Маланкавая вайна
«Мала́нкавая вайна́» (ням. Blitzkrieg, трансьліт. бліцкрыг) — тэорыя вядзеньня хуткаснай вайны, паводле якой перамога дасягаецца ў тэрміны, якія лічацца днямі, тыднямі ці месяцамі, да таго, як праціўнік здолее мабілізаваць і разгарнуць свае асноўныя вайсковыя сілы. Створана напачатку XX стагодзьдзя Альфрэдам фон Шліфэнам.
Стратэгія
рэдагавацьБліцкрыг складаецца са шчыльнага ўзаемадзеяньня пяхотных і танкавых злучэньняў пры падтрымцы авіяцыі. Стратэгія бліцкрыгу падобная з прынятай у СССР напярэдадні Другой сусьветнай вайны тэорыяй глыбокай наступальнай апэрацыі[1]. Па стратэгіі бліцкрыгу танкавыя падразьдзяленьні пры падтрымцы пяхоты прарываюцца ў тылы праціўніка, абыходзячы і атачаючы моцна ўмацаваныя пазыцыі. Акружаныя злучэньні праціўніка, якія маюць цяжкасьці з забесьпячэньнем боепрыпасамі, тэхнікай і прадуктамі харчаваньня, лёгка дабіваюцца наступаючымі войскамі ці здаюцца ў палон.
Выкарыстаньне
рэдагавацьАдна зь першых спроб правесьці бліцкрыг была нямецкімі войскамі падчас Першай сусьветнай вайны на Заходнім фронце. Паводле пляну Шліфэна меркавалася нанесьці маланкавы ўдар па Францыі, за 1,5—2 месяца завяршыць вайну зь ёй падпісаньнем пераможнага міру, а потым пераключыцца на Усходні фронт. Аднак супраціў францускіх і бэльгійскіх войскаў не дазволіў ажыцьцявіць гэтыя пляны, адыграла сваю ролю адсутнасьць танкаў і недасканаласьць авіяцыі той эпохі, а таксама больш імклівы, чым гэта чакалася, наступ расейскіх арміі ва Ўсходняй Прусіі, што прымусіла перакінуць частку сіл на Ўсход. Усё гэта прывяло да таго, што нямецкія войскі прасоўваліся занадта павольна, і саюзьнікам атрымалася падцягнуць сілы і выйграць бітву на Марне ў верасьні 1914 году. Вайна зацягнулася.
Упершыню бліцкрыг на практыцы быў пасьпяхова праведзены нямецкімі ваеннымі стратэгамі (Манштэйн, Клейст, Гудэрыян, Рундштэт і іншыя) напачатку Другой сусьветнай вайны пры захопе Польшчы: да канца верасьня Польшча перастала існаваць, хоць у ёй засталося больш мільёну незмабілізаваных чалавек прызыўнога ўзросту. У Францыі таксама не былі вычарпаны людзкія рэзэрвы да моманту падпісаньня перамір’я. Уся кампанія ў Францыі заняла толькі 44 дні: з 10 траўня па 22 чэрвеня 1940, а ў Польшчы — 36 сутак: з 1 верасьня па 5 кастрычніка 1939 (дата спыненьня супраціву апошніх рэгулярных частак польскай арміі).
Напачатку Вялікай Айчыннай вайны стратэгія бліцкрыгу дазволіла нацысцкай Нямеччыне хутка разьбіць савецкія войскі ў паласе 100—300 км на ўсход ад мяжы паміж СССР зь Нямеччынай і яе саюзьнікамі. Тым ня менш, вялікік тэрыторыі СССР, страта нямецкіх арміяй часу на зьнішчэньне акружаных савецкіх войскаў, ламаньне тэхнікі і супраціў абаронцаў прывялі ў выніку да правалу стратэгіі бліцкрыгу на ўсходнім фронце[2].
Супрацьдзеяньне
рэдагавацьСродкамі ўзброенага супрацьдзеяньня «маланкавай вайне» ёсьць своечасовае стварэньне сукупнасьці ўзаемадзейных рэгіянальных весткава-ўдарных груповак войскаў і павышэньне выніковасьці супрацьпаветранай абароны[3].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ В. К. Триандафиллов. «Характер операций современных армий» — 3-е изд — М.:Госвоениздат, 1936.
- ^ В. М. Жухрай. «Роковой просчет Гитлера. Крах блицкрига» — АСТ-Пресс, 2000 г.
- ^ Ігар Дзенісенка. «Маланкавая вайна» // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10. — С. 10. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- «Бліцкрыг як тэхналёгія вайны»(недаступная спасылка)