Літоўска-маскоўская вайна 1507—1508 гадоў

Літо́ўска-маско́ўская вайна́ 1507—1508 гадоўпятая вайна паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім княствам Маскоўскім за ўсходнеславянскія землі. ВКЛ, якое намагалася вярнуць страчаныя землі, у выніку здабыла Любеч, аднак усе астатнія заваяваныя Іванам III землі засталіся ў складзе Масковіі.

Літоўска-маскоўская вайна 1507—1508 гадоў
Вялікае Княства Літоўскае ў XIII—XV стст.
Дата: 1507—1508
Месца: Вялікае Княства Літоўскае
Прычына: Імкненьне ВКЛ вярнуць страчаныя землі ў 1494—1503 землі
Вынік: «вечны мір», які скончыўся праз пяць гадоў
Тэрытарыяльныя
зьмены:
ВКЛ вярнула Любеч
Супернікі
Вялікае княства Маскоўскае
Камандуючыя
Жыгімонт IВасіль III

Перадумовы рэдагаваць

Вайна 1500—1503 рокаў прывяла да страты Літвой блізу 1/3 сваёй тэрыторыі. Па сьмерці ў 1505 вялікага князя маскоўскага Івана III, які перамог у абодвух войнах зь Вялікім Княствам Літоўскім, на маскоўскі сталец узышоў Васіль III. Ягоны прыход быў адзначаны ўскладненьнем зьнешнепалітычнага становішча Маскоўскага княства (параза ад Казанскага ханства, страта хаўрусьніцкіх стасункаў з Крымам). У Літве па сьмерці Аляксандра Ягелончыка на сталец узышоў Жыгімонт Стары, які заключыў антымаскоўскі хаўрус з крымскім ханам.

2 лютага 1507 Віленскі сойм прыняў рашэньне пра абвяшчэньне вайны зь Вялікім княствам Маскоўскім. У сакавіку-красавіку 1507 року пасольства Жыгімонта Старога ў Маскве ва ўльтыматыўнай форме запатрабавала вяртаньня ўсіх літоўскіх земляў, захопленых Маскоўскім княствам у часе дзьвюх папярэдніх войнаў (1492—1494 і 1500—1503). Маскоўскі ўрад не прыняў патрабаваньня і заявіў гатоўнасьць пачаць вайну. Заключаны хаўрус з Казанскім ханствам дазволіў вызваліць частку войскаў дзеля змаганьня з ВКЛ.

Літоўскія войскі былі сканцэнтраваныя ў трох месцах: у Смаленску пад даводзтвам Альбрэхта Гаштольда, у Полацку пад даводзтвам Станіслава Глябовіча і ў Менску пад даводзтвам вялікага гетмана Станіслава Кішкі.

Вайсковыя дзеі рэдагаваць

Першая фаза рэдагаваць

Вялікі князь маскоўскі апярэдзіў наступ Вялікага Княства Літоўскага і ў красавіку 1507 накіраваў конныя палкі на Полацак і Смаленск. Абмінуўшы фартэцыі, маскоўскія ваяводы зайшлі далёка ўглыб Беларусі, толькі тады з Кракава ў ВКЛ выехаў Жыгімонт, які загадаў вялікаму гетману Станіславу Кішку сабраць земскую службу (да 14 тыс. чалавек) ля Менску. У чэрвені, калі паспалітае рушэньне пераправілася празь Бярэзіну, маскоўскія войскі адступілі з тэрыторыі ВКЛ.

У жніўні Станіслаў Кішка сабраў свае войскі ў лягеры пад Друцкам, адкуль пасылаў невялікія аддзелы на чарнігаўскія і бранскія землі. Адначасна на Вярхоўскія княствы ўдарыў хаўрусьнік ВКЛ крымскі хан Мэнглі I Гірэй.

У верасьні з расейскае няволі зьбег вялікі гетман Канстанцін Астроскі, і яму было вернутае даводзтва літоўска-польскім войскам.

У кастрычніку вялікі князь маскоўскі Васіль III адбіў татарскі напад і накіраваў войскі ваяводаў І. Холмскага і Я. Захар’іна на Амсьціслаў і Крычаў. Калі на дапамогу абложаным цьвердзям стала падыходзіць паспалітае рушэньне, ваяводы былі вымушаныя вярнуцца ў Масковію.

Другая фаза рэдагаваць

Глядзіце таксама: Паўстаньне Глінскага

У студзені 1508 року маршалак надворны літоўскі Міхаіл Глінскі, незадаволены пазбаўленьнем пасадаў, узьняў антылітоўскае паўстаньне на тэрыторыі Беларусі і запрасіў на дапамогу маскоўскі бок. Сабраўшы блізу 2 тысячаў чалавек, Глінскі авалодаў Мазыром ды Туравам, спрабаваў захапіць Слуцак і іншыя месты, але не займеў падтрымкі насельніцтва. Увесну да бунтаўнікоў зьявіўся маскоўскі ўпаўнаважаны Губа Маклакоў, які дамовіўся пра супольныя ваенныя дзеяньні і перадачу занятых местаў непасрэдна Глінскаму.

 
Смаленскі Крэмль ня быў заваяваны маскалямі ў гэтай вайне

Маскоўскі князь Васіль III накіраваў войска Васіля Шамячыча пад Слуцак да Глінскага, палкі Данілы Шчані зь Вялікіх Лукаў і Якава Кошкіна(ru) — на Воршу, а трэцяе войска — на Полацак. У траўні 1508 аб’яднаныя сілы Глінскага і Шамячыча трымалі ў аблозе Менск і спусташалі яго навакольле, робячы рэйды ажно да Слоніму.

У гэты час каля Ліды зьбіралася паспалітае рушэньне ВКЛ, а з Польшчы падыходзіла пяцітысячнае войска наймітаў Мікалая Фірлея. На пачатку чэрвеня пры набліжэньні аб’яднанага войска пад даводзтвам Канстанціна Астроскага (15—16 тыс. чалавек) ваявода Шамячыч і Глінскі пакінулі Менск і адступілі на ўсход, а ў сярэдзіне ліпеня буйная групоўка маскоўскага войска, што трымала ў аблозе Смаленск, падчас адыходу была разьбітая пад Воршай[1].

Астроскі здолеў адбіць Смаленскую зямлю. На пачатку жніўня распачаліся мірныя перамовы, каторыя Жыгімонт Стары хацеў падмацаваць збройнай моцай. Астроскі і Фірлей напалі на Северскую зямлю, а Станіслаў Кішка зь некалькімі тысячамі літоўска-польскіх вершнікаў зладзіў рэйд у кірунку Масквы, здабыў Дарагабуж, Вязьму, Таропец і Белы, дайшоўшы да Ржэву і Мажайску. Аднак аддзелы Данілы Шчані ўдарам у адказ вярнулі гэтыя землі. Астроскі зь Фірлеем таксама мусілі вярнуцца ў ВКЛ.

Вынікі рэдагаваць

У верасьні 1508 пачаліся перамовы пра замірэньне. 8 кастрычніка ў Маскве быў падпісаны «вечны мір». Паводле ягоных умоваў Масковія страціла Любеч (і выхад да Дняпру), аднак захавала ўсе астатнія заваёвы з часоў Івана III Строгага[2]. Масква пагаджалася адпусьціць палонных, захопленых у гэтай ды папярэдніх войнах. Князі Глінскія атрымалі права свабодна выехаць у Маскоўскую дзяржаву, але іхнія ўладаньні былі канфіскаваныя.

Абодва манархі абавязваліся не ўступаць у вайсковыя зьвязы з Крымскім ханствам. Ужо ў кастрычніку крымскія татары пачалі штогадовыя паходы на літоўскія землі, усутыч да заключэньня новага антымаскоўскага хаўрусу ў 1512 року.

Угода была ратыфікаваная вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам I у Вільні ў студзені 1509 року.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Władysław Pociecha. Mikołaj Firlej // . — Polski Słownik Biograficzny. — Kraków: 1948—1958 Т. VII. — С. 8.
  2. ^ Договорная грамота Московскаго великаго князя Василія Іоанновича съ Польскимъ королемъ Сигизмундомъ // Акты, относящиеся к истории Западной Росии: 1506—1544. — Археографическая комиссія, 1848. — Т. 2.

Літаратура рэдагаваць

  • Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею. — Спб.: 1848 Т. II. 1506—1544. — С. 53—56.
  • Греков И. Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV—XVI вв.. — М.: 1963.
  • Похлебкин В. В. Внешняя политика Руси и России, СССР за 1000 лет в именах, датах, фактах: Справочник. — М.: 1995.
  • Русина О. Сіверська земля у складі Великого князівства Литовського. — К.: 1998.
  • Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII веках. — М.: АСТ, 2008. — 800 с. — (Неизвестные войны). — ISBN 978-5-17-035350-7
  • Stanisław Herbst. Wojna moskiewska 1507—1508 // Księga pamiątkowa ku czci Oskara Haleckiego wydana w XXV-lecie jego pracy naukowej. — Warszawa: 1935. — С. 29—54.
  • Natanson-Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Cz. 1. — Lwów, Warszawa: 1922.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць