Негін
Не́гін[1], Не́гіна[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Жадуньцы. Уваходзіць у склад Забычанскага сельсавету Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2007 год — 136 чалавек. Знаходзіцца за 13 км на паўночны захад ад Касьцюковічаў, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Камунары (лінія Крычаў — Сураж); каля аўтамабільнай дарогі Краснапольле — Хоцімск.
Негін лац. Niehin | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Магілёўская |
Раён: | Касьцюковіцкі |
Сельсавет: | Забычанскі |
Насельніцтва: | 136 чал. (2007) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2245 |
Паштовы індэкс: | 213643 |
Нумарны знак: | 6 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°23′10″ пн. ш. 31°56′10″ у. д. / 53.38611° пн. ш. 31.93611° у. д.Каардынаты: 53°23′10″ пн. ш. 31°56′10″ у. д. / 53.38611° пн. ш. 31.93611° у. д. |
± Негін |
Негін — даўняе мястэчка гістарычнай Амсьціслаўшчыны.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУпершыню Негін упамінаецца ў XVIII ст. як сяло ў Амсьціслаўскім ваяводзтве. У 1737 годзе тут дзеяла царква. На 1752 год у сяле было 14 двароў.
Пад 1765 годам Негін упамінаецца як мястэчка, уладаньне Свадкоўскіх[2]. Утварэньню мястэчка спрыяла яго разьмяшчэньне на разгалінаваньні дарог з Касьцюковічаў на Крычаў і Чэрыкаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Негін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Клімавіцкім павеце Магілёўскай губэрні. На 1785 год у мястэчку было 11 двароў, існавала адна вуліца над ракой Жадунькай[3]. На 1799 год існавалі аднайменныя мястэчка (18 двароў) і вёска (6 двароў), у складзе маёнтку графа Р. Пацёмкіна.
На 1861 год у Негіне было 42 двары, дзеялі царква і малітоўны дом. Пазьней у мястэчку адкрылася школа граматы (у 1893 годзе 15 вучняў). У 1910 годзе працавала скарбовая вінная крама, у 1912 годзе адкрылася расейская царкоўна-прыходзкая школа.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Негін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе ў выніку ўзбуйненьня Негін вярнулі БССР, дзе 20 жніўня ён стаў цэнтрам сельсавету Касьцюковіцкага раёну. У Другую сусьветную вайну з жніўня 1941 да 28 верасьня 1943 году Негін знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
8 сьнежня 1959 году ў зьвязку зь ліквідацыяй Негінскага сельсавету вёску перадалі ў Забычанскі сельсавет. На 1986 год у Негіне было 75 двароў, на 2002 год — 63, на 2007 год — 54.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XVIII стагодзьдзе: 1785 год — 49 чал.; 1799 год — 85 чал. у мястэчку Негіне і 55 чал. у вёсцы Негіне
- XIX стагодзьдзе: 1861 год — 138 чал.; 1880 год — 105 чал. (55 муж. і 50 жан.), зь іх 51 праваслаўны і 54 юдэі[4]
- XX стагодзьдзе: 1959 год — 322 чал.; 1986 год — 183 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 173 чал.; 2007 год — 136 чал.[5]
Інфраструктура
рэдагавацьУ Негіне працуе пошта.
Забудова
рэдагавацьПлян Негіна складаецца з трох вуліцаў, арыентаваных з паўднёвага ўсходу на паўночны захад (паўднёвая і сярэдняя вуліцы крывалінейныя, паўночная — Г-падобная) і злучаных кароткай вуліцай. Забудова пераважна двухбаковая, няшчыльная, драўляная сядзібнага тыпу. На ўсходзе сярэдняй вуліцы невялікі пляц. Грамадзкія будынкі месьцяцца на пляцы і сярод жылой забудовы.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСтрачаная спадчына
рэдагаваць- Сынагога
- Царква (XVIII ст.)
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (djvu).
- ^ Мяцельскі А. Негін // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 369.
- ^ Мяцельскі А. Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства XVI—XVIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік. Менск, 2008. № 23.
- ^ Słownik geograficzny... T. VII. — Warszawa, 1886. S. 73
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 690.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886.