Адам Станіслаў Нарушэвіч

(Перанакіравана з «Адам Нарушэвіч»)

Адам Тадэвуш Станіслаў Нарушэвіч (польск. Adam Tadeusz Stanisław Naruszewicz; 20 кастрычніка 1733, каля мястэчка Лагішына Пінскага павету[3] — 6 ліпеня 1796, Янаў Падляскі) — рэлігійны і дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай, гісторык, паэт і асьветнік. Пісар вялікі літоўскі (ад 1781), біскуп смаленскі (1788—1790) і луцкі (ад 1790).

Адам Станіслаў Нарушэвіч
лац. Adam Stanisłaŭ Naruševič
Адам Нарушэвіч. Мастак Ю. Клімке, канец XVIII ст.
Адам Нарушэвіч. Мастак Ю. Клімке, канец XVIII ст.

Герб Вадвіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 20 кастрычніка 1733(1733-10-20)[1][2]
каля Лагішына
Памёр 6 ліпеня 1796(1796-07-06)[1] (62 гады)
Янаў Падляскі
Пахаваны
Род Нарушэвічы
Бацькі Юры Нарушэвіч
Паўліна з Абрамовічаў
Дзейнасьць паэт, гісторык, каталіцкі сьвятар, каталіцкі дыякан, пісьменьнік, каталіцкі біскуп

Біяграфія

рэдагаваць

З шляхецкага роду Нарушэвічаў гербу Вадвіч, сын Юрыя, лоўчага пінскага, і Паўліны з Абрамовічаў. Пры хрышчэньні атрымаў імёны Адам Тадэвуш, ад 1781 году карыстаўся яшчэ імем Станіслаў. Валодаў маёнткам Павець каля Пінску.

Скончыў Пінскі езуіцкі калегіюм (1748 год) і Віленскую езуіцкую акадэмію (1754 год). Уступіў у Ордэн езуітаў у 1748 годзе ў Пінску. Ад 1758 году навучаўся ў Ліёне (Францыя), у Італіі і Нямеччыне. 17 жніўня 1762 году высьвечаны на ксяндза ў францускім горадзе Віен. Выкладаў лаціну ў Віленскай акадэміі, заняў там катэдру паэтыкі, дзе выкладаў стылістыку і гісторыю літаратуры. Пазьней выкладаў у Collegium Nobilium і ў Рыцарскай школе ў Варшаве. У гэты час стаў вядомы як паэт.

Па скасаваньні Ордэну езуітаў парафіяльны сьвятар у Няменчыне каля Вільні й у Анікштах. 13 сакавіка 1775 году прызначаны тытулярным біскупам Эмаўскім і дапаможным смаленскім, кансакраваны 25 траўня 1775 году. Біскуп смаленскі ад 28 лістапада 1788 году, луцкі ад 29 лістапада 1790 году.

У 1764 годзе прадстаўлены Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, надалей ягоны паплечнік, дарадца ад 1771 году. Ад 1770 году рэдактар часопісу Zabawy Przyjemne i Pożyteczne. Пісар вялікі літоўскі ад 1781 году, сакратар Пастаяннае Рады ў 1781—1786 гадох. Суправаджаў Гаспадара ў ягоных паездках Беларусьсю й Украінай, якія апісаў у кнігах «Дыярыюш падарожжа найясьнейшага караля Станіслава Аўгуста на Гарадзенскі сойм» (1784 год), «Дыярыюш падарожжа Станіслава Аўгуста, караля польскага, на Ўкраіну» (1787 год, другое выданьне — 1788 год).

Як сэнатар браў удзел у працы Чатырохгадовага сойму 1788—1792 гадоў. Прыхільнік Канстытуцыі 3 траўня 1791 году, быў адным з заснавальнікаў Згуртаваньня прыхільнікаў урадавай канстытуцыі. Разам зь вялікім князем паставіў подпіс пад актам Таргавіцкае канфэдэрацыі. Атрымліваў юргельт (пэнсію) ад расейскага ўраду. Адмовіўся ад удзелу ў Гарадзенскім сойме 1793 году, які зацьвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай.

Творчасьць

рэдагаваць
Партрэты А. Нарушэвіча
 
Матэвуш Такарскі, XVIII ст.
 
Мініятура. Г. Раецкая, 1792 г.
 
Ю. Смуглевіч, XIX ст.
 
Я. Лігбэр, 1803—1804 гг.

Адам Нарушэвіч адным зь першых зрабіў пераклад Карнэлія Тацыта на славянскую мову (польскую), ягоны пераклад да цяперашняга часу лічыцца лепшым у эўрапейскай літаратуры, а пераклады Гарацыя — самымі поўнымі і дасканалымі.

Ад пачатку 1770-х гадоў вывучаў праблемы ўсеагульнае й айчыннае гісторыі. Браў удзел у стварэньні калектыўнае працы «Палітычная гісторыя старажытных дзяржаваў» (1772 год), аўтарыякое лічылі галоўнай задачай высьвятленьне прычынаў разьвіцьця й заняпаду дзяржавў. Найбольш плённым для яго стаў пэрыяд творчасьці ў ВКЛ ад 1773 году. Тут ён працягваў распачатую ў Варшаве працу над перакладам і выданьнем твораў Тацыта (выдадзеныя ў 4 тамох у 1772—1783). У 1773—1776 гадох напісаў сваю першую буйную гістарычную працу «Жыцьцё Яна Караля Хадкевіча, віленскага ваяводы, вялікага гетмана Вялікага княства Літоўскага» (1781 год). Распачаты ім твор пра Льва Сапегу застаўся няскончаным.

На прапанову Станіслава Аўгуста і зь яго дапамогай пачаў выдаваць «Гісторыю польскага народу». У 1780—1786 гадох выйшлі тамы 2-7, якія ахоплівалі падзеі ад часоў князя Мешкі (Х ст.) да абраньня на польскі сталец Ягайлы (1386 год). Том 1, дзе сабраныя зьвесткі пра старажытнейшую гісторыю Польшчы, выйшаў пасьмяротна (ч. 1-2, 1824). Структура гэтае працы традыцыйная, падзеі ў ёй выкладаліся паводле пэрыядаў панаваньня князёў і каралёў, аўтарскія стаўленьні да іх выказаныя ў заўвагах. Завяршэньню «Гісторыі...» перашкаджала адсутнасьць матэрыялаў. Таму ў 1781 пачаў зьбіраць пры фінансавай падтрымцы караля гістарычныя крыніцы, здымаць копіі з гістарычных дакумэнтаў. Назапашаны ім 231 том матэрыялаў, г.зв. «тэчка Нарушэвіча», мае вялікую каштоўнасьць і для сучаснае навукі (зьберагаюцца ў большасьці Нацыянальным музэі ў Кракаве). Аўтар гісторыі Крыму — «Таўрыя» (Варшава, 1781).

Ягоныя фундамэнтальныя працы зьяўляюцца наватарскімі на ўсходнеэўрапейскай прасторы — вылучаюцца грунтоўнасьцю высноваў, дасканалым аналізам крыніцаў. На фармаваньне ягоных поглядаў паўплывалі ідэалёгія Вальтэра, Мантэск’ё й іншых асьветнікаў. Галоўным рухавіком гістарычнага працэсу лічыў чалавечы розум, асьветніцтва. Заснавальнік ў польскай гістарыяграфіі школы (г.зв. «школы Нарушэвіча»), якая выступала за манархічны лад дзяржавы, моцную цэнтральную ўладу й супрацьстаяла рэспубліканска-лібэральнай школе Яўхіма Лялевеля[4].

Аўтар шматлікіх одаў, ідыліяў, сатырычных і лірычных твораў, баек.

Памёр 6 ліпеня 1796 году, спачыў 12 ліпеня 1796 у калегіюме ў Янаве Падляскім.

Папярэднік
Каятан Ігнацы Солтык
Эмаўскія біскупы
1775-1788
Наступнік
Ёган Максымілян Фрайгер фон Гаўнольд
Папярэднік
Габрыэль Вадзынскі
Смаленскія біскупы
1788-1790
Наступнік
Тыматэвуш Павал Ґажэнскі
Папярэднік
Фэлікс Павал Турскі
Луцкія біскупы
1790-1796
Наступнік
Каспар Цецішоўскі
  1. ^ а б Adam Naruszewicz // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ Adam Naruszewicz // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  3. ^ Пазднякоў В. Нарушэвіч Адам Тадэвуш Станіслаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 348.
  4. ^ Пазднякоў В. Нарушэвіч Адам Тадэвуш Станіслаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 348—349.

Літаратура

рэдагаваць
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Календарыюм // Czasopis. № 10, 2003.
  • Grabski A. F. Perspektywy przeszłości. — Lublin, 1983.
  • Królikowska M. Szkoła naruszewiczowska i jej miejsce w historiografii polskiej XIX w. — Warszawa, 1989.
  • Rutkowska M.N. Adam Naruszewicz and his History of the Polish Nation. — Washington, 1941.
  • Бирало А. А. Философские проблемы в науке эпохи просвещения в Белоруссии и Литве. — Мн, 1979.