Ганна Янкута

беларуская пісьменьніца, перакладніца

Га́нна Вале́р’еўна Янку́та (нар. 4 верасьня 1984, Гародня) — беларуская перакладніца, пісьменьніца.

Ганна Янкута
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 4 верасьня 1984(1984-09-04) (40 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладніца, пісьменьніца
Мова беларуская мова
Узнагароды
Эксьлібрыс[d] (2012) Дэбют (2013)

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Закончыла філялягічны факультэт БДУ, абараніла магістэрскую дысэртацыю па творчасьці Айн Рэнд і кандыдацкую дысэртацыю. У 2018 г. атрымлівала стыпендыю Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (Распараджэньне Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 37 рп ад 23.01.2018 г.). Кандыдат філялягічных навук. З 2008 году наведвае перакладчыцкую майстэрню пры Беларускім Калегіюме. Сябра рады інтэрнэт-часопіса «ПрайдзіСвет». З 2013 году сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў[1]. Намесьніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру (2013—2017).

Творчасьць

рэдагаваць

Перакладае прозу і паэзію з ангельскай, польскай, нідэрляндзкай, афрыкаанс, скотс ды іншых моваў[2]. Адна зь перакладніцаў, рэдактарак і складальнікаў камэнтароў да тому выбраных твораў Эдгара По «Маска Чырвонае Сьмерці». Пераклала раманы Джэйн Остын «Пыха і перадузятасьць», К. Ісігура «Не адпускай мяне», аповесьць Ч. Дыкэнза «Калядная гісторыя», дэтэктыўную прозу А. Конан Дойла, Р. ван Гуліка, шэраг паэтычных твораў У. Шэксьпіра, У. Блэйка, Д. Кітса, Ф. Пэсоа, Б. Лесьмяна і інш[3].

У 2018 годзе пабачыла сьвет першая аўтарская кніга Янкуты «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў». Гэта дзіцячая кніга пра ката, які вандруе па Менску. Паводле сюжэту кот Шпрот, які любіць уначы цішком зьбегчы з балькону і паблукаць па ваколіцах, знаёміцца з прывідамі, што жывуць пад вокнамі яго дома. Так пачынаюцца прыгоды ката і хлопчыка Алеся ў менскім Парку Чалюскінцаў, завязваецца іх сяброўства з суседзямі — прывідамі, вераб’ямі і мышамі. Героі кнігі ратуюць сяброў, якія трапілі ў загадкавую пастку, і вучацца разам спраўляцца зь нягодамі[4].

Узнагароды

рэдагаваць

Ляўрэатка конкурсаў маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана (2009) і Чэслава Мілаша (2011), арганізаваных Беларускім ПЭН-цэнтрам. Ляўрэатка прэміі часопіса “ПрайдзіСвет” у намінацыі “Публікацыя ў часопісе “ПрайдзіСвет” за 2009 год.

  1. ^ Старонка пісьменьніцы на сайце Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Янкута Ганна Валер’еўна, https://web.archive.org/web/20210515012910/https://lit-bel.org/friends/ya/Yankuta-Ganna-Valerena-Hanna-Yankuta-2906/
  2. ^ Старонка пісьменьніцы на сайце Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Янкута Ганна Валер’еўна, https://lit-bel.org/friends/ya/Yankuta-Ganna-Valerena-Hanna-Yankuta-2906/
  3. ^ Старонка пісьменьніцы і перакладніцы на сайце ПрайдзіСвет, http://prajdzisvet.org/translators/11-jankuta-hanna.html
  4. ^ Выйшла дзіцячая кніга пра ката, які вандруе па Мінску, Наша Ніва, 31.07.2018, https://nashaniva.com/?c=ar&i=213501

Літаратура

рэдагаваць
  • Красавіцкае папаўненьне // Новы Час № 17 (289), 27 красавіка 2012. — С. 10.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць