Горанцы ([ɡɔ̌rani]; па-сэрбску (кірыліцай): Горани або Горанци, [ɡɔrǎːntsi]) — славянскі мусульманскі этнас, які насяляе рэгіён Гора — трыкутнік паміж Косава, Альбаніяй і Паўночнай Македоніяй. Горанцы размаўляюць пераходным паўднёваславянскім дыялектам, называным папросту нашынскай гаворкай; колькасьць горанцаў ацэньваецца ў 60 000 чалавек.

Горанцы
Горанцы на мапе Горы
Агульная колькасьць 60 000 (ацэнка)[1]
Рэгіёны пражываньня
Мовы нашынская гаворка, сэрбскахарвацкая, альбанская мовы
Блізкія этнасы басьнійцы, баўгары, тарбэшы, памакі, сэрбы[2][3][4][5]

Этнаграфія

рэдагаваць

Этнонім горанцы, што азначае «горцы», паходзіць ад агульнаславянскага «гара». Іншая саманазва гэтага народу — нашынцы[6], літаральна «нашыя, свае».

У Косаве горанцаў часта называюць басьнійцамі-касаварамі, баўгарамі, македонцамі або сэрбамі. У Альбаніі іх называюць ці экзонімам баўгары[7], ці зьняважліва тарбашы (носяць торбы), патуры (атурэчаныя, то бок ісламізаваныя славяне)[8] і горанцы.

Падобна да праваслаўных паўднёвых славянаў, горанцы працягваюць адзначаць Юр’еў дзень[9].

Дэмаграфія

рэдагаваць
 
Колішняя грамада Гора (блакітным колерам) у Косаве і Мятохіі, Сацыялістычная рэспубліка Сэрбія

У Косаве паводле апошняга перапісу налічваецца 10 265 горанцаў (2011), значна меней, чым да Косаўскай вайны. У 1998 іхняя агульная колькасьць ацэньвалася ў ня меней за 50 000.[10]. Мноства жыхароў вымушаныя былі эміграваць з-за небясьпечнай сытуацыі і эканамічных праблемаў. Часовая місія ААН у Косаве зьмяніла ўнутраныя межы ў дзяржаве, аб’яднаўшы правінцыю Гору з суседняй альбанскай вобласьцю Опале ў новую адміністрацыйную адзінку — Драгаш, дзе большасьць сталі складаць альбанцы. Налічваецца 21 вёска, населеная горанцамі: Бацька, Брод, Вранішце, Глобачніца, Горня Рапча, Горні Крстац, Дзіканцэ, Доня Рапча, Доне Любіне, Горне Любіне, Доні Крстац, Драгаш, Зьлі Потак, Крушэва, Кукуляне, Лешцяне, Любашце, Млікэ, Орчуша, Радзеша і Рэсьцеліца[11].

У Альбаніі горанцы пражываюць у 10 вёсках: Запад, Пакішт, Орчыкэл, Кошарышт, Цэрналева, Орг’ёст, Оршэка, Бор’е, Новасэй і Шыштэвец[11][12].

У Паўночнай Македоніі 2 горанскія вёскі: Елавяне і Урвіч[13][14].

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Горанскі хлопчык у народным строі

Пасьля распаду Рымскай імпэрыі Балканы засталіся ва Ўсходняй Рымскай імпэрыі. Гору ў VI—VII стагодзьдзях насялілі склавены. Зь IX стагодзьдзя вядуцца змаганьні за валоданьне тэрыторыяй між Бізантыяй і Баўгарыяй. У XIII стагодзьдзі Прызран з вакольнымі землямі трапілі ў валаданьні сэрбскага караля Стэфана Першавянчанага[15]. З падзеньнем Сэрбскай імпэрыі(en) паўднёвыя землі дэспатыі былі анэксаваныя асманамі[15].

Гора першапачаткова супрацьстаяла ісламізацыі[15]. У асманскім дэфтэры(en) 1591 року насельніцтва Горы запісанае як цалкам сэрбскае, а Опале на поўначы — як населенае альбанцамі. У 1689 року горанцы падтрымалі Габсбургаў падчас іхняга паходу на Прызрэн з мэтай вызваленьня ад турэцкага панаваньня[15]. Аднак па сьмерці гэнерала Сыльвіё Пікаляміні асманы адваявалі тэрыторыю. У XVIII стагодзьдзі пачалася хваля ісламізацыі Горы[15] нароўні зь іншымі балканскімі супольнасьцямі. У 1815 року пачынаецца засяленьне альбанцамі Прызрэнскага рэгіёну[15]. Апошняя горанка-хрысьціянка, Божана, памерла ў XIX стагодзьдзі.

У каралеўстве Сэрбіі горанцы былі вызваленыя ад падаткаў з-за свайго паважнага становішча[15]. У Першую балканскую вайну ў 1912 Гору акупавала сэрбскае войска, частка горанцаў эмігравала ў Турэччыну[13]. У Першую сусьветную вайну Гора была акупаваная Цэнтральнымі дзяржавамі і далучаная да баўгарскай (да траўня 1916)[16][17], пасьля да аўстра-вугорскай (да кастрычніка 1918) зонаў. Пасьля 1918 Гора ўлучаная ў Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў.

У 1925 Ліга народаў канчаткова вызначыла мяжу паміж Сэрбіяй ды Альбаніяй, у апошняй апынуліся болей за 15 000 горанцаў.

Падчас югаслаўскага перапісу 1939 року горанцы былі запісаныя ў катэгорыю «неславянаў» разам з альбанцамі і туркамі, імаверна, з-за свайго веравызнаньня. У 1949 року альбанскія прадстаўнікі югаслаўскага ўраду распачалі палітыку гвалтоўнае асыміляцыі горанцаў[15], у тым ліку альбанізацыю іхніх імёнаў (напрыклад, Хасанавіч →‎ Хасані)[15]. У перапісах 1971 і 1981 рокаў большасьць горанцаў запісвалася «мусульманскім народам».

У Косаўскай вайне горанцы пераважна падтрымлівалі сэрбскі бок[10]. Войска вызваленьня Косава ўціскала горанцаў, забараняючы карыстацца іхняй мовай у школах і ў побыце, каб прадставіць іх альбанцамі[18].

Пасьля бамбаваньняў Югаславіі войскамі НАТО ў 1999 року кіраваньне над Косавам і Мятохіяй пераняла Часовая місія ААН у Косаве (ЧМААНуК). Колішняя Горанская грамада была аб’яднаная зь пераважна альбананаселенай Опале ў новую вобласьць Драгаш, дзе большасьць склалі альбанцы.

З 1999 року ад 5000[19] да 10 000[20] горанцаў зьбеглі ў цэнтральную Сэрбію ды іншыя суседнія краіны.

Культура

рэдагаваць

Традыцыі

рэдагаваць

Горанскія славяне былі хрысьціянізаваныя ў 870 року пры хрышчэньні сэрбаў і баўгараў Бізантыйскай імпэрыяй. З XIV стагодзьдзя рэгіён апынуўся пад уладай Асманскай імпэрыі, што паўплывала на ісламізацыю горанцаў і альбанцаў. Аднак горанцы працягваюць адзначаць некаторыя праваслаўныя сьвяты, напрыклад Славу і Юр’ю. Большасьць горанцаў належаць да суніцкае плыні, аднак распаўсюджаны таксама суфізм, у прыватнасьці, хальвацкі і бэктаскі шыісцкія ордэны.

Народны танец горанцаў «ора» («кола») — колавы танец з рухамі нагамі: пачынаецца з правай нагі з рухам супраць гадзіньнікавай стрэлкі. Акампануюць танцу на цурле, кавале, чыфтэліі або тапане.

«Нацыянальны» від спорту горанцаў — пэлівона, прынесены на Балканы з Сярэдняга Ўсходу асманамі. Па ім рэгулярна ладзяцца спаборніцтвы пад акампэнэмэнт цурлі ды тапану з рытуальнымі танцамі.

«Нацыянальны» напой горанцаў — ракія, якую гоняць самастойна. Таксама папулярная кава па-турэцку, якую п’юць зь філіжанак, запіваючы вадой. Пасьля па асадку ад кавы часта ладзіцца гаданьне.

 
Геаграфічнае разьмеркаваньне тарлацкіх гаворак (Гора пазначаная чацьвёркай)

Горанцы размаўляюць на адным з паўднёваславянскіх дыялектаў, вядомым як «нашынская»[12] альбо «горанская гаворка», які адносіцца да групы тарлацкіх гаворак, распаўсюджаных у паўднёвай Сэрбіі і часткова ў Паўночнай Македоніі. Тарлацкія гаворкі — пераходныя ад баўгарскай да сэрбскай мовы з пэўнымі рысамі македонскай. З-за мусульманскага ўплыву горанская гаворка запазычыла частку лексыкі з турэцкай ды арабскай моваў.

  1. ^ Progam političke stranke GIG (сэрб.). Građanska Inicijativa Goranaca. — Do Nato intervencije na Srbiju, 24.03.1999.godine, u Gori je živelo oko 18.000 Goranaca. U Srbiji i bivšim jugoslovenskim republikama nalazi se oko 40.000 Goranaca, a značajan broj Goranaca živi i radi u zemljama Evropske unije i u drugim zemljama. Po našim procenama ukupan broj Goranaca, u Gori u Srbiji i u rasejanju iznosi oko 60.000.. Праверана 3 красавіка 2018 г.
  2. ^ Tomasz Kamusella, Motoki Nomachi, Catherine Gibson. The Palgrave Handbook of Slavic Languages, Identities and Borders. — Palgrave Macmillan, 2016. — 561 с. — ISBN 9781137348395
  3. ^ Gorani want to join community of Serb municipalities (анг.) B92 Праверана 3 красавіка 2018 г.
  4. ^ Gorani decide against forming minority council (анг.) B92 Праверана 3 красавіка 2018 г.
  5. ^ Robinson, Matt (11 лютага 2008) Slow exodus threatens Kosovo's mountain Gorani (анг.). ReutersПраверана 3 красавіка 2018 г.
  6. ^ Xhelal Ylli, Erlangen: "Sprache und Identität bei den Gorani in Albanien: 'Nie sme nasinci'."
  7. ^ Miranda Vickers, James Pettifer. Albania: From Anarchy to a Balkan Identity. — 2nd. — London: C. Hurst & Co. Publishers, 1999. — С. 205. — ISBN 978-1-85065-279-3
  8. ^ Dokle, Nazif. Reçnik Goransko (Nashinski) -albanski, Sofia 2007, Peçatnica Naukini akademiji "Prof. Marin Drinov", s. 5, 11
  9. ^ Mirko Čupić. Oteta zemlja: Kosovo i Metohija (zločini, progoni, otpori…). — Nolit, 2006. — С. 22.
  10. ^ а б Eastern Europe: Newsletter. — Eastern Europe, 1998. — Т. 12—13. — С. 22.
  11. ^ а б Zoran Vlašković. Goranci u obruču brane Srbiju (сэрб.) // Press Online, 7 лютага 2013 г. Праверана 3 красавіка 2018 г.
  12. ^ а б Klaus Steinke. Die slavischen Minderheiten in Albanien (SMA): T Gora. — Munich: Verlag Otto Sagner, 2010. — С. 11. — ISBN 978-3-86688-112-9
  13. ^ а б Гласник Српског географског друштва. — Srpsko geografsko društvo, 1947. — Т. Volumes 27-30. — С. 107.
  14. ^ Божо Видоески. Дијалектите на македонскиот јазик. — Makedonska akademija na naukite i umetnostite, 1998. — Т. Vol. 1. — ISBN 9789989649509
  15. ^ а б в г д е ё ж з Бурсаћ 2000, pp. 71-73 (Орхан Драгаш)
  16. ^ България в Първата световна война, Германски дипломатически документи, т. ІІ, 1916-1918 г., София 2005, с. 70-71, Avramovski, Živko, Ratni ciljevi Bugarske i Centralne sile 1914-1918, Beograd 1985, s. 243-244
  17. ^ Симов, Йордан. Българите в_Косово в документи от времето на Първата световна война Македонски преглед година XL 2017, кн. 3, с. 121-122, 124.
  18. ^ Yugoslav Survey. — Jugoslavija Publishing House, 2000. — Т. Volume 41. — С. 130.
  19. ^ Milovan Radovanović. Kosovo i Metohija: antropogeografske, istorijskogeografske, demografske i geopolitičke osnove. — Službeni Glasnik, 2008. — С. 440.
  20. ^ Goranci traže status distrikta za opštinu Gora na Kosovu  (сэрб.) // Blic. — 2011.