Белрыба

харчовае прадпрыемства Беларусі

Каардынаты: 51°50′11″ пн. ш. 27°33′17″ у. д. / 51.83639° пн. ш. 27.55472° у. д. / 51.83639; 27.55472

«Белрыба» — дзяржаўнае харчовае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў сьнежні 1957 году ў якасьці «Менскага гуртовага рыбнага халадзільніка».

«Белрыба»
Тып адкрытае акцыйнае таварыства
Заснаваная 28 сьнежня 1957 (66 гадоў таму)
Уласьнікі Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Кастрычніцкі раён, мікрараён Сярова, зав. Сьцебянёва, д. 2
Галіна харчовая прамысловасьць
Прадукцыя вяленая, вэнджаная і салёная марская і рачная рыба ў кансэрвах і прэсэрвах, марская капуста і салаты зь яе
Абарачэньне 913 тыс. рублёў (2021 год)
Чысты прыбытак -8,8 млн рублёў (2021 год)[1].
Матчына кампанія ДА «Сталічны гандаль і паслугі»[2]
belryba.by

На 2023 год пастаўляла рыбныя вырабы ў больш як 2600 крамаў і страўняў Беларусі. Уласная сетка крамаў працавала ў 14 гарадах краіны: у сталіцы і ўсіх 5 абласных цэнтрах, а таксама ў Барысаве, Слуцку і Салігорску ў Менскай вобласьці, Жлобіне і Каленкавічах у Гомельскай, Баранавічах у Берасьцейскай, Полацку ў Віцебскай, Лідзе ў Гарадзенскай. Аўтапарк налічваў 44 цяжкавікі зь лядоўнямі. Вытворчасьць звыш 400 найменьняў вырабаў улучала: вэнджаную, вяленую і салёную рыбу, прэсэрвы зь селядца, скумбрыі і ласося, салаты з марской капусты, рыбу ў жэле і дэлікатэсы[3].

Мінуўшчына

рэдагаваць

28 сьнежня 1957 году заснавалі «Менскі гуртовы рыбны халадзільнік», дзе ўпершыню ў горадзе наладзілі прамысловую перапрацоўку марской рыбы[4]. 10 чэрвеня 1994 году «Менскі гуртовы рыбны халадзільнік» пераўтварылі ў арэнднае прадпрыемства. 20 сьнежня 1997 году назву зьмянілі на «Белрыба». 26 жніўня 1999 году рыбзавод стаў дзяржаўным унітарным прадпрыемствам[5]. У 2001 годзе яго перадалі Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта Беларусі.

У 2004 годзе перабудавалі вяндлярны цэх[4]. У 2006 годзе запусьцілі швайцарскую лінію вакуўмнай упакоўкі, у якой наладзілі выпуск дэлікатэсаў з тэрмінам прыдатнасьці ў 60 дзён. У красавіку 2007 году ўкаранілі Агляд пагрозы і крытычныя кропкі нагляду (АПККН), каб забясьпечыць міжнароднае прызнаньне якасьці. У 2008 годзе на «Белрыбу» прыпадала каля 30 % вытворчасьці і збыту рыбных вырабаў у Беларусі. Пры гэтым выпускалі 350 найменьняў вырабаў з рыбы[6]. У 2008 годзе набылі машыну ўкладкі, але тая пачала ламіць кільку, таму давялося вярнуцца да ручнога раскладваньня. Марскую капусту ўзважвалі ўручную на латках перад даданьнем у слоік. Селядзец клалі ў кантэйнэр і дадавалі перац і іншыя прыправы, пасьля чаго адпраўлялі на мэханічную ўпакоўку. Агулам каля 80 % працы, якую пераважна выконвалі жанчыны, была ручной[4]. 15 ліпеня 2010 году «Белрыба» стала камунальным прадпрыемствам Менскага гарвыканкаму. У 2011 годзе пачалі выпускаць вэнджаную рыбу пад таварным знакам «Рыбзавод». 24 кастрычніка 2012 году «Белрыбу» пераўтварылі ў адкрытае акцыйнае таварыства.

Па выніках 2012 году «Белрыба» апынулася на 12-м месцы сярод найбольш стратных ААТ Беларусі[7]. 4 красавіка 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 152, якім улучыў вытворчую пляцоўку «Белрыбы» ў склад свабоднай эканамічнай зоны «Менск»[8]. У 2012 годзе адчынілі кансэрвавы цэх, дзе сталі вырабляць як проста натуральныя кансэрвы, гэтак і з даданьнем алею, а таксама ў таматнай падліве. Адпаведныя кансэрвы выраблялі зь селядца, сайры і гарбушы. З астуджанай сьвежай рачной рыбы, такой як карп, таўсталобік і лешч, выраблялі кансэрвы з даданьнем алею і ў таматнай падліве. За 8 гадзінаў зьмены кансэрвавы цэх выпускаў 20 000 бляшанак. Пры гэтым бляшанкі стэрылізавалі ў аўтаклаве[4].

На 2014 год «Белрыба» ў асноўным выпускала вэнджаніну і кансэрвы з карпа бяз костак. Вэндзілі шляхам падачы ў камэру дыма ад тленьня альховага пілавіньня. Салёную рыбу загружалі ў печ на тэрмін ад 12 гадзінаў у выпадку кількі і да 2-х содняў у выпадку салакі. Для пасьпяваньня селядца ў воцатна-солевай рашчыне дадавалі цукар і прыправы. За месяц звычайна выпускалі каля 200 тонаў вэнджанай і вяленай рыбы, а ўлетку — да 400 тонаў. На вэнджаньне таксама ішлі ісьляндзкі палтус, кета, гарбуша і вугор. Пры гэтым вэнджанага вугра закупалі толькі рэстараны. Сёмгу выраблялі толькі слабасалёнай. Кавалкі сёмгі або палтуса разразалі па 240 ці 300 грамаў. Вялілі рыбу звыш 5 дзён. Найбольшы прыбытак прыносіла вытворчасьць прэсэрваў з кавалкаў селядца і марской капусты, а таксама звыш 70 найменьняў салатаў з марской капусты. Адпаведная вытворчасьць выдавала каля 100 тонаў вырабаў за месяц. Пры гэтым марскую капусту ў сухім выглядзе пастаўлялі зь Кітаю. Частку вырабаў пастаўлялі за мяжу, пераважна ў Малдову, Армэнію і Канаду. Найбольшым попытам за мяжой карысталіся сёмга, салёны селядзец і марская капуста з курагой і чарнасьлівам. У дзіцячыя садкі і школы Беларусі накіроўвалі марскую капусту, а таксама сталовыя пароды рыбы — мінтай і аргентыну[4].

У ліпені 2016 году Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі выявіў на прадпрыемстве незадзейнічанае абсталяваньне на суму 8 млрд рублёў (400 тыс. даляраў), якое праляжала больш за 10 гадоў. Таксама праверка выявіла пратэрмінаваную другасную сыравіну на паўмільярды рублёў (25 тыс. $)[9].

Кіраўнікі

рэдагаваць
  1. ^ ААТ «Белрыба» ў крызісе: мільённыя страты // Партал «Хартыя'97», 28 красавіка 2022 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
  2. ^ Пералік гаспадарчых таварыстваў, у дачыненьні да якіх ДА «Сталічны гандаль і паслугі» ўпаўнаважана кіраваць акцыямі, якія знаходзяцца ва ўласнасьці горада Менска // ДА «Сталічны гандаль і паслугі», 2023 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
  3. ^ Аб прадпрыемстве (рас.) // ААТ «Белрыба», 19 сакавіка 2023 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
  4. ^ а б в г д Сяргей Куркач. Рыбка без хіміі, але з ручной расфасоўкай // Зьвязда : газэта. — 6 траўня 2014. — № 82 (27692). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ ААТ «Белрыба», УНП 190000166 (рас.) // ТАА «БізІнспэкт», 2023 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
  6. ^ Іван Ждановіч. У «Лідо» – рыбны дзень // Голас Радзімы : газэта. — 30 кастрычніка 2008.
  7. ^ «Заўтра тваёй краіны». Топ-30 стратных беларускіх ААТ // Партал «Хартыя’97», 3 чэрвеня 2013 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
  8. ^ Камэнтар да Ўказа № 152 ад 4 красавіка 2013 г. // Прэзыдэнт Беларусі, 4 красавіка 2013 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
  9. ^ Аляксандар Сьмірноў. Дзяржкантроль праверыў рыбаводчую галіну // Белтэлерадыёкампанія, 4 ліпеня 2016 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
  10. ^ Георгі Дань, «Штодзёньнік». Адкуль гніе рыба // Газэта «Наша ніва», 15 сакавіка 2010 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.