Юліяна Вітан-Дубейкаўская

Юліяна Вітан-Дубейкаўская (Юліяна Мэнке, 12 сьнежня 1886—1970) — беларуская мастацтвазнаўца, паходзіла з роду віленскіх немцаў. Дапамагала Івану Луцкевічу ў Беларускім Камітэце. Падчас перамоваў зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі адстойвала правы беларусаў на самавызначыньне і адукацыю. Удзельнічала ў адкрыцьці першых беларускіх школаў і настаўніцкіх курсаў, Віленскай Беларускай Гімназіі, дзе затым сама выкладала пэдагогіку і нямецкую мову. Працавала разам зь Цёткай, Антонам Луцкевічам.

Юліяна Вітан-Дубейкаўская (Мэнке)
Род дзейнасьці беларуская мастацтвазнаўца і грамадзкая дзяячка
Дата нараджэньня 12 сьнежня 1886
Месца нараджэньня Сьцяг Расеі Вільня, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 1970(1970)
Месца сьмерці Сьцяг Нямеччыны Нюрнбэрг, Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына
Занятак пісьменьніца
Месца працы
Сябра ў Беларускі народны камітэт

Біяграфія

рэдагаваць
  • 30 лістапада 1886 (па старым стылі): нарадзілася ў Вільні ў нямецкае купецкае сям’і
  • 1895—1905: вучылася ў прыватнай гімназіі Веры Прозаравай
  • 1907—1913: выехала ў Пецярбург на Вышэйшыя Жаноцкія Курсы, цікавілася й філязофіяй, і гісторыяй, і раманістыкай, і германістыкай, асабліва захаплялася гісторыяй мастацтва
  • 1914: здала дзяржаўныя экзамэны пры Пецярбурскім Імпэратарскім Унівэрсытэце на гісторыка-філялягічным аддзеле. Была пакінутая пры Курсах, як асыстэнтка пры катэдры гісторыі мастацтва, дзе правучылася навучальны год .
  • 1915: вяртаецца канчаткова дамоў у Вільню
  • 1915: зьнаёміцца з Іванам Луцкевічам, які зацікавіў яе лёсам беларускай нацыі, асабліва беларускай старасьвеччынай, і прапанаваў ёй стаць сябрам Беларускага камітэта помачы пацярпелым ад вайны
  • 1915: пачала працаваць у Беларускім Камітэце
  • 1916—1918: актыўна супрацоўнічала з «Zeitung der 10 Armee» ў якасьці перакладчыцы, а затым і чальца рэдакцыйнага калектыву
  • 1918: пасьля абвяшчэньня БНР Іван Луцкевіч вяртаецца хворым зь Вільні. У дні ягонай хваробы Юліяна Мэнке ўвесь час праводзіла каля ягонага ложка
  • 1919: адчынена беларуская гімназія, дзе першымі настаўнікамі былі Юліяна Мэнке, Максім Гарэцкі, Леаніла Чарняўская, Міхаіл Кахановіч (першы дырэктар), Алена Сакалова-Лекант, ксёндз Адам Станкевіч, Іван і Антон Луцкевічы
  • 1919: Юліяна Мэнке павезла Івана Луцкевіча ў Закапанэ
  • 1919: хавае памерлага Івана Луцкевіча ў Закапанэ
  • 1919-1922: працавала ў Беларускай Гімназіі як вучыцелька
  • 1922: выйшла замуж за старшыню Беларускага Камітэту ў Варшаве, інжынэра-архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага
  • 1939: польскія ўлады арыштавалі як парафіянку лютаранскай царквы і як грамадзянку варожай краіны, аднак ў сувязі зь цяжкай хваробай мужа адпусьцілі
  • 6 лістапада 1940: памірае Лявон Вітан-Дубейкаўскі
  • 1941: разам з раднёй выехала ў Нямеччыну
  • 1945: зарабляла на жыцьцё лекцыямі
  • 1947: прыехала ў Малерсдорф
  • 1951: пераехла на сталае месцажыхарства ў Нюрнбэрг
  • 1953: піша «Мае ўспаміны» пра Івана Луцкевіча
  • 1954: у Нью-Ёрку пад псэўданімам Кветка Вітан выдала кніжку «Лявон Вітан-Дубейкаўскі» з успамінамі аб ім
  • 1970: памерла ў Нюрнбэргу
  • 1994: «Мае успаміны» і «Кароткія дадзеныя да біяграфіі Юліяны Дубейкаўскай з дому Мэнке» былі аб’яднаны ў адну кнігу і выдадзены Таварыствам беларускай культуры ў Летуве

Падчас вучобы ў гімназіі пазнаёмілася з Алаізай Пашкевіч, якая вучылася ў вышэйшых клясах разам зь яе старэйшай сястрой. Мелі сяброўскія адносіны, але пасьля сканчэньня Алаізай Пашкевіч гімназіі, згубілі сувязь. Празь некаторы час Юліяна пачала цікавіцца сацыялістычным рухам на адным мітынгу ў прамоўцы пазнала Алаізу Пашкевіч. Але спаткалася толькі ў Вільні ў памешканьні Івана Луцкевіча ў 1915, пасьля чаго пачалі працаваць разам у камітэце.

Пазнаёміліся празь сястру Юліяны, Зофію. Іх адносіны ад цеснага супрацоўніцтва на карысьць бацькаўшчыны перарасьлі ў блізкае сяброўства, а пасьля ў шчырае каханьне.

«Панна Юлінька, дазвольце, дазволь цябе прывітаць, як мы разьвіталіся! — і ён абняў мяне, цалаваў і казаў усе мілыя словы, якія можна казаць каханай дзяўчыне: як ён усе гэтыя дні думаў аб нашым спатканьні, як даўно мяне кахае, толькі ня мог адважыцца мне гэта сказаць і г. д. Гэта была ўжо ня ціхая песьня бяз слоў, а голасны, радасны сьпеў, які запаўняў нашыя сэрцы, нашыя думкі. І мы мусіць бясконца маглі адзін аднаму казаць першыя словы любові». («Мае ўспаміны» Юліяна Вітан-Дубейкаўская)

Зьявіўся намер стварыць сям’ю, але пасьля вайны. Перашкодай стала хвароба Луцкевіча — сухоты. Доктар выдаў прысуд: ад правага лёгкага яшчэ астаткі ёсьць, а левага амаль няма. Ад гэтай хваробы ён і памірае на руках Юльяны ў 1919 годзе. Аднак яна праносіць сваё пачуцьцё праз усё жыцьцё і прысьвечае знаёмству з Іванам «Мае успаміны», якія яна закончыла ў 1953.

У 1922 годзе Юліяна Мэнке выйшла замуж за старшыню Беларускага камітэта ў Варшаве, інжынэра-архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Муж пераехаў у Вільню, стаў працаваць у Мулярскай школе й на будоўлях. Шмат дапамагаў беларускай справе: фінансаваў некаторыя выданьні, супрацоўнічаў са сьвятаром Вінцэнтам Гадлеўскім. Юліяна заўсёды дапамагала яму ў яго працы.

Юліяна Мэнке й Беларуская справа

рэдагаваць

Юліяна Мэнке, як немка па паходжаньні, шмат зрабіла ў Вільні для ўладжваньня беларускіх справаў пры нямецкай акупацыі. Яна прадстаўляла інтарэсы беларускага боку, перакладала на нямецкую мову дакумэнты, хадайнічала перад уладамі Обэр Осту аб арганізацыі беларускага культурна-палітычнага жыцьця на тэрыторыі, занятай нямецкімі войскамі.

Супольнымі намаганьнямі 1 лютага 1919 году была адчынена гімназія.

Работала ў Беларускім камітэце помачы пацярпелым ад вайны (зь верасьня 1915 году): вяла перамовы зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, адстойвала інтарэсы БК, хадайнічала аб матэрыяльнай дапамозе бежанцам, якіх меў пад сваёй апекай камітэт.

Кіравала беларускім аддзелам працоўных майстэрняў (Arbeitsstuben), арганізоўвала выстаўкі, займалася продажам беларускіх вырабаў народнага мастацтва на карысьць БК.

У якасьці перакладчыцы, а затым і сябра рэдакцыйнага калектыву актыўна супрацоўнічала з «Zeitung der 10 Armee», якую немцы выдавалі ў Вільні. Там зьмяшчаліся артыкулы па геаграфіі, этнаграфіі і гісторыі Беларусі. Працуючы ў рэдакцыі, яна пасябравала зь нямецкім літаратарам Вальтэрам Егерам, які потым выдаў у Нямеччыне кнігу «Беларусь» (Бэрлін, 1919).

Пасьля сьмерці мужа дом і зямельны ўчастак былі нацыяналізаваныя. Выкарыстала заклік нямецкага ўраду да перасяленьня на радзіму продкаў. Выехала ў Нямеччыну. Была накіраваная ў Бэрлін, дзе працавала перакладчыцай у Беларускім аддзеле Міністэрства для патрэбаў вайны.

Успаміны Юліяны Мэнке

рэдагаваць
  • «Лявон Вітан-Дубейкаўскі» (Нью-Ёрк, 1954)
  • Успаміны пра Алаізу Пашкевіч («Cor ardens», 1953)
  • «Наша Ніва» і Іван Луцкевіч («Конадні», Нью-Ёрк, 1954. № 2; 1963. № 7)
  • «Мае ўспаміны» (Нюрнбэрг, 1953)
  • «Кароткія дадзеныя да біяграфіі Юліяны Дубейкаўскай з дому Мэнке» (1966)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць