Беларускі трэці дзяржаўны тэатар

тэатральная трупа Ўладзіслава Галубка ў Менску
(Перанакіравана з «Трупа Галубка»)

Белару́скі трэ́ці дзяржа́ўны тэа́тар — тэатральная група пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка (з 1931 году — Канстанціна Саньнікава), створаная ў Менску і дэбютаваная 10 жніўня 1920 году пастаноўкай камэдыі «Суд» паводле сцэнару заснавальніка тэатру.

Беларускі трэці дзяржаўны тэатар
Асноўныя зьвесткі
Заснаваньне10 жніўня 1920
Закрыцьцё1937
Будынак тэатру
МесцазнаходжаньнеМенск

Сцэна зь першага спэктаклю «Суд» (крайні справа — Уладзіслаў Галубок у ролі Авечкі)

У розныя часы меў назвы: «Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка» (Трупа Галубка), з 1924 году — «Другая беларуская дзяржаўная трупа», з 1926 году — «Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатар», з 1932 году — «Беларускі трэці дзяржаўны тэатар» (БДТ-3) з базай у Гомелі[1].

Гісторыя

рэдагаваць
 
Афіша спэктаклю Трупы ў Беларускім рабочым клюбе

Першапачаткова калектыў працаваў пры Беларускім рабочым клюбе і іграў спэктаклі для гледачоў ускраін Менску. Пазьней выступаў таксама ў менскіх клюбах імя Леніна, Луначарскага, Дзям’яна Беднага, «Камуна» і ў «Беларускай хатцы».

Першымі акторамі трупы былі члены сям’і Ўладзіслава Галубка — жонка Ядвіга Аляксандраўна, іхні сын Эдуард, дочкі Багуся, Міла і Люся, а таксама іншыя выканаўцы пераважна маладога пакаленьня: Андрэй Блажэвіч (Вангін) Б. Бусел (Райзман), Міхась Васілёк (Грынблат), Н. Клачко, І. Крыцкі, Л. Скжындзіеўская, Ю. Фляйто[2]. Працаваць акторамі актыўна ішлі і беларускія пісьменьнікі — Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі, Алесь Дудар, Ілары Барашка.

Пра першы дэбют сваёй трупы Ўладзіслаў Галубок пісаў:

10 жніўня памяшканьне клюбу было перапоўнена чырвонаармейцамі, якія прыйшлі з фронту пасьля баёў адпачываць у Менск. Усякія правілы парушаны, і замест 500 чалавек прысутнічаюць каля 1000[3].

Распачаўшы працу ў сталіцы, Трупа беларускіх артыстаў выправілася ў падарожжы па Беларусі, такім чынам, стаўшы аб’язным тэатрам. Артысты ня мелі ўласнага транспарту, таму часта на выпадковых павозках ці санях, а часта і пешшу пераходзілі паміж беларускімі мястэчкамі[4].

Адна з акторак тэатру Тацяна Шашалевіч успамінала:

Не магу забыць адзін выпадак. Гэта было на Гомельшчыне каля Веткі, у вёсцы. Пасьля канцэрту нас выкінулі ноччу за вёскай. На досьвітку мы ўвайшлі ў пасёлак нейкага саўгаса зь песьняй і музыкай. Праз вокны з-за фіранак пазіралі на нас зьдзіўленыя заспаныя твары. Выгляд у нас быў незвычайны: усе мы былі апранутыя ў беларускія касьцюмы з рэшткамі грыму на тварах. Не было дзе разгрыміравацца. Але нам было вельмі весела. Мы многа сьмяяліся, хоць вельмі хацелася есьці. Галубок пайшоў да дырэктара саўгаса за дапамогай. Пакармілі нас малаком і хлебам, далі адну вялікую павозку, пасадзілі нас, жанчын, і паехалі ў Ветку. А мужчыны так і ішлі пешкі яшчэ кілямэтраў 10—15[5].

 
Акторскі склад Беларускага вандроўнага тэатру, 1926 год
 
Акторскі склад БДТ-3, 1933 год

Папулярнасьць тэатру шырылася вельмі інтэнсіўна, аднак у канцы 1920-х ідэалягічныя органы СССР пачалі звужаць кола яго дзейнасьці, абвінавачваючы кіраўніцтва ў абмежаваным, нацыяналістычным рэпэртуары і нізкім, прымітыўным узроўні яго сцэнічнага ўвасабленьня. У пачатку 1930-х гг. Уладзіслава Галубка адхілілі ад мастацкага кіраўніцтва тэатру. У канцы 1931 году яго мастацкім кіраўніком быў прызначаны Канстанцін Саньнікаў[2]. За Галубком пакінулі адміністрацыйна-гаспадарчую працу і працу актора[4]. У 1934 годзе для павышэньня кваліфікацыі калектыў быў накіраваны на 3-месячныя курсы ў Маскву, дзе выкладалі сыстэму Станіслаўскага, знаёмілі з дасягненьнямі расейскага і замежнага тэатраў. Тэатар Галубка жа пачалі пераводзіць у іншы кірунак — побытавы рэалістычна-псыхалягічны, у рэчышчы якога працавала абсалютная большасьць сцэнічных калектываў таго часу[4].

Сьвяткаваньня 15-гадовага юбілею III-га Беларускага дзяржаўнага тэатру, па распрацаванаму пляну Народным камісарыятам асьветы, праводзіліся з 20 да 26 сьнежня 1935 году. У юбілейныя дні тэатар паказаў у будынку БДТ-1 ў Менску пастаноўкі «Сэржант Дроб» Эдуарда Самуйлёнка, «Гісторыя пяці хвастоў» Л. Левіна, «Часаўшчык і курыца» Івана Качаргі й «Рыкашэт» Уладзіслава Галубка. Быў выданы зборнік «15 год тэатра» і арганізавана выстава на тэму «Творчы шлях за 15 год»[6]. Пастановай ЦВК СНК узнагародзілі граматамі ЦВК старэйшых працаўнікоў і актыўных удзельнікаў будаўніцтва тэатру народнага артыста Галубка У. І.. і артыстаў Саньнікава К. Н., Райзман-Бусела Д. В., Качынскую А. Б., Несьцяровіч А. І., Лазарчык 3. С.; надалі званьне «Заслужанага артыста рэспублікі» Згіроўскаму А. А. і Былічу К. Ф.; прэміравалі асабістай легкавой машынай і творчай камандзіроўкай у Маскву й Ленінград народнага артыста Галубка У. І.; выдалі грашовую прэмію артыстам тэатра й выдалі тэатру грузавую машыну[7]. Тэатар зь юбілеям павіншавалі — Янка Купала, старшыня саўнаркаму Мікалай Галадзед, праўленьне зьвязу пісьменьнікаў, прэзыдыюм ЦВК, ЦК КПБ(б) і інш.[8]

З гэтага часу ў тэатральным рэпэртуары пачалі пераважаць сучасныя савецкія творы, якія ставіліся на многіх тагачасных сцэнах: «Ярасьць» Я. Янкоўскага, «Мой сябар» М. Пагодзіна, «Энтузіясты» Е. Серабракова і Е. Тарвід, «Дыктатура» і «Дзяўчаты нашай краіны» І. Мікітэнкі, «Суд» У. Кіршона, «Чужое дзіця» В. Шкваркіна, «Гадзіншчык і курыца» І. Качаргі і інш. Большасьць спэктакляў была заідэалягізаваная, галоўная ўвага зьвярталася на паказ энтузіязму савецкіх людзей і іх барацьбу з шпіёнамі, дывэрсантамі і «ворагамі народу»[2]. У 1936 годзе ставілася і клясыка: расейская — «Даходнае месца» Аляксандра Астроўскага і «Пушкінскі спэктакль» паводле твораў Аляксандра Пушкіна, замежная — «Падступства і каханьне» Фрыдрыха Шылера[2].

У 1930-я гады адбылася кардынальная зьмена ўсяго творчага кірунку тэатру. Значна павысілася пастановачная культура спэктакляў, іх прафэсійны ўзровень, але без уліку народных традыцыяў і асаблівасьцяў калектыву. У выніку тэатар шмат у чым быў зьнівэляваны, страціў сваю нацыянальную самабытнасьць і непаўторнасьць[2].

Пасьля арышту Ўладзіслава Галубка і яго расстрэлу 28 верасьня 1937 году, найбольш імаверна, у Курапатах, тэатар расфармавалі[4]. Акторы пачалі ўладкоўвацца ў іншыя калектывы, а некаторыя ўвогуле сышлі з сцэны[4].

Рэпэртуар

рэдагаваць
Здымкі з спэктакляў БДТ-3
 
Сцэна з спэктаклю «Даходнае месца» Аляксандра Астроўскага, 1936 год
 
Сцэна з спэктаклю «Сяржант Дроб» Э. Самуйлёнка, 1936 год
 
Сцэна з спэктаклю «Мой сябра» М. Пагодзіна, 1932 год

У першыя гады працы рэпэртуар тэатру фармаваўся найбольш з п’ес Уладзіслава Галубка[4], які напісаў каля сарака альбо больш за сорак драматычных твораў, галоўным чынам мэлядрамы і бытавыя камэдыі, якія ўзьнімалі праблемы сацыяльнай няроўнасьці і маралі: «За мураванай сьцяной», «Бязьвінная кроў», «Апошняе спатканьне», «Бязродны», «Завяўшыя кветкі», «Дарагія госьці», «Культурная цешча», «Патэнтаваны кум» і інш[2].

Таксама ставіліся творы Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча «Пінская шляхта», Янкі Купалы «Паўлінка», Каруся Каганца «Модны шляхцюк», Леапольда Родзевіча «Зьбянтэжаны Саўка» і «У кавалёвай хаце», Міхася Чарота «Слуцкая варона» і «Мікітаў лапаць» і найбольш Францішка Аляхновіча — «Птушка шчасьця», «Чорт і баба», «Манька», «Цені», «Страхі жыцьця», «Калісь», «Бутрым Няміра» і «Лес шуміць» паводле аповесьці У. Караленкі[2].

Акрамя беларускіх драматычных твораў трупай ставіліся і папулярныя на Беларусі творы замежных аўтараў: Антона Чэхава «Сватаньне», Марка Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі», Элізы Ажэшкі «Рысь» паводле апавяданьня «У зімовы вечар».

Год Назва п’есы і аўтара; імя рэжысэра і мастака
1920 «Суд» і «За мураванай сьцяной» (У. Галубок), «Пашыліся ў дурні» (М. Крапіўніцкі), «Міхалка» (Далецкія) — рэж. і мастак Ул. Галубок
1921 «Птушка шчасьця» і «Чорт і баба» (Ф. Аляхновіч), «За ідэю камунізма» (Я. Васілёк), «Праменьчык шчасьця» («Госьць з катаргі»), «Бязьвінная кроў», «Душагубы» («Чорная душа»), «Акрываўлены падатак» («Белы вянок»), «На курорце», «Пісаравы імяніны» («Залёты дзяка», «Хвароба ў добрым здароўі»), «Залаты бог» (Ул. Галубок) — рэж. Ул. Галубок
1922 «Манька», «Цені», «Страхі жыцьця», «Калісь» (Ф. Аляхновіч), «Паўлінка» (Я. Купала), «Фанатык» (Васіль Хмель), «Ганка» («Ні тая, ні другая»), «Апошняе спатканьне», «Мужычае шчасьце», «Былое», «Бязродны», «Дарагія госьці», «Жаніхі» («Марцовыя кавалеры»), «Завяўшыя кветкі», «Культурная цешча», «Патэнтаваны кум» і «Ліхадзеі» («Бабы-ліхадзейкі», Ул. Галубок), «Модны шляхцюк» (К. Каганец), «Па рэвізіі» (М. Крапіўніцкі), «Як яны жаніліся» (В. Валодзьскі), «Слуцкая варона» (М. Чарот), «Сватаньне» (А. Чэхаў) — рэж. Ул. Галубок
1923 «Лес шуміць» (Ф. Аляхновіч), «Антось Лата» (Я. Колас), «Падкідыш», «Пісаравы імяніны» («Залёты дзяка», «Хвароба ў добрым здароўі» — новы варыянт), «Князь Качаргін», «Пан Сурынта» («Блуд»), «Дзіця вуліцы», «Залатая рыбка», «Плытагоны», «Ветрагоны» («Дваяжэнцы», «Хціўцы», Ул. Галубок), «Рысь» (Ждановіч паводле Э. Ажэшкі), «Пінская шляхта» (В. Дунін-Марцінкевіч), «Мікітаў лапаць» (М. Чарот), «Зьбянтэжаны Саўка» і «У кавалёвай хаце» (Л. Родзевіч) — рэж. Ул. Галубок
1924 «Праменьчык шчасьця» («Госьць з катаргі» — новы варыянт), «Душагубы» («Чорная душа» — новы варыянт), «Пан князь» (Ул. Галубок) — рэж. Ул. Галубок
1925 «Беларускія зажынкі» (Ул. Галубок), «Бутрым Няміра» (Ф. Аляхновіч) — рэж. і мастак Ул. Галубок
1926 «Плытагоны» (новы варыянт; Е. Міровіч, Ул. Галубок) — рэж. Ул. Галубок
1927 «Фанатык» («Васіль Хмель», новая рэдакцыя), «Пінская мадонна» (Ул. Галубок) — рэж. Ул. Галубок, мастак Марыкс; «У ліпнёвую ноч» (Б. Гарчынскі) — рэж. Крыловіч
1928 «Краб» і «Ганка» («Ні тая, ні другая» — новы варыянт, Ул. Галубок), «Лес цёсны» (М. Ільінскі) — рэж. Ул. Галубок; «Таміла» (А. Ляжневіч паводле аднайменнага рамана Ф. Д’юшэна — рэж. М. Міцкевіч
1929 «Кастусь Каліноўскі» (Еўсьцігней Міровіч) — рэж. Ф. Ждановіч;
1930 «Ярасьць» (Я. Яноўскі) — рэж. Ф. Ждановіч; «Дыктатура» (псэўд. І. Мікітэнка — Міцкевіч, З. Азгур), «Віхор» («Гарачы віхор», В. Сташэўскі), «Гальштук» (А. Глебаў) — рэж. М. Міцкевіч
1932 «Энтузіясты» (Серабракоў), «Травід» (К. Саньнікаў, Дз. Крэйн), «Мой сябар» М. Пагодзіна (К. Саньнікаў, І. Ахрэмчык), «Контратака» Курдзіна (К. Саньнікаў, С. Шавалдышава і Л. Яфрэмаў)
1933 «Дзяўчаты нашай краіны» (Мікітэнка) — рэж. Міровіч; «Суд» (Кіршон) — рэж. К. Саньнікаў; «Белая зброя» (Ул. Галубок)
1934 «Гісторыя пяці хвастоў» Л. Левіна (К. Саньнікаў, рэж.-кансультант А. Дзікі, Б. Матрунін), «Чужое дзіця» Шкваркіна (Розанаў, Елісееў)
1935 «Гадзіншчык і курыца» («Майстры часу») Качаргі (Міровіч, Елісееў), «Рыкашэт» Ул. Галубка (Розанаў, Елісееў), «Сяржант Дроб» Э. Самуйлёнка (К. Саньнікаў, Марыкс)
1936 «Даходнае месца» А. Астроўскага (Міровіч, Матрунін), «Сям’я Волкавых» А. Давурына (К. Саньнікаў, Марыкс)
1937 «Пушкінскі спэктакль» («Каменны госьць», сцэны з «Барыса Гадунова» і «Цыганы» А. Пушкіна; В. Пацехін, Л. Кудрыцкі), «Падступства й каханьне» Ф. Шылера (К. Саньнікаў, Елісееў), «Мяцеж» Дз. Фурманава і С. Паліванава (рэж. Пацехін)

Бібліяграфія

рэдагаваць
  1. ^ ГАЛУБОК Уладзіслаў // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  2. ^ а б в г д е ё А. В. Сабалеўскі Беларускі трэці дзяржаўны тэатр // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: 2002 Т. 1. — С. 140—143. — 568 с.
  3. ^ Галубок У. Творы. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. — С. 593—595.
  4. ^ а б в г д е Анатоль Сабалеўскі Тэатр Уладзіслава Галубка // Роднае слова. — Мн.: 2007. — № 5.
  5. ^ Шашалевіч Т. Першы народны // Адхінуўшы заслону часу…: Успаміны пра Уладзіслава Галубка. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1979. — С. 78.
  6. ^ Юбілей ІІІ Беларускага тэатра. // Звязда : газэта. — 1935, 11 лістапада. — № 256 (5332). — С. 4.
  7. ^ Аб 15-гадовым юбілеі БДТ-3. Пастанова ЦВК і СНК БССР. // Звязда : газэта. — 1935, 23 сьнежня. — № 291 (5367). — С. 1.
  8. ^ Мікалай Галадзед Дырэктару БДТ-3 Галубку, усім творчым працаўнікам, усяму калектыву тэатра. // Звязда : газэта. — 1935, 23 сьнежня. — № 291 (5367). — С. 1.

Літаратура

рэдагаваць