Леан Зянковіч

польскі паэт, пісьменьнік
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Зянковіч.

Ле́ан Зянко́віч (па-польску: Leon Zienkowicz; 11 красавіка 1808, маёнтак Ляхі каля Пружаны — 12 сьнежня 1870) — паэт, публіцыст, мэмуарыст. Называў сябе палешуком[2], аднак пісаў на польскай мове.

Леан Зянковіч
Leon Zienkowicz
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 11 красавіка 1808
маёнтак Ляхі Пружанскага павету, Расейская імпэрыя
Памёр 12 сьнежня 1870
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, публіцыст, мэмуарыст
Мова польская
Значныя творы «Вечары ляха зь Ляхаў, ці Гутаркі пры каміне старога польскага літаратара»
«Польскі народ, ці Дакладнае апісаньне звычаяў, нораваў, адзеньня яго і да т. п.»

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і дробнага шляхціча. Навучаўся ў Сьвіслацкай гімназіі, Варшаўскім унівэрсытэце, быў сябрам таемных вучнёўскіх таварыстваў.

Падчас паўстаньня 1830—1831 рокаў — ад’ютант камандзіра ганаровай аховы кіраўніка паўстаньня, пасьля паручнік 9-га ўланскага палку, удзельнік баявых дзеяньняў супраць рэгулярнага расейскага войска. Пасьля паразы паўстаньня адмовіўся прысягаць расейскаму імпэратару Мікалаю I і эміграваў у Францыю.

У 1833 стаў адным з арганізатараў паўстанцкіх атрадаў з былых інсургентаў у эміграцыі з мэтаю аднаўленьня ўзброенае барацьбы супраць Расеі за незалежнасьць Рэчы Паспалітае. Аднак спроба такім чынам вярнуцца на радзіму ня мела посьпеху. Пасьля гэтага Леан Зянковіч пасяліўся ў Кракаве і ўзяў удзел у стварэньні таемнае арганізацыі «Саюз польскага народу(pl)» (1835).

У 1837 року далучыўся да эмігранцкага Польскага дэмакратычнага таварыства ў Францыі, якое ўзначальваў адзін з былых кіраўнікоў паўстаньня Адам Чартарыйскі. Як прадстаўнік арганізацыі, Зянковіч таемна наведваў радзіму, каб наладзіць сувязі з патрыятычнымі сіламі.

Падчас рэвалюцыі 1848—1849 рокаў у Аўстрыйскай імпэрыі выправіўся на Галіччыну, каб удзельнічаць у барацьбе. Пасьля апынуўся ў Кракаве, дзе быў абраны кіраўніком Аддзелу ўнутраных справаў і паліцыі ў мясцовым нацыянальным камітэце — органе рэвалюцыйнай улады ў месьце. Пасьля разгрому рэвалюцыі, як «нядобранадзейная асоба», ня мог знаходзіцца ў Аўстрыі і выехаў у Ангельшчыну. Пасьля на стала асеў у Францыі і Швайцарыі, дзе актыўна займаўся грамадзкай дзейнасьцю.

Творчасьць

рэдагаваць

У 1830 выдаваў (1—2 нумары разам з Канстанцыям Гашынскім) «Pamiętnik dla Płci Pięknej» (бел. Часопіс для прыгожай паловы)[3], выйшлі 4 нумары[4].

У 1835 у Кракаве Леан Зянковіч пачаў выдаваць на польскай мове «Powszechny Pamiętnik Nauk i Umiejętności» (бел. Усеагульны часопіс навук і рамёстваў). У 1839—1844 у Парыжы і Страсбургу рэдагаваў сатырычна-палітычны часопіс на польскай мове «Pszonka» (бел. Пшонка), які меў шырокі грамадзкі рэзананс.

Леан Зянковіч — аўтар вершаваных твораў «Узнагарода за нявернасьць», «Роздум», гісторыка-краязнаўчых і літаратурных працаў «Палітычны агляд пісьменства польскай эміграцыі» (1847), «Палітычны агляд пісьменства гісторыі Польскай дзяржавы» (1864—1865, у 4-х т.), «Палітычны агляд гісторыі польскай літаратуры» (1867, у 2-х т.). У працы «Польскі народ, ці Дакладнае апісаньне звычаяў, нораваў, адзеньня яго і да т. п.» (1842) між іншага апісаў побыт палешукоў, да якіх прылічваў і сябе.

Найбольшую вядомасьць атрымаў мэмуарны твор Леана Зянковіча «Вечары ляха зь Ляхоў, ці Гутаркі пры каміне старога польскага літаратара», дзе зьмешчаны ўспаміны пра бацькоў і дзяцінства, вучобу ў Сьвіслачы і Варшаве, разважаньні пра выхаваньне і адукацыю моладзі, пра долю прыгонных, у тым ліку ідэі распрыгонваньня і пашырэньня адукацыі сярод простага люду.

Бібліяграфія

рэдагаваць
  • Rzecz o rozumie stanu w Polsce (1864, зь Янам Альцыятам)
  • Wizerunki polityczne literatury polskiej (1867)
  • Wieczory lacha z Lachów, czyli Opowiadania przy kominku starego literata Polskiego

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ https://encyklopedia.pwn.pl/haslo/Zienkowicz-Leon;4001503.html
  2. ^ ЗЯНКОВІЧ Леан. Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 23 сакавіка 2012 г.
  3. ^ Hanna Tadeusiewicz. (13 сакавіка 2012) Pamiętnik dla płci pięknej. Pismo różnym rodzajom poezji i prozy poświęcone (пол.) Edukateria Праверана 23 сакавіка 2012 г.
  4. ^ Pamiętnik dla Płci Pięknej : [pismo różnym rodzajom poezyi i prozy poświęcone. 1830] (пол.). Biblioteka Uniwersytetu Warszawskiego. Праверана 23 сакавіка 2012 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.— 672 с. ISBN 985-11-0016-1