Маскоўская дзяржава
Маскоўская дзяржава Московское государьство | |||||
| |||||
| |||||
![]() | |||||
Афіцыйная мова | Расейская мова | ||||
Сталіца | Масква | ||||
Форма кіраваньня | Абсалютная манархія | ||||
Валюта | Рубль |
Маскоўская дзяржава, Маскоўскае царства (рас. Московское государство, Российское царство, Русское царство) — фэўдальная шматнацыянальная дзяржава, якая ўтварылася ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў у выніку далучэньня або захопу Маскоўскім княствам ардынскіх (Казанскага, Астраханскага і іншых ханстваў) і рускіх земляў (Цьвярскога княства, Наўгародзкай і Пскоўскай рэспублік і іншых).
Тэрыторыя Маскоўскай дзяржавы ў канцы XVI ст. складала каля 5,5 млн км²: на поўначы даходзіла да Баранцава і Белага мораў, на паўночным усходзе ўлучала Урал, на паўночным захадзе гранічыла з Нарвэгіяй, Швэцыяй і Інфлянцкім ордэнам, на захадзе і паўднёвым захадзе — зь Вялікім Княствам Літоўскім, на поўдні ня мела акрэсьленых межаў. Насельніцтва каля 9—10 мільёнаў чал. Поруч з маскавітамі таксама жылі лапары, ханты, комі, удмурты, татары, мары, чувашы, мардва, карэлы і іншыя. У ходзе захопніцкіх войнаў зь Вялікім Княствам Літоўскім маскоўскія акупанты неаднойчы гвалтоўна вывозілі да сябе значныя групы літвінаў (беларусаў). Літоўскія перасяленцы зрабілі вялікі ўнёсак у разьвіцьцё тамтэйшага рамяства і духоўнай культуры.
ГісторыяРэдагаваць
У змаганьні за палітычнае першынства паміж Маскоўскім і Цьвярскім княствам перамагла Масква[1]. За Іванам III Васілевічам (1462—1505) да яе далучыліся Яраслаўскае (1463), Растоўскае (1474), Цьвярское (1485) княствы, Наўгародзкая рэспубліка (1478), Вяцкая (1489), часткова Разанская землі.
У выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1492—1494 і 1500—1503 Масква захапіла шэраг тэрыторыяў зь местамі Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Бранск, Любеч, Гомель, Старадуб, Мцэнск, Бельск і інш. За Васілём III Іванавічам (1505—1533) яна ўлучыла Пскоўскую рэспубліку (1510), Разанскую зямлю (1521) і іншыя. У выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1507—1508 і 1512—1522 Масква захапіла места Смаленск і іншыя землі. На службу да маскоўскага гаспадара перайшлі зь Літвы князі Вяземскія, Глінснія, Мажайскія і іншыя. 3 шляхты Вялікага Княства Літоўскага, якая трапіла ў Маскоўскую дзяржаву, утварыўся служылы пласт — літва дваровая.
За часамі рэгенцтва Алены Глінскай (1533—1538) пры малалетнім Іване Жахлівым (1533—1584) адбылося скасаваньне ўдзелаў. У 1547 Івана каранавалі як цара. У 1550-я ён далучыў Казанскае і Астраханскае ханствы, у залежнасьць ад Масквы трапілі Вялікая Нагайская арда і Сыбірскае ханства, пачалося засваеньне маскавітамі Сыбіры. Іван Жахлівы распачаў Інфлянцкую вайну (1558—1582), у выніку якой Масква страціла некаторыя паўноўчна-заходнія землі.
Па ўзыходжаньні на сталец Фёдара Іванавіча (1584—1598), апошняга з дынастыі Рурыкавічаў, у Маскоўская дзяржаве надыйшоў г. зв. Смутны час. Адметнасьцю панаваньня Барыса Гадунова (1598—1605), Дзьмітрыя-Самазванца I (1606) і Васіля Шуйскага (1606—1612) былі вострыя сацыяльныя канфлікты і палітычная нестабільнасьць[3]. Вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўская дзяржавай (1609—1618), якая мела на мэце вярнуць Смаленск і іншыя месты, падтрымаць прэтэндэнта на маскоўскі сталец Дзьмітрыя-Самазванца I, з 1610 вялася, каб забясьпечыць гэты сталец за абвешчаным царом Уладзіславам Жыгімонтавічам. У 1613 на маскоўскі сталец абралі Міхаіла Фёдаравіча (1613—1645), першага гаспадара з дынастыі Раманавых. Вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1632—1634 скончылася для Масквы няўдала.
3 пачаткам панаваньня Аляксея Міхайлавіча (1645—1676) маскоўскі ўрад узяў курс на захоп сучасных беларускіх і ўкраінскіх зямель. Трынаццацігадовая вайны (1654—1667 мела для Літвы катастрафічны характар і скончылася стратай Смаленшчыны, Севершчыны і Левабярэжнай Украіны. Разам з тым яна выклікала ў Маскоўскай дзяржаве рэзкае пагаршэньне сацыяльна-эканамічнага становішча (сялянская вайна 1670—1671 на чале з Разіным, шматлікія паўстаньні, у тым ліку ў Маскве)[4].
Адметнасьцю панаваньня Фёдара Аляксеевіча (1676—1682), Соф’і Аляксееўны (1682—1689), Івана V Аляксеевіча (1682—1696), Пятра I (1682—1725) было павелічэньне намаганьняў атрымаць выхад да Чорнага мора, спыніць агрэсіўную палітыку Крымскага ханства і Асманскай імпэрыі. Па сканчэньні Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721), у выніку якой да Маскоўскай дзяржавы адыйшлі землі Балтыі, адбылося абвяшчэньне Расейскай імпэрыі (1721).
Дзяржаўны і палітычны ладРэдагаваць
Дзяржаўна-палітычны лад Маскоўскай дзяржавы аформіўся да сярэдзіны XVI ст. Гэты была фэўдальная манархія з станавым прадстаўніцтвам. Вярхоўная заканадаўчая, судовая і выканаўчая ўлада належала гаспадару (з 1547 — афіцыйна называўся царом); дарадчы, судовы і выканаўчы орган — Баярская дума.
У сярэдзіне XVI—XVII стагодзьдзяў склікаліся станава-прадстаўнічыя Земскія саборы. Да 1550-х узьніклі цэнтральныя органы дзяржаўнага кіраваньня — прыказы, у паветах (рас. уезд) намесьнікаў замянялі станавыя органы кіраваньня — губныя і земскія ізбы.
Фіксацыя праўных нормаў Маскоўскай дзяржавы адбылася ў Судзебніках 1497 і 1550, Саборным улажэньні (1649).
Адукацыя і культураРэдагаваць
Першыя сярэднія школы адкрыліся ў XVII ст. у Маскве, у 1687 адбылося заснаваньне першай вышэйшай навучальнай установы — Славяна-грэка-лацінскай акадэміі.
Кнігадрук узьнік у сярэдзіне XVI ст. у Маскве, 1-ю датаваную кнігу («Апостал») у 1564 выдалі выхадцы зь Літвы І. Фёдараў (Хведаровіч) і П. Мсьціславец. Шырокі распаўсюд мелі хронікі («Ліцавы летапісны звод», Уваскрасенскі летапіс, Ніканаўскі летапіс і інш.), ствараліся гістарычныя аповесьці («Задоншчына», «Сказаньне пра Мамаева пабоішча», творы А. Паліцына, І. Цімафеева і інш.), пашыраліся перакладныя творы («Александрыя», «Траянскае сказаньне» і інш.). Сярод публіцыстаў XVI—XVII стагодзьдзяў вылучаюцца Ф. Карпаў, І. Перасьветаў, Ермалай-Еразм, Авакум.
ГаспадаркаРэдагаваць
Большасьць насельніцтва складала сялянства. Да сярэдзіны XVII ст. завяршыўся працэс праўнага афармленьня прыгону. Буйнымі рамеснымі прадпрыемствамі былі Гарматны (з канца XV ст.) і Манэтны (заснаваны ў 1534) двары ў Маскве. У канцы XVI ст. узьніклі першыя мануфактуры (паперні), у XVII ст. працавалі Хамоўны (палатняны) двор у Маскве, жалезаапрацоўчыя заводы ў Кашыры і Туле, шкляны і парахавы заводы ў Маскве і іншыя.
АрхітэктураРэдагаваць
Інтэнсіўна разьвівалася мураваная фартыфікацыя. У XVI ст. завяршылася ўзьвядзеньне крамлёў у Ніжнім Ноўгарадзе, Туле, Каломне, Зарайску, Смаленску, Серпухаве, пазьней і ў іншых местах. Абарончае значэньне мелі Кірыла-Белазерскі, Салавецкі і іншыя манастыры.
КрыніцыРэдагаваць
- ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 519.
- ^ Liungman C. G. Symbols — Encyclopedia of Western Signs and Ideograms. Ionfox AB. — HME Publishing, 2004. P. 140. ISBN 978-91-972705-0-2.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 520.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 521.
ЛітаратураРэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.