаны Дэлі былі занадта мяккімі ў адносінах да сваіх падданых індусаў. Тымур увайшоў у Дэлі й горад быў разрабаваны, разбураны й пакінуты ў руінах[8]. Разам з Дэлі, Тымур зьнішчыў 100 тысячы палонных[9]. Дэлі быў буйным цэнтрам суфізма ў пэрыяд існаваньня султанату[10]. У 1526 годзе Бабур Загірудын перамог апошняга султана Лодгі ў першай бітве пры Паніпаты й заснаваў імпэрыю Вялікіх Маголаў, якая кіравала ў Дэлі, Агры й Лагоры.
Імпэрыя Вялікіх Маголаў кантралявала Дэлі на працягу больш чым трох стагодзьдзяў, з шаснаццацігадовым перапынкам падчас кіраваньня Шэр Шага Суры з 1540 да 1556 году[11]. У 1553—1556 гадах індуісцкі цар Гему Вікрамадытыя ўзышоў на трон Дэлі, перамогшы сілы імператара Акбара ў Агры й Дэлі. Тым ня менш, Маголы аднавілі сваю ўладу пасьля таго, як войскі Акбара перамаглі Гему падчас другой бітвы пры Паніпаты[12][13][14]. Шаг Джаган пабудаваў сёмы горад Дэлі, які носіць ягонае імя й больш вядомы як «Стары горад» ці «Стары Дэлі». Стары горад быў сталіцай імпэрыі Маголаў з 1638 году. Пасьля 1680 году ўплыў Імпэрыі Вялікіх Маголаў хутка зьнізіўся ў той час, калі індуісцкія маратгі занялі бачнае становішча[15].
Саслабленая Імпэрыя Вялікіх Маголаў атрымала паразу ў Карнальскай бітве, пасьля чаго сілы Надыр-шага ўварваліся й разрабавалі Дэлі, выносячы шмат скарбаў, у тым ліку Паўліны трон[16]. Дамова, якая была падпісана ў 1752 годзе зрабіла маратгаў абаронцамі трона Вялікіх Маголаў ў Дэлі[17]. У 1761 годзе пасьля таго, маратгі трывалі паразу ў трэцяй бітве пры Паніпаты, у Дэлі ўварваўся Ахмэд Шаг Абдалі. У 1803 годзе сілы брытанскай Ост-Індзкай кампаніі перамаглі маратгаў недалёка ад Дэлі й скончылася час панаваньня Вялікіх Маголаў над горадам[18].
Пасьля індыйскага паўстаньня 1857 году Дэлі патрапіў пад прамое кіраваньне брытанскай кароны й быў уключаны ў рэгіён правінцыі Пэнджаб. У 1911 годзе сталіца Брытанскай Індыі была перанесена з Калькуты ў Дэлі, пасьля чаго група брытанскіх архітэктараў на чале з Эдўінам Лачэнзам распрацавалі новы палітычны й адміністрацыйны раён, вядомы як Нью-Дэлі, дзеля зьмяшчэньня ў ім урадавых будынкаў. Нью-Дэлі, таксама вядомы як Дэлі Лачэнз, быў афіцыйна абвешчаны сталіцай Індыйскага Зьвяза пасьля набыцьця краінай незалежнасьці 15 жніўня 1947 году.
У час падзелу Індыі тысячы індусаў і сыкхаў зьбеглі з Заходняга Пэнджабу й Сындзі ў Дэлі, у той час як многія мусульманскія жыхары горада мігравалі ў Пакістан. Пачынаючы з 31 кастрычніка 1984 году каля трох тысяч сыкхаў былі забітыя на працягу чатырохдзённых антысыкхскіх беспарадкаў пасьля таго, як тагачасны прэм’ер-міністар краіны Індыра Гандзі была забіта сваім сыкхскім ахоўнікам. Міграцыя ў Дэлі з астатняй часткі Індыі працягваецца, што спрыяе росту насельніцтва горада, бо нараджальнасьць у горадзе ідзе на спад[19].
У 2009 годзе мэрам Дэлі абраны Канвар Саін[20].
Геаграфія
рэдагавацьНацыянальная сталічная тэрыторыя Дэлі распаўсюджана на плошчу 1484 км², зь якіх 783 км² тэрыторыі месьцяцца ў сельскай мясцовасьці й 700 км² тэрыторыі знаходзяцца ў самім горадзе. Дэлі мае максымальную даўжыню 51,9 км і максымальную шырыню ў 48,48 км. Кіруюць горадам тры мясцовыя органы: Муніцыпальная карпарацыя Дэлі, плошча дзейнасьці якой складае 1397,3 км², Нью-Дэлійскі гарадзкі камітэт, плошча — 42,7 км² і Дэлійскі гапрадзкі савет, плошча — 43 км²[21].
Большасьць тэрыторыі Дэлі, у тым ліку Нью-Дэлі, разьмешчана на заходнім беразе ракі Ямуны, якая адлучае галоўны горад ад прыгарадаў ува ўсходняй частцы, нягледзячы натое, што ёсьць добрыя транспартныя сувязі паміж абодвума бакамі, як то аўтамабільныя й чыгуначныя масты, а таксама Дэлійскі мэтрапалітэн.
Дэлі быў адным зь дзесяці найбольш забруджаных гарадоў сьвету ў 1990-х гадох, чые транспартныя сродкі выраблялі 70% выкідаў забруджвальных рэчываў[22]. У 1996 годзе Вярхоўны суд Індыі распачаў судовую справу ў сувязі зь іскам Цэнтра навукі й навакольнага асяродзьдзя краіны й прыняў рашэньне пра пераход дэлійскіх аўтобусаў і таксі з выкарыстаньня этыляванага бэнзіну на сьціснуты прыродны газ у 1998 годзе.
Клімат
рэдагавацьУ Дэлі назіраецца атыповая вэрсія вільготнага субтрапічнага клімату. Лета доўгае й вельмі гарачае, з пачатку красавіка да сярэдзіны кастрычніка, з сэзонамі мусонаў. У пачатку сакавіка назіраецца разварот у напрамку ветру, з паўночна-заходняга кірунку на паўднёва-захадні. Яны прыносяць з сабой гарачыя хвалі з Раджастана, несучы разам з тым пясок. З красавіка па ліпень назіраецца сьпякота[23]. Мусон прыходзіць у канцы чэрвеня, прыносячы некаторую перадышку ад сьпякоты, але й павялічваючы вільготнасьць у той жа час. Мяккая зіма пачынаецца ў канцы лістапада й ейны пік прыходзіцца на студзень, калі назіраюцца густыя туманы[24].
Гадавы дыяпазон тэмпэратураў складае ад —2,2 °C[25] да 52,3 °C[26]. Гадавая сярэдняя тэмпэратура складае 25 °C. Сярэднемесячныя тэмпэратуры вагаюцца ад 13 °C да 32 °C[27]. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў складае каля 790 мм, большасьць зь якіх назіраецца падчас сэзону мусонаў у ліпені й жніўні. Сярэдняя дата зьяўленьня мусонных вятроў у Дэлі 29 чэрвеня[28].
Кліматычныя зьвесткі для Дэлі | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | Год |
Сярэдні максымум t, °C | 21,0 | 23,5 | 29,2 | 36,0 | 39,2 | 38,8 | 34,7 | 33,6 | 34,2 | 33,0 | 28,3 | 22,9 | 31,2 |
Сярэдняя t, °C | 14,3 | 16,8 | 22,3 | 28,8 | 32,5 | 33,4 | 30,8 | 30,0 | 29,5 | 26,3 | 20,8 | 15,7 | 25,1 |
Сярэдні мінімум t, °C | 7,6 | 10,1 | 15,3 | 21,6 | 25,9 | 27,8 | 26,8 | 26,3 | 24,7 | 19,6 | 13,2 | 8,5 | 19,0 |
Норма ападкаў, мм | 19 | 20 | 15 | 21 | 25 | 70 | 237 | 235 | 113 | 17 | 9 | 9 | 790 |
Крыніца: Ганконская абсэрваторыя |
Эканоміка
рэдагавацьПаводле ацэнак, чысты дзяржаўны СУП 130 мільярдаў даляраў ЗША (2022-23)[29]. Дэлі зьяўляецца самым буйным гандлёвым цэнтрам ў паўночнай Індыі[30]. У 2007 годзе гарадзкі даход на душу насельніцтва склаў 1 488 даляраў ЗША ў актуальных цэнах, гэты паказчык зьяўляецца трэцім па велічыні ў Індыі пасьля Чандыгарга й Гоа па стане на 2006—2007 гады[31].
На троесны сэктар прыходзіцца 84,6% ад валавага СУП гораду, у той час калі на другасны й першасны сэктары праыпадае 13,5% і 1,8% адпаведна (2020/2021)[32]. Доля працаздольнага насельніцтва ў горадзе складае 32,82%, што зьяўляецца ростам на 52,52% у пэрыяд паміж 1991 і 2001 гадамі[33]. Узровень беспрацоўя ў Дэлі зьнізіўся з 12,57% у 1999—2000 гадох да 4,63% у 2003 годзе[33]. У сьнежні 2004 году 636 тысячаў чалавек былі зарэгістраваныя з рознай праграмай занятасьці[33].
У 2001 годзе агульная колькасьць працаўнікоў ува ўсіх дзяржаўных і квазі-дзяржаўных установах склала 620 тысячы чалавек. Для параўнаньня ў прыватных установах занята 219 тысячы чалавек[33]. Асноўныя галіны сфэры паслугаў ўключаюць інфармацыйныя тэхналёгіі, тэлекамунікацыі, гатэльны бізнэс, банкаўская справа, СМІ й турызм[34]. Дзякуючы буйному спажывецкаму рынку ў спалучэньні з даступнасьцю кваліфікаванай працоўнай сілы, горад прыцягвае значныя замежныя інвэстыцыі. У 2001 годзе ў сэктары апрацоўчай прамысловасьці было занята 1440 тысячы чалавек, а лік прамысловых прадпрыемстваў складаў 129 тысячы[35]. Будаўніцтва, энэргетыка, тэлекамунікацыі, ахова здароўя й камунальныя паслугі, а таксама рынак нерухомасьці сталіся неад’емнай часткай эканомікі Дэлі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Irfan Habib (1999). «The agrarian system of Mughal India, 1556—1707». Oxford University Press, 1999. ISBN 978-0-19-562329-1.
- ^ Aroosa Reshi (24 лютага 2022) Indian cities with highest number of automobiles (анг.)
- ^ «Delhi History». Delhi Tourism. Advent InfoSoft (P) Ltd.
- ^ Asher, Catherine B (2000). «Chapter 9:Delhi walled: Changing Boundaries». In James D. Tracy. City Walls. Cambridge University Press. pp. 247—281. ISBN 0-521-65221-9.
- ^ а б «Chapter 1: Introduction» (PDF). Economic Survey of Delhi, 2005—2006. Planning Department, Government of National Capital Territory of Delhi. pp. 1-7.
- ^ «India: Qutb Minar and its Monuments, Delhi» (PDF). State of Conservation of the World Heritage Properties in the Asia-Pacific Region: : Summaries of Periodic Reports 2003 by property, Section II. UNESCO World Heritage Centre. pp. 71-72.
- ^ «Battuta’s Travels: Delhi, capital of Muslim India». Sfusd.k12.ca.us.
- ^ «The Islamic World to 1600: The Mongol Invasions (The Timurid Empire)». Ucalgary.ca.
- ^ «Genocide: a history». W. D. Rubinstein (2004). p.28. ISBN 0-582-50601-8
- ^ Sufis, Dargahs & Divinity in Delhi (анг.). Sarmaya (10 верасьня 2018).
- ^ «Sher Shah — The Lion King». India’s History : Medieval India. indhistory.com.
- ^ Akbar the Great, Srivastva,A.L. Vol.1 pages 24-26
- ^ «Himu-a forgotten Hindu Hero», Bhartiya Vidya Bhawan, p.100
- ^ Kar, L. Colonel H. C. «Military History of India» Calcutta 1980, p. 283
- ^ Thomas, Amelia. «Rajasthan, Delhi and Agra». Lonely Planet. ISBN 978-1-74104-690-8.
- ^ «Iran in the Age of the Raj». Avalanchepress.com.
- ^ Gordon, Stewart. «The Marathas 1600—1818, Volume 2». Cambridge University Press, 1993. ISBN 978-0-521-26883-7.
- ^ Mayaram, Shail. «Against history, against state: counterperspectives from the margins Cultures of history». Columbia University Press, 2003. ISBN 978-0-231-12731-8.
- ^ «Fall in Delhi birth rate fails to arrest population rise». Chennai, India: The Hindu.
- ^ BJP’s Kanwar Sain is new mayor (анг.). Hindustan Times (24 красавіка 2009).
- ^ «Introduction». The New Delhi municipal council act, 1994. New Delhi Municipal Council.
- ^ «Express India». Cities.expressindia.com.
- ^ Seasons of Delhi (анг.) Delhi Tourism Праверана 11 ліпеня 2024 г.
- ^ «Fog continues to disrupt flights, trains». Chennai, India: The Hindu.
- ^ New Delhi climate: weather by month, temperature, rain (анг.) Climates to Travel Праверана 11 ліпеня 2024 г.
- ^ Delhi Temperature Record-Breaking 52.3°C Heatwave: Climate Change (анг.). AQI India (30 мая 2024).
- ^ «Weatherbase entry for Delhi». Canty and Associates LLC.
- ^ Kurian, Vinson (28 June 2005). «Monsoon reaches Delhi two days ahead of schedule». The Hindu Business Line.
- ^ Delhi State Presentation and Economic Growth Report (анг.). India Brand Equity Foundation (студзень 2024).
- ^ «Know India: Delhi». India.gov.in.
- ^ Mohan, Vibhor. «Chandigarh’s per capita income highest in India-Chandigarh-Cities-The Times of India». Timesofindia.indiatimes.com.
- ^ Investing in Delhi: Region Profile - India Guide (анг.) Doing Business in India Праверана 11 ліпеня 2024 г.
- ^ а б в г «Chapter 5: Employment and Unemployment» (PDF). Economic Survey of Delhi, 2005-06. Planning Department, Government of National Capital Territory of Delhi. pp. 59-65.
- ^ «Industries in Delhi». Mapsofindia.com.
- ^ «Chapter 9: Industrial Development» (PDF). Economic Survey of Delhi, 2005-06. Planning Department, Government of National Capital Territory of Delhi. pp. pp94-107.