Язэп Жыновіч
Язэ́п Язэ́павіч Жыно́віч, сапраўднае прозьвішча — Жыдо́віч (14 траўня 1907, вёска Арэшкавічы, цяпер у Пухавіцкім раёне Менскае вобласьці, Беларусь — 13 студзеня 1974, Менск) — музыка-цымбаліст, дырыгент, кампазытар і пэдагог, народны артыст БССР (1955) і СССР (1968), прафэсар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.
Язэп Жыновіч | |
Дата нараджэньня | 14 траўня 1907 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 13 студзеня 1974 (66 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | дырыгент, кампазытар, музычны пэдагог, цымбаліст |
Месца працы | |
Інструмэнты | Цымбалы |
Узнагароды | |
Біяграфія
рэдагавацьЯзэп Жыдовіч нарадзіўся 14 траўня 1907 г. у вёсцы Арэшкавічы ў сям’і земляроба. Да 15-гадовага ўзросту ён жыў у Арэшкавічах.
У 1922 г. юнака прынялі салістам-цымбалістам у БДТ-1 (цяпер тэатар імя Я. Купалы ў Менску). Язэп працягнуў адукацыю ў менскай школе № 11 (цяпер № 42). У 1927 паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Вучобу ў БДУ спалучаў з вучобай у Менскім музычным тэхнікуме.
У 1930 кіраўнік, у 1938—1941 гг. саліст, канцэртмайстар і пэдагог створанага Дзяржаўнага ансамблю народных інструмэнтаў БССР.
У 1931 скончыў юрыдычны факультэт БДУ. У 1935 г. быў выключаны з кансэрваторыі за тое, што ягоныя бацькі «кулакі». Бацькі незадоўга да гэтага былі пазбаўленыя выбарчых правоў, а пасьля высланыя з канфіскацыяй маёмасьці. Сам Язэп зьмяніў прозьвішча на Жыновіч. Тэарэтыка-кампазытарскае аддзяленьне Беларускай кансэрваторыі скончыў у 1941.
У 1939 г. адбыўся Першы Ўсесаюзны агляд выканаўцаў на народных інструмэнтах, ляўрэатам якога стаў Я. Я. Жыновіч (другая прэмія). У час вайны быў накіраваны ў Казахскую філярмонію, адкуль у складзе канцэртнай брыгады выяжджаў на фронт. Па вайне вярнуўся ў Менск.
З 1946 г. Жыновіч прызначаны мастацкім кіраўніком і дырыжорам Дзяржаўнага народнага аркестру БССР (з 1974 г. імя Жыновіча). У Беларускай кансэрваторыі Жыновіч заснаваў клясу цымбалаў і катэдру народных інструмэнтаў, загадваў ёю да 1963 году.
Творчасьць
рэдагавацьНапісаў музычныя творы: «Беларуская мэлёдыя» для ансамбля цымбалаў і 2 арфаў, «Сказ-быліна аб зямлі беларускай», канцэртныя апрацоўкі народных танцаў «Лявоніха» і «Мікіта».
Пераклаў для цымбалаў п’есы Ё. Штраўса, Ф. Шапэна, Г. Вяняўскага, Ф. Крэйсьлера, В.-А. Моцарта, сымфаньеты «Беларускія карцінкі» М. Чуркіна, фіналы першага канцэрту для фартэпіяна з сымфанічным аркестрам і сэрэнады для струннага аркестру П. Чайкоўскага, фартэпіянныя п’есы «У манастыры» з «Маленькай сюіты» А. Барадзіна і «Багатырскія вароты» з «Карцінак з выстаўкі» М. Мусаргскага, многія іншыя творы замежнай клясыкі і савецкай музыкі.
Ушанаваньне памяці
рэдагавацьУ Менску на доме, дзе жыў Я. Жыновіч, усталяваная мэмарыяльная дошка. У ягоны гонар названая адна з вуліц у менскім мікрараёне Дамброўка.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Жинович Иосиф Иосифович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Іосіф Жыновіч Славутыя людзі. Талька і наваколлі. Праверана 24 студзеня 2010 г.
- А. Я. Ракава. Жыновіч Іосіф Пуховчане. Марьина Горка on-line. Праверана 24 студзеня 2010 г.
- 14 мая — 100 год з дня нараджэння І.І. Жыновіча (1907-1974), цымбаліста, дырыжора, кампазітара, педагога. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 15 кастрычніка 2012 г.