Храпкаў

вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі

Хра́пкаў[1] — вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіць у склад Барысаўшчынскага сельсавету.

Храпкаў
трансьліт. Chrapkaŭ
Дата заснаваньня: Перад 1590 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская вобласьць
Раён: Хойніцкі раён
Сельсавет: Барысаўшчынскі
Насельніцтва:
  • 376 чал. (2021)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Паштовы індэкс: 247608
СААТА: 3254808021
Геаграфічныя каардынаты: 51°52′17″ пн. ш. 29°50′47″ у. д. / 51.87139° пн. ш. 29.84639° у. д. / 51.87139; 29.84639Каардынаты: 51°52′17″ пн. ш. 29°50′47″ у. д. / 51.87139° пн. ш. 29.84639° у. д. / 51.87139; 29.84639
Храпкаў на мапе Беларусі
Храпкаў
Храпкаў
Храпкаў

Гісторыя

рэдагаваць

Карона Каралеўства Польскага

рэдагаваць
 
Герб «Бонча» роду Харлінскіх.

У пісьмовых крыніцах паселішча ці не ўпершыню згадана 6 красавіка 1590 году ў сувязі з пратэстам у Кіеўскім гродзкім судзе пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага, супраць князя Аляксандра Вішнявецкага, старосты чаркаскага, які наслаў быў некалькі соцень (!) падданых сваіх брагінскіх на чале з ураднікам Кірыянам Вайніловічам на вёскі Храпкаў, Навасёлкі, Багушы і Руднае, да ключа Астраглядавіцкага прыналежныя, а яны людзей зьбілі і скалечылі, каморы і іншыя будынкі пашкодзілі, начыньне рознае, худобу з быдлам пазабіралі і да ключа Брагінскага адвялі[2]. Ад гэтага часу і да рэформавага ўжо ў Расейскай імпэрыі пэрыяду Храпкаў належаў тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хвойнікамі, г. зн. пасьля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максыміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[3].

20 чэрвеня 1600 году Шчасны Харлінскі выдаў свайму сыну Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на добры ў Кіеўскім ваяводзтве Кароны Польскай: двор Астраглядавічы з прыналежнымі да яго «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хвойнікі, Храпкаў, Дворышча і яшчэ дзевяцю паселішчамі, а таксама на двор і частку зь сямі пляцаў у Кіеве[4]. Пры разьмежаваньні Кіеўскага ваяводзтва Каралеўства Польскага і Мазырскага павету Вялікага Княства Літоўскага ў сьнежні 1621 — студзені 1622 гадоў сёлы Храпкаў, Навасёлкі, мястэчка і вёску Хвойнікі, сяло Вялікі Бор пана Мікалая Харлінскага паны камісары згодна засьведчылі прыналежнымі да ваяводзтва Кіеўскага[5].

У судовым дэкрэце ад 7 чэрвеня 1623 году ўдава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родных братоў і сваякоў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Храпкаў, Дворышча, Руднае, Стралічаў, Паселічы, Малішаў[a][6]. 8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[b] нарэшце засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, новаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. Сярод паселішчаў у дакумэнце названы і Храпкаў[7].

 
Герб «Святы Юрый» (Георгій Перамаганосец) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука.
 
Фальварак і вёска Храпкаў у інвэнтары 1721 г.

Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году, з 14 дымоў вёскі Храпкаў Хвойніцкай воласьці князя Шуйскага выплачвалася 2 злотых; у другі раз — 2 злотых з 2 дымоў[8]. На 1698 год, як вынікае з інвэнтара маёнтку Хвойнікі, перададзенага князем Дамінікам Шуйскім, берасьцейскім харунжым, у кіраваньне пану Зыгмунту Шукшце, у Храпкаве было 8 двароў. 6 днём лютага 1711 году датаваная судовая скарга шляхцічаў Аляксандра і Базыля Нячай-Грузевічаў на князя Дамініка Шуйскага за жорсткае зьбіцьцё яго людзьмі падаўцаў скаргі і іх сялянаў пры наезьдзе і захопе ў пацярпелых вёсак Храпкаў, Навасёлкі і Дворышча[c][9]. У рэвізіі году 1716-га сказана, што з 8 двароў Храпкава за папярэднюю пасэсію скарбнік берасьцейскі Станіслаў Шуйскі выбраў 55 злотых. 25 лютага 1719 году, як і пастанавіў раней Жытомірскі гродзкі суд, адбылася часовая перадача, вёскі Дворышча і фальварку пры сяле Храпкаў, прыналежных князю Д. Шуйскаму, але арандаваных валоскім біскупам Юзафатам Парышэвічам, спадчыньнікам чарнігаўскага падкаморага Канстанціна Залескага[d][10]. Згодна з інвэнтаром 1721 году, калі абцяжараны даўгамі маёнтак ад пасэсара біскупа Юзафата Парышэвіча перайшоў дзедзічнаму ўладальніку князю Мікалаю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму, у Храпкаве існаваў фальварак, які трымалі ў арэндзе паны Грузевічы, а з 8 вясковых двароў, акрамя дзякла, выплачвалася чыншу 32 злотыя, 15 грошаў. Паншчыну адпрацоўвалі «iako na włokach» ад Вялікадня (Wielkiej Nocy) да сьв. Міхайлы па тры дні, ад Міхайлы да Вялікадня па два дні, гвалты адбывалі, грэблі масьцілі, з падводамі езьдзілі або грашыма адкупаліся, «быдла рагатага і нерагатага», птушку, як і збожжа ярыннага давалі. Ачковага плацілі па 4 з паловай грошы «dobrej monety» з кожнага вулею. Прозьвішчы жыхароў: Міна, Кайдаш, Шчарбіна, Карпека, Нашук, Кучар, Таленьнік (будучы Тальчук?), Ганчар, Пабядзінскі[e][11].

У тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1734 году сказана, што Храпкаў у складзе Хвойніцкай воласьці належаў князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму[12].

 
Астраглядавіцкая парафія ў 1748 г.

Паводле зьвестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Храпкаў быў сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (зь ліку шляхты і яе службы) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[13].

У 1754 годзе з 20 двароў (×6 — прыкладна 120 жыхароў) вёскі Храпкаў Хвойніцкага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 3 злотых і 4 грошы, «na milicję»[f] 12 злотых і 16 грошаў[14].

Згодна зь перапісамі габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў, у Храпкаве налічвалася адпаведна 10, 2 і 6 чалавек (głow), плацельшчыкаў пагалоўшчыны, якія належалі да Хвойніцкага кагалу[15]. Пэўна, на зьмяншэньне колькасьці габрэяў у сяле не магла не паўплываць Каліеўшчына 1768 году, якая была апошнім і наймацнейшым уздымам гайдамацкага руху ва Ўкраіне.

Расейская імпэрыя

рэдагаваць
 
Храпкаў на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.
 
Герб уласны роду Прозараў

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Храпкаў — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[16]. Паводле расейскай рэвізіі 1795 году, Храпкоў быў у пажыцьцёвым валоданьні Феліцыяна, сына Адама, Стоцкага, шамбяляна польскай службы; пры ім жа па кантрактах служылі шляхцічы Цімафей і Станіслаў, сыны Паўла, Скшэндзецкія. У сяле тады налічваўся 41 двор са 104 душамі мужчынскага і 102 жаночага полу прыгонных сялянаў[17]. Мясцовая прыходзкая Сьвята-Мікалаеўская царква[g] павернутая ў расейскае праваслаўе ў 1795 годзе[18]. Настаяцель а. Сымон Якубовіч, пасьвечаны ў 1794 годзе япіскапам менскім Андрыянам Бутрымовічам, дзячок Марцін Шэнец, панамар Іван Леановіч[19].

8 сакавіка 1802 году Людвіка Прозар за пазычаныя ў Тадэвуша Букатага 30 000 злотых аддала яму ў заставу фальварак Храпкаў[20][h]. Згодна з шляхецкай рэвізіяй 1811 году, у застаўным сяле Храпкаў Тадэвуша, сына Міхала, Букатага, налічвалася 129 душ прыгонных мужчынскага полу[22]. У тым жа 1811 годзе настаяцелем прыходзкай Мікалаеўскай царквы ў Храпкаве быў а. Якаў Грыгаровіч, дзячком — Сымон Кульчыцкі, панамаром — Іларыён Кульчыцкі[23]. Царква ў Храпкаве заставалася прыходзкай да 1834 году, пасля чаго была прыпісаная да Загальскай Сьвята-Траецкай царквы.

Інвэнтар Юзафаўскага (Езапоўскага) маёнтка 1844 году засьведчыў прыналежнасьць фальварку і сяла Храпкаў пану Юзафу, сыну Караля, Прозару[24]. У энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі» сказана, што на 1850 год у Храпкаве было 46 двароў, 292 жыхары. У «Списке населённых мест Минской губернии на 1857 год» засьведчана, што 322 жыхары Храпкава былі прыхаджанамі Загальскай Сьвята-Троіцкай царквы, а 9 храпкаўцаў-мужчын і 12 жанчын зь ліку жыхароў фальварку і вёскі зьяўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[25].

 
Храпкаў, Барысаўшчына, Гноеў, Клівы на мапе Ф. Ф. Шубэрта. 1850 г.

У парэформавы пэрыяд Храпкаў — у Хвойніцкай воласьці. Згодна з даведнікам 1864 году, у сяле дзейнічала прыпісная Мікалаеўская царква[26]. Калі ў 1865 годзе, у сувязі з антырасейскім паўстаньнем і «вследствие местных представлений», каталіцкія сьвятыні ў Хвойніках былі перададзеныя ў праваслаўнае ведамства, брагінскі благачынны Максім Ярэміч выступіў з прапановай «Старый Хойникский деревянный костёл... отдать жителям деревни Храпкова — Загальского прихода для устроения приписной церкви»[27]. На пачатак 1870 году ў вёсцы налічвалася 116 гаспадароў зь сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Храпкаўскага сельскага таварыства, 22 аднадворцы, прыпісаныя да Хвойніцкай воласьці[28]. На 1879 год зьвестак пра царкву ў Храпкаве няма, праваслаўная частка жыхароў па-ранейшаму — у прыходзе Загальскай Сьвята-Троіцкай царквы[29]. Паводле перапісу 1897 году, тут было 78 двароў, 541 жыхар, працавалі школа граматы і хлебазапасны магазын.

На 1909 год у вёсцы Храпкаў налічвалася 95 двароў, 527 жыхароў, у аколіцы Храпкаў — 16 двароў, 112 жыхароў[30].

Найноўшы час

рэдагаваць

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Храпкаў, аднак, у складзе Хвойніцкай воласьці апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы" гэтмана Паўла Скарападзкага[31].

 
Храпкаў на мапе гэнштабу РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Храпкаўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 49 і 63 вучні, у Храпкаўскай польскай школе І ст. на 15. 04. 1921 — 35 вучняў[32].

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Храпкаў — цэнтар сельсавету ў складзе Хвойніцкага раёну Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Барысаўшчынскага і Паташынскага сельсаветаў.

У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданая і аколіца Храпкаў, у якой налічвалася 58 каталіцкіх альбо «польскіх» сем’яў (215 чалавек), што складала 96% ад колькасьці жыхароў аколіцы. Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Храпкове[i] меркавалася арганізаваць каляктыў[j], г. зн. калгас, машыннае, мэліярацыйнае і малочнае таварыствы[33]. Працавалі вятрак, кузьня. Тады ж бальшавіцкія ўлады ўзмацнілі барацьбу зь вернікамі. Паводле старшыні антыкаталіцкай секцыі Гомельскай акругі Мінейкі, у Храпкаве, як і ў Берастэчку, існаваў падпольны сход, удзельнікі якога выступалі супраць калектывізацыі[34].

З 20 лютага 1938 году Храпкаў у складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры. У Вялікую Айчынную вайну 100 вяскоўцаў загінулі на франтах.

Пасьля скасаваньня Палескай вобласьці 8 студзеня 1954 году Хвойніцкі раён увайшоў у склад Гомельскай вобласьці. Тады ў Храпкаве існавала сямігадовая школа[35].

Да 1 сьнежня 2009 году вёска ўваходзіла ў склад Дварышчанскага сельсавету[36].

Насельніцтва

рэдагаваць
  • 1930 год — 127 двароў, 611 жыхароў.
  • 1959 год — 930 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2004 год — 183 двары, 431 жыхар.
  • 2021 год — 150 двароў, 376 жыхароў[37].
  1. ^ Яшчэ названыя 15 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў».
  2. ^ 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродзкім судзе.
  3. ^ Напэўна, Грузевічы трымалі іх толькі з-за даўгоў Шуйскага, бо належалі яны да Хвойніцкага маёнтку
  4. ^ Зноў жа за даўгі.
  5. ^ У інвэнтары 1698 г. у самым Храпкаве названы зямянін Аляксандар Пабядзінскі, а ў рэвізіі 1716 і інвэнтары 1721 г. сярод астраглядаўскіх зямян – Ян Пабядзінскі «з Храпкава».
  6. ^ Галоўным чынам на барацьбу супраць гайдамакаў.
  7. ^ Будынак ўзьведзены на сродкі пана Адама Стоцкага.
  8. ^ Б. Рок і Ю. Казакоў, сьледам за З. Лібішоўскай, акалічнасьці набыцьця Т. Букатым Храпкава ўяўляюць па-іншаму: «Пасля смерці Францыска ў 1797 г. Тадэвуш ажаніўся з пані Тамкевічаўнай і атрымаў фальварак Храпкаў…»[21]
  9. ^ Так запісана ў арыгінале дакумэнту.
  10. ^ Так у арыгінале.
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 7
  3. ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
  4. ^ Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 60; AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 46 — 47
  5. ^ ŹD. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Dział I-szy. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—145.
  6. ^ ŹD. T. XXI. S. 637
  7. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 59
  8. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 488, 505
  9. ^ Описи актовых книг Киевского центрального архива (далей: Описи). – № 28 / Сост. И. Каманин – Киев, 1883. С. 7
  10. ^ Описи. – № 34 / Сост. А. И. Савенко – Киев, 1906. С. 6
  11. ^ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 120, 123, 125, 126адв., 131, 140, 142, 143адв.
  12. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
  13. ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  14. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. / Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192
  15. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  16. ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. С. 181–182
  17. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 240-245адв. Спр. 181. А. 240
  18. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 40. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 342
  19. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40401. А. 48-49
  20. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 8, 33-34
  21. ^ Б. Рок, Ю. Л. Казакоў. Апісанне падарожжа польскага дыпламата Францыска Букатага 1780 г. // Журнал Белорусского государственного университета. История. 2017. № 2. С. 109
  22. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 5
  23. ^ Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 342-342адв.
  24. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1481. А. 19адв. etc.
  25. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 708
  26. ^ Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем. – Санкт-Петербург, 1864. С. 299
  27. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 31248. А. 15, 18
  28. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  29. ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 71
  30. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 16
  31. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918 – 1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
  32. ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласьці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  33. ^ Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213, 214
  34. ^ Андрей Лебедев, Виктор Пичуков, кс. Славомир Лясковски. Костёл на Гомельщине (20 – 30-е годы XX в.). – Варшава– Люблин– Гомель: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2009. C. 269 – 270
  35. ^ Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 10. А. 2
  36. ^ Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области
  37. ^ Барысаўшчынскі сельскі савет

Літаратура

рэдагаваць