Еўсьцігней Міровіч
Еўсьцігне́й Афінаге́навіч Міро́віч, сапраўднае прозьвішча Дуна́еў (10 жніўня 1878, Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя — 16 лютага 1952, Менск, БССР) — беларускі савецкі драматург, тэатральны рэжысэр і пэдагог. Народны артыст Беларускай ССР (1940), прафэсар (1945). Адзін з заснавальнікаў беларускага тэатральнага мастацтва.
Еўсьцігней Міровіч | |
Дата нараджэньня | 29 ліпеня (10 жніўня) 1878 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 25 лютага 1952 (73 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Прафэсіі | актор, рэжысэр, драматург, тэатральны пэдагог |
Месца працы | |
Сябра ў | Саюз пісьменьнікаў СССР |
Тэатар | БДТ-1 |
Узнагароды | |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Міровіч (неадназначнасьць).
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і чыгуначніка-старавера, выхадца зь Віцебскай губэрні Паўночна-Заходняга краю. Скончыў Самсонаўскую рэальную вучэльню, нармальную школу маляваньня пры Акадэміі мастацтваў і курсы Пецярбурскага гуртку аматараў драматычнага мастацтва.
З 1900 року працаваў у пецярбурскіх Адміралцейскім, Кацярынінскім, Кранштацкім тэатрах акторам, затым рэжысэрам. З 1906 — правадзейны сябра Санкт-Пецярбурскага саюзу драматычных і музычных пісьменьнікаў.
Пераехаў у Менск у 1917 року. З 1919 працаваў у тэатрах Беларусі. У 1921—1931 — мастацкі кіраўнік, у 1941—1945 рэжысэр 1-га Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатру (БДТ-1). Быў мастацкім кіраўніком Гомельскага тэатру рабочай моладзі (1932—1935), які ў 1935 быў ім рэарганізаваны ў Першы калгасна-саўгасны тэатар. У 1937—1940 — мастацкі кіраўнік Беларускага тэатру юнага гледача імя Н. Крупскай. З 1945 — мастацкі кіраўнік і загадчык катэдры майстэрства актора Беларускага тэатральнага інстытуту. Займаўся таксама выкладчыцкай дзейнасьцю ў тэатральных студыях, у Менскай тэатральнай вучэльні. Прафэсар. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР (з 1934).
Пахаваны на Вайсковых могілках Менску.
Творчасьць
рэдагавацьПершая п’еса «Опекуны» была напісаная ў 1904 року, аднак цэнзура ня дала дазволу на пастаноўку. Такі самы лёс п’есаў «Ужас времени» («Современный вампир»), «Ночь миллионера». На маскальскай мове ў Пецярбургу апублікаваў п’есы «Мефистофель в интересном положении, или Женатый Мефистофель» (1909), «Графиня Эльвира» (апублікаваная і пастаўленая ў 1910), «Рыцарь дон Фернандо» (1912, пастаўленая ў 1911), «Фабрика талантов» («Остановитесь!», 1912), «Театр купца Епишкина» (1915, пастаўленая ў 1914, у 1978 пастаўленая на Беларускім тэлебачаньні), «Вова приспособился» (апублікаваная і пастаўленая ў 1915), аднаактоўкі «Какой нахал!» (1914), «Не ревнуй!» (1915). Напісаў на беларускай мове і паставіў п’есы «Машэка» («У часы даўнейшыя», пастаўленая ў 1923), «Кастусь Каліноўскі» (1957, пастаўленая ў 1923, экранізаваная ў 1928), «Каваль-ваявода» (пастаўленая ў 1925), «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (1957, пастаўленая ў 1925), «Перамога» («Хроніка нашых дзён», 1957, пастаўленая ў 1926), «Запяюць верацёны» (пастаўленая ў 1928), «Лён» (пастаўленая ў 1932). У 1934 г. апублікаваў п’есу «У вясновую ноч» (1934, ставілася гурткамі самадзейнасьці). У 1957 выйшаў зборнік «П’есы».
У ягоныя п’есах запаміналіся не глыбокія ідэі, а выразна эфэктныя сцэны, асобныя эпізоды. Для Міровіча сюжэт не галоўнае. Гэта толькі нагода паказаць як мага больш цікавых народных абрадаў, танцаў, песень, галаваломных штукарскіх момантаў, акрабатычных нумароў. У «Кастусі Каліноўскім» адзін з самых запамінальных эпізодаў — запіс добраахвотнікаў у інсургенцкае войска, які нечакана ператвараецца ў захапляльную сцэну танца, што аб’ядноўвае ўсіх — і багатых і бедных, і «белых» і «чырвоных». Героі, уся масоўка скачуць самааддана, з усёй вострай зухаватасьцю і харэаграфічнай дакладнасьцю. Калі зьяўляюцца жандары, то п’яная ад танцаў публіка пачынае зь імі бойку, якая, дзякуючы майстэрству рэжысэра, паводле сваёй дасканалай плястыкі, выглядае лягічным працягам гэтага жарснага танцу. Вярбоўка ў войска для рэжысэра толькі нагода паказаць гледачу ўсё хараство мазуркі і полькі, а таксама правесьці дастаткова крамольную думку, што мастацтва павінна не расьцярушваць па клясах і сацыяльных праслойках, а наадварот — яднаць.
Дзякуючы Е. Міровічу пастаноўкі беларускага тэатру набылі прафэсійную трываласьць. Ён прынёс на беларускую сцэну цыркавую лёгкасьць і эстрадна-кабарэшную бесклапотнасьць. З посьпехам прайшоў у 1923 року ў Маскве мюзыкль «На Купальле», пастаўлены Міровічам паводле п’есы Міхася Чарота. Рэжысэр быў першым, хто прынёс у айчыннае тэатральнае мастацтва любоў да фармальнага экспэрымэнту, дзе ня так істотна, пра што ставіць, а галоўнае як. Нечаканыя мізансцэны, ярка-авангарднае мастацкае афармленьне, амаль постмадэрновая гульня з клясыкай, разбурэньне «чацьвертай сьцяны» — усё гэта было ўласьціва пастаноўкам Міровіча ў 1920-я і часткова ў 1930-я гады. Напрыклад, з вострасацыяльнай «Паўлінкі» Міровіч у 1922 року зрабіў авангардна-гратэскнае, амаль цыркавое дзейства, у якім галоўнае было не балючая тэма «свае прадалі свайго», а яркі, фантастычны грым, танцы ў стылі «Мулен-Руж», камічныя эфэкты, эстэтычна тоесныя тагачасным камэдыям Чарлі Чапліна і Гаральда Ллойда[1].
Еўсьцігней Міровіч здолеў захаваць свою звонкую лёгкасьць і ў 1930-я року. Нават калі пісаў п’есы і ставіў спэктаклі пра ворагаў народа, якія псуюць на вёсках трактары («У веснавую ноч». 1934), у яго ўсё роўна атрымлівалася не сацрэалістычна-кардонная пастаноўка, а займальны дэтэктыў, дзе сапраўды, дзякуючы вастрыні інтрыгі, было цікава сачыць за нечаканай разьвязкай.
Прэміі і ўзнагароды
рэдагавацьУзнагароджаны ордэнамі Працоўнага чырвонага сьцяга, «Знак Пашаны», мэдалямі. Народны артыст БССР (1940).
Сям’я
рэдагавацьБыў двойчы жанаты. У другім шлюбе меў дзьвюх дачок — Кіру і Галіну.
Бібліяграфія
рэдагаваць- Ф. Первый белорусский гостеатр (Из беседы с художественным театра заслуженным артистом Е. А. Мировичем). // Советское искусство : массовая газета по вопросам искусства. — 1931, 12 января. — № 1. — С. 3.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Дранько-Майсюк, Васіль (29 жніўня 2018) Зорны арлекін Еўсцігней Міровіч. Звязда. Праверана 19 верасьня 2021 г.
Літаратура
рэдагаваць- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Міровіч Еўсцігней // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- 20 нечаканых фактаў пра Еўсьцігнея Міровіча // Радыё „Свабода“