Іван Колас
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Колас (неадназначнасьць).
Іва́н Ко́лас (1923; вёска Картынічы, цяпер Лельчыцкі раён, Гомельская вобласьць, Беларусь — 2007; цяпер Новамаскоўская адміністрацыйная акруга, Масква, Расея) — савецкі выведнік і пісьменьнік беларускага паходжаньня. Стваральнік і кіраўнік Лельчыцкай партызанскай брыгады ў Беларусі (1943). Герой Расейскай Фэдэрацыі (1994).
Іван Андрэевіч Колас | |||||||
5 чэрвеня 1923 — 12 жніўня 2007 | |||||||
Мянушка | Алег, Фэлікс | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Месца нараджэньня | сяло Картынічы, Лельчыцкая воласьць, Мазырскі павет, Беларуская ССР, СССР | ||||||
Месца сьмерці | пасёлак Унукаўскае(ru), Ленінскі раён(ru), Маскоўская вобласьць, Расея | ||||||
Прыналежнасьць | СССР | ||||||
Род войскаў | Вайсковая выведка(en) | ||||||
Гады службы | 1941—1947, 1953—1987 | ||||||
Званьне | Палкоўнік (1985) | ||||||
Частка | Галоўная разьведвальная ўправа СССР(ru) | ||||||
Бітвы/войны | Нямецка-савецкая вайна | ||||||
Узнагароды | | ||||||
Сувязі | Андрэй Арцёмавіч Колас (партызан, бацька), Натальля Навумаўна Колас (маці), Кацярына Пятроўна Колас (бібліятэкарка) |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьСкончыў 7-гадовую сярэднюю школу, затым — пэдагагічны тэхнікум. У 1939 г. пачаў настаўнічаць у вясковай школе Лельчыцкага раёну (Палеская вобласьць, Беларуская ССР) і пісаць артыкулы ў мясцовую газэту. Пасьля пачатку нямецкага ўварваньня ў СССР 22 чэрвеня 1941 г. атрымаў позву ў Чырвоную армію. У сувязі зь веданьнем польскай і ўкраінскай моваў атрымаў залічэньне ў каманду адмысловага прызначэньня пры штабе Заходняга фронту (Магілёў, БССР). У ліпені 1941 г. удзельнічаў у абарончых баях у Беларусі і 19-гадовым юнаком заснаваў у Палескай вобласьці партызанскі атрад імя І. Кутузава[1]. У жніўні 1941 г. накіраваўся на навучаньне ў Вольскую пяхотную вучэльню (Саратаўская вобласьць, Расейская СФСР; цяпер Расея), якую перавялі з Магілёва. У траўні 1942 г., пасьля навучаньня, стаў начальнікам штаба стралковага батальёна 107-га стралковага палка (38-я армія, Паўднёва-Заходні фронт(uk)). У чэрвені 1942 г. большасьць жаўнераў батальёна загінула ў акружэньні пад Харкавам (другая бітва за Харкаў(en)).
Партызанскі рух
рэдагавацьУлетку 1942 г. праз захопленую немцамі Ўкраіну дабраўся да роднага сяла Картынічы (Петрыкаўская акруга, Генэральная акруга Жытомір), дзе стварыў Лельчыцкі партызанскі атрад. Зладзіў звыш 100 нападаў на нямецкіх вайскоўцаў і заснаваў яшчэ 3 партызанскія атрады, якія ў 20 гадоў злучыў у Лельчыцкую брыгаду (каля 700 байцоў). Тады ж выкрыў у Палескай вобласьці (БССР) аддзяленьне шпіёнскай школы Вайсковай выведкі Нямеччыны, дзе рыхтавалі да закіду ў савецкі тыл і ў партызанскія зоны. У траўні 1943 г. устанавіў сувязь з Цэнтральным штабам партызанскага руху (Масква; начальнік Панцеляймон Панамарэнка), які ўпаўнаважыў яго ажыцьцяўляць выведку пад загадам Галоўнай разьведвальнай ўправы СССР(ru). 12 чэрвеня 1943 г. з урочышча Вясьліднае (Лельчыцкі раён, БССР), дзе месьцілася Лельчыцкая брыгада І. Коласа, пачаўся 2000-кілямэтровы Карпацкі паход(ru) Сумскога партызанскага злучэньня (1500 чал.) на чале з Сідарам Каўпаком(uk). Адсюль жа ў Малдаўскую ССР (губэрнатарства Заднястроўе, Каралеўства Румынія) выправіўся атрад Макара Кажухара, палову якога склалі беларусы з брыгады І. Коласа. Тут жа пасьля партызанскіх паходаў спыняліся камандзіры Аляксандар Сабураў(ru), Аляксей Фёдараў, Сямён Руднеў(uk), Уладзімер Дружынін(uk), Якаў Мельнік(uk), Аляксей Рыгоравіч Іваноў(ru) і Васіль Бегма(uk)[1].
Выведка
рэдагавацьУвосень 1943 г. яго адклікалі ў Маскву для падрыхтоўкі на кіраўніка выведвальнай групы, на чале якой закінулі ў Ельскі раён (Палеская вобл., БССР; Мазырская вобласьць, Ген. акруга Жытомір). Для аддзела выведкі штаба 1-га Беларускага фронту за 5 месяцаў выявіў умацаваньні і перамяшчэньне нямецкага войска ў Ельскім і Мазырскім раёнах Беларускай ССР. Узімку выкрыў дакладны час пачатку нямецкай апэрацыі «Зіма» (ням. Winter) супраць савецкіх партызанаў у Палескай вобласьці БССР, што дазволіла падрыхтавацца да нападу. Затым вярнуўся ў штаб фронту. У сакавіку 1944 г. дэсантаваўся на чале выведвальнай групы ў Налібоцкай пушчы пад пасёлкам Івянец (Баранавіцкая вобласьць). Ажыцьцяўляў выведку ў Баранавічах, Карэлічах, Лідзе, Слоніме і Маладэчне для падрыхтоўкі Беларускай наступальнай апэрацыі «Багратыён». Выведаў другі эшалён абароны нямецкага войска на лініі Баранавічы—Пінск, чым дапамог зьнішчыць большасьць умацаваных баявых кропак[1]. У ліпені 1944 г. злучыўся з войскамі 1-га Беларускага фронта падчас іх наступу.
Ноччу 21 верасьня 1944 г. на заданьне галоўнага камандзіра 1-га Бел. фронту Канстанціна Ракасоўскага дэсантаваўся з самалёта над Варшавай разам з радыстам Зьмітром Сьцянько. Падчас прызямленьня радыст Сьцянько напароўся на арматуру разбуранага дома і загінуў на наступны дзень ад нямецкага гарматнага абстрэлу. Іван Колас атрымаў пералом рукі падчас прызямленьня на дах дома і кантузію ад разрыву снарада. Пад мянушкай «Алег» патрапіў да польскіх паўстанцаў Народнай арміі(pl) (польск. Арміі людовай), што падпарадкоўвалася савецкаму камандаваньню. Празь некалькі дзён знайшоў савецкую радыстку з раней скінутай і разьбітай выведвальнай групы. У выніку перадаў у штаб лік і разьмяшчэньне злучэньняў нямецкага войска ў варшаўскім гарнізоне і ваколіцах для наводкі савецкай зэнітнай і наземнай артылерыі, што стаяла на іншым беразе Віслы. Правёў 2 сустрэчы з кіраўніком Краёвай арміі Польшчы (польск. Арміі краёвай) Тадэвушам Камароўскім(pl) (мянушка «Бор»), які 1 жніўня 1944 г. загадаў пачаць Варшаўскае паўстаньне. Пасьля сустрэчы перадаў па рацыі пра адмову Камароўскага мець справу з урадам СССР у сувязі з масавым расстрэлам польскіх афіцэраў у Катыні у красавіку 1940 г., які правёў Народны камісарыят унутраных справаў СССР. 2 кастрычніка 1944 г. выйшаў да Віслы па каналізацыйнай трубе ў суправаджэньні 2 польскіх паўстанцаў Народнай арміі і пераплыў раку. Пры сустрэчы галоўны камандзір фронта Ракасоўскі сказаў Івану Коласу: «Быць табе героем». Аднак пасьля справаздачы І. Колас патрапіў пад 2-тыднёвы турэмны арышт, бо Асобы аддзел фронту (КДБ) насьцярожыла згадка па рацыі Катынскага расстрэлу польскіх афіцэраў. Сябра Ваеннай рады 1-га Беларускага фронту Мікалай Булганін даклаў аб выведцы Івана Коласа ў Варшаве вярхоўнаму камандзіру савецкіх войскаў Ёсіфу Сталіну. У студзені 1945 г. атрымаў прадстаўленьне (узнагародны ліст) да званьня Герой Савецкага Саюзу, аднак у сувязі з таемнасьцю застаўся без узнагароды[1].
У студзені 1945 г. пад мянушкай Фэлікс быў выведнікам Галоўнай разьведвальнай управы (ГРУ) СССР у правінцыі Саксонія (Нямецкая дзяржава). Выявіў у Саксоніі разьмяшчэньне злучэньняў нямецкага войска і бэнзольны завод, дзе выраблялі бэнзін зь мясцовага каменнага вугалю на патрэбу войска. У сакавіку 1945 г. на заданьне галоўнага камандзіра 1-га Беларускага фронту Георгія Жукава захапіў у Бэрліне генэрала нямецкага генштаба, які пазьней даставіў Гітлеру савецкі ўльтыматум аб безагаворачнай капітуляцыі[1].
Паваенны час
рэдагавацьУ 1947 г. у званьні капітана звольніўся з войска пасьля адмовы навучацца ў Вайсковай акадэміі і вярнуўся ў Беларусь, дзе займаўся выкладаньнем і журналістыкай. У 1947 г. нарадзіўся першы сын Леанід. У 1953 г. — другі сын Валянцін. У 1953 г. вярнуўся на службу ў ГРУ Генштаба СССР і выкладаў у вайсковых вучэльнях. У 1956 г. выдаў у Маскве першую аповесьць «Варшава ў агні» (Ваеннае выдавецтва Міністэрства абароны СССР, 106 с.) пра выведку падчас Варшаўскага паўстаньня 1944 году. У 1964 г. атрымаў польскі вайсковы знак «Крыж Храбрых». У 1985 г. атрымаў званьне палкоўнік. У 1987 г. сышоў у адстаўку па ўзросьце. 25 лістапада 1994 г. расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын Указам № 2118 надаў Івану Коласу званьне Герой Расейскай Фэдэрацыі за выведку ў ходзе Варшаўскага паўстаньня 1944 году. 18 жніўня 2003 г. Іван Колас атрымаў беларускі ордэн Францішка Скарыны за ўмацаваньне беларуска-расейскіх культурных сувязяў. Да канца жыцьця выдаў звыш 20 аповесьцяў на расейскай мове, шэраг зь якіх адзначылі расейскімі прэміямі імя Сіманава, Фадзеева і Пікуля за ваеннае пісьменства[1].
Іменем І. А. Коласа названая Лельчыцкая раённая гімназія.