Беларускі цэмэнтны завод
Каардынаты: 53°23′29″ пн. ш. 32°0′48″ у. д. / 53.39139° пн. ш. 32.01333° у. д.
«Беларускі цэмэнтны завод» — дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў верасьні 1996 году ў Касьцюковічах (Магілёўская вобласьць).
«Беларускі цэмэнтны завод» | |
Тып | адкрытае акцыйнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 11 верасьня 1996 (28 гадоў таму) |
Уласьнікі | Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі[1] (99,3%) |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Магілёўская вобласьць |
Адрас | Касьцюковічы, Юнацкая вул., д. 117[2] |
Ключавыя фігуры | Ігар Алегавіч Сяргееў (генэральны дырэктар), Уладзімер Дравалёў (галоўны інжынэр)[3] |
Галіна | прамысловасьць будаўнічых матэрыялаў |
Прадукцыя | цэмэнт, вапна, крэйда[4] |
Абарачэньне | ▲445,218 млн рублёў (2022 год; 162,702 млн $) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲44,543 млн рублёў (2022 год; 16,277 млн $) |
Чысты прыбытак | ▼-40,9 млн рублёў (2022 год; 14,946 млн $)[5] |
Лік супрацоўнікаў | 2589 (2023 год) |
Матчына кампанія | «Беларуская цэмэнтная кампанія»[6] |
Даччыныя кампаніі | «Воршабудматэрыялы»[7], «Менскі камбінат сылікатных вырабаў»[8] |
Аўдытар | «Белрасаўдыт»[9] |
На 2024 год быў адным з найбольшых вытворцаў будаўнічых матэрыялаў у Беларусі. Вырабляў пескаваты, тампанажны, клінкерны і сульфатастойкі цэмэнт. Меў падразьдзяленьні: «Воршабудматэрыялы» (Віцебская вобласьць), «Менскі камбінат сылікатных вырабаў» і «Цэмагра» ў Нізьках (Касьцюковіцкі раён). На прадпрыемстве разам з падразьдзяленьнямі працавала 2600 чалавек[10], большасьць якіх пражывала ў асобным мікрараёне Касьцюковічаў, а рэшта ў Новых Саматэвічах[11]. Сярод іншага, вырабляў будаўнічую вапну і молатую крэйду для камбікармоў, а таксама ў падразьдзяленьнях сылікатную цэглу, бэтонныя блёкі і жалезабэтон[12]. «БЦЗ» уваходзіў у 5-ку найбольшых прамысловых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласьці[13]. Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт меў на прадпрыемстве падразьдзяленьне катэдры[14]. На «БЦЗ» таксама разьмяркоўвалі выпускнікоў Электратэхнічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту (Гомель)[15] і Факультэту горнай справы і інжынэрнай экалёгіі БНТУ[16].
Вырабы
рэдагавацьНа 2024 год «Беларускі цэмэнтны завод» вырабляў:
- 19 гатункаў портляндцэмэнту, у тым ліку шлакапортляндцэмэнт (з 6—20, 21—35 і 36—65 % грануляванага даменнага шлаку), сульфатастойкі (з трохкальцыевым алюмінатам да 3, 3,5 і 5 %), высокатрывалы (з сульфатам да 4 % і іёнам хлёру да 0,1 % для мастоў і тунэляў), тампанажны (для нізкай тэмпэратуры), хуткацьвярдзельны (з паленай магнэзіяй да 5 % і серкавым газам да 4 % для водных збудаваньняў) і пескаваты (з кварцавым пяском да 45 % для пенабэтону)[17];
- 6 гатункаў будаўнічай надзьмутай нягашанай вапны, у тым ліку парашковую і камавую недрабнёную[18];
- 2 гатункі молатай крэйды для корму[19].
Мінуўшчына
рэдагаваць15 чэрвеня 1994 году ў Касьцюковічах (Магілёўская вобласьць) заснавалі ўнітарнае прадпрыемства «Беларускі цэмэнтны завод»[20]. 11 верасьня 1996 году на «Беларускім цэмэнтным заводзе» пусьцілі 1-ю вытворчую лінію, дзе ўпершыню ў Беларусі ўкаранілі «сухі» спосаб вытворчасьці цэмэнту зь вільготнай крэйды. У жніўні 2000 году запусьцілі лінію ўпакоўкі магутнасьцю 225 000 тонаў цэмэнту за год, упакаванага ў папяровыя мяхі вагой 25 і 50 кг, а таксама ў мяккія пакункі па 800 грамаў і 1,5 кг. У жніўні 2002 году запрацавалі 4 дадатковыя модулі да расфасавальнай машыны цэмэнту, што дазволіла павялічыць пастаўкі за мяжу. У 2003 годзе да прадпрыемства далучылі недабудаваны «Клімавіцкі вапнавы завод», які 15 сакавіка 2004 году пераўтварылі ў цэх магутнасьцю 100 000 тонаў надзьмутай нягашанай вапны за год, у тым ліку камавую і парашкападобную 2-га і 3-га гатункаў. 25 сьнежня 2003 году ўкаранілі газавую турбіну магутнасьцю 16 мэгаватаў для таньнейшай вытворчасьці 60 % электраэнэргіі. Адыходзячыя ад яе газы скарысталі для сушкі сыравіны[10].
2 красавіка 2005 году да «БЦЗ» далучылі калгас «Ленінскі шлях» (Нізькаўскі сельсавет), які пераўтварылі ў падразьдзяленьне «Цэмагра» ў складзе 7 фэрмаў і машыннага двара. На малочна-таварнай фэрме ў Нізьках для вырошчваньня цялятаў да 20 дзён усталявалі даільную сыстэму «Елачка». На фэрме ў Негіне паставілі абсталяваньне саматужнага выпойваньня цялятаў. Адбудавалі фэрмы ў Валаськоўні (Пралетарскі сельсавет) і Забычаньні, а таксама цялятнік фэрмы ў Мурыным Бары (Забычанскі сельсавет), машынна-трактарныя майстэрні і 12 сянажных ямаў. Пабудавалі дамы жывёлавода ў Нізьках і Мурыным Бары, а таксама запусьцілі збожжасушылку[21]. У 2005 годзе дабудавалі мэханічны транспарт сыравіннай мукі 2-х сыравінных лініяў, што скараціла выдатак электраэнэргіі на вытворчасьць сьціснутага паветра і выкіды пылу. У сьнежні 2007 году ў цэху абпалу запусьцілі вярчальную печ прамерам 3,6х110 м зь лядоўняй, што дазволіла дадаткова выпускаць 200 000 тонаў цэмэнту за год. У лютым 2008 году пачалі выкарыстоўваюць аўтамабільныя шыны ў якасьці паліва пры абпале клінкеру, каб замясьціць частку завазнога газу. У студзені 2009 году запусьцілі ролікавы прэс для папярэдняга памолу клінкеру, каб павысіць выніковасьць цэмэнтных млыноў і панізіць энэргавыдаткі пры памоле. У жніўні 2009 году адчынілі кар'ер Каніцкага радовішча будаўнічага пяску і грунту для будоўлі 2-й вытворчай лініі заводу. У лютым 2010 году ўвялі 2-ю газавую турбіну ГТЭ-15Ц[10], што цалкам забясьпечыла прадпрыемства ўласнай электраэнэргіяй і панізіла сабекошт вырабаў на 6 %. Для супрацоўнікаў узьвялі 8 каапэратыўных дамоў, у тым ліку па 2 у 2009 і 2010 гадох[21].
30 жніўня 2011 году печ № 2 перавялі на пылавугальнае паліва з прыроднага газу пры вытворчасьці клінкеру. Поўны перавод пры спажываньні 30 000 тонаў вугалю за месяц меў заашчаджаць 2,4 млн даляраў і падвоіць магутнасьць вытворчасьці. Абсталяваньне паставіла і запусьціла «Кітайская міжнародная даверна-інвэстыцыйная кампанія»[22]. 13 студзеня 2012 году ўнітарнае прадпрыемства «Беларускі цэмэнтны завод» пераўтварылі ў адкрытае акцыйнае таварыства[20]. 30 чэрвеня 2012 году скончылі будаўніцтва 2-й лініі вытворчасьці цэмэнту сухім спосабам і вуглепадрыхтоўчага аддзяленьня зь пераводам дзейнай лініі вытворчасьці клінкера на вугаль магутнасьцю 1,8 млн тонаў цэмэнту за год[10]. 30 жніўня 2013 году заснавалі холдынг «Беларуская цэмэнтная кампанія», галаўным прадпрыемствам якога ў 2014—2019 гадох быў «БЦЗ»[23][24].
23 красавіка 2015 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 324, згодна зь якой Міністэрства энэргетыкі Беларусі мела вылучыць «БЦЗ» 6,99 млрд рублёў (430 тыс. $) на ўкараненьне торфабрыкетаў у вытворчасьці[25]. У сьнежні 2015 году запусьцілі лінію падрыхтоўкі торфу для спальваньня ў гарэлках дэкарбанізатара, што дазволіла на 40 % замясьціць каменны вугаль брыкетам[10]. 1 студзеня 2016 году да прадпрыемства ў якасьці падразьдзяленьня далучылі «Воршабудматэрыялы» (Віцебская вобласьць). У 2016 годзе ўвялі лінію спальваньня здробненага каменнага вугалю ў печы цэху вапны ў Клімавічах. На чыгунцы пры пагрузцы ў Касьцюковічых усталявалі вагі. 1 сьнежня 2016 году да «БЦЗ» далучылі ў якасьці падразьдзяленьня «Менскі завод сылікатных вырабаў»[21].
У кастрычніку 2019 году запусьцілі кацельню на мясцовым паліве, што панізіла выдаткі на цеплаэнэргію і гарачае водазабесьпячэньне[10]. За 2014—2020 гады пэрсанал заводу скараціўся на 17 % з 2764 да 2354 чалавек[26]. На ліпень 2021 году «БЦЗ» меў 5 падразьдзяленьняў: «Цэмагра» (Нізькаўскі сельсавет), «Менскі завод сылікатных вырабаў», «Магілёўжалезабэтон», «Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў» (Менская вобласьць) і «Воршабудматэрыялы». Агульны лік супрацоўнікаў разам з падразьдзяленьнямі перавышаў 2600 чалавек[27]. Па выніках 2021 году вытворчасьць цэмэнту ўпершыню перавысіла 2 млн тонаў за год[28].
3 студзеня 2022 году Савет міністраў Беларусі выдаў Пастанову № 1, згодна зь якой меў выплаціць «Беларусбанку» адсотак па пазыцы для «БЦЗ», якая складала 70 млн даляраў[29]. 14 траўня 2022 году Ўрад Беларусі ўхваліў Пастанову № 305, якой павялічыў долю Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі ў «БЦЗ» на суму аказанай у 2021 годзе падтрымкі на 9,344 млн рублёў (3,566 млн даляраў)[30][31]. У 2022 годзе «Беларуская цэмэнтная кампанія» павялічыла продажы цэмэнту на «Беларускай ўнівэрсальнай таварнай біржы» ад імя «БЦЗ» зь менш як 5 да 25 % ад агульнай вытворчасьці[32]. Па выніках 2022 году «Беларускі цэмэнтны завод» увайшоў у 5-ку найбольшых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласьці[33]. За 2008—2022 гады ў завод уклалі 233 млн даляраў. За 2022 год чыстыя страты склалі 15,6 млн даляраў[34].
За 2023 год на «Беларускім цэмэнтным заводзе» вырабілі 2,002 млн тонаў цэмэнту[35]. Чыстыя страты за год зьменшыліся на 16 % да 34,36 млн рублёў[36]. На заводзе ў Касьцюковічах, дзе дзейнічала 2 лініі вытворчасьці цэмэнту сухім спосабам, працавала 1553 чалавекі[37].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Уладзімер Аляксеевіч Кісялёў (15 чэрвеня 2012[38][39] — )
- Аляксандар Станіслававіч Даўгала
- Ігар Алегавіч Сяргееў (на 2024 год)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Балянс за 2022 год (рас.) // ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», 18 красавіка 2023 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Кантакты // ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Графік асабістага прыёму // ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Прадукцыя // ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Ігар Сяргееў, Н.В. Кулік. Сьціслыя зьвесткі за 2022 год (рас.) // ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», 18 красавіка 2023 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Інфармацыя аб тэлефонах вышэйстаячых арганізацый (рас.) // ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ «Воршабудматэрыялы» за 2020 год павялічылі аб'ём вытворчасьці на Br1,2 млн // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 21 лютага 2021 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ «Менскі камбінат сылікатных вырабаў» у I паўгодзьдзі павялічыў рэалізацыю прадукцыі амаль на 20 працэнтаў // БелТА, 11 жніўня 2021 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ І.Н. Долмат, Ігар Сяргееў. Аўдытарскія высновы па бухгальтарскай справаздачнасьці за 2022 год (рас.) // ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», 30 красавіка 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ а б в г д е Аб кампаніі (рас.) // ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Нэлі Зігуля. Хочаце кватэру? Пераяжджайце ў Касьцюковічы // Мясцовае самакіраваньне : газэта. — 12 красавіка 2019. — № 15 (500). — С. 4.
- ^ «БЦЗ» у студзені-ліпені павялічыў экспарт цэмэнту на 53,7 працэнта // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 верасьня 2021 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Пералік найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласьці // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 15 верасьня 2021 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Адукацыя // Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт, 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Электратэхнічны факультэт (Накіраванне на працу) // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ ФГСіІЭ (Працаўладкаваньне) // Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт, 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Портляндмэцэнт (рас.) // ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Вапна (рас.) // ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Крэйда (рас.) // ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ а б ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», УНП 700002051 (рас.) // ТАА «БізІнспэкт», 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ а б в Гісторыя (рас.) // ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ БелТА. «Беларускі цэмэнтны завод» пачаў выкарыстоўваць вугальнае паліва // Газэта «Наша ніва», 7 верасьня 2011 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Марына Носава, БелаПАН. Лукашэнка ўхваліў стварэньне «Беларускай цэментнай карпарацыі» // Газэта «Наша ніва», 16 жніўня 2013 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Дзяржаўнае прадпрыемства "Кіруючая кампанія холдынга «Беларуская цэмэнтная кампанія», УНП 192039638 (рас.) // ТАА «БізІнспэкт», 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ БелТА. Міністэрства энэргетыкі Беларусі выдзеліць амаль Br14 млрд заводам будматэрыялаў на ўкараненьне тэхналёгіяў выкарыстаньня торфабрыкетаў // Газэта «Зьвязда», 25 красавіка 2015 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Стратнасьць, запазычанасьць, скарачэньні: з чым увайшлі ў 2021 год цэмэнтныя заводы Беларусі // Газэта «Наша ніва», 30 красавіка 2011 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ «Беларускі цэмэнтны завод» у маі атрымаў амаль Br1,7 млн чыстага прыбытку // Belarus.by, 7 ліпеня 2021 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ «Беларускі цэмэнтны завод» выпусьціў рэкордныя 2 млн тон цэмэнту за год // ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», 29 сьнежня 2021 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Беларускі парадокс // Партал «Наша ніва», 10 студзеня 2022 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Беларусь павялічыла долю ў статутных фондах 9 прадпрыемстваў будаўнічай галіны і дрэваапрацоўкі // БелТА, 17 траўня 2022 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Раман Галоўчанка. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 траўня 2022 г. № 305 «Аб павелічэньні долі Рэспублікі Беларусь у статутных фондах акцыйных таварыстваў» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 17 траўня 2022 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ У Беларусі кожная чацьвёртая тона цэмэнту прадаецца праз БУТБ // БелТА, 6 траўня 2022 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Вольга Кісьляк. Анатоль Ісачанка: наша задача – напоўніць любоўю, душэўнай цеплынёй і дастаткам наш агульны дом // Газэта «Беларусь сёньня», 16 студзеня 2023 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ У гэтыя 12 заводаў улады ўлілі 1,5 млрд даляраў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 10 кастрычніка 2023 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ «Беларускі цэмэнтны завод» выпусьціў 33 млн. тон цэмэнту // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 27 чэрвеня 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Беларускія цэмэнтныя заводы зноў спрацавалі ў страту // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 12 красавіка 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ БелТА. «Беларускі цэмэнтны завод» выпусьціў 33 млн. тон цэмэнту // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 27 чэрвеня 2024 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ Аляксандар Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытаньні // Прэзыдэнт Беларусі, 15 чэрвеня 2012 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
- ^ БелТА. Новыя прызначэньні // Газэта «Наша ніва», 15 чэрвеня 2012 г. Праверана 4 ліпеня 2024 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьГэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |