Канвэнтгаўс
Канвэнтгаўс (па-нямецку: Konventhaus) — замак-кастэль рэгулярнай формы з комплексам жылых, сакральных і гаспадарчых пабудоваў, згрупаваных вакол невялікага ўнутранага двара і маючых абарончыя прыстасаваньні на зьнешнім пэрымэтры.
Канвэнтгаўс быў вынайдзены Тэўтонскім ордэнам, таму ў нямецкамоўнай традыцыі яго наўпрост называюць Konventhaus ці Deutschordensburg (замак Тэўтонскага ордэна). Сама ідэя і форма канвэнтгаўса бярэ свой пачатак ад рэгулярных замкаў-кастэляў нямецкага тыпу, ці штаўфэнаўскіх кастэляў.
Структура
рэдагавацьДасканалы, амаль ідэальны ў пляне абрыс замка-канвэнтгаўса паўстаў з своеасаблівых патрэбаў рыцарскага ордэна, як адначасова манаскай і мілітарнай арганізацыі. Паказальным зьяўляецца пералік абавязковых для канвэнтхаўса збудаваньняў і элемэнтаў: капліца, капітэль (ці галоўная заля), рэфэкторыюм (сталоўка), дарміторыюм (спальня), бэргфрыд, нарожныя вежы і баявая галерэя ці ход па зьнешнім пэрымэтры сьцяны і звычайна на паддашку пабудоваў, якія прыбудоўваліся да сьцяны. Большасьць канвэнтгаўсаў мелі таксама цівінгэр (ці невысокую сьцяну на пэўнай адлегласьці ад галоўнай сьцяны), форбург (ці прадзамча) і т. зв. данскер[1].
У канвэнтгаўсах бэргфрыд згубіў сваю былую дамінуючую функцыю, што характэрна для замкавага будаўніцтва нямецкамоўнага рэгіёну, і быў уключаны ў абарону ў якасьці ўзмоцненай нарожнай вежы.
Тэорыі паходжаньня
рэдагавацьАб паходжаньні канвэнтгаўса існуе шэраг тэорыяў:
- Трывалыя ўзаемаадносіны Гэрмана фон Зальца, магістра Тэўтонскага ордэна, з імпэратарам Фрыдрыхам ІІ Штаўфэнам, у якасьці верных палітычных саюзьнікаў, дазваляюць меркаваць, аб вялікім уплыве замкавага будаўніцтва Фрыдрыха разгорнутага ў паўднёваітальянскай Апуліі, у выніку якога паўсталі т. зв. Штаўфэнаўскія кастэлі, на дойлідзтва маладога Тэўтонскага ордэна.
- На абарончым дойлідзтве тэўтона магла пакінуць выразны сьлед «высокая школа» ўсходняга (ці арабскага) фартыфікацыйнага мастацтва. Тэўтонскі ордэн прымаў актыўны ўдзел у крыжовых паходах і меў свае замкі ў Палестыне[2].
- Вырашаўчымі маглі стаць фактары геаграфічных умоваў раўніннай, балоцістай Прусіі і хуткі пераход ордэна да цаглянага будаўніцтва[3].
- І зрэшты, як раней ужо заўважалася канвэнтхаўс мусіў адначасова сумяшчаць рысы манастыра (ад яго ён і атрымаў форму) з абарончымі функцыямі[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Friedrich Becker. Die Profanbauten des Deutschen Ritterordens in Preußen. Bromberg 1914 – S.13.
- ^ Krollman. Ostpreußens Burgen. S.12.
- ^ Friedrich Becker. Die Profanbauten des Deutschen Ritterordens in Preußen. Bromberg 1914 – S.12.
- ^ Erich Lindemann. Das Problem des Deutschenordensburgtypus. Berlin 1938 – S.57.