Гісторыя Ісьляндыі

Дакумэнтальны пэрыяд гісто́рыі Ісьля́ндыі пачынаецца з засяленьня яе вікінгамі і іхнімі рабамі з усходу, у прыватнасьці з Нарвэгіі і Брытанскіх астравоў, напрыканцы IX стагодзьдзя. У той час, як уся Заходняя Эўропа разьвівалася, Ісьляндыя дагэтуль ня была населеная. Першыя дакумэнтаваныя паселішчы вядомыя з 874 року, хоць археалягічныя знаходкі пацьвярджаюць, што гэльскія манахі зь Ірляндыі трапілі ў Ісьляндыю раней.

Ісьляндыя на «Марской мапе» Оляўса Магнуса

Засяленьне тэрыторыяў адбывалася хутка пераважна дзякуючы нарвэжцам, якія ці то ўнікалі канфліктаў, ці то шукалі незанятыя землі дзеля вядзеньня гаспадаркі. Да 930 року правадыры плямёнаў склалі кіраўнічы орган пад назваю Альтынг, які стаў адным з найстарэйшых парлямэнтаў у сьвеце. Напрыканцы X стагодзьдзя ў Ісьляндыю дзякуючы нарвэскаму каралю Оляфу Тругвасану прыйшло хрысьціянства. У гэты пэрыяд, вядомы як Старая Садружнасьць, Ісьляндыя заставалася незалежнай, і зьяўляюцца творы ісьляндзкіх гісторыкаў, вядомыя пад назай «сагі ісьляндцаў». У пачатку XIII стагодзьдзя адбыўся ўнутраны раздрай (эпоха Стурлюнгаў), і ў выніку Ісьляндыя праз унію (1262—1264) трапіла ў залежнасьць ад Нарвэгіі. У сваю чаргу Нарвэгія заключыла уніі з Швэцыяй (1319) і Даніяй (1376), утварыўшы адзіны зьвяз — Кальмарскую унію (1397—1523), пасьля распаду якое Ісьляндыя апынулася пад уладай Даніі. Строгая дацка-ісьляндзкая гандлёвая манаполія, уведзеная ў XVII—XVIII стагодзьдзях, стала згібельнай для эканомікі. Галеча Ісьляндыі ўзмацнялася яшчэ й прыроднымі катаклізмамі, напрыклад вывяржэньнем вулькану Лякі (ісьл. Móðuharðindin), ад наступстваў якога памерлі да чвэрці насельніцтва.

У XIX стагодзьдзі ў Эўропе паўстаюць нацыяналістычныя рухі, не выняткам становіцца і залежная ад Даніі Ісьляндыя. Альтынг, распушчаны ў 1799 року, скліканы зноў у 1844, а 1 сьнежня 1918 року Ісьляндыя атрымала сувэрэнітэт, праўда, пад манархічнай дацкай уладай. У Другой сусьветнай вайне Ісьляндыя абвясьціла нэўтралітэт, тым ня меней была мірна акупаваная Вялікабрытаніяй у 1940, каб перашкодзіць Нямеччыне захапіць яе пасьля акупацыі Даніі. З-за стратэгічнага разьмяшчэньня востраву ў Паўночнай Атлянтыцы хаўрусьнікі заставаліся ў Ісьляндыі да канца вайны. У 1944 року Ісьляндыя канчаткова спыніла ўсе сувязі з Даніяй (якая яшчэ знаходзілася пад нямецкай акупацыяй) і абвясьціла незалежнасьць. Па вайне Ісьляндыя стала адной зь дзяржаваў-заснавальніц ААН і НАТО. Эканоміка хутка разьвівалася дзякуючы рыбалоўлі, хоць і не бяз спрэчак праз гэта зь іншымі дзяржавамі.

З-за сваёй аддаленасьці ад кантынэнту Ісьляндыя здолела пазьбегнуць спусташэньняў ад войнаў, аднак іншыя глябальныя працэсы (напрыклад, пандэмія чумы або пратэстанцкая Рэфармацыя) яе не абмінулі. Краіна дагэтуль не зьяўляецца чальцом Эўрапейскага зьвязу.

Геалягічная гісторыя рэдагаваць

Асноўны артыкул: Геалёгія Ісьляндыі
 
Сярэдне-Атлянтычны хрыбет і прылеглыя пліты. Вульканы пазначаныя чырвоным

Паводле геалягічнага вымярэньня Ісьляндыя — малады востраў. Ён пачаў фармавацца ў эпоху міяцэну прыкладна 20 мільёнаў гадоў таму ў выніку шэрагу вывяржэньняў на Сярэдне-Атлянтычным хрыбце, дзе ён разьмяшчаецца паміж Паўночна-Амэрыканскай і Эўразійскай плітамі. Гэтыя пліты разыходзяцца з хуткасьцю прыкладна 2,5 см ў год[1]. Паднятая частка хрыбту называецца Рэйк’янскім хрыбтом. Вульканічная актыўнасьць тлумачыцца гарачай кропкай, Ісьляндыяй, якая ў сваю чаргу ляжыць на мантыйным плюме (Ісьляндзкім) — анамальна гарачай пародзе ў зямной мантыі. Дзеля параўнаньня, узрост іншых вульканічных астравоў, напрыклад Фарэрскіх, складае калі 55 мільёнаў гадоў, Азорскіх (на тым жа хрыбце) — каля 8 мільёнаў, Гаваяў — менш за мільён гадоў. Наймаладзейшыя скальныя плясты на паўднёвым захадзе Ісьляндыі і ў цэнтральных нагор’ях маюць толькі 700 000 гадоў веку. У апошнюю зь ледніковых эпохаў, вядомую як ледавіковы пэрыяд, у Ісьляндыі сфармаваліся ледапады, ф’ёрды і даліны[2].

Раньняя гісторыя рэдагаваць

Працяглы час Ісьляндыя заставалася адным зь нямногіх месцаў на Зямлі, незаселеным людзьмі (таксама як Новая Зэляндыя і Мадагаскар). Даўней лічылася, што грэцкі гандляр IV стагодзьдзя да н. э. Пітэас згадаў Ісьляндыю пад назваю Туле, аднак з-за ягонага апісаньня гэтага месца як сельскагаспадарчай краіны з дастаткам малака, мёду і садавіны вэрсія паступова перайшла на Нарвэгію, Фарэрскія астравы або Шэтландыю. Застаецца невядомым дакладны час зьяўленьня на высьпе людзей. У Ісьляндыі выяўленыя старажытнарымскія грошы III стагодзьдзя, аднак яны маглі быць прывезеныя пазьней разам зь вікінгамі[3].

Існуюць літаратурныя крыніцы, якія пацьвярджаюць, што да прыбыцьця нарманаў(da) у Ісьляндыі засяліліся манахі і папары(is) з гібэрна-шатляндзкае місіі. У «Кнізе пра ісьляндцаў» дасьледчык XII стагодзьдзя Ары Торгільсан пісаў, што пасяленцы выявілі званы, падобныя да тых, якімі карысталіся ірляндзкія манахі; аднак археолягі ня маюць пацьверджаньня гэткіх знаходак.

Засяленьне (874—930) рэдагаваць

Асноўны артыкул: Засяленьне Ісьляндыі

Ірляндзкія манахі рэдагаваць

«Кніга пра засяленьне Ісьляндыі» піша пра зьяўленьне ірляндзкіх манахаў (папараў) да прыбыцьця нарвэжцаў, а таксама пра тое, што манахі пакінулі тут кнігі, званы біскупскія кіі ды іншыя рэчы. Паводле гэтай жа крыніцы, ірляндзкія манахі сышлі з востраву цльбо да, альбо з-за прыходу нарвэжцаў.

«Кніга пра ісьляндцаў» таксама згадвае папараў, якія пакінулі востраў, бо не хацелі жыць побач з паганскімі нарманамі. Паводле аднае з тэорыяў, гэтымі манахамі былі ўдзельнікі гібэрна-шатляндзкае місіі, ірляндзкія і шатляндзкія манахі-распаўсюднікі хрысьціянства.

Сучасныя археалягічныя раскопкі выявілі ў Гафніры на Рэйк’янэсе (непадалёк ад аэрапорту Кефлявік) рэшткі хаціны, датаванай паводле радыёвугляроднага аналізу 770—880 рокамі. Гэта азначае, што Ісьляндыя магла быць населеная яшчэ да прыходу вікінгаў і манахі сапраўды сышлі да іх[4].

Скандынаўскае адкрыцьцё рэдагаваць

 
«Прыбыцьцё нарманаў у Ісьляндыю». Ілюстрацыя Оскара Вэргелянда (1909).

Паводле «Кнігі пра засяленьне Ісьляндыі», Ісьляндыя была адкрытая Надодам, адным зь першых насельнікаў Фарэрскіх астравоў, які плыў з Нарвэгіі на Фарэры, аднак зьбіўся з курсу і трапіў да ўсходнягя ўзьбярэжжа Ісьляндыі. Надод назваў адкрытую тэрыторыю «Сьнежнай зямлёй». Так сама выпадкова трапіў у Ісьляндыю швэдзкі марак Гардар Сваварсан. Ён высьветліў, што гэта востраў, і назваў яго «Гардаравым востравам». Тут ён застаўся зімаваць у Гусавіку.

Першым нарманам, які намерана прыплыў на Гардараў востраў, быў Графна-Флёкі Вільдэгардсан. Ён правёў тут зіму ў Бардастрэндзе.

Першы пасяленец рэдагаваць

 
Інгальф Арнарсан загадвае ўсталяваць слупы для ягонага стальцу. Карціна Пэтэра Раадсыга.

Першым сталым жыхаром Ісьляндыі прынята лічыць нарвэскага правадыра на імя Інгальф Арнарсан і ягоную жонку Хальвіг Фродадотыр. Паводле «Кнігі пра засяленьне Ісьляндыі», пры набліжэньні да сушы ён кінуў два разны́я слупы(is), каб на месцы іхняга прыстанку разьбіць паселішча. Ён плыў уздоўж берагу, пакуль не знайшоў слупы на паўднёва-заходняй паўвысьпе, цяпер называнай Рэйк’янэсскагі. Тут у 874 року ён заклаў паселішча і назваў яго Рэйк’ярвік («дымная бухтачка»), магчыма, з прычыны пары з геатэрмальных крыніцаў.

Гэтае паселішча ў выніку стане сталіцай Ісьляндыі. Аднак, магчыма, Інгальф Арнарсан быў ня першым насельнікам краіны — ім мог быць Натфары, адзін з паплечнікаў Гардара Сваварсана, які не вярнуўся ў Скандынавію разам зь ім.

Асноўнай крыніцай прыведзенай інфармацыі зьяўляецца «Кніга пра засяленьне Ісьляндыі», напісаная праз тры стагодзьдзі пасьля гэтых падзеяў. Археалягічныя раскопкі ў Рэйк’явіку пацьвярджаюць гэтыя зьвесткі: паселішча на тэрыторыі сталіцы існавала каля 870 року.

Засяленьне Ісьляндыі рэдагаваць

Глядзіце таксама: Засяленьне Ісьляндыі
 
Гаральд Прыгожавалосы атрымлівае каралеўства Нарвэгіі ад свайго бацькі, Гальфдана Чорнага.

Паводле «Кнігі пра засяленьне Ісьляндыі», за Інгальфам зьявіліся іншыя нарманскія правадыры зь сем’ямі і рабамі; у наступныя дзесяцігодзьдзі яны абжылі прыдатныя тэрыторыі востраву. Акрамя нарвэжцаў, гэта былі таксама ірляндцы і шатляндцы, якія служылі вікінгам.

Прычынай ад’езду нарманаў з Нарвэгіі традыцыйна называюць строгае валадараньне караля Гаральда Прыгожавалосага, якога сярэднявечныя пісьмовыя крыніцы атаясамліваюць з аб’яднаньнем тагачаснае Нарвэгіі. Таксама, магчыма, прычынай стала перанасяленьне заходніх ф’ёрдаў Нарвэгіі.

Засяленьне Ісьляндыі падрабязна занатаванае ў вышэйзгаданай «Кнізе пра засяленьне Ісьляндыі», хоць яна была напісаная ў пачатку XII стагодзьдзя. Больш верагоднай крыніцай лічыцца «Кніга пра ісьляндцаў» Ары Торгільсана, аднак яна апісвае працэс засяленьня ня так падрабязна. У ёй сказана, што ўвесь працэс засяленьня склаў 60 гадоў, што, праўдападобна, азначае, што ўсе ворныя землі былі занятыя рознымі пасяленцамі.

Садружнасьць (930—1262) рэдагаваць

Асноўны артыкул: Ісьляндзкая Садружнасьць
 
Сход альтынгі на карціне XIX стагодзьдзя
 
Тынгвелір, месца сходаў альтынгі

У 930 року правадыры плямёнаў стварылі сход пад назвай Альтынгі (Альтынг). Штолета парлямэнт зьбіраўся ў Тынгвеліры, where ўпаўнаважаныя правадыры (альсгер’яргодзі(is), альбо годар(is)), прымалі законы, вырашалі спрэчкі і прызначалі судзьдзяў дзеля вырашэньня спрэчак. Законы не запісваліся, але запаміналіся абраным заканамоўцам (lögsögumaðr). Альтынгі, такім чынам, стаў адным з найстарэйшых парлямэнтаў у сьвеце. Акрамя таго, цэнтралізаванай выканаўчай улады не існавала, і законы ўвасабляліся ў жыцьцё самімі людзьмі. Гэта дало пачатак міжусобіцам, якія забясьпечылі багата матэрыялу аўтарам сагаў.

У часы Садружнасьці Ісьляндыя амаль несупынна разьвівалася. Паселішчы таго часу выяўленыя ў паўднёва-заходняй Грэнляндыі і ўсходняй Канадзе, пра подзьвігі пасяленцаў апавядаюць такія сагі, як «Сага пра Эрыка Рудога» і «Сага пра грэнляндцаў».

 
Знойдзеная ў Ісьляндыі статуя Тора, датаваная X стагодзьдзем.

Хрышчэньне рэдагаваць

Асноўны артыкул: Хрышчэньне Ісьляндыі

Першыя ісьляндзкія пасяленцы былі пераважна паганцамі і пакланяліся скандынаўскім багам, такім як Одын, Тор, Фрэйр ды Фрэя. Да X стагодзьдзя з Эўропы ўзмацніўся ціск да навяртаньня ў хрысьціянства. Напрыканцы I тысячагодзьдзя мноства знакамітых ісьляндцаў прынялі новую рэлігію.

У 1000 року, калі насьпявала грамадзянская вайна між рознымі рэлігійнымі групоўкамі, Альтынгі прызначыў аднаго з правадыроў, Торгейра Льёсвэтнінгагодзі, рассудзіць рэлігійную спрэчку. Ён пастанавіў, што краіна мусіць навярнуцца ў хрысьціянства цалкам, аднак паганцы могуць працягваць пакланеньне прыватна.

У 1056 року біскуп Адальбэрт Гамбурскі кансэкраваў першага ісьляндзкага біскупа, Ісьлейвура Гісурарсана.

Грамадзянская вайна і канец Садружнасьці рэдагаваць

Асноўны артыкул: Эпоха Стурлюнгаў

Цэнтралізацыя ўлады ў XI—XII стагодзьдзях ў руках асобных сем’яў ды іхніх правадыроў прывяла да заняпаду інстытуцыяў Садружнасьці. Пэрыяд між 1200 і 1262 рокамі вядомы як эпоха Стурлюнгаў ад імя Стурла Тордарсана і ягоных сыноў, Сыгватра ды Сноры Стурлусанаў — прадстаўнікоў аднаго з двух галоўных кланаў у барацьбе за ўладу.

У 1220 Сноры Стурлусан зрабіўся васалам Гокана IV Нарвэскага; ягоны пляменьнік Стурла Сыгватсан стаў васалам у 1235. Карыстаючыся сілай і ўплывам сямейнага клану Стурлунгаў, Стурла распачаў змаганьне супраць іншых ісьляндзкіх кланаў. Празь дзесяцігодзьдзі войнаў ісьляндзкія правадыры пагадзіліся прыняць уладарства Нарвэгіі і падпісалі унію з нарвэскай манархіяй.

Ісьляндыя пад нарвэскім і дацкім панаваньнем (1262—1944) рэдагаваць

Нарвэскае панаваньне рэдагаваць

Нарвэская ўлада ў Ісьляндыі ўсталёўвалася павольна, і Альтынг захоўваў свае заканадаўчую і судовую ролі. Тым ня меней, хрысьціянскае духавенства займела крыніцу даходаў у выглядзе дзесяціны, і ўлада паступова пераходзіла да царкоўных структураў.

 
Доўгі час львіную ўсяго ісьляндзкага экспарту складала вяленая рыба

Прыкладна ў той жа час, як Ісьляндыя стала васалам Нарвэгіі, адбылася зьмена клімату — зьява, якую цяпер называюць малым ледавіковым пэрыядам. На тэрыторыях каля Паўночнага палярнага круга, у тым ліку ў Ісьляндыі ды Грэнляндыі, пасеўныя пэрыяды сталі карацейшымі, а зімы — халаднейшымі. Для насельніцтва Ісьляндыі, якое паўсюдна займалася сельскай гаспадаркай, гэта стала цяжкім выпрабаваньнем. Паўстала падабенства прыгоньніцкага права пад назваю вістабанд(is), паводле якога сяляне абавязваліся працаваць на земляўласьнікаў цягам году.

Стала цяжэй вырошчваць ячмень, асноўную збожжавую расьліну, а скаціна патрабавала дадатковага корму на даўжэйшую і халаднейшую зіму. Ісьляндцы пачалі закупляць зерне ў кантынэнтальнай Эўропе, што было дарагім заняткам. На царкоўныя пасты павялічвалася патрэба ў сушанай трасцэ, якую проста было лавіць і гатаваць на экспарт, таму гандаль траской стаў важнай часткай эканомікі.

Дацкае панаваньне рэдагаваць

Глядзіце таксама: Кальмарская унія

Ісьляндыя заставалася ў валадараньні нарвэскай манархіі да 1380 року, калі са сьмерцю Оляфа II згасла нарвэская каралеўская дынастыя. Тады Нарвэгія (а зь ёй Ісьляндыя) сталі часткай Кальмарскай уніі са Швэцыяй і Даніяй, у якой галоўную ролю атрымала Данія. У адрозьненьне ад Нарвэгіі, Данія ня мела патрэбы ў ісьляндзкай рыбе і саматканай воўне. Гэта стварыла калясальны дэфіцыт у ісьляндзкім гандлі. Да 1500 року цалкам вымерла грэнляндзкая калёнія, заснаваная напрыканцы X стагодзьдзя.

 
Крыстыян III

З усталяваньнем у 1660 року ў Даніі — Нарвэгіі абсалютнай манархіі Фрэдэрыка III ісьляндцы пазбавіліся рэшты сваёй аўтаноміі ў абмен на каралеўскую апеку. Аднак Данія не асабліва клапацілася пра свайго васала, наезд на якога ў 1627 року зьдзейсьніў бэрбэрскі флёт, піраты якога забралі ў рабства каля 300 ісьляндцаў (напад турэцкіх піратаў на Ісьляндыю).

Замежныя гандляры і рыбакі рэдагаваць

 
Рыбацкая хаціна ў Ісьляндыі

У пачатку XV стагодзьдзя ў Ісьляндыі зьявіліся ангельскія і нямецкія гандляры. З-за вялікай колькасьці ангельскіх гандляроў і рыбакоў асобныя гісторыкі нават празвалі XV стагодзьдзе «ангельскім векам» ісьляндзкай гісторыі[5][6]. Найболей прываблівалі замежнікаў багатыя на рыбу воды Ісьляндыі[5]. Гандаль з брытанскімі партамі падняў узровень жыцьця ісьляндцаў[5][6].

У XVI стагодзьдзі, якое атрымала назву «нямецкі век» ісьляндзкай гісторыі, адбываецца зьмяшчэньне ў бок дачыненьняў зь нямецкімі гандлярамі[5]. Самі немцы пераважна не лавілі рыбу, але валодалі рыбалоўнымі судзінамі, арандавалі іх ісьляндцам і скупалі ўлоў дзеля экспарту на кантынэнт[5].

Пасьля ўводу Даніяй гандлёвай манаполіі гандаль з замежнікамі працягваўся нелегальна[5]. У сярэдзіне XVII стагодзьдзя далучаюцца галяндзкія і францускія гандляры[5].

Рэфармацыя і дацкая гандлёвая манаполія рэдагаваць

Да сярэдзіны XVI стагодзьдзя Крыстыян III заняўся распаўсюдам у сваіх уладаньнях лютэранства. У Ісьляндыі распаўсюду пратэстанцкай Рэфармацыі супрацьстаялі каталіцкія біскупы Скалхольту і Халару Ён Арасан і Ёгмундур Пальсан адпаведна. Ёгмундур быў дэпартаваны дацкімі ўладамі ў 1541 року, аднак Арасан працягнуў барацьбу.

Процідзеяньне Рэфармацыі спынілася ў 1550 року пасьля паразы і палону Арасана ў бітве пад Саўдафэлем ад ляялісцкага войска Дадзі Гудмундсана(is). Пазьней Ён Арасан з двума сынамі былі абезгалоўленыя ў Скальхольце. Да цяперашняга часу ісьляндцы застаюцца пераважна лютэранскай нацыяй.

У 1602 дацкі ўрад з мэркантыльных меркаваньняў увёў забарону на гандаль Ісьляндыі зь іншымі дзяржавамі. Дацка-ісьляндзкая гандлёвая манаполія дзейнічала да 1786 року.

Вывяржэньне Лякі рэдагаваць

У XVIII стагодзьдзі кліматычныя ўмовы ў Ісьляндыі дасягнулі найніжэйшага ўзроўню ад часу засяленьня. У дадатак да гэтага ў 1783 року адбылося вывяржэньне вулькану Лякі з выкідам 12,5 км³ лавы. Ад лавы, попелу і дыму загінулі 9000 чалавек і 80% скаціны, але яшчэ страшнейшым апынуўся голад, ад якога памерла чвэрць жыхароў краіны[7]. Гэты час вядомы як Móðuharðindin («туманныя нягоды»).

Незалежніцкі рух рэдагаваць

Асноўны артыкул: Ісьляндзкі незалежніцкі рух

Пасьля разьдзяленьня Даніі ад Нарвэгіі паводле ўмоваў Кільскага мірнага пагадненьня 1814 року Данія пакінула Ісьляндыю ў сваіх уладаньнях.

 
Ён Сыгурдсан

У XIX стагодзьдзі клімат працягваў згаршэньне, пачалася масавая эміграцыі ісьляндцаў у Новы Сьвет, у прыватнасьці ў канадзкую правінцыю Манітобу. Адначасна ў Ісьляндыі абудзілася пачыцьцё нацыянальнага самаўсьведамленьня, натхнёнае рамантычнымі нацыянальнымі ідэямі з кантынэнтальнай Эўропы. У авангардзе нацыянальнага абуджэньня стаяла групоўка ісьляндзкіх інтэлектуалаў — фьёльнісмэнаў(is), якія атрымалі адукацыю ў Даніі.

Незалежніцкі рух разьвіваўся пад кіраўніцтвам юрыста Ёна Сыгурдсана. У 1843 року быў утвораны новы Альтынг як кансультацыйны орган. Ён абвясьціў пераемнасьць з Альтынгам Ісьляндзкае садружнасьці, скасаваным у 1800 пасьля стагодзьдзяў дзейнасьці.

Самакіраваньне і сувэрэнітэт рэдагаваць

Глядзіце таксама: Дацка-ісьляндзкі акт уніі
 
Ганэс Гафстэйн, першы прэм’ер-міністар Ісьляндыі і першы ісьляндзец, прызначаны ў складзе дацкага ўраду міністрам па Ісьляндыі

У 1874 року, праз тысячу гадоў пасьля заснаваньня першага паселішча, Данія надала Ісьляндыі канстытуцыю і самакіраваньне, яшчэ болей пашыранае ў 1904 року. У 1903 была перагледжаная канстытуцыя, і міністар па справах Ісьляндыі, які дзейнічаў у Рэйк’явіку, быў пастаўлены ў адказнасьць перад Альтынгам.

Актам уніі 1 сьнежня 1918 року Ісьляндыя прызнавалася цалкам сувэрэннай дзяржавай — каралеўствам — аб’яднаным з Даніяй у пэрсанальную унію. Ісьляндыя займела ўласны сьцяг. Данія мела прадстаўляць яе на міжнароднай арэне і прадастаўляць абарону, а таксама паведаміць іншым дзяржавам пра пастаянны нэўтралітэт Ісьляндыі, якая ня мела ўласнага войска. Акт падлягаў перагляду ў 1940 року і мог быць ануляваны, калі цягам трох гадоў бакі не дасягнулі паразуменьня. У 1930-я Ісьляндыя вырашыла дамагацца незалежнасьці самае позьняе па сканчэньні трохгадовага тэрміну, то бок у 1944 року[8].

I сусьветная вайна рэдагаваць

У вайну Ісьляндыя як частка Даніі заставалася нэўтральнай, хоць і прыхільнай да хаўрусьнікаў. Знаходзячыся ў сфэру ўплыву Вялікабрытаніі, Ісьляндыя падтрымлівала зь ёй шырокія эканамічныя стасункі[9][10][11].

989 ісьляндцаў ўдзельнічалі ў вайне на баку Канады, яшчэ 256 — на баку Злучаных Штатаў. З агулам 1245 ісьляндзкіх ваяроў 391 нарадзіўся ў Ісьляндыі, астатнія мелі ісьляндзкія карані. 4 ісьляндкі ад нараджэньня і яшчэ 10 жанчын зь ісьляндзкімі каранямі былі мэдсёстрамі. Загінулі прынамсі 144 ісьляндцы (96 у баёх, 19 сканалі ад раненьняў, 2 ад няшчасных выпадкаў, 27 ад хваробаў), 61 зь якіх нарадзіліся ў Ісьляндыі. Дзесяць чалавек трапілі ў палон да немцаў[12].

Вайна аказала працяглы ўплыў на ісьляндзкую эканоміку, грамадзтва і зьнешнія дачыненьні. Каб перашкодзіць гандлю Ісьляндыі зь Нямеччынай праз пасярэднікаў, Вялікабрытанія ўвяла абмежаваньні на ісьляндзкі эскпарт з скандынаўскімі краінамі[13]. За час вайны ўзровень жыцьця грамадзянаў, які лепшаў з пачатку стагодзьдзя, значна ўпаў[14][15]. Урад Ісьляндыі актыўна ўплываў на рынку ўсутыч да сканчэньня II сусьветнай вайны[16]. Самастойнае вядзеньне ўнутраных справаў і замежных стасункаў у той час, як дачыненьні з Даніяй былі перарваныя, паказала, што Ісьляндыя гатовая да пашырэньня ўласных паўнамоцтваў, і ў 1918 року Данія прызнала яе цалкам сувэрэннаю[16][17].

Вялікая дэпрэсія рэдагаваць

Паваенны ўздым у Ісьляндыі скончыўся зь міжнародным эканамічным крызісам — Вялікай дэпрэсіяй. Аб’ёмы экспарту, якія ў 1929 року складалі 74 мільёны кронаў, упалі да 48 мільёнаў кронаў у 1932, і да пачатку II сусьветнай вайны не вярнуліся да ранейшага ўзроўню[18]. Павялічылася дзяржаўнае рэгуляваньне ў эканоміцы: уведзеныя рэгуляваньне імпарту, манаполія дзяржаўных банкаў на куплю/продаж замежнай валюты, кіраваньне заёмным капіталам[18]. З пачаткам грамадзянскай вайны ў Гішпаніі экспарт ісьляндзкай салёнай траскі ўпаў напалову, і крызіс у краіне працягваўся да пачатку II сусьветнай вайны.

II сусьветная вайна рэдагаваць

 
HMS Berwick (65) узначаліў брытанскае ўварваньне ў Ісьляндыю.

Становішча Ісьляндыі вымушала яе непакоіцца перад выбухам немінучай вайны. Увесну 1939 року Ісьляндыя сфармавала ўрад з прадстаўнікоў усіх партыяў; быў адхілены запыт «Люфтганзы» на дазвол пасадкі грамадзянскай авіяцыі, пры гэтым нямецкія караблі працягвалі карыстацца марской прасторай Ісьляндыі да брытанскай блякады з пачаткам Другой сусьветнай вайны. Ісьляндыя спрабавала дабіцца ад Вялікабрытаніі дазволу на гандаль зь Нямеччынай, аднак бясплённа[19].

9 красавіка 1940 року нацысцкая Нямеччына акупавала Данію. 10 красавіка парлямэнт Ісьляндыі ўзяў на сябе стварэньне органу па зьнешніх стасунках (прадвесьніка Міністэрства замежных справаў) і берагавой аховы[20], а таксама прызначыў часовага кіраўніка выканаўчай улады, Свэйна Б’ёрнсана, які надалей стане першым прэзыдэнтам дзяржавы. Ад гэтага часу Ісьляндыя стала de facto цалкам сувэрэннаю[20].

Ісьляндыя адмовілася ад брытанскай дапамогі па абароне, каб не парушаць уласнага нэўтралітэту. Першымі непасрэдныя дыпляматычныя стасункі зь Ісьляндыяй распачалі Брытанія і ЗША, пасьля Швэцыя і Нарвэгія. Пасьля захопу Нямеччынай Нарвэгіі Вялікабрытанія, якая асьцерагалася захопу нацыстамі Ісьляндыі, сама распачала ўварваньне 10 траўня 1940 року. Акупацыя адбылася мірна, урад Ісьляндыі зьвярнуўся да грамадзянаў з заклікам ставіцца да брытанскіх вайскоўцаў як да гасьцей, хоць і выказаў пратэст супраць дзеяньняў Вялікабрытаніі[21]. Акупацыя прайшла без інцыдэнтаў і доўжылася ўсю вайну[22].

 
Трэніроўка амэрыканскіх вайскоўцаў у чэрвені 1943 року

У ліпені 1941 року паводле дамовы між ЗША й Ісьляндыяй адбылася замена брытанскіх вайскоўцаў на амэрыканскіх з той умовай, што ЗША прызнае поўную незалежнасьць Ісьляндыі. Злучаныя Штаты накіравалі на востраў 40 000 вайскоўцаў, што значна перавышала колькасьць мужчынаў сталага веку (у той час агульная колькасьць насельніцтва Ісьляндыі складала каля 120 000 чалавек)[23].

У часе Другой сусьветнай вайны зафіксавана 159 гібеляў ісьляндцаў[24]. Большасьць зь іх загінулі на грузавых ці рыбалоўных судзінах, патопленых нямецкай авіяцыяй, падлодкамі ці мінамі[24][25]. У моры загінулі шчэ 70 ісьляндцаў, аднак невядома, ці ў выніку ваенных дзеяньняў[24][25].

Акупацыя Ісьляндыі Брытаніяй і ЗША пайшла ёй на карысьць, паколькі акупанты ўкладалі ў ейную эканоміку інвэстыцыі і запачаткавалі некалькі праектаў[26]. У Ісьляндыі дзякуючы гэтаму зьнікла беспрацоўе і вырасьлі заробкі[26].

Рэспубліка Ісьляндыі (з 1944) рэдагаваць

Заснаваньне рэдагаваць

Асноўны артыкул: Рэфэрэндум у Ісьляндыі 1944 году
 
Свэйн Б’ёрнсан, першы прэзыдэнт Ісьляндыі.

31 сьнежня 1943 скончыўся 25-гадовы тэрмін дзеяньня акту Уніі з Даніяй. З 20 траўня 1944 у Ісьляндыі адбываўся 4-хдзённы плебісцыт па пытаньні разрыву пэрсанальнай уніі з каралём Даніі і заснаваньні рэспублікі. 97% удзельнікаў прагаласавалі за разрыў уніі, і 95% — за новы рэспубліканскі лад[27]. 17 чэрвеня адбылося абвяшчэньне незалежнасьці Рэспублікі Ісьляндыі на чале зь першым прэзыдэнтам Свэйнам Б’ёрнсанам. Данія ўсё яшчэ знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, ейны кароль Крысьціян X даслаў віншаваньні ісьляндзкаму народу.

За час вайны Ісьляндыя расквітнела і назапасіла значныя золатавалютныя рэзэрвы ў замежных банках. У дадатак дзяржава атрымала найбольшую колькасьць Маршалавай дапамогі на душу насельніцтва, чым якая-кольвек эўрапейская краіна (209$, зь вялікім адрывам ад другога месца — зруйнаванымі ў вайне Нідэрляндамі, 109$ на душу насельніцтва)[28][29].

Новы рэспубліканскі ўрад, складзены з прадстаўнікоў кансэрватараў (Sjálfstæðisflokkurinn), сацыял-дэмакратаў (Alþýðuflokkurinn) і сацыялістаў (Sósíalistaflokkurinn), вырашыў укласьці сродкі ў татальнае абнаўленьне рыбалоўнага флёту, будаўніцтва рыбаперапрацоўчых камбінатаў, фабрык па вытворчасьці цэмэнту ды ўгнаеньняў і мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі.

Фіскальная палітыка дзяржавы была строга кэйнсіянскай у намеры стварыць неабходную прамысловую інфраструктуру дзеля шчасьлівага разьвіцьця краіны. Падтрымліваўся нізкі ўзровень беспрацоўя і экспарт рыбапрадуктаў валютнай інтэрвэнцыяй ды іншымі сродкамі. Да 1990-х рокаў эканоміка Ісьляндыі стабільна трымалася пераважна на рыбалоўлі і экспарце рыбапрадуктаў, а ў канцы XX стагодзьдзя пачалася ейная дывэрсыфікацыя.

НАТО і Халодная вайна рэдагаваць

Асноўны артыкул: Ісьляндыя ў Халоднай вайне
 
F-15 ВПС ЗША на авіябазе Кефлявік.

У кастрычніку 1946 року Ісьляндыя і ЗША дамовіліся спыніць амэрыканскую абарону Ісьляндыі, аднак Злучаныя Штаты абумовілі магчымасьць аднаўленьня вайсковай прысутнасьці ў Кефлявіку на выпадак пагрозы новай вайны.

30 сакавіка 1949 року Ісьляндыя стала адной з заснавальніц Паўночнаатлянтычнага альянсу з умовай, што ня будзе браць удзелу ў вайсковых апэрацыях супраць іншых дзяржаваў. Уваход у вайсковы блёк адбыўся на тле ўнутрыдзяржаўных пратэстаў супраць НАТО. З пачаткам Карэйскай вайны ў 1950 року і на запыт кіраўніцтва НАТО Злучаныя Штаты Амэрыкі й Ісьляндыя дамовіліся, што ЗША зноў возьмуць на сябе абарону Ісьляндыі. Міждзяржаўная дамова пра гэта была падпісаная 5 траўня 1951 і дала ЗША права на вайсковую прысутнасьць, якая цягнулася да 2006 року. Амэрыканская база была заснаваная як вузел для транспарту ў Эўропу, ключавое зьвяно ў праходзе Грэнляндыя — Ісьляндыя, пункт сачэньня за перамяшчэньнямі савецкіх падлодак, ключавы элемэнт у сыстэме раньняга папярэджаньня пра савецкія напады і перахопнік савецкіх бамбавікоў-выведнікаў[30].

З 2006 року ЗША ня мае вайсковых адзінак на тэрыторыі Ісьляндыі, аднак у рамках НАТО працягвае несьці адказнасьць за абарону дзяржавы. Акрамя таго, з сыходам амэрыканскіх войскаў іншыя скандынаўскія дзяржавы, а таксама Нямеччына пашырылі супрацоўніцтва з Ісьляндыяй у сфэры абароны і бясьпекі.

Трасковыя войны рэдагаваць

Асноўны артыкул: Трасковыя войны
 
Сутычка судзінаў ісьляндзкай берагавой гвардыі і брытанскага каралеўскага флёту ў Паўночнай Атлянтыцы

Трасковыя войны — шэраг ваенізаваных спрэчак між Ісьляндыяй і Вялікабрытаніяй у 1950—1970 роках. Папярэдні канфлікт у 1952—1956 роках паўстаў з-за намеру Ісьляндыі пашырыць уласныя рыбалоўныя граніцы з 3 да 4 марскіх міляў (з 6 да 7 км). Першая трасковая вайна (1958—1961) ўсчалася з-за пашырэньня ісьляндзкай рыбалоўнай зоны з 4 да 12 марскіх міляў (22 км). Другая трасковая вайна (1972—1973) пачалася, калі Ісьляндыя пашырыла граніцы да 50 міляў (93 км). Трэцяя вайна (1975—1976) вялася за права пашырэньня рыбалоўнае зоны Ісьляндыі да 200 міляў (370 км). Пераважна сутычкі адбываліся між ісьляндзкімі патрульнымі крэйсэрамі і брытанскімі траўлерамі, пазьней Брытанія стала накіроўваць на ахову рыбалоўных судзінаў вайскова-марскі флёт[31][32][33].

У часе войнаў Ісьляндыя пагражала ў выпадку невыкананьня ейных патрабаваньняў і закрыцьцём вайсковай базы ЗША ў Кефлявіку, і выхадам з НАТО. З-за ейнай стратэгічнай важнасьці ў Халоднай вайне ЗША і НАТО былі вымушаныя лічыцца з гэтымі пагрозамі. Аднак Ісьляндыя, хоць і разарвала ў трэцяй трасковай вайне дыпляматычныя стасункі зь Вялікабрытаніяй, да разрыву вайсковага супрацоўніцтва з НАТО не дайшла[31][32][33].

Трасковыя войны — рэдкі прыклад міждзяржаўнай вайсковай спрэчкі такога накалу паміж двума дэмакратычнымі краінамі з настолькі шчыльнымі эканамічнымі, культурнымі і падставовымі повязямі, як Вялікабрытанія й Ісьляндыя[33][34].

Эўрапейская эканамічная зона і эканамічная рэформа рэдагаваць

 
Прэм’ер-міністар Ісьляндыі Давід Одсан і прэзыдэнт ЗША Джордж Буш (2004).

У 1991 року Партыя незалежнасьці на чале з Давідам Одсанам стварыла з сацыял-дэмакратамі кааліцыйны ўрад, які пачаў лібэралізацыю рынку і прыватызацыю шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў. У 1994 року Ісьляндыя далучылася да Эўрапейскай эканамічнай зоны. Павялічылася эканамічная стабільнасьць, значна зьменшылася хранічная інфляцыя.

 
Уздыманьне сьцягу Ісьляндыі і зьняцьце сьцягу ЗША падчас перадачы авіябазы Кефлявік ураду Ісьляндыі

У 1995 року Партыя незалежнасьці ўтварыла кааліцыйны ўрад з Прагрэсіўнай партыяй. Гэты ўрад працягнуў палітыку свабоднага гандлю, былі прыватызаваныя два дзяржаўныя банкі і тэлерадыёкампанія Landssíminn. Зьменшылася стаўка карпаратыўнага падатку на прыбытак да 18% (у пачатку дзесяцігодзьдзя складала 50%), значна зьніжаны падатак на спадчыну і скасаваны падатак на маёмасьць.

Гэты кааліцыйны ўрад фармаваўся і пасьля выбараў 1999 і 2003 рокаў. У 2004 Давід Одсан пасьля 13-гадовага знаходжаньня сышоў з пасады прэм’ер-міністра.

Зь сярэдзіны 1990-х адбываўся хуткі рост эканомікі краіны, у сярэднім на 4% штогод. Урад вёў праамэрыканскую зьнешнюю палітыку, выказаўшы падтрымку дзеяньням НАТО ў Косаўскай вайне і далучыўшыся да «Кааліцыі ахвотных» падчас вайны ў Пэрсыдзкай затоцы (2003).

У сакавіку 2006 ЗША паведаміла пра вывад з востраву сваіх узброеных сілаў. 12 жніўня 2006 апошнія F-15 пакінулі авіябазу ў Кефлявіку, закрытую ў верасьні[35].

Пасьля выбараў 2007 року Партыя незалежнасьці засталася ва ўрадзе, аднак у кааліцыі з Сацыял-дэмакратычным альянсам.

Фінансавы крызіс рэдагаваць

Асноўны артыкул: Фінансавы крызіс у Ісьляндыі (2008—2011)

У кастрычніку 2008 року рухнула банкаўская сыстэма Ісьляндыі, што прымусіла яе зьвярнуцца па пазыкі да Міжнароднага валютнага фонду і сяброўскіх дзяржаваў. У выніку пратэстаў канца 2008 — пачатку 2009 рокаў сышоў у адстаўку ўрад Гейра Хордэ, наўзамен якому 1 лютага 2009 быў утвораны кааліцыйны ўрад Сацыял-дэмакратычнага альянсу і Лева-зялёнага руху на чале з Ёханай Сыгурдардотыр. Пасьля выбараў 2009 року пры ўладзе засталася кааліцыя сацыял-дэмакратаў і лева-зялёных.

Крызіс выклікаў найбольшую з 1887 року хвалю эміграцыі: чыстая эміграцыя ў 2009 року склала 5000 чалавек[36]. За часамі ўраду Ёханы Сыгурдардотыр эканоміка Ісьляндыі стабалізавалася і ў 2012 року вырасла на 1,6%[37][38], аднак мноства ісьляндцаў засталіся незадаволеныя станам эканомікі і ўрадавай палітыкай аскетызму; пасьля выбараў 2013 року да ўлады вярнулася правацэнтрысцкая Партыя незалежнасьці ў кааліцыі з Прагрэсіўнай партыяй.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Schieber, Jürgen Chapter 13: Evolution of Continents and Oceans (анг.) G105 (Earth: Our Habitable Planet) Праверана 11 красавіка 2018 г.
  2. ^ Björn Þorsteinsson, Bergsteinn Jónsson. Íslands Saga: til okkar daga. — Sögufélagið, 1991. — С. 11. — ISBN 9979-9064-4-8
  3. ^ Kristján Eldjám. Fund af romerske mønter på Island // Nordisk Numismatisk Årsskrift. — 1949. — С. 4—7.
  4. ^ A New View on the Origin of First Settlers in Iceland (анг.). Iceland Review (30 студзеня 2014). Праверана 11 красавіка 2018 г.
  5. ^ а б в г д е ё Northern Seas Yearbook 1995. — Association for the History of the Northern Seas, 1995. — С. 11—32, 77—108.
  6. ^ а б Baldur Þórhallsson, Þorsteinn Kristinsson. Iceland’s External Affairs from 1400 to the Reformation: Anglo-German Economic and Societal Shelter in a Danish Political Vacuum  (анг.) // Icelandic Review of Politics & Administration. — 15 чэрвеня 2013. — В. 1. — Т. 9. — С. 113—137. — ISSN 1670-679X. — DOI:10.13177/irpa.a.2013.9.1.6
  7. ^ Corey S. Powell, Diane Martindale. 20 Ways the World Could End // Discover. — 1 кастрычніка 2000.
  8. ^ Solrun B. Jensdottir Hardarson. The 'Republic of Iceland' 1940–44: Anglo-American Attitudes and Influences  (анг.) // Journal of Contemporary History. — 1974. — Т. 9. — № 4. — С. 27—56.
  9. ^ Gunnar Þór Bjarnason. Þegar siðmenningin fór til fjandans. Íslendingar og stríðið mikla 1914—1918. — 2015. — С. 148.
  10. ^ Sólrún Jensdóttir. Ísland á bresku valdssvæði 1914—1918. — 1980.
  11. ^ Baldur Thorhallsson, Tómas Joensen. Iceland’s External Affairs from the Napoleonic Era to the occupation of Denmark: Danish and British Shelter  (анг.) // Icelandic Review of Politics & Administration. — 15 сьнежня 2015. — В. 2. — Т. 11. — С. 187—206. — ISSN 1670-679X.
  12. ^ Gunnar Þór Bjarnason. Þegar siðmenningin fór til fjandans. Íslendingar og stríðið mikla 1914—1918. — 2015. — С. 236—38, 288—89.
  13. ^ Bjarnason, Gunnar Þór Þegar siðmenningin fór til fjandans. Íslendingar og stríðið mikla 1914—1918. — 2015. — С. 173—75.
  14. ^ Gunnar Þór Bjarnason. Þegar siðmenningin fór til fjandans. Íslendingar og stríðið mikla 1914—1918. — 2015. — С. 16.
  15. ^ Guðmundur Jónsson. Hagvöxtur og iðnvæðing. Þjóðarframleiðsla á Íslandi 1870—1945. — 1999.
  16. ^ а б Gunnar Þór Bjarnason. Þegar siðmenningin fór til fjandans. Íslendingar og stríðið mikla 1914—1918. — 2015. — С. 15.
  17. ^ Gunnar Karlsson. History of Iceland. — 2000. — С. 283—84.
  18. ^ а б Gunnar Karlsson. History of Iceland. — 2000. — С. 308—12.
  19. ^ Hardarson, (1974) pp. 29–31
  20. ^ а б Guðni Th. Jóhannesson. Fyrstu forsetarnir. — 2016. — С. 35—36.
  21. ^ Gunnar Karlsson. History of Iceland. — 2000. — С. 314.
  22. ^ Hardarson, (1974) pp. 32–33
  23. ^ Hardarson, (1974) pp. 43–45
  24. ^ а б в Hve margir Íslendingar dóu í seinni heimsstyrjöldinni? (ісьл.). Vísindavefurinn. Праверана 27 лютага 2016 г.
  25. ^ а б Gunnar Karlsson. History of Iceland. — 2000. — С. 316.
  26. ^ а б Sverrir Steinsson. A Theory of Shelter: Iceland’s American Period (1941–2006)  (анг.) // Scandinavian Journal of History.
  27. ^ Hardarson, (1974) p 56
  28. ^ Vísindavefurinn: Hversu há var Marshallaðstoðin sem Ísland fékk eftir seinni heimsstyrjöld? (ісьл.) Vísindavefurinn Праверана 30 верасьня 2014 г.
  29. ^ Margrit Müller. Pathbreakers: Small European Countries Responding to Globalisation and Deglobalisation. — С. 385.
  30. ^ Return to Keflavik Station (анг.). Foreign Affairs. Праверана 25 лютага 2016 г.
  31. ^ а б Now, the Cod Peace // Time. — June 14, 1976. — С. 37.
  32. ^ а б Guðmundur J. Guðmundsson. The Cod and the Cold War  (анг.) // Scandinavian Journal of History. — 2006-06-01. — В. 2. — Т. 31. — С. 97—118. — ISSN 0346-8755. — DOI:10.1080/03468750600604184
  33. ^ а б в Sverrir Steinsson. The Cod Wars: a re-analysis  (анг.) // European Security. — 2016-03-22. — Т. 0. — С. 1—20. — ISSN 0966-2839. — DOI:10.1080/09662839.2016.1160376
  34. ^ Sverrir Steinsson. Neoclassical Realism in the North Atlantic: Explaining Behaviors and Outcomes in the Cod Wars // Foreign Policy Analysis. — 2017. — В. 3. — Т. 13. — С. 599. — DOI:10.1093/fpa/orw062
  35. ^ Gregory Winger, Gustav Petursson. Return to Keflavik Station (анг.) // Foreign Affairs, 24 лютага 2016 г. Праверана 14 красавіка 2018 г.
  36. ^ Iceland lost almost 5000 people in 2009 (анг.) (PDF) Праверана 2012-01-08 г.
  37. ^ Statistics Iceland — News » News (анг.) Statice.is Праверана 2012-09-22 г. Архіўная копія ад 2012-11-02 г.
  38. ^ Iceland Recession Ends as Economy Returns to Growth (анг.) // NYTimes.com, 2010-12-07 г. Праверана 2012-11-17 г.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць