Загляне сонца і ў наша аконца
«Загля́не со́нца і ў на́ша ако́нца» (арыгінальная назва «Загляне сонцэ и ў нашэ ваконцэ») — беларуская выдавецкая суполка, заснаваная ў траўні 1906 году ў Пецярбургу.
Загляне сонца і ў наша аконца | |
Тып | Акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 5 траўня 1906 (118 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Вінцэнт Валейка, Вацлаў Іваноўскі, Юры Іваноўскі, Уладзіслаў Сталыгва, Браніслаў Эпімах-Шыпіла |
Разьмяшчэньне | Пецярбург (Расейская імпэрыя) |
Ключавыя фігуры | Вацлаў Іваноўскі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла |
Галіна | Выдавецкая |
Прадукцыя | Кнігі, паштоўкі, альманах «Маладая Беларусь» |
Паўстала з ініцыятывы выкладчыка Пецярбурскага ўнівэрсытэту Браніслава Эпімах-Шыпілы. Ставіла перад сабой асьветніцкія задачы.
Суполкай было выдадзена 38 кніжных найменьняў кірыліцай і лацінкай агульным накладам болей за 100 тысячаў асобнікаў. Сярод іх першыя падручнікі на беларускай мове «Беларуская чытанка, ці Першае чытаньне для дзетак беларусаў» Каруся Каганца, «Першае чытаньне для дзетак беларусаў» Цёткі, творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, пераклад паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча. Быў выпушчаны альманах «Маладая Беларусь».
Суполка скончыла дзейнасьць у 1914 (1916?) годзе.
Перадгісторыя
рэдагавацьЮрыдычнай падставай легальнай выдавецкай дзейнасьці на беларускай мове быў выдадзены 12 (25).12.1904 указ імпэратара Мікалая ІІ, які скасоўваў ранейшыя абмежаваньні ўжытку мясцовых моваў у заходніх губэрнях Расейскай імпэрыі. Выкарыстаць гэтую магчымасьць вырашыў нядаўні выпускнік Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага тэхналягічнага інстытуту Вацлаў Іваноўскі, які ўжо меў досьвед нелегальнай выдавецкай дзейнасьці падчас працы ў арганізацыях «Беларуская рэвалюцыйная партыя» і «Круг беларускай народнай прасьветы і культуры». У варунках, якія дазволілі разьвіваць пастаянную і значна шырэйшую выдавецкую дзейнасьць, неабходныя былі большыя сродкі і новыя супрацоўнікі. В. Іваноўскі ў 1905 спрабаваў прыцягнуць да гэтай справы беларускіх памешчыкаў А. Ельскага і Э. Вайніловіча, але безвынікова[1]. Тым ня менш вынік арганізацыйнай працы быў станоўчы: у студзені 1906 суполка налічвала 45 удзельнікаў.
Назва выдавецтва — гэта прымаўка, якая выражае надзею на лепшую будучыню. У канцы ХІХ ст. яна выкарыстоўвалася як слоган для нелегальных беларускіх выданьняў, напрыклад: Боровик Д. «Письма о Белоруссии» (1882), а таксама выданьня пад назвай «Дзядзька Антон» (Тыльзыт, 1892).[2]
Першы этап дзейнасьці (1906—1909)
рэдагавацьДзейнасьць арганізацыі распачалася з выданьня ліста, у якім утрымліваўся заклік прыняць удзел у беларускай выдавецкай дзейнасьці. Ліст быў набраны лацінкай, магчыма быў і кірылічны варыянт, але ён не захаваўся. З гэтым лістом-зваротам да розных асобаў высылалі экзэмпляр Статута[3].
Пецярбург, 1906 году…месяца…дня[4].
Шаноўны пане!
Усім, хто хоць крышку ведае беларускі народ, (а яго амаль восем з паловай мільёнаў), вядома, як патрэбна для яго друкаванае слова на яго роднай мове.
Жменя людзей добрай волі, жадаючы дапамагчы гэтай справе, паводле сваіх сіл і магчымасьцяў, зрабіла таварыства, статут якога высылаем пры гэтым.
Мы ў Пецярбургу, без дапамогі з краю, ня многа чаго можам зрабіць.
Таму зьвяртаемся да Вас, шаноўны пане, ці не былі б Вы ласкавы дапамагчы ці працай сваёй, ці грашамі, запісаўшыся ў нас супольнікам.
Маем надзею, што прыклад Пецярбурга не застанецца бяз водгуку.
Цяпер можна легальна склікаць і скласьці разам шмат параскіданых сіл. Няхай жа гэтыя сілы ня згінуць для нашага краю.
Беларуская выдавецкая суполка "Загляне сонца і ў наша ваконца".
Адрас: Пецярбург, Васілёў востраў,
4-я лінія, д. 45, кв. 16.
Pieciarburh, 1906 hoda … miesica … dnia
Šanoŭny panie! Ŭsim, chto choć kryšku znajeć biełaruski narod (a jaho blizka waśmi z paławinaj milijonaŭ), Wiadoma jak patrebna dla jago drukawanaje słowa ŭ jago rodnaj movi.
Žminia ludziej dobraj acwoty, choczučy pomahčy hetamu pawedług sił swajich i možnaści, zrabili tawarystwa, katoraha ŭstaŭ wysyłajem pry hetym.
My ŭ Pieciarburhu biez pamocy z kraju nia mhoha čaho možem zrabić.
Dziela hetaha ŭdajomsia da Was, Šanoŭny panie, ci nia bylib Wy łaskawy pomahčy nam ci pracaj swajoj, ci hrašmi, zapisaŭšysia ŭ nas supolnikam.
Majem nadzieju, što prykład Pieciarburha nie astaniecca biez adzywu. Ciapier možna lehalna sklikać i złažyć razam šmat paraskidanych sił. Niechaj že hety siły nia zhinuć dla našaha kraju.
Biełaruskaja wydaŭnickaja supołka Zahlanie sonce i ŭ naše wakonce.
Adres: Pieciarburh, Wasilou wostrau,
4-aja linija d.45, kw. № 16.
Суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» была афіцыйна зарэгістраваная ў траўні 1906. Ва ўправу ўваходзілі В. Іваноўскі (старшыня), У. Сталыгва (сакратар), Б. Эпімах-Шыпіла, Ю. Іваноўскі, В. Валейка, С. Іваноўская, У. Калашэўскі. 5.5.1906 згаданыя асобы ўклалі да канца 1908 натарыяльную дамову, паводле якой несьлі салідарную адказнасьць за дзейнасьць і абавязкі суполкі[5]. На практыцы амаль усе рэдакцыйныя працы выконвалі В. Іваноўскі і Б. Эпімах-Шыпіла, апошні перадаў на патрэбы суполкі частку сваёй кватэры. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К. Л. Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай, некаторыя паралельна двума шрыфтамі. Асноўная частка тыражу адпраўлялася на Беларусь[6].
У ліпені 1906 выйшаў «Беларускі лемантар[7], або Першая навука чытаньня» (лацінскі варыянт) і сэрыя паштовак, а празь некалькі тыдняў — кірылічны варыянт лемантара і «Першае чытаньне для дзетак-беларусаў» Цёткі (у двух варыянтах). Трэці падручнік, «Гутаркі аб небе і зямлі», перакладзены з польскай мовы верагодна К. Кастравіцкім пры ўдзеле В. Іваноўскага[1], пакінуў друкарню на пачатку 1907. Да сакавіка 1908 суполка выдала чатыры кніжкі пісьменьнікаў XIX ст. у сэрыі «Народныя песьняры» — «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Ф. Багушэвіча, «Гапон» В. Дунін-Марцінкевіча і пераклад дзьвюх былін паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». На пачатку 1908 выйшаў з друку першы зборнік вершаў Я. Купалы «Жалейка». Увесну 1908 плён выдавецкай дзейнасьці складалі дзесяць кніжак і крыху больш за дзесяць паштовак.
Затым аж да восені 1909 суполка не выдала ніводнай кніжкі. На гэта паўплываў часовы ад’езд В. Іваноўскага ў Мюнхэн, а таксама прэтэнзіі з боку царскай цэнзуры[1].
Другі этап дзейнасьці (1909—1913)
рэдагаваць30 красавіка 1909 быў заключаны новы дагавор сяброў-заснавальнікаў. Зь ліку ранейшых чальцоў выбылі Б. Шыпіла і У. Калашэўскі, засталіся В. і С. Іваноўскія, Ю. Іваноўскі, У. Сталыгва, В. Валейка; зьявіліся новыя сябры: А. Трэпка-Неканда з жонкай, А. Грыневіч і Г. Ражноўскі. Адначасова суполка пераехала ў новае памяшканьне. Актывы яе істотна павялічыліся, што стварыла магчымасьці пашырэньня выдавецкай дзейнасьці. Кіраўніком выдавецтва застаўся В. Іваноўскі, а Ю. Іваноўскі стаў адказным рэдактарам[1].
У канцы 1909 ў Пецярбург быў запрошаны Я. Купала, які атрымліваў магчымасьць для непасрэднага ўдзелу ў выданьні ўласных новых твораў. Тут выйшла шэсьць першых кніжак Я. Купалы: акрамя «Жалейкі» гэта былі «Адвечная песьня», «Гусьляр», «Сон на кургане», «Паўлінка» і «Шляхам жыцьця» (асобныя зь іх выдадзеныя ў друкарні А. Грыневіча, які распачаў самастойную выдавецкую дзейнасьць).
Пачаўся ж другі этап дзейнасьці суполкі з выданьня ў жніўні-верасьні 1909 кнігі В. Дунін-Марцінкевіча «Вечарніцы». Амаль адначасова пад маркаю «Загляне сонца…» ў Вільні выйшла кніга К. Дулебы «Як ратаваць уздутую жывёлу» (у перакладзе В. Іваноўскага), а ў студзені 1910 падручнік Я. Коласа «Другое чытаньне для дзетак беларусаў», выдадзены разам зь віленскім таварыствам «Наша Хата». У сярэдзіне таго ж году выйшлі з друку адным томам творы Дунін-Марцінкевіча «Шчароўскія дажынкі» і «Купала» з уступным артыкулам В. Іваноўскага «Вінцук Дунін-Марцінкевіч і яго жыцьцё». Гэта была адна зь першых спробаў паказу складанай фігуры гэтага пісьменьніка і ацэнкі яго значэньня для беларускай літаратуры. Выхадам кнігі сэрыя «Народныя песьняры» была закончаная.
Апрача таго, у 1910-12 суполка літаграфічным спосабам накладам 200 або 400 асобнікаў выдала рэпэртуарную сэрыю сцэнічных твораў. У сэрыі выйшлі камэдыі «Модны шляхцюк» К. Каганца (1910), «Сватаньне» А. Чэхава ў перакладзе Н. Чарноцкага (1910), «Пашыліся ў дурні» (1910) і «Па рэвізіі» (1911) М. Крапіўніцкага, абедзьве ў апрацоўцы Н. Чарноцкага, і «Міхалка», перапрацоўка польскай камэдыі, выкананая Далецкімі (1911). Суполка выдала таксама драматычныя творы Э. Ажэшкі «У зімовы вечар» (1910, пераклад Власта), «Хам» (1912) і камэдыю Я. Купалы «Паўлінка» (студзень 1913).
У 1911 выйшлі яшчэ два выданьні: невялікае апавяданьне А. Новіча «У дому лепей» і адносна вялікі дапаможнік для пчаляроў Г. Бярозкі «Пчаліна — жывёлка малая, а карысьці дае многа».
У канцы жніўня 1911 распачалася падрыхтоўка да выданьня рэгулярнага альманаха пад назвай «Маладая Беларусь». У 1912-13 выйшлі тры сшыткі; тэматычны профіль вызначалі мастацкія творы: Я. Купалы (тут надрукавана паэма «Сон на кургане»), Я. Коласа, Цёткі, З. Бядулі, Ц. Гартнага, А. Гурло, К. Буйло, Чарнышэвіча, Я. Журбы, А. Новіча, Петрашкевіча. Навукова-папулярную тэматыку прадстаўлялі пераважна артыкулы А. Луцкевіча (пад псэўд. А. Навіна).
Такім чынам, зь вясны 1909 дзейнасьць суполкі разьвівалася пасьпяхова. Разам з узрастаючай колькасьцю выдаваных кніжак павялічыўся іх продаж, які нарэшце пачаў прыносіць прыбытак[1].
Трэці этап дзейнасьці (1913—1914)
рэдагавацьНа апошнім этапе ў дзейнасьці суполкі адбыліся важныя зьмены, абумоўленыя ад’ездам В. Іваноўскага і Я. Купалы ў Вільню і заснаваньне імі там Беларускага выдавецкага таварыства. 1.6.1913 адбылася рэарганізацыя ўправы, у якую вярнуўся Б. Эпімах-Шыпіла, а таксама ўвайшлі А. Ярэміч і Я. Сушынскі. Аднак у новых арганізацыйных умовах магчымасьці выдавецкай дзейнасьці былі абмежаваныя. У другой палове 1913 суполка выдала літаграфічным спосабам камэдыі «Мядзьведзь» А. Чэхава і «Як яны жаніліся» А. Валодзьскага ў перакладзе В. Ластоўскага. Выйшлі таксама «Батрак» Я. Коласа, «Абразкі» З. Бядулі, «Песьні» Ц. Гартнага, «Амэрыканец» А. Новіча — раней яны ўжо былі апублікаваныя ў альманаху «Маладая Беларусь». Нарэшце, прыкладна ў сярэдзіне 1914 была перавыдадзеная (у няпоўным выглядзе) «Дудка беларуская» Ф. Багушэвіча.
У 1914 годзе выдаўцы сутыкнуліся зь фінансавымі цяжкасьцямі, цэнзурнымі рэпрэсіямі. Цяжкую сытуацыю найярчэй адлюстроўвае запіс, зроблены рукой Бр. Эпімаха-Шыпілы на гандлёва-выдавецкім каталёгу друкарні М. Кухты 1914 году «Сьпісак беларускіх кніжак і часопісаў»: «гэта не жыцьцё, а выцьцё»[8].
Выдавецкую дзейнасьць спыніла Першая сусьветная вайна.
Апошняя кніга
рэдагавацьМожна меркаваць, што ў 1916 г. выдавецтва паспрабавала аднавіць сваю дзейнасьць, выпусьціўшы кнігу Я. Коласа «Антось Лата» (1-ю дзею) пад назвай «Чарка ўсё на сьвеце робіць»; на кнізе было пазначана «Працяг будзе». Аднак на гэтым дзейнасьць суполкі скончылася[9].
Тыпаграфіі
рэдагавацьТаварыства наладзіла партнэрскія стасункі зь пецярбурскай друкарняй Казімера Пянткоўскага і асноўную частку сваіх кніг выпускала на Вялікай Пад’ячаскай, 22, дзе апошняя і разьмяшчалася. Дзякуючы спачуваньню беларускай справе ўласьніка гэтай друкарні, суполцы ўдалося атрымаць крэдыт на работу і ўзбагаціць набор беларускіх шрыфтоў.
Два выданьні кірыліцай і лацінкай («Як ратаваць уздутую жывёлу» К. Дулембы) былі замоўлены ў Марціна Кухты і адно ў пецярбурскай друкарні Юрыя Эрліха (зборнік Янкі Купалы «Шляхам гадоў»)[10].
Фінансаваньне
рэдагавацьАд самага пачатку «Загляне сонца і ў наша аконца» мела лепшае матэрыяльнае забесьпячэньне, чым яго папярэднікі. У арганізацыю ўступіла многа забясьпечаных у матэрыяльных адносінах людзей: В. Іваноўскі, які ўжо пасьпеў стаць прафэсарам, Б. Эпімах-Шыпіла, які прытуліў кантору выдавецтва на ўласнай кватэры і не шкадаваў грошай на яго з свайго заработку. Грашовыя ахвяраваньні паступалі ў суполку ад княгіні Магдалены Радзівіл[11]. Зборнік Янкі Купалы «Шляхам жыцьця» быў выдадзены пры падтрымцы доктара Аляксандра Ярэміча[12].
Фінансы суполкі ў пачатку Першай сусьветнай вайны сталі прадметам махінацыяў. Пра гэта сьведчыць ліст рэдактара «Нашай Нівы» А. Уласава да А. Луцкевіча ад 10 сьнежня 1914 г., у якім гаворыцца наступнае[13]:
Антон Іванавіч! Мятлін цяпер павераны Магдалены. Ён гаворыць, што трэба, каб Шыпіла выдаў расьпіску, што 4250 рублёў паступілі ў распараджэньне „Загляне сонца…“ Тады ўсю справу можна ліквідаваць і магчымы яшчэ новыя датацыі. Каб Вы зрабілі гэта як найскарэй, то было бы для ўсіх лепей. Калі яна ўспакоіцца, яна сказала, што грошы аддадуць суполцы. | ||
Вынікі дзейнасьці
рэдагавацьЮліяна Вітан-Дубейкаўская так напісала ў сваіх успамінах[14]:
У Пецярбурзе Вацлаў Іваноўскі арганізуе і спачатку фінансуе выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца». Там выдаюцца галоўна літаратурныя творы і папулярныя брашуры для сялянства. Зь цягам часу гэта прадпрыемства пакрывала свае выдаткі і яно добра разраслося б, як мне апавядаў пасьля вайны прафэсар Вацлаў Іваноўскі, калі б не выбухнула вайна. | ||
Суполка да 1914 г. выдала 38 кніг[1] (лічачы выданьні кірыліцай і лацінкай як асобныя пазыцыі) сукупным накладам, больш як 100 тыс.[15]. Акрамя таго, яна выдала больш як 20 розных паштовак з партрэтамі старадаўніх паэтаў і іншых дзеячаў культуры, гістарычнымі помнікамі, краявідамі і г. д. Суполка выцягнула з забыцьця і папулярызавала найлепшыя творы беларускай літаратуры XIX ст., выдала першыя беларускія падручнікі, сэрыю сцэнічных твораў, дапаможнікі для гаспадароў, заахвочвала да творчасьці маладых аўтараў і тым самым выдатна спрычынялася да фармаваньня новай беларускай літаратуры. Больш за тое, суполка адначасна выпрацоўвала прынцыпы правапісу беларускай мовы, прынятыя пазьней астатнімі выдаўцамі[16].
Сваімі выданьнямі, у асаблівасьці сэрыяльнымі, суполка заваёўвала ў вачах грамадзкасьці рэпутацыю паважанай арганізацыі. Не жадаючы (пры ўсёй нешматлікасьці беларускіх літаратараў), выпускаць у сьвет творы, недасканалыя ў мастацкіх адносінах, яна выстаўляла маладым творцам высокія мастацкія патрабаваньні. У кастрычніку 1906 г. выдавецтва не прыняло, напрыклад, да друку зборнік вершаў «Плач» Міхаіла Сарокі зь Вільні — гэта былі першыя пробы пяра зь неахайна рыфмаванымі радкамі і расьцягнутымі сюжэтамі[17].
Распаўсюд і прапаганда беларускай кнігі
рэдагавацьСуполка ня толькі актыўна друкавала, але і распаўсюджвала свае кнігі. У Варшаве, Менску, Горадні, Гомелі, Віцебску і іншых гарадах былі адкрытыя контрагенцтвы выдавецтва. Зь Пецярбургу чытачам дасылаліся кнігі. У «Нашай ніве» пастаянна друкаваліся абвесткі[18], кніжкі дасылаліся кожнаму, хто зьвярнуўся на склад выдавецтва.
Акрамя распаўсюджваньня сваіх выданьняў, усе іншыя выданьні «Кругу беларускай прасьветы» і асобных людзей прымаліся суполкай на камісію і распаўсюджваліся побач з уласнымі. Суполка ўвайшла ў згоду з рэдакцыяй «Нашай нівы», якая брала некаторыя выданьні і рассылала дадаткам да газэты[19]. Распаўсюджваў кнігі асабіста Янка Купала.
Некаторыя зьвесткі сьведчаць пра тое, што кнігі распаўсюджваліся і пасьля спыненьня дзейнасьці арганізацыі.
Так, у 1917 г. студэнт Ваенна-мэдыцынскай акадэміі ў Петраградзе П. Г. Каравайчык прадаваў і высылаў кнігі, выдадзеныя суполкай: «Дудку беларускую» М. Бурачка, «Вечарніцы», «Шчароўскія дажынкі», «Купалу» В. Дунін-Марцінкевіча, «Маладую Беларусь» і інш. выданьні.
У 1918 г. П. Каравайчык ад’язджаў у Маскву на працу ў Народны камісарыят па справах нацыянальнасьцяў РСФСР і клопат па распаўсюджаньні кнігаў хацела ўзяць на сябе «Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе», якое было створанае ў сакавіку 1918 г. у Петраградзе. Ініцыятарам гэтага мерапрыемства быў Чэслаў Родзевіч.
Ён пісаў да Бр. Эпімаха-Шыпілы[20]:
Сябрамі таварыства атрымаў паведамленьне ад грамадзяніна Каравайчыка (Знаменская, д. 56, кв. 54), што ў яго ёсьцека кнігі, узятыя у сваім часе ад «Суполкі» для продажу. І сягоньня, калі варункі змушаюць выехаць з памянутай кватэры, то ён і зьвярнуўся ў таварыства прыняць гэтыя кнігі. Таварыства згоднае ўзяць гэтыя кнігі, то ня ведае варункаў, па якіх былі ўзяты ад суполкі, а для паскарэньня справы таварыства мае адвагу сказаць свае варункі… | ||
Сьпіс кніг, выдадзеных суполкай[21]
рэдагавацьНумар | Аўтар | Назва | Год выданьня | Шрыфт | Вокладка (ці форзац) |
---|---|---|---|---|---|
1-2 | без пазначэньня аўтарства[22] | Беларускі лемантар, або першая навука чытаньня | 1906 | надрукавана кірыліцай і лацінкай асобнымі выданьнямі | |
3-4 | Цётка | Першае чытаньне для дзетак беларусаў | 1906 | надрукавана кірыліцай і лацінкай асобнымі выданьнямі | |
5 | Адам Міцкевіч | Пан Тадэвуш. З польскай на беларускую мову пералажыў Вінцук Марцінкевіч. Выд. 2-е. | 1907 | лацінка | |
6 | Вінцук Дунін-Марцінкевіч | Гапон | 1907 | лацінка | |
7 | - | Гутаркі аб небе і зямлі. На беларускую мову пералажыў К. Кастравіцкі | 1907 | кірыліца | |
8 | Бурачок Мацей | Дудка беларуская. Выд. 3-е. | 1907 | лацінка | |
9 | Янка Купала | Жалейка | 1908 | кірыліца | |
10 | Сымон Рэўка з-пад Барысава | Смык беларускі. Выд. 2-е. | 1908 | лацінка | |
11 | Якуб Колас | Другое чытаньне для дзяцей беларусаў[23]. | 1909 | кірыліца | |
12 | Вінцук Дунін-Марцінкевіч | Вечарніцы. 2-е выд. | 1909 | лацінка | |
13—14 | К. Дулемба | Як ратаваць уздутую жывёлу. З польскай на беларускую мову пералажыў Антось Хатні. | 1909 | надрукавана кірыліцай і лацінкай асобнымі выданьнямі | |
15 | Антон Чэхаў | Сватаньне. На беларускую мову пералажыў Н. Чарноцкі. | 1910 | кірыліца | |
16 | Карусь Каганец | Модны шляхцюк. | 1910 | кірыліца | |
17 | М. Крапіўніцкі | Пашыліся ў дурні. Пераложана з украінскай на беларускую мову. | 1910 | кірыліца | |
18 | Вінцук Дунін-Марцінкевіч | Шчароўскія дажынкі, Купала. Выд. 2-е. | 1910 | лацінка | |
19 | Эліза Ажэшка | У зімовы вечар | 1910 | кірыліца | |
20 | А. Новіч | У дому лепей | 1911 | кірыліца | |
21 | не ўказаны | Міхалка. З польскага на беларускі лад перарабілі Далецкія. | 1911 | кірыліца | |
22 | М. Крапіўніцкі | Па рэвізіі. Перароблена з украінскай мовы. | 1911 | кірыліца | |
23 | Генрык Бярозка | Пчаліна — жывёлка малая, а карысьці дае многа | 1911 | лацінка | |
26 | - | Маладая Беларусь, альманах[24] | 1912, № 1-2, 1913, № 3. | ||
27 | Янка Купала | Сон на кургане. | 1912 | кірыліца | |
28 | Эліза Ажэшка | Хам (мужык). | 1912 | кірыліца | |
29 | А. Навіна | На дарозі да новага жыцьця | 1912 | кірыліца | |
30 | Янка Купала | Паўлінка | 1913 | кірыліца | |
31 | Янка Купала | Шляхам жыцьця. | 1913 | кірыліца | |
32 | Антон Чэхаў | Мядзьведзь. Пераложана з расейскай. | 1913 | кірыліца | |
33 | А. Новіч | Амэрыканец. | 1913 | кірыліца | |
34 | Якуб Колас | Батрак. | 1913 | лацінка | |
35 | Цішка Гартны | Песьні. | 1913 | лацінка | |
36 | А. Валодзьскі | Як яны жаніліся. Вольны пераклад з украінскай. | 1913 | кірыліца | |
37 | Зьмітрок Бядуля | Абразкі. | 1913 | лацінка | |
38 | Мацей Бурачок | Дудка беларуская. Выд. 4-е. | 1914 | лацінка | |
39 | Якуб Колас | Чарка ўсё на сьвеце робіць. 1-шы акт п’есы «Антось Лата». | 1916 | кірыліца |
Уплыў на культуру
рэдагавацьА. Марачкін у 2006—2007 напісаў карціну «Загляне сонца і ў наша ваконца. Да 100-годзьдзя выдавецкай суполкі».[25].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ а б в г д е Юры Туронак. Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі. — Мн.: 2006..
- ^ Юры Туронак. Дзейнасьць беларускага выдавецтва…
- ^ Мікалай Нікалаеў. . — СПб: Беларускі Пецярбург, 2009. — С. 240..
- ^ Адаптаваны трансьлітэраваны тэкст.
- ^ Пагадненьне Браніслава Эпімах-Шыпілы, Вацлава, Юрыя і Сабіны Іваноўскіх, Уладзіслава Сталыгвы, Уладзіслава Калашэўскага, Вінцука Валейкі аб утварэньні беларускага выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца». г. Санкт-Пецярбург. 5траўня 1906 г.
- ^ Ракіцкая Н. «Загляне сонца і ў наша аконца» // ЭГБ ў 6 т. Т. 3. Мн., 1996.
- ^ Леманта́р — буквар.
- ^ Мікалай Нікалаеў. Беларускі Пецярбург… С. 248
- ^ Кніжнасьць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) // Гісторыя беларускай кнігі. У 2 Т / Мікалай Нікалаеў і інш.. — Мн.: БелЭН, 2011. — Т. 2. — С. 44..
- ^ Кніжнасьць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) // Гісторыя беларускай кнігі. У 2 Т / Мікалай Нікалаеў і інш.. — Мн.: БелЭН, 2011. — Т. 2. — С. 43..
- ^ Зьміцер Жылуновіч. Эволюцыя беларускае кніжкі // Полымя. — № 1. — 1925. — С. 118..
- ^ Мікалай Нікалаеў. . — СПб: Беларускі Пецярбург, 2009. — С. 247.
- ^ Мікалай Нікалаеў. . — СПб: Беларускі Пецярбург, 2009. — С. 248.
- ^ Кветка Вітан. «Наша ніва» і Антон Луцкевіч // На суд гісторыі: Успаміны, дыялёгі / Уклад. Б. Сачанка. Мн., 1994. С. 64.
- ^ Паводле падлікаў С. Александровіча
- ^ Юры Туронак. Дзейнасьць беларускага выдавецтва…..
- ^ Мікалай Нікалаеў. . — СПб: Беларускі Пецярбург, 2009. — С. 244..
- ^ Упершыню рэклямная абвестка суполкі была надрукавана ў № 3 «Нашай нівы» за 1906 г.
- ^ Зьміцер Жылуновіч. Эволюцыя беларускае кніжкі // Полымя. — № 1. — 1925. — С. 119..
- ^ Ракіцкая Н. Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» // Сьвіцязь. — Мн.: Свитязь: Альманах библиофилов Белоруссии, 1989. — С. 73-74..
- ^ Паводле артыкула: Ракіцкая Н. Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» // Сьвіцязь. — Мн.: Свитязь: Альманах библиофилов Белоруссии, 1989. — С. 79-80..
- ^ Тэкст апрацавалі В. Іваноўскі, К. Кастравіцкі — Юры Туронак. Абставіны публікацыі і аўтарства…
- ^ Выдадзена сумесна з суполкай «Наша хата». Гісторыя беларускай кнігі. У 2 Т. Т. 2. Кніжнасьць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / Мікалай Нікалаеў і інш. Мн.: БелЭН, 2011. С.52.
- ^ Цынкаграфічную працу па афармленьні вокладкі альманаха выканаў рускі фотамастак С. Пракудзін-Горскі. Гісторыя беларускай кнігі. У 2 Т. Т. 2. Кніжнасьць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / Мікалай Нікалаеў і інш. Мн.: БелЭН, 2011. С. 137.
- ^ Загляне сонца і ў наша ваконца. Адраджэнцы Беларусі.
Літаратура
рэдагаваць- Дзьве даты // «Зьвязда». — 18 траўня 2011. — № 90 (26954). — С. 6.
- Сьцяпан Александровіч Пуцявіны роднага слова. — Мн., 1971.
- Гісторыя беларускай кнігі. У 2 Т. Т. 2. Кніжнасьць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / Мікалай Нікалаеў і інш. Мн.: БелЭН, 2011. С. 41-44.
- Зьміцер Жылуновіч. Эволюцыя беларускае кніжкі // Полымя, 1925, № 1. С. 118—127.
- Мікалай Нікалаеў. Беларускі Пецярбург. СПб, 2009, С. 240—248.
- Ракіцкая Н. Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» // Сьвіцязь. Свитязь: Альманах библиофилов Белоруссии. Мн., 1989, С. 65-80.
- Рыгор Семашкевіч. Беларускі літаратурна-грамадзкі рух у Пецярбурзе. — Мн., 1971.
- Юры Туронак. Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі. — Мн., 2006.