Марозіва
Маро́зіва (маро́жанае)[3] — замарожаны дэсэрт, які атрымліваюць шляхам замарожваньня масы з малочных прадуктаў (малака, вяршкоў, масла, а таксама смакавых і араматычных дадаткаў і цукру) або вады (лёду), звычайныя дадаткі — садавіна ці шакаляд, таксама існуюць незвычайныя дадаткі — мяса ці гародніна.
Марозіва | |
Марозіва ў крэманцы | |
Іншыя назвы | зморазь, марожанае, мярзьлёнка[1] |
---|---|
Тып | дэсэрт |
Паходжаньне | Старажытная Грэцыя |
Дата зьяўленьня | V стагодзьдзе да н. э. |
Асноўны складнік | вада (лёд) або малако (вяршкі) |
Распаўсюджаныя складнікі | цукар (мёд), садавіна (сок) |
Энэргетычная каштоўнасьць (у 100 г) | 270—375[2] ккал |
Харчовая каштоўнасьць (у 100 г) | |
[[commons:Category:Вікісховішча|Марозіва]] ў Вікісховішчы |
Альтэрнатыўны варыянт марожанага вырабляецца на аснове напояў: соевага, рысавага, аўсянага й т.п. Марожанае падаецца ў розных формах, часьцей за ўсё ў конусе або вафяльным кубачку, таксама часта робіцца марожанае на палачцы. Ёсьць вялікая колькасьць гатункаў і шмат дадаткаў, зь якіх найбольш папулярнымі зьяўляюцца: ўзьбітыя вяршкі, вафельныя трубкі, разынкі, здробненыя гарэхі й здробнены шакаляд. Марожанае зьяўляецца досыць калярыйным прадуктам, некаторыя віды марожанага ўтрымліваюць да 15% тлушчаў і да 20% вугляводаў.
Віды: пладова-ягаднае ці фруктовае (0% тлушчу), малочнае (да 4% тлушчу), сьметанковае (да 10%), плямбір (да 15%). Склад: вада 35—64%, цукар 12—16%, бялок і ляктоза 9—12%, малако складае прынамсі 10% тлустасьці. Таксама марозіва зьмяшчае да 20 амінакісьляў, 30 мінэральных соляў і вітаміны. У фруктовым марозіве найбольш вітаміна С. У малочным марозіве — кальцу[2].
Вытворчасьць
рэдагавацьУ харчовай прамысловасьці для хуткага замарожваньня марожанага часьцей выкарыстоўваецца вадкі азот. Гэта скарачае працэс замарожваньня і, такім чынам, зьніжае рызыку сальманэлы. Акрамя таго, выкарыстаньне вадкага азоту памяншае ўтварэньне крышталяў лёду, у выніку чаго марожанаму мажліва надаваць смакі, якія ня могуць быць атрыманыя шляхам павольнага замарожваньня, напрыклад — смак віскі.
Проціпаказаньні
рэдагавацьМарозіва шкодна ўжываць пры язвавай хваробе, запаленьні страўніка, хваробах дыхальных шляхоў, цукровым дыябэце і павышаным узроўні халестэрыну ў крыві[2].
Гісторыя
рэдагавацьЗа права называцца бацькамі марожанага могуць пазмагацца некалькі прэтэндэнтаў. У першую чаргу, кітайцы — менавіта яны першымі пачалі рабіць салодкі лёд, рэцэпт якога трымаўся ў строгай таямніцы. Кітайцы лічылі, што тэхналёгіі вытворчасьці шоўку й марожанага прынясуць ім сусьветную славу. З шоўкам так і атрымалася. А адносна марожанага яны пралічыліся. У кітайцаў гэты рэцэпт перанялі арабы, індусы, пэрсы. У IV стагодзьдзі да н. э. Аляксандар Македонскі, які дрэнна пераносіў сьпякоту, ўжываў фруктовыя сокі са сьнегам, які дастаўлялі з горных вяршыняў рабы. Любіў марожанае і рымскі імпэратар Нэрон (I стагодзьдзе н. э.). У Кіеўскай Русі, дзе таксама ніхто ня ведаў нічога пра кітайскае марожанае, папулярнасьцю карыстаўся рэцэпт халоднага дэсэрту: замарожанае малако дробна габлявалі й перамешвалі са сьвежымі ягадамі. Крыху пазьней пачалі замарожваць сыр, вяршкі і дадаваць сухія разынкі альбо абрыкосы.
У ХIII стагодзьдзі Марка Полё прывёз у Эўропу некалькі рэцэптаў невядомага датуль прадукту. Улетку 1660 году італьянец Франчэска Пракоп адкрыў у Парыжы продаж марожанага і стаў першым эўрапейскім марожаншчыкам. Неўзабаве марожанае пакарыла ўвесь сьвет. Першы апублікаваны рэцэпт марожанага зьявіўся ў 1718 годзе ў зборніку рэцэптаў місіс Мэры Ілз, які быў выпушчаны ў Лёндане.[4] З 1750 году ў Францыі сталі вырабляць гэты прадукт, які хутка стаў папулярным, цэлы год. У ЗША першае згадваньне аб адкрытым продажы марожанага сустракаецца ў траўні 1777 году. Вытворчасьць яго імкліва ўзрасла ў канцы XIX стагодзьдзя, калі зьявіліся дасканалыя халадзільныя машыны.
Марожанае — прадукт інтэрнацыянальны. Славяне прынесьлі ў рэцэптуру прадукту розныя напаўняльнікі, у Заходняй Эўропе вынайшлі мноства прамысловых спосабаў яго вытворчасьці, амэрыканцы прыдумалі аўтамат для вытворчасьці вафельных шкляначак і эскімо (марожанае на палачцы, глазураванае шакалядам). 1851 у Балтымары малочнік Джекаб Фуссэль заснаваў першую ў сьвеце фабрыку па вытворчасьці марожанага.
Беларусь
рэдагавацьУ Беларусі вытворчасьць марозіва зьявілася ў 1900-я гады. На пачатку марозіва называлі на польскі лад лёды і на расейскі — марожанае. З 1920-х гадоў замацавалася ўласнабеларускае найменьне — марозіва (з укр. морозиво), якое найчасьцей у сваім пісьменстве выкарыстоўваў Максім Гарэцкі[1].
Улетку 2012 году ў Беларусі найбольш набылі пладова-ягаднага марозіва, якое вырабляюць на аснове пюрэ, сокаў і сыропаў. У іншыя пору году часьцей набывалі плямбір[2]. У 2016 годзе ў Беларусі спажылі каля 2,5 кг марозіва на чалавека. На чэрвень 2017 году ў Беларусі налічвалася 24 вытворцы марозіва[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Юрась Бушлякоў. Марозіва // Слоўнік Свабоды: XX стагодзьдзе ў беларускай мове. — Менск: Радыё «Свабода», 2012. — С. 245-246. — 516 с. — (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). — ISBN 978-0-929849-46-1
- ^ а б в г У Менску штодзень зьядаюць каля 60 т марозіва // Зьвязда : газэта. — 26 чэрвеня 2013. — № 116 (27481). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Юрась Пацюпа. Трасянка-беларускі слоўнік, м (марожанае — марозіва) // Праект «Электронная энцыкляпэдыя», 2009 г. Праверана 24 красавіка 2018 г.
- ^ «To Ice Cream» in Project Gutenberg’s Mrs. Mary Eales’s Receipts (1733), by Mary Eales.
- ^ Сьвятлана Барысенка. На сьвежых вяршках // Зьвязда. — 28 чэрвеня 2017. — № 121 (28485). — С. 4.