Дворышча (Хвойніцкі раён)

вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі

Дворышча[1] — вёска ў Беларусі, на Кажушкаўскім канале. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2021 год — 258 чалавек. Знаходзіцца за 5 км на паўднёвы захад ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў.

Дворышча
трансьліт. Dvoryšča
Дата заснаваньня: перад 1590 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Судкоўскі
Насельніцтва:
  • 258 чал. (2021)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Паштовы індэкс: 247620
СААТА: 3254816011
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°51′38″ пн. ш. 29°55′6″ у. д. / 51.86056° пн. ш. 29.91833° у. д. / 51.86056; 29.91833Каардынаты: 51°51′38″ пн. ш. 29°55′6″ у. д. / 51.86056° пн. ш. 29.91833° у. д. / 51.86056; 29.91833
Дворышча на мапе Беларусі ±
Дворышча
Дворышча
Дворышча
Дворышча
Дворышча
Дворышча

Гісторыя

рэдагаваць

Карона Каралеўства Польскага

рэдагаваць
 
Герб «Бонча» роду Харлінскіх.

Упершыню паселішча згаданае ў судовым акце ад 30 скавіка 1590 года[a]. Гэта пратэст, заяўлены ў Кіеўскім гродзкім судзе панам кіеўскім падкаморым Шчасным Харлінскім на адрас князя Аляксандра Вішнявецкага, старосты чаркаскага, і губэрнатара яго Брагінскага маёнтку Кірыяна Вайніловіча за насланьне падданых брагінскіх на вёскі Дворышча і Стралічаў, да ключа Астраглядавіцкага прыналежныя, зьбіцьцё і калечаньне людзей, забраньне коней і быдла, пашкоджаньне камораў, учыненьне розных гвалтаў[3]. Ад гэтага часу і да рэформавага ўжо ў Расейскай імпэрыі пэрыяду Дворышча належала тым самым дзедзічам, што і Астраглядавічы з Хвойнікамі, г. зн. пасьля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максыміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].

20 чэрвеня 1600 году Шчасны Харлінскі выдаў свайму сыну Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на добры ў Кіеўскім ваяводзтве Кароны Польскай: двор Астраглядавічы з прыналежнымі да яго «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хвойнікі, Дворышча, Храпкаў і яшчэ дзевяцю паселішчамі, а таксама на двор і частку зь сямі пляцаў у Кіеве[5]. Пры размежаваньні Кіеўскага ваяводзтва Каралеўства Польскага і Мазырскага павету Вялікага Княства Літоўскага ў сьнежні 1621 — студзені 1622 гадоў сёлы Дворышча, Храпкаў, Навасёлкі, мястэчка і вёску Хвойнікі, сяло Вялікі Бор пана Мікалая Харлінскага паны камісары згодна запісалі прыналежнымі да ваяводзтва Кіеўскага[6].

У судовым дэкрэце ад 7 чэрвеня 1623 году ўдава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родных братоў і сваякоў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Дворышча, Храпкаў, Руднае, Стралічаў, Паселічы, Малішаў[b][7]. Згодна з тарыфам падымнага падатку, у 1628 годзе з 8 дымоў дымоў (×6 — каля 48 жыхароў) застаўных вёсак Дворышча і Навасёлкі пан Зыгмунт Копець мусіў плаціць па тры злотыя — усяго 24 зл.[8]. 8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[c] нарэшце засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, новаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. Сярод паселішчаў у дакумэнце названае і Дворышча[9]. У 1637 годзе М. Абрамовіч за плату ў 12 000 злотых перадаў фальварак і сяло Руднае ды сёлы Дворышча і Навасёлкі на тры гады ў карыстаньне зямяніну Стэфану Воўку[10].

 
Герб Сьвяты Юры (Георгі Пераможац) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука[d].

Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году, з дымоў[e] вёскі Дворышча Хвойніцкай воласьці князя Шуйскага выплачвалася 3 злотых[11]. На 1698 год, як вынікае з інвэнтара маёнтку Хвойнікі, перададзенага князем Дамінікам Шуйскім, берасьцейскім харунжым, у кіраваньне пану Зыгмунту Шукшце, у Дворышчы было 12 двароў. 6 днём лютага 1711 году датаваная судовая скарга шляхцічаў Аляксандра і Базыля Нячай-Грузевічаў на князя Дамініка Шуйскага за жорсткае зьбіцьцё яго людзьмі падаўцаў скаргі і іх сялянаў пры наезьдзе і захопе ў пацярпелых вёсак Дворышча, Навасёлкі і Храпкаў[f][12]. У рэвізіі году 1716-га сказана, што з 28 двароў цяглых і 4 агароднікаў у Дворышчы за папярэднюю пасэсію скарбнік берасьцейскі Станіслаў Шуйскі выбраў 205 злотых. 25 лютага 1719 году, як і пастанавіў раней Жытомірскі гродзкі суд, адбылася часовая перадача вёскі Дворышча і фальварку пры сяле Храпкаў, прыналежных князю Д. Шуйскаму, але арандаваных валоскім біскупам Юзафатам Парышэвічам, спадчыньнікам чарнігаўскага падкаморага Канстанціна Залескага[g][13]. Згодна з інвэнтаром 1721 году, калі абцяжараны даўгамі маёнтак ад пасэсара біскупа Юзафата Парышэвіча перайшоў дзедзічнаму ўладальніку князю Мікалаю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму, з 30 двароў вёскі Дворышча, акрамя дзякла, выплачвалася чыншу 132 злотых. Паншчыну адпрацоўвалі «iako na włokach» ад Вялікадня (Wielkiej Nocy) да сьв. Міхайлы па тры дні, ад Міхайлы да Вялікадня па два дні, гвалты адбывалі, грэблі масьцілі, з падводамі езьдзілі або грашыма адкупаліся, «быдла рагатага і нерагатага», птушку, як і збожжа ярыннага давалі. Ачковага плацілі па 4 з паловай грошы «dobrej monety» з кожнага вулею. Прозьвішчы жыхароў: Якун (Якуненка), Пінчук, Іванчанка, Піліпенка, Белаш, Брыцько, Сьцепаненка, Мікуленка, Мошанка (Мошчанка), Керус, Лобан, Дзямідзенка, Сяменчанка, Лешчанка, Аўсянік, Ціток, Гладзенка, Сіроценка (Сіраценка)[14].

У тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1734 году сказана, што вёска Дворышча ў складзе Хвойніцкай воласьці належала князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму[15]. Паводле зьвестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Дворышча было сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (зь ліку шляхты і яе службы) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[16]. У 1754 годзе з 47 двароў (×6 — прыкладна 282 жыхары) вёскі Дворышча Хвойніцкага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 7 злотых і 9 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 29 злотых і 6 грошаў[17].

Згодна зь перапісамі габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў, у Дворышчы пражывала адпаведна 5, 5 і 3 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хвойніцкага кагалу[18].

Расейская імпэрыя

рэдагаваць
 
Герб уласны роду Прозараў.
 
Дворышча на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дворышча — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[19].

Згодна з рэвізіяй 1795 году, у Дворышчы налічвалася 83 двары, у якіх жылі 305 мужчын і 292 жанчыны зь людзей прыгоннага стану. Вёска з дваром Юзафавым была аддадзена панамі Прозарамі ў трохгадовую арэнду братам Мацею, рэчыцкаму павятоваму ротмістру, і Феліксу, рэгенту, Ястржэмбскім за 1 500 чырвоных злотых, пачынаючы з 2 красавіка 1794 году[20].

У сьпісе рэкрутаў Менскай губэрні, якія загінулі або памерлі на вайсковай службе ў 1808 — 1815 гадох, знойдзеным у НГАБ гісторыкам Уладзімерам Лякіным, сярод тых, хто загінуў у Барадзінскай бітве 26 жніўня 1812 году, названы грэнадзёр Сібірскага палка Арцём Навумаў Мельнік зь вёскі Дворышча, прыгонны абозных Прозараў[21]. Да 1834 году жыхары Дворышча зьяўляліся прыхаджанамі Сьвята-Мікалаеўскай царквы ў Храпкаве, а ў наступным 1835 годзе ўжо прыпісаныя да прыходу Загальскай Сьвята-Траецкай царквы.

Інвэнтар Юзафаўскага (Езапоўскага) маёнтку 1844 года засьведчыў прыналежнасць Дворышча пану Юзафу, сыну Караля, Прозару[22]. У энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі» сказана, што на 1850 год у вёсцы было 80 двароў, 520 жыхароў[2]. «Список населённых мест Минской губернии на 1857 год» засьведчыў прыналежнасьць 522 жыхароў абодвух полаў вёскі Дворышча да прыходу Сьвята-Траецкай царквы ў Загальлі[23].

У парэформавы пэрыяд Дворышча — у Хвойніцкай воласьці. На пачатак 1870 года ў вёсцы налічвалася 264 гаспадары зь сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Дварышчанскага сельскага таварыства[24]. У ведамасьці Пакроўскай царквы ў Хвойніках на 1875 год сказана, што на той час ужо да яе прыходу належалі 308 асобаў мужчынскага і 313 асобаў жаночага полу, якія жылі ў 77 дварах вёскі Дворышча[25]. У 1886 годзе ў вёсцы было 78 двароў, 620 жыхароў, працаваў конны млын[26].

Паводле перапісу 1897 году, у Дворышчы — 150 двароў, 918 жыхароў, школа граматы і хлебазапасны магазын[2]. На 1909 год у вёсцы было 183 двары, 1088 жыхароў[27].

Найноўшы час

рэдагаваць

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Дворышча, аднак, у складзе Хвойніцкай воласьці апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[28].

 
Дворышча на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Дварышчанскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 37 і 72 вучні[29].

Пасля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Дворышча — цэнтар сельсавету ў Хвойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году сельсавет узбуйнены праз далучэньне тэрыторыі скасаванага Руднаўскага сельсавету. У 1930 годзе ў Дворышчы было 247 двароў, 1338 жыхароў, арганізаваныя калгасы «Свабода» і імя К. Я. Варашылава, працавалі дзьве кузьні, ваўначоска. З 20 лютага 1938 году вёска ў складзе Палескай вобласьці. У гады Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 173 жыхары.

З 8 студзеня 1954 году — у складзе Гомельскай вобласьці. 16 ліпеня 1954 году да Дварышчанскага сельсавету далучана тэрыторыя скасаванага Навасёлкаўскага сельсавета[30]. У 1954/1955 навучальным годзе працавала яшчэ сямігадовая школа; з 1955/1956 н. г. яна стала сярэдняй[31]. Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы налічвалася 1700 жыхароў. У складзе саўгаса «Судкова» (цэнтар — вёска Судкоў). Дзейнічалі аддзяленьне сельгастэхнікі, камбінат бытавога абслугоўваньня, сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленьне сувязі, крама[2].

У пачатку 1970-х гадоў у Дворышчы існавала царкоўная грамада «истинно-православных христиан» альбо «непоминающих» (катакомбнікаў), арганізаваная пазбаўленым сану сьвятаром Іосіфам Рынкевічам. 31 траўня 1973 года пад хатай мясцовай жыхаркі ўлады знайшлі падземную бетанаваную царкву з двума выхадамі: адзін праз пограб да каморы, другі — да калодзежу. Катакомбны храм быў багата ўпрыгожаны іконамі, меў бібліятэку ў 160 найменьняў кніг рэлігійнага зьместу, частка якіх была пазначана штампам Ленінградзкага музэю гісторыі рэлігіі і атэізму. Тамсама ў лёхах — немалы запас харчаваньня і богаслужэбнага віна. Рэлігійна абумоўленае непрыйманьне савецкай улады царкоўнай грамадой вёскі Дворышча прывяло яе не адно да разрыву з Маскоўскай патрыярхіяй, але, напрыклад, і да прынцыповай адмовы ад кантактаў з установамі аховы здароўя[32].

28 лістапада 1991 года далучана тэрыторыя скасаванага Тульгавіцкага сельсавету. 1 сьнежня 2009 г. у склад сельсавету перададзены 6 населеных пунктаў (Загальле, Загальская Слабада, Казялужжа, Клівы, Небытаў, Паташня) скасаванага Казялужскага сельсавету, а таксама пасёлкі Будаўнік і Езапоў, якія знаходзіліся ў раённым падпарадкаваньні, вёска Храпкаў перададзена ў склад Барысаўшчынскага сельсавету, цэнтар перанесены ў аграгарадок Судкоў, сельсавет перайменаваны ў Судкоўскі[33].

Насельніцтва

рэдагаваць
  • 2021 год — 103 двары, 258 жыхароў[34]

Забудова

рэдагаваць

Плян Дворышча складаецца з доўгай забудаванай з двух бакоў вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, і некалькіх кароткіх простых вуліц з аднабаковай забудовай. Жылыя дамы пераважна драўляныя, сядзібнага тыпу[35].

  1. ^ Не з XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2]
  2. ^ Яшчэ названыя 15 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў».
  3. ^ 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродзкім судзе.
  4. ^ Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны.
  5. ^ У крыніцы ў адным месцы запісана, што ў Дворышчы было 5 дымоў, без указаньня сумы падатку; у іншым — 3 дымы з выплатай 3 злотых, г. зн. столькі, як выплачвалася з 18 дымоў вёскі Краснасельле. І колькі ж было дымоў у Дворышчы?..
  6. ^ Напэўна, Грузевічы трымалі іх толькі з-за даўгоў Шуйскага, бо належалі яны да Хвойніцкіх добраў.
  7. ^ Зноў жа за даўгі.
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ а б в г Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 439—440
  3. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 8
  4. ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
  5. ^ Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 60; AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 46 — 47
  6. ^ ŹD. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Dział I-szy. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—145.
  7. ^ ŹD. T. XXI. S. 637
  8. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 397
  9. ^ AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 59
  10. ^ Sumariusz Metryki Koronnej. Księga wpisów MK184 z Archiwum Głównego Akt Dawnych [Electronic resource] / Oprac. Janusz Dąbrowski. № 62 – Mode of access: [1]
  11. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 488—489, 505
  12. ^ Описи актовых книг Киевского центрального архива (далей: Описи). — № 28 / Сост. И. Каманин — Киев, 1883. С. 7
  13. ^ Описи. — № 34 / Сост. А. И. Савенко — Киев, 1906. С. 6
  14. ^ НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 120, 123, 124, 124адв., 131, 140адв., 143адв.
  15. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 285
  16. ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  17. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. / Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192
  18. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  19. ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  20. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп.9. Спр. 59. А. 246—260; Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 72
  21. ^ В. Лякин. Наши земляки на Бородинском поле
  22. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1481. А. 2 і наст.
  23. ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 708
  24. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 69
  25. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40937. А. 234, 239адв.; гл. таксама: Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 140
  26. ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
  27. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 49
  28. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
  29. ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  30. ^ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  31. ^ Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы . Ф. 3. Воп. 1. Спр. 10. А. 2. Спр. 12
  32. ^ Слесарев А. В. "Уста Христовы, судья живых и мертвых, протоиерей и доктор богословия..." Сектантско-раскольническая деятельность бывшего священника Иосифа Ринкевича (1925-2008) // Сектоведение. Альманах. Том III. – Жировичи: Издательство Минской Духовной Семинарии, 2013. С. 52 – 54
  33. ^ Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области
  34. ^ Інфармацыя аб насельніцтве Судкоўскага сельсавету на 01.01.2021г.
  35. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005.

Літаратура

рэдагаваць