Гісторыя Чачэрску
Чачэрск — магдэбурскае места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся меская ратуша, палац Чарнышовых і царква Сьвятога Спаса, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, цэрквы Раства Багародзіцы і Ўшэсьця Гасподняга, помнікі архітэктуры XVIII ст., зруйнаваныя савецкімі ўладамі.
Раньнія часы
рэдагавацьПаводле археалягічных зьвестак, Чачэрск узьнік у канцы X стагодзьдзя на месцы гарадзішча Замкавай Гары, на беразе Чачоры пры ўтоку яе ў Сож. Першы пісьмовы ўпамін пра горад радзімічаў Чичерск, які князь кіеўскі Ізяслаў Давыдавіч вярнуў разам з Мазыром князю чарнігаўскаму Сьвятаполку Алегавічу, зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1159 годам. У XII—XIII стагодзьдзях паселішча ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ сярэдзіне XIV стагодзьдзя Чачэрск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласьці. У 1387—1390 гадох ён знаходзілася ў валоданьні Скіргайлы, потым местам кіравалі намесьнікі вялікага князя. У гэты час на месцы дзядзінца летапіснага гораду збудавалі замак. У 1501—1518 гадох Чачэрск належаў вялікай княгіні Алене Іванаўне, потым кіраваўся дзяржаўцамі з буйных фэўдалаў (Чартарыйскімі, Дашковічамі, Зяновічамі, Львом Сапегам і інш.). У 1506 годзе места вытрымала сьпярша татарскую, потым маскоўскую аблогу.
У 1509 годзе Чачэрск ўпамінаецца як мястэчка Віленскага ваяводзтва[1]. У 1510 годзе ён стаў цэнтрам Чачэрскага староства і атрымаў Магдэбурскае права[2]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Чачэрск увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. У 1629 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту прывілей на штотыднёвы гандаль і на 2 двухтыднёвыя кірмашы ў год.
Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Чачэрску і ваколіцаў ліцьвінамі: «…взяли в Чичерском повете литвина Матвея Кузминского из Солонины, а Солонина их имение, с женой и с детьми» (1633 год)[3].
У 1704 годзе ў Чачэрску было 542 будынкі і 7 вуліцаў, дзеялі 4 царквы і касьцёл, працавалі карчма, 3 крамы, млын і мытня. У 1754 годзе ў месьце пачала дзеяць езуіцкая місія. Пад 1765 годам у попісе Чачэрску ўпамінаюцца замак і мескія ўмацаваньні.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Чачэрск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Рагачоўскай правінцыі, пазьней — цэнтрам воласьці Рагачоўскага павету. У 1774 годзе расейскія ўлады перадалі места ў валоданьні генэрала Чарнышова. У 1780 годзе ў мястэчку пачала працаваць шкляная мануфактура, у 1788 годзе — паштовая кантора, у 1796 годзе — цагельня. У 2-й палове XVIII стагодзьдзя ў Чачэрску існавалі царква, мураваная ратуша, парк, 2 лякарні, прыстань «Крэмень». Апроч таго, тут збудавалі 3 царквы, касьцёл і палац. З 1788 году дзеяла езуіцкая школа. На 1838 год у мястэчку было 273 двары.
На 1880 год у Чачэрску было 266 двароў, працавалі 2 вучэльні і 76 крамаў, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1885 годзе пачала працаваць мэтэаралягічная станцыя. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 328 двароў, дзеялі 4 цэрквы, касьцёл і 6 юдэйскіх малітоўных школ, працавалі лякарня, аптэка, паштова-тэлеграфнае кантора, паштовая станцыя, 80 крамаў, карчма; працавала прыстань на рацэ Сажы, зь якой у 1900 годзе адправілі 21 судна і 48 плытоў з грузам 1530 тыс. пудоў[4]. На 1908 год — 369 двароў, дзеяла пазыкова-ашчадная каса. Каля Чачэрску вялася распрацоўка вапнякоў. У 1911 годзе пры мужчынскай і жаночай вучэльнях працавалі бібліятэкі, адкрылася крэдытнае, у 1913 годзе — спажывецкае таварыствы.
У Першую сусьветную вайну 1 сакавіка 1918 году Чачэрск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чачэрск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе Чачэрск вярнулі ў БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. У 1938 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку. У Другую сусьветную вайну з 14 жніўня 1941 да 27 лістапада 1943 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1962—1965 гадох Чачэрск уваходзіў у склад Буда-Кашалёўскага раёну, 3 лістапада 1971 году ён атрымаў статус места.
Галерэя
рэдагаваць-
Вуліца Замкавая. Траецкі касьцёл
-
Вуліца Замкавая. Царква Раства Багародзіцы
-
Царква Раства Багародзіцы, 1895 г.
-
Рынак. Ратуша, 1895 г.
-
Дом культуры, 1938—1941 гг.
-
Рынак, 1941—1944 гг.
-
Спаская царква
-
Школа
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Грынявецкі В. Чачэрск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 744.
- ^ Ляўковіч А. «Я не ганю землі чужыя, хай іх сонца не абміне, толькі дзе б за морам ні быў я, Беларусь мая снілася мне…» // Народная Газета. № 121 (4536), 16 чэрвеня 2007 г.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 477.
- ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
- Ткачоў М. Чачэрск // Castrum, urbis et bellum: Зборнік навуковых прац, 2002. — 421 с.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.