Маладзечна (фэстываль)
«Маладзе́чна» (Мала93ечна) — штогадовы нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі, заснаваны 4 чэрвеня 1993 году. З 1996 да 2011 г. праводзіўся аднойчы на 2 гады на гарадзкім стадыёне Маладэчна (Менская вобласьць, Беларусь) на 8 тыс. месцаў. Цяпер ладзіцца штогод у чэрвені на сцэне летняга амфітэатру ў маладэчанскім парку Перамогі. Заснавальнікам фэстывалю выступілі выканаўчы камітэт Маладэчна (мэр Генадзь Карпенка)[1] і Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестар Беларусі (дырыгент Міхаіл Фінбэрг). Арганізатарамі зьяўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Белтэлерадыёкампанія і выканаўчы камітэт Менскай вобласьці. Улучае конкурс маладых эстрадных сьпевакоў, вечар кампазытараў і паэтаў, канцэрт джазавай і камэрнай музыкі[2].
«Маладзечна» | |
Гады | ад 1993 г. |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Горад | Маладэчна (Менская вобласьць) |
Мова(-ы) | беларуская |
Псэўданім | Мала93ечна |
Тэматыка | музыка, паэзія, песьня |
Лэйбл | Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь |
Мінуўшчына
рэдагаваць4—6 чэрвеня 1993 г. гарадзкі стадыён Маладэчна на 8 тыс. месцаў прыняў 1-ы Рэспубліканскі фэстываль песьні і паэзіі «Маладзечна-93». Усе творчыя нумары сьпевакоў суправаджаў Дзяржаўны канцэртны аркестар Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестар Беларусі) пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінбэрга. Канцэрты народнай і эстраднай песьні, рок-гуртоў і «Джаз апоўначы» асьвятляліся на тэлебачаньні і ў агульнакраёвых газэтах і часопісах. Фэстываль пачаўся а 21:30 высыпаньнем на гледачоў зь верталёта больш як 1,5 тыс. гвазьдзікоў і паўсотні ружаў[1]. Таксама ладзіўся фаервэрк. Пераможцай стала салістка Менскай філярмоніі Алена Саўленайтэ зь песьняй «Па-над белым пухам вішняў» на верш Максіма Багдановіча «Маёвая песьня» 1910 г., што была часткай рок-опэры «Максім» 1991 году[3]. У якасьці галоўнай узнагароды сьпявачка атрымала легкавы аўтамабіль «ВАЗ 2109» і «Залатую галінку папараці», выкананую паводле эскізу маладэчанскага мастака Юрыя Герасіменкі-Жызьнеўскага. Старшынём фонду фэстывалю быў Яфім Ідэльчык. Мерапрыемства асьвятлялі каля 100 работнікаў тэлебачаньня, звыш 40 журналістаў газэтаў, радыё і часопісаў. Напроўставыя тэлерэпартажы вяліся за мяжу, у тым ліку праз спадарожнік у ЗША[4].
На пачатку чэрвеня 1994 г. у конкурсе маладых выканаўцаў перамагла 17-гадовая Натальля Кудрына з Магілёва, якая атрымала ў якасьці галоўнай узнагароды аўтамабіль «Лада». На пачатку чэрвеня 1995 г. фэстываль праводзіўся ў сталічнай канцэртнай зале «Менск», дзе перамогу з гітом «Дзеўкі, давай» здабыў Ален з Наваполацка (сапр. імя Сяргей Хамякоў). На пачатку чэрвеня 1996 г. у Маладэчне прайшлі канцэрты на вершы Ўладзімера Някляева і музыку Ігара Лучанка. Таксама ўпершыню выступіў музычны гурт «Песьняры». На пачатку чэрвеня 1998 г. 3 дні фэстывалю падзялілі між 3-ма жанрамі: эстрадная песьня, народная і рок-музыка. У 1-ы дзень адбыўся конкурс маладых выканаўцаў, галоўную ўзнагароду на якім атрымала 18-гадовая салістка ансамбля «Верасы» Вікторыя Алешка (выпускніца школы № 41 Менску). На 2-і дзень выступілі музычныя гурты «Крама», «Крыві», «Палац» і «Тарнада»[5].
На пачатку чэрвеня 2001 г. адбыўся 6-ы Нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі. Галоўную ўзнагароду ў выглядзе аўтамабіля «Жыгулі» здабыў Зьміцер Качароўскі зь песьняй «Лодка белая». Выступілі народныя артысты Беларусі Валер Кірылавіч Іваноў (1948, Глуск), Васіль Раінчык і Анатоль Ярмоленка. Таксама адбыўся канцэрт з удзелам Народнага хору імя Генадзя Цітовіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Дрынеўскага, Акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы на чале зь Людмілай Ялфімавай, Народнага аркестра імя Язэпа Жыновіча на чале зь Міхаілам Казінцом і ансамбля «Бяседа» на чале зь Леанідам Захлеўным[6].
20—21 чэрвеня 2003 г. у Маладэчне адбыўся 7-ы фэстываль, якому папярэднічаў конкурс маладых выканаўцаў у Менску. У чэрвені 2005 г. 8-ы фэстываль «Маладзечна» адзначыўся канцэртам Белтэлерадыёкампаніі «Беларуская калекцыя» з удзелам ансамбляў «Песьняры» і «Сябры», Аляксандра Ціхановіча і Ядзьвігі Паплаўскай, Уладзімера Ўхцінскага, Іны Афанасьевай і Алесі (сапр. Вольга Ярмоленка)[7]. 15—16 чэрвеня 2007 г. прайшоў фэстываль «Маладзечна-2007», які прысьвяцілі 125-годзьдзю з дня народзінаў паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Галоўную ўзнагароду конкурсу маладых выканаўцаў упершыню атрымала прадстаўніца Маладэчна Алеся Кульша. 13 чэрвеня 2009 г. «Маладзечна-2009» таксама адзначыўся перамогай маладэчанца Аляксандра Салаўёва (нар. 1987)[8].
26 жніўня 2011 г. конкурс маладых выканаўцаў прысьвяцілі 70-годзьдзю з дня народзінаў сьпевака Ўладзімера Мулявіна. Кожны ўдзельнік меў прасьпяваць адну зь 2 песьняў з рэпэртуару Мулявіна[9]. У Летнім амфітэатры адбыўся канцэрт «Маладзечна. Рок» з удзелам гуртоў «J:МОРС», «Драм Экстазі» «Зьмяя», «Стары Ольса», «У нескладовае». У наступныя 2 дні прайшло яшчэ 7 канцэртаў. Аднавіўся тэлепаказ фэстывалю, які адбыўся праз тыдзень 2—4 верасьня на Першым нацыянальным тэлеканале. 7—10 чэрвеня 2012 г. прайшоў 12-ы фэстываль, што суправаджаўся наўпроставай тэлеперадачай. 7—8 чэрвеня 2013 г. адбыўся 13-ы фэстываль. Галоўную ўзнагароду здабыла 18-гадовая Валерыя Грыбусава (Магілёў) зь песьнямі «Чырвоная ружа» і «Сьпі, малы сакол». У чэрвені 2014 г. галоўную ўзнагароду конкурса маладых выканаўцаў атрымала Аліна Молаш (навучэнка Менскага каледжа мастацтваў) родам зь Берасьцейскай вобласьці за песьню «Адлятала птушка»[10]. Канцэрт «Спадчына песьняроў» у гонар 45-годзьдзя ансамбля «Песьняры» адзначыўся ўдзелам дуэта Аляксандра і Канстанцін, Алёны Ланской, ансамбляў «Бяседа», «Верасы» і «Чараўніцы». 5—7 чэрвеня 2015 г. адбыўся 15-ы фэстываль. Галоўную ўзнагароду атрымала Тацяна Валахановіч (пасёлак Энэргетыкаў, Койданаўскі раён, Менская вобл.).
Конкурс
рэдагавацьМіністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ладзіць на фэстывалі конкурс маладых выканаўцаў ва ўзросьце ад 16 да 31 году, пераможцу якога надаецца ўзнагарода ў грашовым памеры 120 базавых велічыняў. Заяўкі на ўдзел пасьля папярэдняга адбору падаюцца да 25 красавіка. Ад кожнай вобласьці і сталіцы Беларусі накіроўваюцца па 3 удзельнікі, кожны зь якіх выконвае па 2 песьні беларускіх аўтараў на беларускай мове працягласьцю да 3 хвілінаў і 40 сэкундаў. Першая песьня сьпяваецца ўжывую пад музычную фанаграму. Другая песьня выконваецца таксама ўжывую ў суправаджэньні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі[11].
Пераможцы (ляўрэаты галоўнай узнагароды):
- 1993: Алена Саўленайтэ (Менск)
- 1994: Натальля Кудрына (Магілёў, 17 гадоў; псэўданім Вэнэра)
- 1995: Ален (нар. 14 чэрвеня 1969, Наваполацак; сапр. імя Сяргей Хамякоў)[12]
- 1998: Вікторыя Алешка (Менск, 18 гадоў; салістка гурта «Верасы»)
- 2001: Зьміцер Качароўскі (Менск; саліст Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі)[13]
- 2007: Алеся Кульша (Маладэчна)
- 2009: Аляксандар Салаўёў (Маладэчна)
- 2013: Валерыя Грыбусава (Магілёў)
- 2014: Аліна Молаш (Берасьцейская вобласьць)
- 2015: Тацяна Валахановіч[14] (пасёлак Энэргетыкаў, Койданаўскі раён, Менская вобласьць)
Глядзіце таксама
рэдагаваць- Гурт «Марцін С.»
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Надзея Станкевіч. Што для вас фэстываль і якім вы яго бачыце // Авацыя : газэта. — 26 жніўня 2011. — № 5 (61).
- ^ Пра фэстываль (Нацыянальны фэстываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна») // Нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі ў Маладэчне, 2015 г. Праверана 25 кастрычніка 2015 г.
- ^ Міхась Шавыркін. Па-над белым пухам вішняў // Зьвязда : газэта. — 25 траўня 2007. — № 95 (25960). — ISSN 1990-763x.
- ^ «Маладзечна» – 1993 // Нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі ў Маладэчне, 2015 г. Праверана 25 кастрычніка 2015 г.
- ^ «Маладзечна» – 1998 // Нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі ў Маладэчне, 2015 г. Праверана 25 кастрычніка 2015 г.
- ^ «Маладзечна» – 2001 // Нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі ў Маладэчне, 2015 г. Праверана 25 кастрычніка 2015 г.
- ^ «Маладзечна» – 2005 // Нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі ў Маладэчне, 2015 г. Праверана 25 кастрычніка 2015 г.
- ^ Натальля Тур. Двое маладэчанцаў выйшлі ў фінал фестывалю «Маладзечна-2014» // Рэгіянальная газета, 21 лютага 2014 г. Праверана 25 кастрычніка 2015 г.
- ^ Вольга Чайкоўская. Пазычылі ў «Эўрабачаньня» // Жырандоля. — 1 чэрвеня 2013. — № 20 (190).
- ^ Аліна Молаш. «Адлятала птушка» (музыка Алены Атрашкевіч на верш Васіля Жуковіча) // Тэлеканал «Беларусь 3», 26 чэрвеня 2014 г. Праверана 25 кастрычніка 2015 г.
- ^ Конкурс маладых выканаўцаў (Палажэньне аб правядзеньні конкурсу) // Нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі ў Маладэчне, 2014 г. Праверана 23 кастрычніка 2015 г.
- ^ Беларускі сьпявак Ален // Сяргей Хамякоў, 2015 г. Праверана 23 кастрычніка 2015 г.
- ^ Ларыса Цімошык. Пазнаю я іх па галасах // Зьвязда : газэта. — 11 чэрвеня 2005. — № 107 (25439). — ISSN 1990-763x.
- ^ Сьпіс пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў // Нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі ў Маладэчне, 2015 г. Праверана 23 кастрычніка 2015 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Форма заяўкі ўдзельніка конкурсу маладых выканаўцаў // Нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі ў Маладэчне, 2015 г. Праверана 25 кастрычніка 2015 г.
- Маладзечна-2014 (20 песьняў) // Тэлеканал «Беларусь 3», 26 чэрвеня 2014 г. Праверана 25 кастрычніка 2015 г.
- Тэлеканал «Беларусь 3». Лепшыя беларускія песьні. «Маладзечна-2003» // Bartimeyse, 3 жніўня 2015 г. Праверана 2 сакавіка 2016 г.
- Тэлеканал «Беларусь 1». Нацыянальны фэстываль «Маладзечна 2012» // Web Skins Media, 24 ліпеня 2012 г. Праверана 2 сакавіка 2016 г.
- «Маладзечна - 2013» Гала канцэрт // Руслан Апановіч, 25 лістапада 2013 г. Праверана 2 сакавіка 2016 г.
- Алена Саўленайтэ. Па-над белым пухам вішняў (музыка Ігара Паліводы на верш Максіма Багдановіча) // Бутлегер 1920, 27 чэрвеня 2013 г. Праверана 25 кастрычніка 2015 г.
- Алена Саўленайтэ. Зорка каханьня (музыка Вадзіма Сажына на верш Віктара Шніпа) // Бутлегер 1920, 27 чэрвеня 2013 г. Праверана 25 кастрычніка 2015 г.