Юргельт
Юргельт (jurgelt), часам зваўся пэнсыяй (pensio) — штогадовая ці штомесячная выплата са скарбу ВКЛ.
Юргельты былі двух відаў — ардынарныя і неардынарныя. Ардынарныя юргельты надаваліся разам з прывілеем па пасаду і былі платай за службу, ў прывілеі на пасаду часам пазначаўся і памер юргельту, але звычайна памер вызначаўся асобным лістом вялікага князя да земскага падскарбія ВКЛ. Ардынарныя юргельты надаваліся на час заняцьця той ці іншай пасады. Неардынарныя юргельты звычайна надаваліся асобам за важкія заслугі перад дзяржавай, але часам невялікія юргельты былі сродкам падтрымкі некаторых асоб пры цяжкім матэрыяльным становішчы («на выратаваньне і харчаваньне»). Звычайна неардынарныя юргельты надаваліся пажыцьцева («да жывата»), але часам і да адмысловага загаду вялікага князя («да волі гаспадарскай»). Таксама неардынарныя юргельты маглі надавацца на ўтрыманьне якіх-небудзь недзяржаўных аб’ектаў, напрыклад Стэфан Баторы надаў юргельт ў памеры 13 коп грошаў штогод на ўтрыманьне царквы ў Пінску.
Агульная сума выплат юргельтаў са скарбу ВКЛ у сярэдзіне 17 стагодзьдзя складала штогод каля 55 000 злотых. Памеры юргельтаў вагаліся ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх тысяч грошаў штогод. Выплата ардынарных юргельтаў ніколі не перапынялася. Выплата неардынарных юргельтаў па загадзе вялікага князя магла быць перапыненыя на пэўны тэрмін (нават на некалькі гадоў), калі ў скарбе была нястача грошай або плянаваліся важкія вялікія дзяржаўныя выдаткі.
Грошы юргельтчыкі атрымлівалі ў Вільні ў скарбе ВКЛ у дзень сьвятога Марціна (25 кастрычніка) ці ў дзень сьвятога Міхала (29 верасьня), гэта амаль заўжды пазначалаля ў прывілеі на юргельт. Нават асобы якія зьбіралі дзяржаўныя прыбыткі і мелі права на юргельт не маглі з гэта прыбытку ўзяць грошы ў залік юргельту — яны мусілі здаць сабраныя прыбыткі ў скарб, а ўжо са скарбу артымаць свой юргельт. Юргельтчыкі маглі з дазволу вялікага князя перадаваць свае юргельты іншым асобам, а таксама абмяняць юргельт на маёнтак ці іншую крыніцу прыбытку той жа сумы.