Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК
Каардынаты: 53°50′45″ пн. ш. 27°30′38″ у. д. / 53.84583° пн. ш. 27.51056° у. д.
«Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК» — досьледнае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаванае ў кастрычніку 1956 году ў якасьці Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту сельскагаспадарчай вытворчасьці.
Тып | унітарнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 25 кастрычніка 1956 (68 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларускай ССР |
Уласьнікі | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Кастрычніцкі раён, вул. Казінца, д. 103 |
Ключавыя фігуры | Андрэй Піліпук (кіраўнік), Пётар Растаргуеў (намесьнік па інавацыйнай працы), Тацьцяна Запрудзкая (навуковая сакратарка)[1] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Прадукцыя | рынкавае дасьледаваньне[d][2], кіраўнічае кансультаваньне[d][2] і інвэстыцыйная парада[d][2] |
Паслугі | дасьледаваньне рынкаў харчаваньня, выкарыстаньня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і кіраваньня ўкладаньнямі ў земляробстве |
Лік супрацоўнікаў | 82 дасьледнікі (2022 год) |
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
На 2022 год знаходзіўся ў складзе Аддзяленьня аграрных навук НАНБ[3]. Набіраў у асьпірантуру і дактарантуру на спэцыяльнасьць эканоміка і кіраваньне народнай гаспадаркай. Праводзіў навуковыя гаспадарчыя дасьледаваньні: 1) кан’юнктуры ўнутранага і міжнародных рынкаў харчаваньня і іншых сельскагаспадарчых вырабаў, 2) выкарыстаньня і ўдасканаленьня здольнасьцяў працаўнікоў сельскай гаспадаркі, 3) спосабаў павышэньня якасьці сельскагаспадарчых вырабаў, 4) вонкавагаспадарчай дзейнасьці ў галіне абгрунтаваньня аб’ёмаў вывазу і ўвозу харчаваньня і сельскагаспадарчай сыравіны, 5) кіраваньня ўкладаньнямі ў земляробстве і іх рэгуляваньня, 6) арганізацыйных спосабаў удасканаленьня гаспадараньня ў аграпрамысловым комплексе (АПК), 7) спосабаў рэфармаваньня вытворчых і маёмасных дачыненьняў на вёсцы, 8) зямельнай палітыкі на падставе рынкавых дачыненьняў[4]. Кожныя 2 гады ладзілі міжнародную навукова-практычную канфэрэнцыю з удзелам дасьледнікаў з акадэміяў навук Казахстану і Польшчы, Расеі і Ўкраіны, а таксама навукоўцаў з ВНУ адпаведных краінаў[5].
Будова
рэдагавацьНа 2022 год «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК» налічваў 6 аддзелаў, зь іх 3 навукова-дасьледчыя: 1) рынку, 2) эканомікі галінаў аграпрамысловага комплексу (АПК), 3) эканамічнага рэгуляваньня, 4) арганізацыі аграрнага бізнэсу, 5) навукова-арганізацыйны, 6) інфармацыі[4].
Супольнікі
рэдагавацьЗь 2010-х гадоў найбольшымі ў Беларусі замоўцамі распрацоўвак «Інстытуту сыстэмных дасьледаваньняў у АПК» былі: Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі, канцэрны «Белдзяржхарчпрам» і «Белнафтахім», агракамбінаты «Дзяржынскі» (Фаніпаль, Койданаўскі раён), «Ждановічы» і «Сноў» (Нясьвіскі раён), «Віцебскхлебпрам» і «Менскхлебапрадукт», «Гомельскі тлушчавы камбінат», «Аршанскі льнокамбінат» і «Менскі парнікова-цяплічны камбінат», «Бабруйскі завод алею», «Віцебскі алеяэкстракцыйны завод» і «Менскі маргарынавы завод», «Белрыба» і «Белсолад», «Машхарчпрад» (Мар'іна Горка, Пухавіцкі раён), «Дубровенскі льнозавод» і «Хоцімскі льнозавод», Беларуская чыгунка і «Менсктранс», «Менскі падшыпнікавы завод» і Шклоўскі раённы выканаўчы камітэт[6].
Замежнымі супольнікамі ў міжнародных дасьледаваньнях былі: Сусьветная гандлёвая арганізацыя (Швайцарыя) і Харчова-сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (Італія), Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (Францыя) і Эўразійскі эканамічны зьвяз (Расея), Эўрапейская асацыяцыя вольнага гандлю (Швайцарыя) і Садружнасьць незалежных дзяржаваў, Міністэрства сельскай гаспадаркі Казахстану і Міністэрства гандлю Кітаю, Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША і Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі, Ізраільскае агенцтва міжнароднай супрацы ў галіне разьвіцьця, Акадэмія навук Латвіі і Акадэмія гаспадарчых дасьледаваньняў Малдовы, Казаскі НДІ эканомікі АПК і Інстытут аграрнай эканомікі Ўкраіны, Інстытут эканомікі сельскай гаспадаркі і харчаваньня Польшчы, Інстытут земляробчага разьвіцьця ў краінах зь пераходнай гаспадаркай імя Лейбніца (Нямеччына), Паўночны дасьледчы інстытут рэгіянальнага разьвіцьця (Швэцыя) ды Ўсерасейскі НДІ арганізацыі вытворчасьці ў сельскай гаспадарцы, Віленскі тэхнічны ўнівэрсытэт і Кіеўскі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Тараса Шаўчэнкі, Унівэрсытэт Карла Лінэя (Швэцыя) і Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Унівэрсытэт Уніён імя Ніколы Тэслы (Сэрбія) і Заходне-Паморскі тэхналягічны ўнівэрсытэт, Нацыянальная школа адміністраваньня (Францыя)[7].
Мінуўшчына
рэдагаваць5 красавіка 1956 году Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 174 аб утварэньні Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту сельскагаспадарчай вытворчасьці. 25 кастрычніка 1956 году міністар сельскай гаспадаркі БССР Самуіл Касьцюк падпісаў Загад аб яго заснаваньні. У 1957 годзе першым яго кіраўніком стаў сябар-карэспандэнт Іван Качура. У 1957 годзе адчынілі асьпірантуру. 6 сакавіка 1972 году Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР ухваліла Загад аб пераўтварэньні інстытуту ў Беларускі НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі. 2 сакавіка 1988 году Дзяржаўны аграпрамысловы камітэт БССР зацьвердзіў Загад № 91 аб перайменаваньні інстытуту ў БелНДІ эканамічных праблемаў аграпрамысловага комплексу (АПК), які ў 1992 годзе ўвайшоў у склад Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (ААНРБ)[8].
11 красавіка 1994 году Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі ўхваліла Загад № 62 аб зьмяненьні назвы на БелНДІ эканомікі і інфармацыі АПК у выніку далучэньня БелНДІ аўтаматызаваных сыстэмаў кіраваньня і Інстытуту інфармацыі. У 1996 годзе запрацавала дактарантура. У 1997 годзе кіраўнікі інстытуту Ўладзімер Гусакоў стаў адначасна намесьнікам старшыні ААНРБ. У 1998 годзе Аляксандар Шпак выдаў працу «Інвэстыцыйная дзейнасьць у сыстэме АПК». 22 чэрвеня 1999 году Мінсельгасхарч Беларусі зацьвердзіў Загад № 160 аб зьмяненьні назвы інстытуту на БелНДІ аграрнай эканомікі. У 1999 годзе Ўладзімер Гусакоў выдаў працу «Прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь да 2015 году», а ў 2000-м — «Рынкавае разьвіцьцё аграхарчовага комплексу: высновы і прапановы». У 2000 годзе інстытут перайменавалі ў Інстытут аграрнай эканомікі[8].
У 2001 годзе выйшлі працы «Курсам аграрных рэформаў» і «Навуковыя асновы пэрспэктыўнага разьвіцьця АПК Рэспублікі Беларусь», а таксама праца Гусакова «Эканамічная рэформа і прадпрымальніцтва, эфэктыўныя мэтады». 5 траўня 2002 году інстытут увайшоў у склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) ў выніку далучэньня ААНРБ. У 2002 годзе выпусьцілі працы «Рэфармаваньне аграпрамысловага комплексу» і «Эфэктыўнасьць спэцыялізацыі і каапэрацыі ў сельскай гаспадарцы Рэспублікі Беларусь». У 2003 годзе Гусакоў выдаў працу «25 гадоў пошуку ісьціны». На 2004 год Інстытут аграрнай эканомікі налічваў 3 аддзелы: 1) арганізацыйна-вытворчых структураў і эканамічнага рэгуляваньня, 2) рынку, 3) інфармацыі. У склад гэтых аддзелаў уваходзілі сэктары: вытворча-тэхнічнага аграсэрвісу, зямельных дачыненьняў, прыватызацыі, цэнаўтварэньня, эканамічнага аналізу, фінансавай і падатковай палітыкі, інвэставаньня і выкарыстаньня капіталу, працоўных рэсурсаў, вонкаваэканамічных дачыненьняў і маркетынгу, сацыяльнага разьвіцьця сяла. Асноўнымі кірункамі навуковых дасьледаваньняў былі: распрацоўка ўзораў і спосабаў супрацы і залучэньня аграпрамысловых прадпрыемстваў, спосабаў паказьнікавага плянаваньня і прадказаньня сельскагаспадарчай вытворчасьці, арганізацыйнага пераўтварэньня прадпрыемстваў галіны, разьвіцьця сельскага рынку працы і заахвочаньня працаўнікоў сельскай гаспадаркі, харчовай бясьпекі краіны, утварэньня збытавога і вонкавагаспадарчага маркетынгу галіны. Інстытут быў галоўным распрацоўнікам разьдзелу «Эканоміка аграпрамысловай вытворчасьці» дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы «Аграпрамысловы комплекс» на 2001—2005 гады. Выдавалі часопісы «Весьці Акадэміі навук Беларусі. Сэрыя Аграрныя навукі» і «Аграэканоміка», а таксама міжведамасны зборнік «Эканамічныя пытаньні разьвіцьця сельскай гаспадаркі Беларусі». У інстытуце працавалі акадэмік Генадзь Лыч, дактары эканамічных навук Іван Вараб'ёў і Леанід Догіль, Пётар Лешчылоўскі і Ўладзімер Міласердаў, а таксам Барыс Шапіра[8].
У 2005 годзе інстытут пераўтварылі ў Цэнтар аграрнай эканомікі Інстытуту эканомікі. 22 траўня 2008 году Бюро Прэзыдыюму НАНБ ухваліла Пастанову № 252 аб перадачы Цэнтру аграрнай эканомікі БелНДІ ўкараненьня новых формаў гаспадараньня ў АПК, пасьля чаго 1 ліпеня 2008 году паводле Загаду № 59 ён стаў унітарным прадпрыемствам «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК». На 2022 год налічваў 15 сэктараў у складзе 3-х навукова-дасьледчых аддзелаў. Сярод 82-х дасьледнікаў было 27 кандыдатаў навук і 17 дацэнтаў, а таксама 3 дактары навук, зь якіх 2 прафэсары[9]. Старшынёй Рады абароны дысэртацыяў у Інстытуце быў Уладзімер Гусакоў, які зь 2012 году адначасна займаў пасаду старшыні НАНБ[10].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Іван Качура (1957—1969)[11]
- Віктар Крастоўскі (1969—1975)
- Мікалай Пракапенка (1975—1985)
- Віктар Крастоўскі (1985—1994)
- Уладзімер Гусакоў (1994—2005)
- Валеры Бельскі (2005—2012)
- Аляксандар Шпак (2012—2018)
- Андрэй Піліпук (зь 2018 году)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кіраўніцтва Інстытуту // УП «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК», 2022 г. Праверана 20 лістапада 2022 г.
- ^ а б в https://web.archive.org/web/20190613211723/http://nasb.gov.by/bel/organizations/institutes/inoagro.php
- ^ Аддзяленьне аграрных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 1 лістапада 2022 г.
- ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня аграрных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 13 сьнежня 2018 г. Архіўная копія ад 13 чэрвеня 2019 г. Праверана 1 лістапада 2022 г.
- ^ Канфэрэнцыі (рас.) // УП «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК», 2022 г. Праверана 1 лістапада 2022 г.
- ^ Нашыя супольнікі (рас.) // УП «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК», 2022 г. Праверана 1 лістапада 2022 г.
- ^ Нашыя замежныя супольнікі (рас.) // УП «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК», 2022 г. Праверана 1 лістапада 2022 г.
- ^ а б в Мікалай Салаўцоў. Інстытут аграрнай эканомікі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — С. 393—394. — 473 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
- ^ Пра інстытут // УП «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК», 2022 г. Праверана 20 лістапада 2022 г.
- ^ Рада абароны дысэртацыяў (рас.) // УП «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК», 2022 г. Праверана 1 лістапада 2022 г.
- ^ Качура Іван Міхайлавіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 16 сакавіка 2020 г. Праверана 1 лістапада 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Кантакты // УП «Інстытут сыстэмных дасьледаваньняў у АПК», 2022 г. Праверана 20 лістапада 2022 г.
- Навіны
- Выданьні і часопіс «Аграрная эканоміка» (рас.)
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |