Галубічы
Галу́бічы[1] — вёска ў Беларусі, каля вытокаў ракі Чысьцянкі. Цэнтар сельсавету Глыбоцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 394 чалавекі. Знаходзяцца за 18 км на паўднёвы ўсход ад Глыбокага, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Падсьвільле; на аўтамабільнай дарозе на Падсьвільле — Докшыцы.
Галубічы лац. Hałubičy | |
Укосны васьміканцовы крыж на месцы царквы | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Віцебская |
Раён: | Глыбоцкі |
Сельсавет: | Галубіцкі |
Насельніцтва: | 394 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2156 |
Нумарны знак: | 2 |
Геаграфічныя каардынаты: | 55°6′41″ пн. ш. 27°57′57″ у. д. / 55.11139° пн. ш. 27.96583° у. д.Каардынаты: 55°6′41″ пн. ш. 27°57′57″ у. д. / 55.11139° пн. ш. 27.96583° у. д. |
± Галубічы | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Галубічы — даўняе мястэчка гістарычнай Полаччыны, каля Галубіцкай пушчы.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Галубічы як уладаньне полацкага баярына Яшкі Корсакавіча датуецца 1431 годам. У XVI стагодзьдзі паселішча стала цэнтрам маёнтку ў складзе Полацкага ваяводзтва, уладаньне Івана Корсак (памёр да 1528 году), потым ягонай удавы. Пазьней маёнтак падзялілі паміж сабою сыны Івана: Глеб (у 1551 годзе атрымаў дазвол на заснаваньне тут мястэчка і, паводле «Полацкай рэвізіі» 1552 году, валодаў 14 дварамі мяшчанаў у Галубічах і 22 сялянскімі дварамі ў навакольнай воласьці), Багдан (у 1552 годзе валодаў 29 сялянскімі дварамі) і Фёдар (20 двароў). Агулам маёнтак налічваў 85 двароў.
Пазьней Галубічы знаходзілася ў валоданьні сыноў Багдана Корсака — Рыгора і Стэфана. Апошні выдаў сваёй жонцы Настасьсі Гарабурдзе запіс на 4 тыс. коп грошаў з маёнтку Галубічы. У 1623 годзе яна пакінуў гэтую суму сыну свайго брата Аляксандру Гарабурдзе. Сыны Рыгора Ян і Яўстах выкупілі долю свайго дзядзькі ў Гарабурдаў. Ян Корсак-Галубіцкі 29 ліпеня 1622 году зрабіў даравальны запіс мясцовай царкве, дзе зазначалася, што тут будуць утрымлівацца «законницы набожества греческого веры стародавнее». Яўстах перажыў сваіх дзяцей і пакінуў маёнтак базылянскаму манастыру Сьвятой Тройцы ў Вільні. Сын Яна Рыгор, харунжы полацкі, у 1635 годзе аспрэчыў гэты тэстамэнт і адабраў палову Галубічаў у манахаў як сваю бацькоўскую спадчыну.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Галубічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Дзісенскага павету Менскай, з 1842 году Віленскай губэрні. У канцы XVIII ст. у мястэчку дзеяла царква (згарэла ў 1822 годзе), у 1843 годзе тут збудавалі новую царкву Мікалая Цудатворца. У 2-й палове XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у Галубічах існавалі праваслаўная царква, юдэйскі малітоўны дом, крама, шынок.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Галубічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі[2].
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Галубічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Галубічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва.
У 1939 годзе Галубічы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1970 год тут было 82 двары, на 1992 год — 181, на 1996 год — 195, на 2006 год — 207.
-
Будынак гміны
-
Сядзіба, паляваньне
-
Сядзіба
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1882 год — 116 чал.[3]
- XX стагодзьдзе: 1921 год — 97 чал.[4]; 1941 год — 245 чал.; 1970 год — 283 чал.[5]; 1992 год — 480 чал.[6]; 1996 год — 485 чал.[7]; 1999 год — 475 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 437 чал.[8]; 2010 год — 394 чал.
Інфраструктура
рэдагавацьУ Галубічах працуюць школа, клюб, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагавацьНа паўночна-заходняй ускраіне Галубічаў знаходзіцца гарадзішча раньняга жалезнага веку і сярэднявечча. Каля вёскі — ляндшафтавы заказьнік «Галубіцкая пушча».
- Царква Раства Багародзіцы (1905—1907; мураўёўка)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Сядзіба
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 220.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 113.
- ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII. Część II. Ziemia Wileńska. Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923.
- ^ Бунто Я., Насевіч В. Галубічы // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 459.
- ^ Бунто Я., Насевіч В. Галубічы // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 458.
- ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 471.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага р-на. — Мн.: БелЭн, 1995. С. 443.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага р-на. — Мн.: БелЭн, 1995. — 454 с. ISBN 985-11-0014-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.